Восень. Групавы карэкцыйны занятак па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў) з агульным недаразвіццём маўлення

- 9:24Коррекционная педагогика. Сценарии коррекционных уроков, Методичка

Сцэнарый групавога карэкцыйнага занятаку для дзяцей старшай групы з агульным недаразвіццём маўлення з агульным недаразвіццём маўлення. 

 

Вольга КАЛАЛА,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дзіцячы сад № 2 г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Восень. 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уменне ўтвараць адносныя прыметнікі ад назоўнікаў, множны лік назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў;
– удасканальваць навыкі ўзгаднення прыметнікаў з назоўнікамі;
– замацоўваць уменні складаць кароткае апавяданне па схеме, складаназалежныя сказы з саюзам “таму што”, распаўсюджваць маўленне дапаўненнямі;
– развіваць зрокавае і слыхавое ўспрыманне, пазнавальную актыўнасць, канструктыўнае і лагічнае мысленне, увагу, памяць, дробную і агульную маторыку;
– выхоўваць навыкі ўзаемадзеяння адно з адным, культуру маўлення. 

Матэрыял і абсталяванне: мальберт, сілуэты кропелькі дажджу, хмары, дрэў, вожыка, карціна “Залатая восень” І.Левітана, шэсць кругоў (чырвоны, жоўты, аранжавы, зялёны, сіні, карычневы), знак “Інь і Ян”, схема аповеду, трубачкі.

 

Ход занятку

 

Гульня-прывітанне

Адзін, два, тры.
На занятак мы прыйшлі.
Будзем вучыцца гаварыць прыгожа,
Гэта кожны зможа.

Педагог: Давайце ўсміхнёмся адно аднаму і пажадаем поспехаў на занятку.

 

Сюрпрызны момант

Педагог: Паглядзіце навокал. Можа што незвычайнае заўважылі?(Шмат прыгожых лістоў). Давайце падыдзем да іх. Як вы думаеце, ці ёсць штосьці пад гэтымі лісточкамі? Як нам пра гэта даведацца? (Адказы дзяцей).

 

Дыхальная гімнастыка

Педагог: У мяне ёсць трубачкі. Я прапаную ўзяць іх і падуць на лісцікі. Што вы бачыце? (Карціну). Давайце прымацуем яе да дошкі і разглядзім.

Як вы думаеце, якая пара году на карціне? (Восень). Якога колеру восень? Вам падабаецца такая восень? (Адказы дзяцей).

Паглядзіце, а карціна з пісьмом. Гэта пісьмо ад Восені.

“Паважаныя дзеці! Чараўніца забрала мае фарбы, і я ніяк не магу размаляваць лясную палянку. Дапамажыце мне. Калі вы выканаеце ўсе заданні Чараўніцы на каляровых картках, то фарбы вернуцца. Спадзяюся на вашу дапамогу. Ваша Восень”.

Педагог: Колькі фарбаў забрала Чараўніца? (Шэсць). Пералічыце іх. (Чырвоная, жоўтая, аранжавая, зялёная, сіняя, карычневая). Каб вярнуць фарбы і размаляваць карціну, нам неабходна выканаць наступныя заданні Чараўніцы.

 

Педагог: Згодны дапамагчы Восені вярнуць фарбы? (Адказы дзяцей). Тады пачынаем.

 

Першае заданне Чараўніцы. Гульня “Адзін – шмат”

Педагог: А вось і заданне Чараўніцы на жоўтай картцы. Тут нейкія сімвалы. Як вы лічыце, што значаць гэтыя сімвалы? (Адзін прадмет – шмат прадметаў). Я буду называць адну з’яву восені, а вы – некалькі такіх з’яў.

– Наступіў восеньскі дзень – наступілі восеньскія дні.
– На дрэве жоўты ліст – на дрэвах жоўтае лісце.
– Плыве цёмная хмара – плывуць цёмныя хмары.
– Ідзе халодны дождж – ідуць халодныя дажджы.
– Адлятае птушка – адлятаюць птушкі.
– Дзьме моцны вецер – дзьмуць моцныя вятры.

Педагог: А вось і фарба жоўтая – першы каляровы кавалачак карціны.

Дзіця прымацоўвае да дошкі каляровы круг жоўтага колеру і накладвае кавалачак карціны.

 

Другое заданне Чараўніцы. Гульня Хто і як рыхтуецца да зімы

Педагог: Што на гэтай картцы Чараўніцы? Нейкая карта. Давайце паспрабуем яе прачытаць.

Каб знайсці другі кавалачак каляровай карціны і чырвоную фарбу, нам неабходна пайсці па маршруце карты.

Педагог з дзецьмі падыходзяць да стала, на якім бачаць вожыка ў лісточках.

Педагог: Вы бачыце, пад лісточкамі нехта схаваўся. Хто гэта? (Вожык). Паглядзіце, які вожык? (Калючы, шэры, маленькі). Чаго ён схаваўся ў лісточках? (Робіць сабе норку з лісця). А цяпер пагуляем і раскажам, хто са звяроў і як рыхтуецца да зімы.  

Дзеці стаяць вакол стала. Каля кожнага ляжыць картка з жывёлай і кавалачкамі пазлаў “Што есць і якое жыллё рыхтуе да зімы”.

Педагог: А вось і чырвоная фарба – другі каляровы кавалачак карціны.

Дзіця прымацоўвае да дошкі каляровы круг чырвонага колеру і накладвае кавалачак карціны.

 

Трэцяе заданне Чараўніцы. Гульнявое практыкаванне “Якое надвор’е”
Педагог:
Чараўніца прыслала картку з кропелькай дажджу. Яе неабходна перадаваць па крузе і падбіраць прыметнік, які падыходзіць да той ці іншай восеньскай з’явы.

– Калі ідзе дождж, надвор’е якое? (Дажджлівае).
– Калі дзьме вецер, надвор’е якое? (Ветранае).
– Калі на вуліцы холадна, надвор’е якое? (Халоднае).
– Калі на вуліцы сыра, надвор’е якое? (Сырое).
– Калі на вуліцы хмурна, надвор’е якое? (Хмурнае).
– Калі на вуліцы сонца, надвор’е якое? (Сонечнае).
– Калі на вуліцы ясна, надвор’е якое? (Яснае).

Педагог: Заданне выканалі, а вось і наш трэці каляровы кавалачак карціны і сіняя фарба.

Дзіця прымацоўвае да дошкі каляровы круг сіняга колеру і накладвае кавалачак карціны.

 

Чацвёртае заданне Чараўніцы. Дынамічная паўза

Педагог: А вось і чацвёртае заданне Чараўніцы. Паглядзіце, што нам трэба зрабіць? (Трэба сабраць лісточкі і прымацаваць іх на дрэўцы).

Давайце пагуляем, ператворымся ў восеньскія лісцікі.

Мы восеньскія лісцікі,
На галінках сядзелі,
Падзьмуў ветрык – паляцелі.
Паляцелі, паляцелі і на зямлю селі.
Адзін, два, тры, чатыры, пяць,
Будзем лісцікі збіраць,
Збяром лісцікі бярозы.

 

Дзеці знаходзяць дрэва і прымацоўваюць лісцікі.

Педагог: Вось наш чацвёрты каляровы кавалачак карціны і аранжавая фарба Дзіця прымацоўвае да дошкі каляровы круг аранжавага колеру і накладвае кавалачак карціны.

 

Пятае заданне Чараўніцы. Гульня “Добра – дрэнна”

Педагог: А вось і пятая каляровая картка. Заданне Чараўніцы: “Скажыце, восень – гэта добрая пара года ці дрэнная?” А дапаможа нам у гэтым мая памочніца – табліца.

Чаму восень добрая?

– пачынаецца лістапад;
– збіраюць ураджай гародніны і садавіны;
– можна пагуляць па “восеньскім дыванку”, пашамацець лісцем, сабраць прыгожыя букеты;
– можна сабраць у лесе шышкі і жалуды, зрабіць з іх цікавыя вырабы;
– можна збіраць грыбы;
– бываюць цёплыя дні.

Чаму восень дрэнная?

– сонца свеціць мала, становіцца холадна;
– неба хмурнае;
– дзень стаў карацей, а ноч даўжэй, раней ідзём спаць;
– лісце сохне і ападае, трава жоўкне;
– дзьме халодны вецер, часта ідзе дожджык, вакол лужыны;
– птушкі збіраюцца ў зграі, рыхтуюцца да адлёту, змаўкаюць птушыныя галасы, не чуваць іх спеваў.

Педагог: З заданнем справіліся. Вось наш пяты каляровы кавалачак карціны і зялёная фарба.

Дзіця прымацоўвае да дошкі каляровы круг зялёнага колеру і накладвае кавалачак карціны.

 

Шостае заданне Чараўніцы. Гульнявое практыкаванне “Складзі апавяданне па схеме”

Педагог: Атрымліваем апошняе заданне Чараўніцы. Вось яна нам дае схему, па якой неабходна скласці апавяданне пра восень. (2–3 выхаванцы)

Прыйшла (восень). Сонейка свеціць мала. Дрэвы змянілі свой (колер). Лісце стала (жоўтым), (чырвоным). Часта з хмарак ідзе, сыпле халодны (дожджык). У агародах і ў садзе збіраюць (ураджай). Птушкі ляцяць у (вырай). Звяры (рыхтуюцца) да зімовай спячкі.

Педагог: Вось наш шосты каляровы кавалачак карціны і апошняя фарба Восені.

Дзіця прымацоўвае да дошкі каляровы круг карычневага колеру і накладвае кавалачак карціны.

 

Падвядзенне вынікаў занятку. Рэфлексія

Педагог: Ці дапамаглі мы Восені вярнуць фарбы? Як называецца карціна, якая ў нас атрымалася? Хто яе аўтар? (“Залатая восень”, Ісаак Левітан).

Што вам запомнілася больш за ўсё? А хто-небудзь адчуваў цяжкасці ў выкананні заданняў Чараўніцы? Якія заданні Чараўніцы было цяжка выконваць? Дзеці, вы вялікія малайцы!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий