Размнажэнне і развіццё насякомых. Урок біялогіі ў 8-м класе

- 10:18II И III СТУПЕНИ, БИОЛОГИЯ, Биология. Сценарии, Методичка

Размнажэнне і развіццё насякомых. Урок біялогіі ў 8-м класе

Аксана АНДРУКОНІС,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: знаёмства з размнажэннем і развіццём з няпоўным ператварэннем і з поўным ператварэннем насякомых.

Задачы:

– удасканаліць навыкі навучэнцаў самастойна працаваць з вучэбным і дадатковым матэрыялам, даваць разгорнуты адказ;
– павысіць цікавасць у навучэнцаў да вывучаемага матэрыялу.

Чакаемы вынік:

плануецца, што ў канцы ўрока вучні будуць

ведаць:

– паняцці “партагенез”, “палавы дымарфізм”;
– тыпы размнажэння насякомых;
– развіццё з няпоўным і поўным ператварэннем;

умець:

– адрозніваць развіццё насякомых з поўным і няпоўным ператварэннем.

Тып урока: камбінаваны з элементамі гульні.

ТСН: камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка.

Метады навучання: развіваючы, праблемна-пошукавы, даследчы, творчы.

Формы дзейнасці на ўроку: самастойная, групавая.

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант, актуалізацыя ведаў

Праверка гатоўнасці да ўрока, стварэнне станоўчага эмацыянальнага настрою.

Настаўнік. Прывітанне ўсім прысутным! Я вельмі рада вітаць вас усіх на чарговым уроку біялогіі (падчас прывітання ўстаюць навучэнцы, якія згодны з сцвярджэннем).

– Я рада вітаць тых, хто сёння ў добрым настроі.
– Я рада вітаць тых, хто сёння паснедаў.
– Я рада вітаць тых, хто не вельмі хоча працаваць на ўроку.
– Я рада вітаць, тых хто гатовы да актыўнай і прадуктыўнай працы.

Вялікі навуковец Альберт Эйнштэйн аднойчы сказаў: “Ёсць два спосабы пражыць жыццё. Першы – так, як быццам цудаў не бывае. Другі – так, як быццам усё на свеце з’яўляецца цудам” (словы на дошцы).

Які з гэтых спосабаў вам больш даспадобы? Чаму? Эйнштэйн меў на ўвазе прыроду і яе загадкі. На працягу ўсяго існавання чалавек спрабуе разгадаць гэтыя загадкі. Навошта? Мабыць, гэта зусім не патрэбна? (Адказы навучэнцаў.) Вядома, патрэбна, таму што гэта

– цікава;
– можа прынесці карысць прыродзе ці чалавеку;
– можа быць жыццёва неабходным прыродзе ці чалавеку.

Даследаванне – заўсёды вельмі займальны занятак. Асабліва тады, калі даследуеш штосьці новае і цікавае. На ўроках біялогіі мы з вамі даследуем шмат цікавага з жыцця жывёльнага свету.

На мінулых уроках мы з вамі пазнаёміліся з Класам Насякомыя, з распаўсюджаннем і знешняй будовай, а таксама з унутранай будовай насякомых на прыкладзе майскага жука.

І сёння мы працягваем знаёмства з насякомымі.

А за нашай працай на ўроку будзе сачыць наш госць – конік, якога завуць Кузя (на кветцы, прымацаванай да дошкі сядзіць конік). Ён увесь час будзе назіраць за нашай працай на ўроку.

 

ІІ Праверка дамашняя задання

А зараз мы з вамі праверым, наколькі добра вам запомніўся матэрыял папярэдніх урокаў.

У вас на сталах ляжаць лісты самаацэнкі (Дадатак 1), у якіх вы будзеце заносіць балы, атрыманыя на працягу ўсяго ўроку. Гэта дазволіць вызначыць, якой адзнакай можна ацаніць вашу працу на ўроку.

Заданне “Падпішы знешнюю будову майскага жука” (У кожнага на сталах ляжаць карткі с заданнем, вучні падпісваюць знешнюю будову майскага жука на картках, а затым я паказваю правільныя адказы на слайдзе. Дадатак 2).     

Бліц-тэст (Вучні атрымоўваюць карткі з тэстам, выконваюць яго, а затым правяраюць сваю работу па ключы на слайдзе. Дадатак 3). На выкананне тэста вам даецца 5 хвілін.

Малайцы! Вынікі занясіце ў ліст самаацэнкі.  

 

ІІІ Фарміраванне новых ведаў

Аб’яўленне тэмы і мэты ўрока

Сёння на ўроку мы з вамі працягваем даследаваць насякомых і пазнаёмімся з іх размнажэннем і развіццём. Запішам у сшытках дату і тэму ўрока. А працаваць мы з вамі будзем па такім плане (тэма ўрока і план урока на дошцы):

1. Размнажэнне.
2. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
3. Развіццё з поўным ператварэннем.

 

Пастаноўка задач да ўрока вучнямі  

Зыходзячы з тэмы і плана ўрока, вызначце задачы для далейшай працы на ўроку (вучні ставяць задачы, настаўнік карэктуе і запісвае на дошцы або вывешвае надрукаваныя на лісце паперы).

Такім чынам, задачамі сённяшняга ўрока з’яўляюцца наступныя:

– пазнаёміцца з паняццямі “партагенэз”, “палавы дымарфізм” і з тыпамі размнажэння і развіцця насякомых;
– умець адрозніваць развіццё насякомых з поўным і няпоўным ператварэннем.

Звярніце ўвагу на карткі “НаШтоБуЗу”. Ці супадаюць пастаўленыя да ўрока задачы з тым, што вы павінны ведаць і ўмець на наступны ўрок? Прачытайце іх яшчэ раз і насупраць кожнай алоўкам пастаўце знакі:

Карткі “НаШтоБуЗу”.

“!” – зразумею вельмі добра, змагу патлумачыць аднакласніку;
“+” – усё зразумею;
“?” – будуць пытанні;   
“-” – нічога не зразумею.

Перад вывучэннем новай тэмы давайце мы з вамі ўспомнім, што ж такое размнажэнне?(Адказы вучняў)

– Што значыць раздзельнаполыя насякомыя? (Адказы вучняў)

– Вельмі часта паміж самцамі і самкамі назіраюцца адрозненні ў памерах, форме і афарбоўцы цела – гэта палавы дымарфізм (запісваем азначэнне ў сшыткі са слайда). Разгледзім на слайдзе органы размнажэння самца і самкі. Давайце запішам адрозненні, якія мы ўбачылі (запісваюць адрозненні ў сшытках).

– Часцей за ўсё насякомыя размнажаюцца, адкладваючы аплодненыя яйцы. Часам бывае так, што яйцы развіваюцца без апладнення, гэта партэнагенез (знаходзім азначэнне ў падручніках і запісваем у сшытках.)

– Ёсць і жывародзячыя насякомыя, калі з адкладзеных яец адразу цалкам выходзяць сфарміраваныя лічынкі або кукалкі (карцінка на прыкладзе мясной мухі).

– Пасля выхаду з яйца развіццё лічынкі ў некаторых насякомых, напрыклад, у вошы, можа адбывацца без змянення знешняй будовы – гэта развіццё прамое без ператварэння). У пераважнай большасці насякомых развіццё адбываецца з частковымі змяненнямі знешняй будовы (развіццё з няпоўным ператварэннем) або са значнымі змяненнямі (развіццё з поўным ператварэннем).

– А цяпер яшчэ раз разгледзім карцінкі з няпоўным ператварэннем і зробім вынік.

– Так, значыць конікі і саранча на стадыі лічынак падобны на дарослыя асобіны па форме цела, характары кармлення і месцах пражывання (вынік).

– А ў чым адрозненне? (З’яўленне ў дарослых асобін крылаў і здольнасці да палёту).

– А цяпер разглядаем карцінку з поўным ператварэннем. І што мы бачым? Знайдзіце адказ у падручніку на старонцы 82.

 

Фізмінутка    

Раніцай страказа прачнулася,
Пацягнулася, усміхнулася,
Раз – расой яна памылася,
Два – прыгожа пакруцілася,
Тры – нагнулася і прысела,
На чатыры – паляцела.
У ракі спынілася
Над вадою закружылася.

 

– Цяпер вы самі паспрабуйце зрабіць вынік і скласці правільныя стадыі развіцця (На дошцы пераблытаны карцінкі, вучням неабходна скласці правільныя схемы развіцця з няпоўным ператварэннем і з поўным ператварэннем, зрабіць вынік і запісаць ў сшыткі, вынік і правільны адказ з’яўляюцца на слайдзе, Дадаткі 4, 5)

 

ІV Замацаванне вывучанага матэрыялу

– А цяпер я прапаную вам паглядзець відэа “Нараджэнне матыля”. Пасля прагляду вам неабходна будзе адказаць на такія пытанні:

1. Якое развіццё ў матыля?
2. Колькі стадый развіцця ў матыля? (Прагляд відэа)

– Паглядзеўшы відэа, мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што ў насякомых з поўным ператварэннем чатыры стадыі развіцця (яйцо, лічынка, кукалка і дарослае насякомае).

 

А цяпер я прапаную вам папрацаваць у парах. Вам неабходна адзначыць правільныя сцвярджэнні.

Работа ў парах (пытанні на слайдзе)

Самастойная работа “Выберы правільнае сцвярджэнне”

1. Насякомыя – раздзельнаполыя жывёлы з унутраным апладненнем.
2. Адной са стадый развіцця жука з’яўляецца кукалка.
3. Яйцо – лічынка-кукалка. Гэта стадыя развіцця з поўным ператварэннем.
4. Лічынкі конікаў падобны на сваіх бацькоў.
5. Партэнагенез – гэта жывародзячыя насякомыя, з адкладзеных яец якіх адразу выходзяць цалкам сфарміраваныя лічынкі або кукалкі.
6. Часта паміж самцамі і самкамі назіраюцца адрозненні ў памерах, форме і афарбоўцы цела – палавы дымарфізм.

Адказ: 1, 2, 4,6  

– Хто жадае агучыць свае адказы? (Агучванне адказаў). Вельмі добра, малайцы, занясіце свае балы ў лісты самаацэнкі.

 

– Я прапаную вам яшчэ адно цікавае заданне – “Стадыі развіцця насякомых”. На сталах у вас ляжаць карткі з насякомымі, вы павінны назваць нумары стадый развіцця для матыля па парадку (№ 26, 29, 15, 17). (Дадатак 6).

– А цяпер паглядзіце на слайд, і ў каго атрымалася правільна, занясіце свой бал у лісты самаацэнкі.

 

– Рабяты, паглядзіце на нашага Кузю. Як вы думаеце, ці задаволены ён вашай працай? Мне здаецца, што так. Усміхніцеся яму і памахайце рукой.

Вось і падышло да канца наша даследаванне насякомых. Усе пункты плана мы разгледзелі. У канцы ўрока я папрашу вас здаць свае лісты самаацэнкі, я пагляджу і ўсім выстаўлю адзнакі за працу на ўроку. Хто справіўся з усімі заданнямі, атрымлівае 10 балаў.

А яшчэ мы з вамі вернемся да выказвання Альберта Эйнштэйна. З якімі цудамі прыроды мы сёння пазнаёміліся? Ці выканалі мы ўсе правілы нашых картак “НаШтоБуЗу”?

 

V Дамашняе заданне

§21, пытанні пасля параграфа. Падрыхтаваць паведамленне пра адно насякомае, у якога развіццё з няпоўным ператварэннем і развіццё з поўным ператварэнне (па жаданні).

 

VI Рэфлексія

Цяпер я прапаную вам “укласці” наш урок у свае рукі. Для гэтага вам неабходна абвесці сваю далонь, на пальцах якой пасля вы павінны запісаць свае меркаванні і прапановы. Надпісы на пальцах рукі на слайдзе.

Мезенец – я адкрыў для сябе…..
Безназоўны – Каб я быў настаўнікам….
Сярэдні – у мяне ўвесь час круцілася ў галаве….
Паказальны – Я бы мог, але не спытаў….
Вялікі– самае цікавае было….

Я таксама хачу абвесці далонь сваёй рукі і выказаць свае ўражанні ад нашай сумеснай працы.

Урок скончаны, а закончу я яго такімі словамі:

У добры час, рабяты!
Будзем, рабяты, берагчы дабрыню,
Будзем, рабяты, берагчы прыгажосць,
Будзем адважвацца, будзем тварыць,
Усмешку ведаў! Урок дарыць!

 

Дадаткі 1-6

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий