Працуючы настаўнікам-дэфектолагам з выхаванцамі групы з беларускай мовай навучання і выхавання, сутыкнулася з цяжкасцямі ў набыцці практычнага матэрыялу для аўтаматызацыі гукаў. Выхад са становішча знайшла ў распрацоўцы дыдактычнага дапаможніка «Гуляем і развіваемся».
Вольга САЗАНОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дзіцячы сад № 1 г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць
Граматнае маўленне – з правільным вымаўленнем гукаў, выразна пабудаванай фразай, захаваннем лексіка-граматычных правіл, багатым слоўнікавым запасам – найважнейшая ўмова гарманічнага развіцця дзіцяці. Калі маўленне выразнае, то і дзіця лёгка выказвае свае думкі.
У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі маўлення, якім вельмі важна своечасова аказваць карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Працуючы настаўнікам-дэфектолагам з выхаванцамі групы з беларускай мовай навучання і выхавання, сутыкнулася з цяжкасцямі ў набыцці практычнага матэрыялу для аўтаматызацыі гукаў. Выхад са становішча знайшла ў распрацоўцы дыдактычнага дапаможніка «Гуляем і развіваемся» для аўтаматызацыі санорных гукаў [л], [р] у дзяцей 5–6 гадоў з парушэннямі маўлення.
Вучонымі даказана, што мова і дробная маторыка ўзаемазвязаныя паміж сабою. Зоны, якія адказваюць за развіццё мовы і дробнай маторыкі, знаходзяцца побач у галаўным мозгу чалавека. Развіваючы дробную маторыку і тактыльныя адчуванні, мы развіваем і мову.
Для вырабу дапаможніка быў выбраны фетр. Матэрыял гэты бяспечны, прыемны навобмацак, цёплы, мяккі, варсісты, што немалаважна для тактыльнага ўспрымання дзіцяці.
Дапаможнік «Гуляем і развіваемся» прыйшоўся да спадобы выхаванцам, пры гэтым ён даступны і бяспечны ў сваім выкарыстанні. Дзеці з цікавасцю могуць гуляць: разглядаць, мацаць, прымацоўваць фігуркі або карткі на ліпучках, кручках, закладваць у кішэнькі, дзяліцца сваімі ўражаннямі. Акрамя таго, дапаможнік шматфункцыянальны, што выражаецца ў разнастайнасці дыдактычнага матэрыялу, які можна выкарыстоўваць у адпаведнасці з пастаўленай мэтай на канкрэтным занятку. Карткі з адной гульні можна выкарыстоўваць і ў другіх гульнях. Распрацаваныя гульні накіраваны на замацаванне вымаўлення гукаў, іх дыферэнцыяцыю, развіццё гука-літарнага аналізу, фанематычнага слыху, карэкцыю лексіка-граматычнага боку маўлення, для развіцця звязнага маўлення, дробнай маторыкі, зрокавай увагі.
Дапаможнік «Гуляем і развіваемся» складаецца з наступных гульнявых палёў: «Гукавыя сцяжынкі», «Адпачнём каля возера», «Агарод», «Сад», «Палянка», «Пакатаемся на каруселі».
Язычок загарае на сонцы
Дыдактычныя задачы: адпрацоўваць паўнавартасныя рухі і пэўнае становішча органаў артыкуляцыйнага апарату, неабходнае для правільнага вымаўлення гукаў; ствараць гульнёвую матывацыю пры выконванні артыкуляцыйных практыкаванняў.
Абсталяванне: сонейка з кішэнькамі, карткі для артыкуляцыйных практыкаванняў.
Практыкаванне “Аладка”
Дыдактычныя задачы: выпрацаваць уменне, расслабіўшы мышцы языка ўтрымліваць яго шырокім.
Апісанне: прыадкрыць рот, усміхнуцца, шырокі расслаблены язык пакласці на ніжнюю губу. Утрымліваць у такім становішчы 5–10 сек.
Практыкаванне “Маляр”
Дыдактычныя задачы: выпрацаваць пад’ём языка ўверх і яго рухомасць.
Апісанне: усміхнуцца, адкрыць рот, падняць язык да бугаркоў-альвеолаў. Вадзіць, пагладжваючы, кончыкам языка, як пэндзлікам, па нёбе, уперад-назад.
Практыкаванне “Кубачак”
Дыдактычныя задачы: выпрацаваць уменне рабіць язык шырокім, прыпадымаючы краі языка і ўтрымліваць форму кубачка.
Апісанне: рот адкрыць, усміхнуцца, бакавыя краі і кончык языка паднятыя, сярэдняя частка спінкі языка апушчана. Утрымліваць у такім становішчы 5–10 сек.
Практыкаванне “Конік”
Дыдактычныя задачы: умацоўваць мышцы языка, выпрацоўваць уменне падымаць язык уверх.
Апісанне: рот адкрыць, усміхнуцца, прыціснуць шырокі язык да нёба і, цокаючы, адрываць. Працуе толькі язык, ніжняя сківіца і губы нерухомыя.
Практыкаванне “Грыбок”
Дыдактычныя задачы: выпрацаваць пад’ём языка ўверх, расцягваючы пад’язычную вуздэчку.
Апісанне: усміхнуцца, прыадкрыць рот і, прыціснуўшы (прыклеіўшы) шырокі язык усёй паверхняй да нёба, адкрыць рот шырока. Утрымліваць у такім становішчы 5–10 сек.
Практыкаванне “Гармонік”
Дыдактычныя задачы: умацоўваць мышцы языка, расцягваючы пад’язычную вуздэчку, замацоўваць уменне падымаць язык.
Апісанне: усміхнуцца, прыадкрыць рот, прысмактаць язык да нёба. Не апускаючы язык, закрываць і адкрываць рот.
Гукавыя сцяжынкі
Дыдактычныя задачы: замацаваць ізаляванае вымаўленне выкліканага (пастаўленага) гука [л] або [р]; замацаваць правільнае вымаўленне гука [л] або [р] у складах.
Абсталяванне: фетр, нашытыя дарожкі з тасьмы, машынкі, смайлік на вяровачцы, дарожка з пацерак, гузікі. Маленькія цацкі: сабачка, тыграня, машынка, слонік, самалёцік, лялечка.
Аўтаматызацыя гука [л]
Што ў лодцы?
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [л] у словах з адкрытым складам; фарміраваць уменне вызначаць наяўнасць гука [л] у словах; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу, павялічваць аб’ём запамінання нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: лодка, карткі, на якіх намаляваныя прадметныя малюнкі з гукамі [л]: ланцуг, лак, лапата, лапці, ласты, лыжка, лыжы, лыжнік, лужына, лупа.
Ход гульні
Варыянт 1. Дзіця бярэ картку, называе прадмет на ёй і кладзе ў лодку.
Варыянт 2. Дзіця дастае картку з лодкі, называе прадмет на картцы, адплясквае далонямі рытмічны малюнак слова.
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Збяры яблыкі ў кошык
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [л] у словах са збегам зычных; развіваць уменне вызначаць наяўнасць гука [л] у слове; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: фігуркі яблыкаў з прадметнымі малюнкамі з гукам [л]: слоік, млын, вясёлка, сланечнік, клубок, воблака.
Ход гульні
Варыянт 1. Дзіця бярэ фігурку яблыка, прамаўляе назву прадмета на яблыку і вешае на дрэва.
Варыянт 2. Дзіця называе прадмет на фігурцы і адплясквае далонямі рытмічны малюнак слова.
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на яблыках, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Буслы прыляцелі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [л] у словах з закрытым складам; замацаваць дыферэнцыраванае вымаўленне гукаў [л], [р], развіваць уменне вызначаць наяўнасць гукаў [л], [р] у слове; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, колькасць слоў у сказе, дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу, павялічваць аб’ём запамінання нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: карткі-буслы, на якіх намаляваныя прадметныя малюнкі з гукамі [л], [р]: анёл, стол, асёл, факел, пенал, калабок, пчала, шакаладка, аладка; зефір, кефір, шар, ручнік, ранец, парася, ліхтарык, люстэрка, карусель.
Ход гульні
Варыянт 1. Дзіця бярэ картку-бусла, прамаўляе назву прадмета на бусле і кладзе на дрэва або на траву.
Варыянт 2. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на картках-буслах і адпляскаць далонямі рытмічны малюнак слоў. Раскласці карткі з гукам [р] у адзін бок, з гукам [л] у другі бок.
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на картках-буслах, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Аўтаматызацыя гука [р]
Збяры рамонкі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [р] у пачатку слова з адкрытым складам; фарміраваць уменне вызначаць наяўнасць гука [р] у словах; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу, павялічваць аб’ём запамінання нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: рамонкі, на якіх намаляваныя прадметныя малюнкі з гукамі [р]: ружа, ручнік, рак, рогі, ракета, руль, рыцар, рыба, робат.
Ход гульні
Варыянт1. Удзельніку прапануецца ўзяць рамонак, назваць прадмет на ім, пасадзіць на палянку.
Варыянт 2. Узяць рамонак, назваць прадмет на ім, адпляскаць далонямі рытмічны малюнак слова.
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца назваць прадмет на рамонку, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Курыца з куранятамі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [р] у словах з адкрытым складам; развіваць уменне вызначаць наяўнасць гука [р] у словах; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў, практыкаваць ва ўменні ўжываць прыназоўнікі пад, з-пад, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: сілуэт курыцы, карткі-кураняты, на якіх намаляваныя прадметныя малюнкі з гукам [р]: каралі, барабан, абаранкі, арэлі, чаравікі, буракі, карона, піраміда.
Ход гульні
Варыянт 1. Дзіця бярэ картку-кураня, прамаўляе назву прадмета на кураняці і хавае пад крыло курыцы.
Варыянт 2. Удзельніку прапануецца назваць прадмет на картцы і адпляскаць далонямі рытмічны малюнак слова.
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на картках-куранятах, назваць іх, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Збяры буракі, памідоры, агуркі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [р] у словах з адкрытым складам; фарміраваць уменне вызначаць наяўнасць гука [р] у словах; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў, назоўнікі да лічэбнікаў, практыкаваць ва ўжыванні прыназоўнікаў, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: кошык, трактар, фігуркі буракоў, памідораў, агуркоў з карткамі з прадметнымі малюнкамі з гукам [р]: папера, сякера, карыта, карабель, бурак, сарафан, агародніна, каруселі, каралі, дарога.
Ход гульні
Варыянт 1. Удзельніку прапануецца кошык і фігуркі буракоў, памідораў, агуркоў з прадметнымі малюнкамі. Дзіця бярэ фігуркі буракоў, памідораў, агуркоў, называе прадмет на іх, садзіць на агародзе, збірае ў кошык, кладзе ў трактар.
Варыянт 2. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на фігурках і адпляскаць рытмічны малюнак слоў, палічыць буракі, памідоры, агуркі.
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на фігурках, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Збяры моркву, гарбузы
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [р] у словах са збегам зычных; фарміраваць уменне вызначаць наяўнасць гука [р] у словах; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў, практыкаваць ва ўжыванні прыназоўнікаў, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: кошык, трактар, фігуркі морквы, гарбузоў з прадметнымі малюнкамі з гукам [р]: коўдра, гарбата, крэйда, труба, дракон, пудра, шнуркі, дровы, скрынка.
Ход гульні
Варыянт 1. Удзельніку прапануецца кошык і фігуркі морквы, гарбузоў з прадметнымі малюнкамі. Дзіця бярэ фігуркі морквы, гарбузоў, называе прадмет на іх, закладвае ў кішэнькі, збірае ў кошык, кладзе ў трактар. Варыянт 2. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на фігурках і адпляскаць далонямі рытмічны малюнак слоў, палічыць гарбузы, моркву. Варыянт 3. Назваць прадметы на фігурках, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Цукеркі для вавёркі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [р] у словах са збегам зычных; фарміраваць уменне вызначаць наяўнасць гука [р] у словах; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў.
Дыдактычны матэрыял: сілуэт вавёркі, кошык, карткі-цукеркі, на якіх намаляваныя прадметныя малюнкі з гукам [р]: гармонік, прас, трактар, шкарпэткі, вядро, цукарніца.
Ход гульні
Варыянт 1. Удзельніку прапануецца кошык і карткі-цукеркі з прадметнымі малюнкамі. Дзіця бярэ картку-цукерку, прамаўляе назву прадмета на цукерцы і кладзе ў кошык.
Варыянт 2. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на картках-цукерках і адпляскаць далонямі рытмічны малюнак слоў, палічыць цукеркі
Варыянт 3. Удзельніку прапануецца назваць прадметы на картках-цукерках, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Пачастуй грушамі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гука [р] у словах са збегам зычных; развіваць уменне вызначаць наяўнасць гука [р] у слове; развіваць уменне вызначаць на слых складовую структуру слова, дапасоўваць назоўнікі да лічэбнікаў, складаць сказы з дапамогай нагляднага матэрыялу.
Дыдактычны матэрыял: фігуркі груш з прадметнымі малюнкамі з гукам [р]: фарбы, дрэва, крэсла, крэйда, дрот, зорка.
Ход гульні
Варыянт 1. Дзіця бярэ фігурку грушы, называе прадмет на ёй і вешае на дрэва.
Варыянт 2. Дзіця называе прадмет на фігурцы і адплясквае далонямі рытмічны малюнак слова, дапасоўвае лічэбнікі, прыметнікі да назоўнікаў.
Варыянт 3. Назваць прадметы на грушах, скласці з адпаведнымі словамі сказы.
Вусень на палянцы
Дыдактычныя задачы: развіваць фанематычны слых, фарміраваць уменне вызначаць пазіцыю гука ў слове, вызначаць колькасць складоў у слове.
Ход гульні
Варыянт 1. Дзіця бярэ фігурку, называе прадмет, вызначае месца гука ў слове (у пачатку слова, у сярэдзіне, у канцы) і раскладвае ў адпаведныя кішэнькі.
Варыянт 2. Дзіця бярэ фігурку, называе прадмет на ёй, дзеліць слова на склады і кладзе ў адпаведную кішэньку (з адным складам, двума і трыма).
Пакатаемся на каруселі
Дыдактычныя задачы: замацаваць вымаўленне гукаў у словах, сказах, звязным маўленні, замацаваць дыферэнцыраванае вымаўленне гукаў, развіваць фанематычны слых, узбагачаць слоўнікавы склад, фарміраваць лексіка-граматычныя катэгорыі, развіваць арыенціроўку ў прасторы.