Зімка-зіма. Канспект занятку па адукацыйных галінах “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Выяўленчае мастацтва” (аплікацыя) у старшай групе

- 17:13ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый творчага занятку для дзяцей старшай групы

Ларыса НАРБУТОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір” Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– замацаваць у маўленні выхаванцаў назвы зімовых прымет, зімуючых птушак, дзікіх жывёл, зімовага адзення, зімовых забаў;
– практыкаваць у дапасаванні прыметнікаў да назоўнікаў;
– замацаваць уменне разумець і адгадваць загадкі;
– развіваць уменне ўтвараць словы з памяншальна-ласкальным значэннем;
– папоўніць слоўнікавы запас новымі словамі (ліст, лядзяк, снежка, завея, сцюжа, амялушка), развіваць уменне складаць з дапамогай выхавальніка кароткае апісальнае апавяданне па інтэлект-карце;
– замацоўваць навыкі самастойнага складання сюжэтнай аплікацыі, уменні прамалінейнага і крывалінейнага выразання;
– выхоўваць імкненне размаўляць па-беларуску;
– выхоўваць цікавасць да сатворчасці і супрацоўніцтва ў працэсе калектыўнай аплікацыі. 

Абсталяванне: ліст “з Мадагаскара”, інтэлектуальная карты, мультымедыйны праектар, слайдавая прэзентацыя, снежка, сняжынка, чатыры канверты з элементамі інтэлект-карты, вялікі канверт, прылады для аплікацыі (нажніцы, клей, папяровыя сурвэткі), запіс музыкі.

 

Ход занятку

 

Выхавальнік:

Добрай раніцы лясам і палям,
Добрай раніцы ўсім сябрам!
Добрай раніцы дзіцячаму саду.
Бачыць усіх вас я вельмі рада!

Рада вітаць вас, дзеткі! Спадзяюся, ва ўсіх сёння добры, радасны настрой? Дзеці, калі раніцай я ішла ў садок, то сустрэла паштальёна, які перадаў для вас вось гэты ліст. Цікава, што там? Прачытаем яго:

“Добры дзень, рабяты! Мы жыхары з вострава Мадагаскар. Нядаўна каля нас адбылося караблекрушэнне. Да берага прыбіла скрыню з кнігамі. Адну мы прачыталі. Яна называлася “Зіма”.

 

Ой, зіма, зіма, зіма!
Весялей цябе няма!
Горка, санкі, гоман, смех,
Сіні вечар, белы снег.

 

А што такое зіма, мы не зразумелі. У вас, у Беларусі, бывае такая цудоўная пара года? У нас жа заўсёды лета, горача. Мы нават зрабілі для вас спецыяльную “разумную карту”, каб расказаць пра лета. Вельмі хацелася б, каб вы зрабілі такую карту пра зіму і склалі апавяданне па ёй.”

Выхавальнік: Дзеці, паглядзіце, якая цікавая карта. Яе яшчэ называюць інтэлект-карта, ці разумная карта. Чаму, як вы лічыце? (Таму, што тут сабрана інфармацыя, і карта з’яўляецца планам апавядання.) Галоўная думка карты размяшчаецца заўсёды ў цэнтры ліста. У нашай карце гэта што, паглядзіце на малюнак у цэнтры? (Лета). А ад цэнтральнага малюнка ідуць лініі, галінкі да наступных галоўных кірункаў тэмы, пра што расказваецца ў карце. Чытаем карту заўсёды з правага верхняга вугла. Пра што распавядаецца? (Пра надвор’е, жывёл, птушак, заняткі людзей (выстаўляецца мнемадарожка))

Дзеці, дапаможам жыхарам вострава Мадагаскар даведацца пра зіму? Мы ўспомнім усё, што ведаем пра зіму, і складзём пра яе “разумную карту”, якую і адправім на востраў.

Скажыце, калі ласка, што мы павінны адзначыць у нашай карце? (Расказаць пра зімовыя з’явы ў прыродзе, пра птушак і жывёл, пра чалавека зімой і зімовыя забавы). Але вось якая няўдача – элементы нашай карты схавала чараўніца Завіруха Мяцелішна. Яна верне іх нам, калі мы выканаем заданні пра зіму. За кожнае заданне мы атрымаем канверт з элементамі “разумнай карты”. Згодны выконваць заданні? (Так)

 

Заданне “Раскажыце пра зімовыя з’явы ў прыродзе”

Выхавальнік: Завіруха Мяцелішна хоча даведацца, ці ведаеце вы пра зімовыя з’явы, якія адбываюцца ў прыродзе. Таму падгатавала для вас пытанні. Адкажыце:

– Калі на вуліцы ідзе снег, то надвор’е якое?… (Снежнае);
– Калі моцны мароз, то надвор’е якое? (Марознае);

– А калі часта гуляе завіруха, то надвор’е якое ? (Завірушнае);
– Калі на вуліцы моцны вецер, то надвор’е (ветранае);
– Калі вельмі холадна, і кажуць, што на вуліцы сцюжа, студзёна, то надвор’е якое? (Студзёнае);
– А якія змены адбываюцца ў прыродзе зімой? (Зімой падае снег. Зімой неба шэрае. Зімой сонца свеціць мала. Калі свеціць, то не грэе. На вуліцы холадна. Зімой дні кароткія, а ночы доўгія).

 

Дыдактычнае практыкаванне “Падбяры слова”

Выхавальнік: Завіруха перадала вам вось гэтую снежку. Вы будзеце перадаваць яе адно аднаму і гаварыць, якая бывае зіма, але абавязкова поўным сказам. Вось я пачынаю: “Зіма бывае марозная” (марозная, белая, суровая, халодная, прыгожая, казачная, снежная, ветраная, чароўная, вясёлая, пуховая). А які бывае снег? (Белы, халодны, ліпкі, калючы, бліскучы, мяккі, пушысты, скрыпучы, рыхлы, густы). Якія сняжынкі? (Белыя, лёгкія, прыгожыя, іскрыстыя, танцуючыя, карункавыя, бязважкія).

Выхавальнік: З першым заданнем вы справіліся, і атрымалі першы канверт. Наступнае заданне Завіруха Мяцелішна зачаравала ў мультымедыйную прэзентацыю. Таму давайце падрыхтуем нашы вочкі да працы з электронным сродкам навучання.

 

Гімнастыка для вачэй “Гарэзная Сняжынка”

 

Мы на вуліцы гулялі,
За сняжынкай назіралі (выцягнуць сняжынку наперад, сфакусіраваць на ёй погляд)
Сняжынка направа паляцела

Вочкі направа паглядзелі (адводзяць сняжынку направа, сочаць поглядам)
Сняжынка налева паляцела,
Вочкі налева паглядзелі (адводзяць сняжынку налева, сочаць поглядам)
Вецер снег уверх паднімаў (сочаць за сняжынкай рухамі вачэй уверх-уніз)
І на зямлю апускаў… (сочаць за сняжынкай рухамі вачэй уверх-уніз)
Сняжынкі то ўверсе, то ўнізе…
Усё! На зямлю ўлягліся.
Вочкі закрываем, і адпачываем (дзеці заплюшчваюць вочы, вочкі адпачываюць; расплюшчыць вочы).

 

Дыдактычнае практыкаванне “Пазнай птушку па яе частцы цела”

 

Выхавальнік: Завіруха Мяцелішна хоча даведацца, ці ведаеце вы, якія птушкі зімуюць у нашай краіне. Для гэтага яна падгатавала для вас цікавае заданне – адгадаць птушку па частцы яе цела. Увага на экран.

Давайце яшчэ раз замацуем, якія птушкі засталіся зімаваць? (Сініца, снягір, амялушка, сарока, дзяцел, крыжадзюб). Як называюцца птушкі, якія засталіся на зіму? (Зімуючыя).

А як вы дапамагаеце птушкам зімой? (Робім кармушкі, насыпаем корм).

 

Выхавальнік: А цяпер нам трэба адгадаць загадкі ад Завірухі Мяцелішны. Калі адгадаеце правільна – на прэзентацыі з’явіцца малюнак-адгадка.

Ён прысмакаў з’еў нямала.
А калі зіма настала,
Лапу смокчучы, заснуў.
Ледзьве не праспаў вясну (Мядзведзь)

У рыжай разбойніцы
Хвост, як мятла.
Ад сабак уцякала,
Сляды хвастом замятала. (Ліса)

З ялінкі на ялінку,
З галінкі на галінку
Скача агеньчык жывы
Хто гэта? Ведаеце вы? (Вавёрка)

Зімой беленькі,
Ўлетку шэранькі.
Доўгія вушкі мае
Хутка ў лес уцякае. (Заяц)

Кожны год у сваёй нары
Спаць кладзецца ў лістападзе.
Перамагчы змяю ён можа!
Увесь у калючках … Гэта – (Вожык).

Выхавальнік: Пра каго ўсе гэтыя загадкі? (Пра дзікіх жывёл). А вы ведаеце, як жа ратуюцца ад холаду дзікія жывёлы? (Вавёрка і заяц мяняюць футра: вавёрка – на шэрае, а заяц – на белае. Так ім цяплей і лягчэй схавацца ад ворагаў. Мядзведзі, вожыкі западаюць у спячку). Малайцы, дзеці, атрымлівайце другі канверт.

 

Дыдактычная гульня “Назаві ласкава” (са сняжынкай)

Выхавальнік: Завіруха Мяцелішна хоць і марозная, калючая, але любіць, каб пра яе і пра яе сястрыцу Зіму гаварылі ласкава. Як мы ласкава назавём завіруху (завірушка), зіму (зімка)? Каб атрымаць нам наступны канверт, трэба ласкава назваць зімовыя з’явы:

мароз – марозік;
лёд – лядок;
холад – халадок;
сняжынка – сняжыначка;
вецер – ветрык;
снег – сняжок;
завея – завейка.

Выхавальнік: Малайцы, дзеці. Атрымлівайце канверт.

 

Заданне “Чалавек зімой”. Гутарка па карціне “Зімовыя забавы”

Выхавальнік: Завіруха Мяцелішна цікавіцца, ці ведаеце вы, чым займаюцца зімой людзі, як яны апранаюцца. Для гэтага падгатавала вам наступнае заданне.

Дзеці і дарослыя вельмі любяць зіму. Паглядзіце на малюнак і складзіце сказы пра тое, як гуляюць дзеці зімой.

(Дзеці катаюцца на лыжах, санках, каньках. Дзеці гуляюць у снежкі.

Дзеці лепяць снежную бабу. Катаюцца на ледзяной горцы.)

Выхавальнік: Малайцы, вось і чацвёрты канверт вы атрымалі. Але перад тым, як мы пачнём працаваць над інтэлект-картай, прапаную вам трошкі адпачыць.

 

Фізкультхвілінка “Мароз”

Дзеці становяцца ў круг.

Як захоча Мароз,
Замарозіць шчокі, нос, (паціраюць рукамі шчокі і нос).
Я не буду стаяць,
Буду зайчыкам скакаць, (скачкі на месцы).
Прысядаць і варушыцца (прысядаюць)
Як сняжынка, кружыцца (кружацца).

 

Аплікацыя “Наклейванне элементаў інтэлект-карты”

Выхавальнік: Трошкі адпачылі, і пара нам брацца за “разумную карту” для нашых сяброў з Мадагаскара. У нас чатыры канверты. Кожная група дзяцей атрымае зараз канверт, вы сядзіце за столікі і будзеце выразаць падрыхтаваныя элементы карты па адзначаных лініях, затым наклейваць на сваю частку карты, маляваць стрэлкі. Калі мы потым складзём усе чатыры часткі карты разам, атрымаецца сапраўдная інтэлект-карта, якая дапаможа нашым сябрам даведацца пра зіму. Але перш падгатуем нашы ручкі да працы.

 

Пальчыкавая гімнастыка “Снежка”

Раз, два, тры, чатыры, (загінаюць пальчыкі, пачынаючы з вялікага).
Снежку мы з табой зляпілі (“лепяць”, змяняючы становішча далоняў).
Круглую ды значную! (Паказваюць круг, сціскаюць далоні, гладзяць адной далонню другую).
Ды зусім не смачную! (Пагражаюць пальчыкам).
Раз – падкінем (падкідваюць уяўны сняжок).
Два – зловім (ловяць уяўны сняжок).
Тры – кінем (раняюць уяўны сняжок).
І… зломім (тупаюць).

 

Самастойная работа дзяцей пад музыку, індывідуальная дапамога

Выхавальнік: Усе справіліся. Прыносьце свае работы, і мы складзём агульную карту. Як вы мяркуеце, можна скласці апавяданне пра зіму па нашай карце? Давайце паспрабуем.

3–4 дзяцей складаюць апавяданне па сваёй частцы карты. Потым 2–3 дзяцей расказваюць поўнае апавяданне па карце.

Сонейка зімой свеціць, але не грэе. Неба шэрае, часта ідзе снег. Засталіся зімаваць птушкі: сініцы, дзятлы, снегіры, сарокі, амялушкі. Для іх мы робім кармушкі. Зайчык змяніў шэрую шубку на белую, больш цёплую, вавёрка рыжую на шэрую. Мядзведзь і вожык заснулі. Людзі таксама апранаюць цёплую вопратку: кажух, валёнкі, шапкі, рукавіцы. Людзі апранаюцца цёпла. Дзеці катаюцца на санках, лыжах, каньках, лепяць снежных баб. Усім весела. Мы вельмі любім зіму.

Выхавальнік: Малайцы, у вас атрымалася цудоўная карта і змястоўныя апавяданні пра зіму. Пакладзём карту ў канверт і адправім нашым сябрам на Мадагаскар, няхай нарэшце яны даведаюцца, што такое зіма.

Рабяты, вы сёння былі вялікія малайцы і добра папрацавалі. Усім дзякую за стараннасць. А вам спадабалася на занятку? Каб даведацца, што вам больш за ўсё спадабалася, раю пагуляць у гульню “Закончы сказ”. Я вам буду гаварыць пачатак сказа, а вы яго заканчваеце.

Мне вельмі спадабалася сёння…
Я сёння даведалася…
Самым цікавым было…
Для мяне стала адкрыццём тое, што…
Я адчуваў сябе на занятку…

 

Выхавальнік: Рабяты, мне вельмі прыемна было з вамі працаваць. Жадаю вам добрага настрою, заўсёды будзьце такімі разумнымі і стараннымі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий