Арэшкі для вавёркі. Канспект занятку ў першай малодшай групе

- 17:35ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый занятку па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва” для дзяцей першай малодшай групы.

 

Вераніка БОГУШ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 10 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць

 

 

Адукацыйная галіна: Выяўленчае мастацтва (лепка).

Тэма: Арэшкі для вавёркі.

Праграмныя задачы:

– замацоўваць прыёмы лепкі (скачванне, раскачванне паміж далонямі прамымі і кругавымі рухамі рук);
– развіваць дробную маторыку пальцаў рук;
– выхоўваць эмацыйную спагадлівасць, акуратнасць у працы.

Матэрыялы: цацачная вавёрачка, талерачкі для гатовых вырабаў, салёнае цеста, дошчачкі для лепкі, сурвэткі.

 

Ход занятку

 

Выхавальнік: Добрай раніцы, дзеці! Давайце павітаемся і падорым адно аднаму ўсмешкі (Дзеці вітаюцца).

Раздаецца стук арэшкаў.

Выхавальнік: Дзеці, паслухайце, хто гэта стукае? Я ведаю! Гэта ж наша госця. Адгадайце загадку – і вы даведаецеся, хто прыйшоў да нас у госці.

У лесе па дрэвах скача лоўка –
Гэта рыжая (Вавёрка).

Малайцы!

Выхавальнік выносіць вавёрачку з кошыкам.
Выхавальнік: Правільна вы адгадалі, гэта вавёрка. Якая вавёрачка? (Мяккая, пухнатая, рыжая) А што яна трымае ў лапках? (Арэшак).
Я сустрэла вавёрачку сёння раніцай, яна скакала пад дрэвамі і шукала арэшкі. Давайце і мы паскачам, як вавёрачка.

Фізкультхвілінка 

Па дарожцы, па дарожцы скачам мы на адной ножцы.
Па дарожцы, па дарожцы скачам мы на другой ножцы.
Па сцяжынцы пабяжым.
Ой, стаміліся, тут пасядзім.

 

Выхавальнік: Як весела нам з вавёрачкай скакаць. Але наша госця сумная. Вавёрачка паказала мне кошык, у якім было мала арэшкаў і расказала, што яна не паспела назапасіць арэхаў на зіму (Выхавальнік паказвае паўпусты кошык). На вуліцы шмат снегу, і нашай вавёрачцы цяжка знайсці арэшкі. А давайце ёй дапаможам і злепім арэшкі для нашай вавёрачкі?

Сядайце за стол, а вавёрачка будзе за вамі назіраць (Дзеці садзяцца за сталы, а выхавальнік падносіць дзецям кошык з арэшкамі).

Ой, паглядзіце, што гэта вавёрачка вам нясе! Гэта ж арэшкі, мабыць, яна хоча, каб вашы ручкі падрыхтаваліся да лепкі? Давайце возьмем у ручкі арэшкі і зробім масаж.

 

Масаж

Выхавальнік: Пакладзіце на далоньку арэх, прыцісніце другой далонькай, а цяпер пакатайце па крузе, а потым, уперад і назад (Дзеці выконваюць).

Малайцы! Давайце пакладзём арэшкі вавёрачцы ў кошык і будзем ляпіць.

Арэшкі мы будзем ляпіць з цеста. З цеста патрэбна скачаць шарык, а потым адзін раз раскачаць наперад і назад (Паказ выхавальніка).

Дзеці лепяць пад музыку шар (арэх), кладуць яго на талерачку, выціраюць ручкі.

Выхавальнік: Дзеці, якія арэшкі ў нас атрымаліся?

Дзеці: Круглыя, маленькія.

Выхавальнік: Малайцы, а зараз давайце аддадзім арэшкі нашай госці (Дзеці нясуць арэшкі вавёрачцы). Малайцы рабяты, вельмі шмат арэшкаў у вас атрымалася, цяпер вавёрачцы хопіць запасаў на зіму. Вавёрачка кажа мне, што вельмі рада, што вы ёй дапамаглі, кажа вам дзякуй. А вам спадабалася дапамагаць вавёрачцы? (Адказы дзяцей). Але ёй патрэбна вяртацца ў лес, давайце скажам да пабачэння (Дзеці развітваюцца).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий