Выкарыстанне прыёмаў і гульняў на ўроках беларускай мовы

- 11:48II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Вельмі важна стварыць на ўроку атмасферу дабра, цікавасці, а ўжо потым з іх дапамогай весці дзяцей да мудрасці свайго прадмета

Наталля АЛЕКСАНДРОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

Любы настаўнік ведае, што кожны этап навучання і выхавання павінен быць лагічна прадуманым, скіраваным на вырашэнне наступных задач:

1) для чаго вучыць (выкананне адукацыйных, развіццёвых, выхаваўчых задач);
2) чаму вучыць – змест вучэбнага працэсу;
3) як вучыць – выкарыстанне разнастайных формаў, метадаў і методык;
4) якімі сродкі вучыць – насычанасць адукацыйнага працэсу ТСН і метадычнымі распрацоўкамі.

Вучыць пісаць без памылак, умець правяраць напісанае, бачыць арфаграму дапамагае мне гульня “Сонейка”. На асобных картках пішуцца назвы арфаграм. Напрыклад, “Правапіс падоўжаных зычных”, “Правапіс галосных у складаных словах”, “Правапіс суфікса -ск- у прыметніках” і г. д. Для кожнай групы рыхтуюцца карткі з аднымі і тымі ж надпісамі, але рознага колеру. Групы атрымліваюць тэкст з адным і тым жа зместам і заданне: адшукаць усе магчымыя арфаграмы. Праз пэўны прамежак часу прадстаўнікі ад кожнай групы збіраюцца на свабодным месцы ў класе і проста на падлозе выкладваюць “сонейкам” тыя карткі, якія арфаграмы ім удалося адшукаць.

Станоўчым на такім уроку засёды будзе тое, што ў працы задзейнічаны ўсе вучні, што ў іх ёсць магчымасць рухацца па класе, перагаворвацца, выпрацоўваецца ўменне пазнаваць арфаграму, успамінаць канкрэтнае правіла (адначасова паўтараецца пройдзены даўно матэрыял), выпрацоўваецца ўважлівасць, узаемадапамога. І кожны ведае, што сонейка толькі грэе і дае цеплыню, таму важнай з’яўляецца і атмасфера, у якой працуюць дзеці, а ў канцы ўрока рэфлексіяй будзе тое, што вучні, выходзячы з класа, на дошцы малююць кожны сваё сонейка, з вочкамі і ўсмешкай. 

Выкарыстанне прыёма-правіла “Навучыўся – дапамажы” дазваляе не толькі праверыць узровень ведаў, але і вучыць дзяцей дакладна фармуляваць пытанне, развівае лагічнае мысленне, патрабуе дакладных ведаў тэмы, бо трэба не толькі прадумаць пытанні, каб даведацца, што за картка ў сяброў, але і добра арыентавацца ў пройдзеным матэрыяле, каб даволі хутка даць адказ самім на пытанне, і, што самае галоўнае, дапамагчы свайму суседу па групе, хто не зусім разабраўся ў дадзеным матэрыяле.

Вазьму, напрыклад, тэму “Прыметнік”. Пасля таго як пройдзена пэўная частка матэрыялу або ўся тэма, групы вучняў атрымліваюць карткі з надпісамі: “Якасныя прыметнікі”, “Прыналежныя прыметнікі”, “Кароткія прыметнікі” і заданне: на працягу пяці хвілін скласці пяць пытанняў, якія дазволяць групе вызначыць свой тэрмін, і якія павінны адносіцца да “разраду закрытых” (адказ можа быць толькі “так” ці “не”). Для дзяцей становіцца відавочным, наколькі важна бывае правільна задаць пытанне і наколькі грунтоўна трэба ведаць матэрыял, каб сфармуляваць пытанне і даць адказ на яго пры дапамозе толькі двух слоў: “так” ці “не”. Адзінае, што варта ўлічваць, вучні не вельмі любяць вучыць правілы, тэмы з вялікай колькасцю тэрмінаў (тым больш, што іх у кожным школьным прадмеце вялікае мноства), але важным будзе цяпер на ўроку яшчэ раз прагаварыць тэорыю, хутка, дакладна, граматна. Усё гэта спрыяе засваенню граматычнай тэрміналогіі і асаблівасцей часцін мовы, калі яго выкарыстоўваць пры вывучэнні марфалогіі.

Не заўсёды, канечне, атрымліваецца так, як задумана. Бывае, асабліва ў 5–7-х класах, дзеці забываюць пра правілы паводзін у групе, узнікае спрэчка. Крыўды бываюць за тое, што не даслухалі ці перайшлі на асобы. Але і гэта ёсць навучанне, часам нашмат больш важнае, чым правапіс суфіксаў дзеясловаў. І тут важна напамінаць дзеткам, што галоўнае ў жыцці – гэта нікога не пакрыўдзіць, а не магчымасць адказаць першаму ці знайсці памылку ў аднакласніка.

Вельмі важна стварыць на ўроку атмасферу дабра, цікавасці, а ўжо потым з іх дапамогай весці дзяцей да мудрасці свайго прадмета, ісці да засваення прыстаўкі ці напісання суфіксаў дзеепрыметнікаў залежнага стану, прошлага часу.  

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий