Інтымная лірыка ў творчасці М.Багдановіча. Раманс “Зорка Венера”. 8-ы клас

- 11:50Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Інтымная лірыка ў творчасці М.Багдановіча. Раманс “Зорка Венера”. 8-ы клас

Таццяна ГАЛАВАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Мэта ўрока: уяўленне пра адметнасць жанру раманса праз знаёмства з лірычным творам.

Задачы ўрока:

навучальныя
– пашырыць уяўленні вучняў пра жанры, якія існуюць у лірыцы (раманс як лірычная любоўная песня заўсёды апявае каханне);

развіццёвыя
– развіваць уменне назіраць за рухам перажыванняў лірычнага героя з улікам усіх мастацкіх сродкаў (паўтораў, памеру, кампазіцыі, інтанацыі);
– развіваць уменне працаваць у групе, прымяняць атрыманыя веды пры рабоце з наглядным матэрыялам і тэкстам;
– фарміраваць здольнасць рэфлексаваць сваю дзейнасць;

выхаваўчыя
– спрыяць выхаванню культуры інтымных пачуццяў падлеткаў, іх душэўнай чуйнасці, імкнення да прыгажосці і чысціні чалавечых узаемаадносін.

Форма правядзення: камбінаваны ўрок з элементамі педтэхналогіі французскіх майстэрняў.\

Актуальнасць выкарыстання ІКТ: неабходнасць павелічэння шчыльнасці ўрока і эфектыўнасці правядзення дыягностыкі вывучанага папярэдне матэрыялу; узмацненне матывацыі навучання; эмацыянальнае ўздзеянне праз праслухоўванне запісу прафесійнага выканання музычнага твора.

Від выкарыстаных сродкаў ІКТ: дыягнастычны камп’ютарны тэст, падрыхтаваны настаўнікам па тэме “Грамадзянская і філасофская лірыка”.

Забеспячэнне ўрока: камп’ютары з выхадам у інтэрнэт (сайт e-vedy.adu.by); аўдыязапіс “Зорка Венера” ( В.Дайнека і ансамбль “Песняры”, электронныя адукацыйныя рэсурсы на сайце e-vedy.adu.by). Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 8 кл. устаноў агул.сярэд.адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / І.М.Слесарава [і інш.] – Мінск : Нац. Ін-т адукацыі, 2018. – 360 с., рабочыя сшыткі вучняў, партрэт М.Багдановіча, “Ацэначны ліст”; жэтоны для эрудыт-лато.

Дадаткі 1-7
Дадатак 8. Тэхналагічная карта ўрока

 

Эпіграф да ўрока:

Калі заблішчыць гэта зорка,
Самая цудоўная, самая далёкая,
Скажыце ёй, што толькі ёй адной
Належыць маё каханне,
О, апошнія з роду чалавечага!
                            Сюлі Прудом

 

Ход урока

I Арганізацыйны этап (2 мін)

Мэта: арганізацыя ўвагі і ўнутранай гатоўнасці да работы на ўроку.

Вітанне з класам. Стварэнне эмацыянальнага настрою (“Ланцужок пажаданняў на тыдзень”. Агучванне задач урока. Знаёмства з этапамі ўрока.   

 

II Этап праверкі дамашняга задання і пераход да вывучэння новага матэрыялу (10 мін)

Мэта: кантроль ведаў па пройдзенай тэме “Грамадзянская і філасофская лірыка”.

Клас падзелены на дзве групы. Кожная група атрымоўвае заданне:

1-я група: заданні тэста на лістах (Дадатак 2);

2-я група: працуе з падручнікам над паняццямі “грамадзянская лірыка” і “філасофская лірыка”.

Вучням раздадзены “Ацэначныя лісты”, у якіх яны будуць самі ацэньваць сваю працу на працягу ўрока. (Дадатак 1)

Пераход да новай тэмы. Заданне “Дапішы сказы” (Дадатак 3).

Настаўнік:

– Ці задаволены вы вынікамі сваёй працы?

 

III Этап засваення новых ведаў і праверкі разумення новага матэрыялу (26 мін)

Мэта: фарміраванне здольнасці прыходзіць да пэўных абагульненняў праз прыватныя назіранні над вершам; асэнсаванне жанравага паняцця “раманс”, знаёмства з асобай аўтара беларускага раманса.

Слова настаўніка пра аўтара беларускага раманса. (Партрэт Максіма Багдановіча. Зборнік “Вянок”).

 

1 Настаўнік расказвае “Казку пра Васілька”

Даўно гэта было, калі чалавек толькі пачаў сеяць жыта. На шэрай, патрэсканай зямлі яно расло невялікае. Сумна было каласкам гайдацца пад ветрам на спякотным сонцы. Надышла ноч. Яна прынесла расу і прахалоду, напаіла каласкі расою. Выпрасталіся яны. Паднялі галоўкі і ўбачылі ў небе мноства зорак. Залюбаваліся каласкі зоркамі.
– Ідзіце да нас, – паклікалі каласкі.
І раптам зоркі пачалі з неба падаць на зямлю. Раніцай яны сталі ярка-сінімі і разам з каласкамі ціха гайдаліся пад ветрам. Хутка зоркі гэтыя ператварыліся ў кветкі, і людзі пачалі называць іх васількамі.
Больш за сто гадоў таму пасяліўся ў жыце адзін Васілёк. Быў ён нядужы, слабенькі, і аднойчы моцны вецер вырваў яго з карэннем і панёс далёка ад сваёй нівы. У чужы край. Засумаваў Васілёк па Радзіме, пытаў у вятроў, ці красуюць яшчэ каласкі на палях, прасіў сонца, каб часцей на Радзіму яго заглядвала, цяплей зямельку сагравала. А сам, трацячы апошнія сілы, сплятаў вяночак з красак, каласкоў і зорак. Памяць аб сабе хацеў на Радзіму паслаць.
Прайшло шмат часу. Не стала Васілька, толькі вяночак застаўся. І хто дакранецца да яго, той становіцца моцным і дужым, а зоркі з вяночка асвятляюць яму шлях у цемры…

Настаўнік:

– Ці кранула вас гэта казка?

 

2 Выразнае чытанне настаўнікам “Раманса”

 

Фізкультхвілінка для вачэй

 

3 Аналітычная гутарка

Мэта: фарміраванне здольнасці прыходзіць да пэўных абагульненняў праз прыватныя назіранні над вершам.

 

4 Літаратуразнаўчая “інфармінка”

Мэта: асэнсаванне жанравага паняцця “раманс”; знаёмства з асобай аўтара беларускага раманса.

а) Работа з літаратуразнаўчым слоўнікам;
б) Прадгісторыя стварэння верша. Паэтычны гараскоп М.Багдановіча. (Дадатак 4)
в) Паведамленне вучня пра Ганну Какуеву (Фота Ганны Какуевай).

 

5 Музычная паўза

Слуханне раманса ў выкананні В.Дайнекі і ансамбля “Песняры”.

Мэта: выхаванне паважлівых адносін да творчага выканання вершаванага твора.

– Які настрой у вас пераважае пасля праслухоўвання раманса?

 

6 Практыкаванне “Рамонак”

У вучняў на сталах словы-назоўнікі, якія яны наклейваюць на пялёсткі рамонкаў. Працуюць дзве групы. (Дадатак 5)

Мэта: фарміраванне здольнасці прыходзіць да пэўных абагульненняў праз прыватныя назіранні над вершам.

 

7 Эўрыстычная гутарка (Дадатак 6)

Мэта: удасканаленне ўмення вызначаць мастацка-вобразныя сродкі лірычнага твора з мэтай выяўлення іх функцыянальнай ролі.

 

8 Эрудыт-лато (Дадатак 7)

Мэта: выхадны кантроль засвоенага на ўроку матэрыялу.

 

IV Заключны этап (7 мін)

1 Рэфлексія “Збяры букет паэту”

Мэта: аналіз работы і ацэнка паспяховасці дасягнення мэты ўрока; фарміраванне здольнасці і патрэбнасці ў аналізе ўласных дзеянняў.

– Беларуская паэзія багатая на сімвалы. Жыта, колас – сімвалы Жыцця, Вечнасці. Блакітны колер – колер беларускіх азёр, мірнага неба… Любімая кветка Максіма Багдановіча – гэта васілёк. Давайце мы з вамі яшчэ раз успомнім яго светлае імя, збяром для яго букет і падвядзем вынікі сённяшняга ўрока.

– Дзякуючы сённяшняму ўроку я даведаўся, што …
– Мне цікава было пачуць, як …
– Працаваць сёння на ўроку мне …
– Лічу, што слухаць на ўроку музычныя запісы…

 

2 Падвядзенне вынікаў. Каменціраванне работы вучняў, выстаўленне адзнак

 

3 Дамашняе заданне: Верш “Раманс” вывучыць на памяць, заданні 7, 8 на с. 77–78.

 

4 Заключнае слова настаўніка

– Сёння мы захапляемся гэтым творам, таму што ў ім прыгожа, шчыра выказана сапраўднае, светлае пачуццё кахання, якое робіць чалавека лепшым, дабрэйшым.

Сапраўды, інтымная лірыка робіць чалавека лепшым, чысцейшым, адкрывае ў яго душы пачуццё прыгожага. Самая светлая мелодыя, самая пранікнёная малітва былі створаны закаханым чалавекам. Мы чакаем гэтага пачуцця з хваляваннем і надзеяй, і яно абавязкова прыходзіць да кожнага – гэта закон жыцця. Толькі вось важна, як мы зможам сустрэць каханне, ці будзем гатовы зразумець яго? Няхай дапамогуць вам вершы, у якіх паэты шчыра і даверліва дзеляцца сваім пачуццём.

Дзякуй за ўрок!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий