Інтэлектуальная гульня “Мова родная мая” для навучэнцаў 3–4-х класаў  

- 14:39Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Алена БАГДАНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа аг. Юбілейны”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта: фарміраванне маўленчай культуры вучняў.

Задачы:

– стварыць умовы для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў;
– узбагаціць слоўнікавы запас;
– замацаваць веды па беларускай мове;
– садзейнічаць выхаванню грамадзянскасці, пачуцця патрыятызму;
– фарміраваць уменне працаваць у камандзе.

Прэзентацыя

 Ход мерапрыемства

Вядучы 1:  

Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты – у кожным слове
Душа яднаецца з душой.
І сэрца сэрцу адкрывае
Свае духоўныя сады –
Там салаўіны хор спявае,
Там смак крынічнае вады.
Там рэха продкаў прамаўляе
Малітвы светлыя здалёк,
Нібыта нас благаслаўляе
На добры шлях, на лёгкі крок.

Вядучы 2:

У словах тых – надзеі нашы
І нашы мары пра жыццё.
Калі мы з мовай –
Нас не страшыць
Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.
Пагавары са мной на мове,
Забудзь на час пра “языкі”.
Няхай гучаць у кожным слове
І продкі нашы, і вякі!

Вядучы 1:

Аўтар гэтых цудоўных і пранікнёных слоў – вядомы многім паэт Ігар Пракаповіч. У іх выказана бязмерная любоў да нашай роднай мовы.

Вядучы 2:

А наша задача – берагчы мову, вывучаць яе і пашыраць. Сёння мы правядзём інтэлектуальную гульню “Мова родная мая”, якая выявіць самых лепшых знаўцаў нашай роднай беларускай мовы.

Вядучы 1:

Гуляюць дзве каманды. Ацэньваць іх адказы будзе журы.

Вядучы 2:

Я ўпэўнены, што гульцы нашых каманд вельмі многа ведаюць цікавай інфармацыі пра нашу Радзіму, Рэспубліку Беларусь. І зараз я прапаную правесці пазнавальны конкурс “Я ведаю”.

 

Конкурс “Я ведаю”

Заданне камандам: адказаць на пяць пытанняў.

1-я каманда

1. Гэты горад – другі па велічыні на Беларусі (Гомель).
2. Гэта першая ў свеце краіна, якая добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі (Беларусь).
3. Гэтае возера называюць “беларускім морам” (Нарач).
4. У якога беларускага пісьменніка псеўданімам з’яўляецца назва колеру? (У К.Чорнага).
5. Гэты мемарыял ахвяр вайны размешчаны ў 65 км да поўначы ад Мінска (Хатынь).

2-я каманда

1. Які беларускі горад называецца так, як і летні месяц? (Чэрвень).
2. У 1939 годзе да БССР была далучана… (Заходняя Беларусь).
3. Як называецца спартыўны комплекс пад Мінскам? (Раўбічы).
4. Герб гэтага абласнога цэнтра – алень з крыжам на галаве (Гродна).
5. У якім годзе Беларусь цалкам была вызвалена ад фашыстаў (1944).

 

Конкурс “Перакладчыкі”

Вядучы: Неабходна зрабіць пераклад тэксту і запісаць яго. Заданне выконваем на аркушах паперы і перадаем журы.

Добрый хлеб

 Выросла в поле густая пшеница с тяжелым колосом. Добрый хлеб! Пора убирать урожай.   Вывел отец на пшеничное поле комбайн. Комбайн сам косит, сам молотит, а чистое зерно ссыпает в грузовик.
 Весело в поле! Хороший урожай!
 Всё лето хорошо помогало солнышко людям, хлеб растило. А теперь шоферы чистое зерно на мельницу повезут.
 Шумят машины на дорогах, отвозят зерно на мельницу.
 Станет пшеница мукой! А из муки напекут белого хлеба.

 

Вядучы: Пакуль нашы каманды выконваюць заданне, мы паслухаем песню “Белая Русь”. Словы і музыка І.Співакова.

Чытальнік:

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы на родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
                                             У.Дубоўка

 

Конкурс “Складаем апавяданне”

Заданне камандам: скласці апавяданне згодна з малюнкам.

1-я каманда

 

2-я каманда

 

Вядучы: А зараз конкурс для балельшчыкаў. Вам неабходна разгадаць загадкі. Хто больш загадак разгадае, той сваёй камандзе адзін бал прыдбае.

1. У маленькім гаршчочку смачная каша, ды зачэрпнуць цяжка (Арэх).
2. Не рыба, не плывец, не конь, не піла, а рэжа (Бабёр).
3. Без ног, а бяжыць (Вада).
4. Хоць малы ён, часам з кулак, але ў рукі не возьмеш ніяк (Вожык).
5. Ні рук, ні ног не мае, але яблыкі страсае (Вецер).
6. У адным доме сотні жыхароў, але сям’я адна (Вулей).
7. Зубастыя, а не кусаюцца (Граблі).
8. Што за крупы з неба падаюць? (Град).
9. Круглае, гарбатае, вакол махнатае. А як прыйдзе бяда, дык пацячэ і вада (Вока).
10. Круглы хлявец поўны белых авец (Гарбуз).

Конкурс “Ты – мне, я – табе”

Заданне камандам: вядучы вымаўляе слова, а гулец вельмі хутка называе да яго антонім.

1-я каманда

Сябар (вораг), гарачыня (холад), радасць (гора), смелы (баязлівы), гаварыць (маўчаць).

2-я каманда

Салодкі (кіслы), стары (малады), высокі (нізкі), неба (зямля), бегчы (стаяць).

 

Конкурс капітанаў “Крыжаванка”

Заданне капітанам: неабходна разгадаць крыжаванку.

Па вертыкалі:  

1. Назва краіны

Па гарызанталі:

1. Назва народа
2. Назва плошчы ў горадзе Гродна
3. Назва горада ў Гродзенскай вобласці
4. Яго прозвішчам названы музей у горадзе Ваўкавыску
5. Назва касцёла ў горадзе Гродна
6. Псеўданім беларускага пісьменніка
7. Назва возера ў Гродзенскай вобласці
8. Колькі абласцей у Беларусі?

 

Конкурс “Незвычайны букет”

Заданне камандам: неабходна выканаць апісанне прапанаванага букета, ужываючы толькі прыметнікі. Адказваюць каманды па чарзе. Журы вызначае, у якой каманды больш правільных адказаў.

 

Конкурс “Рассыпаныя фразеалагізмы”

Заданне: неабходна сабраць фразеалагізмы і растлумачыць іх значэнне.

1-я каманда

ў набраць вады рот – у рот вады набраць – маўчаць;
панталыку з збіцца – збіцца з панталыку – гаварыць абы-што

2-я каманда

асінавы як дрыжаць ліст – дрыжаць як асінавы ліст – баяцца;
свет ні ні зара – ні свет ні зара – рана.

 

Конкурс “Адкажы і раскажы….”

Заданне: неабходна правільна назваць прозвішча, імя, імя па бацьку пісьменніка і расказаць пра яго творчасць.

1-я каманда

2-я каманда

Якуб Колас

Янка Купала

 

Конкурс “Здагадайся ”

Заданне: прадстаўнік адной каманды глядзіць на слайд і апісвае прапанаваны прадмет. Гульцу з другой каманды патрэбна здагадацца, што гэта за прадмет і назваць яго.

 

1-я каманда – прас

2-я каманда – куфар

 

Вядучы: Наша інтэлектуальная гульня завяршылася. Просім журы падвесці вынікі.

 

Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне каманд.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий