Для выкарыстання на факультатыўным занятку “Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы” для вучняў 10-га класа
Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць
Мэты:
– узнавіць і сістэматызаваць веды вучняў пра правапіс змякчальнага мяккага знака;
– удасканальваць уменне правільна пісаць словы са змякчальным мяккім знакам;
– умець правільна пісаць словы з мяккім знакам, аргументаваць выбар арфаграмы, спрыяць фарміраванню навыкаў самакантролю, умення планаваць сваю дзейнасць;
– пашыраць слоўнікавы запас вучняў;
– развіваць вуснае маўленне;
– выхоўваць актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Эпіграф: Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш (Я. Колас).
Ход занятку
1 Арганізацыйны момант
Стварэнне псіхалагічнага настрою на факультатыўныя заняткі.
Усё павінна след пакінуць,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расліна
Нязменна пакідаюць след.
А колькі, колькі за табою
Слядоў на свеце, чалавек?
П.Броўка.
Для чаго жыве чалавек? Напэўна, кожны з вас не раз задумваўся над загадкамі чалавечага існавання. Жыццё – гэта вялікі падарунак прыроды. Але проста нарадзіцца недастаткова. Адведзены час на гэтай зямлі трэба пражыць годна, каб не было сорамна ні перад кім. Наша жыццё поўнасцю залежыць ад учынкаў, якія мы здзяйсняем. Нягледзячы на ўзрост, кожнага чалавека хвалюе, што застанецца пасля яго. Для таго каб пакінуць след на зямлі, апрача ўсяго іншага, важна імкнуцца добра вучыцца, зрабіць правільны выбар прафесіі і стаць спецыялістам і прафесіяналам.
– А кім хочаце стаць вы пасля заканчэння гімназіі?
Зварот да эпіграфа: Ці згодныя вы з выказваннем Я.Коласа?
Якую прафесію вы не выбралі б, вы павінны заўсёды імкнуцца стаць адукаванымі людзьмі, добрымі спецыялістамі. Вашы сталыя веды дапамогуць здзейсніць мары і зрабіць значны ўклад у развіццё нашай краіны. Вы – будучыня нашай краіны, толькі ад вас залежыць заўтрашні дзень. А факультатыўныя заняткі па беларускай мове будуць спрыяць вам у гэтым.
2 Мэтавызначэнне (разам з вучнямі)
– Давайце паспрабуем сфармуляваць
будзем ведаць:
– правілы напісання змякчальнага мяккага знака;
будзем умець:
– правільна пісаць,
– аргументаваць свой выбар,
– выяўляць узровень ведаў па тэме.
3 Актуалізацыя і замацаванне раней засвоеных ведаў
– Што вам вядома пра правапіс мяккага знака?
Змякчальны мяккі знак як сродак абазначэння мяккасці папярэдняга зычнага (памятка)
Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):
– для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, мазь, соль, рунь, вучань, гусь, вось, штось, памяць, думаць, дзевяць, вішань;
– для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым, а таксама перад мяккім зычным, які пры змене слова можа чаргавацца з цвёрдым: рэдзька, барацьба, пісьменнік – пісьмо, на касьбе – касьба, дзьме – дзьмуць;
– пасля мяккага [л’] перад цвёрдым або мяккім зычным, за выключэннем падоўжанага [л’]: бульба, вельмі, столькі, пальцы, больш; але: галлё, вяселле.
Мяккі знак пішацца ў некаторых граматычных формах:
– у дзеясловах загаднага ладу перад канчаткам 1-й асобы множнага ліку -ма, перад канчаткам 2-й асобы множнага ліку -це, перад постфіксам -ся: кіньма, станьма, гляньма; гляньце, станьце; кінься, агледзься, застанься;
– у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: людзьмі, слязьмі, коньмі;
– у складаных лічэбніках пяцьдзясят, шэсцьдзясят, шэсцьсот, дзевяцьсот;
– у прыслоўі ледзьве (як і ў слове ледзь);
– у постфіксе -сьці: хтосьці, штосьці, камусьці, дзесьці, чамусьці;
– перад суфіксам —ск— у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў на -нь і ад слова восень: жнівень – жнівеньскі, восень – восеньскі;
– перад суфіксам —чык—, калі слова без гэтага суфікса заканчваецца на мяккі знак: камень – каменьчык, рэмень – раменьчык, агонь – агеньчык;
– у суфіксах прыметнікаў -аньк-, -еньк-, -эньк-: малюсенькі, добранькі, прыгожанькі, старэнькі, маленькі;
– перад суфіксам —к— пасля мяккага [н’]: вішанька, банька, песенька.
Мяккі знак не пішацца:
– пасля зацвярдзелых зычных, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: нож, дождж, мыш, печ, купец, голуб, верф, насып, цар, сем, стэп;
– пасля мяккіх зычных з, с, ц, дз перад мяккімі, калі пры змене слова абодва зычныя застаюцца мяккімі або становяцца цвёрдымі: звер – звяры, песня – песню, дзве – два, збіраць – зборы, дзверы – дзвярэй;
– паміж падоўжанымі зычнымі: калоссе, стагоддзе, сумленне, голле;
– перад суфіксам —ск— у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -нь, калі гэтыя назоўнікі не з’яўляюцца назвамі месяцаў: конь – конскі, Разань – разанскі, Любань – любанскі (але: Чэрвеньскі раён).
Арфаграфічная хвілінка (з тлумачэннем для ўсіх вучняў)
Сумленне, добранькі, агеньчык, жнівеньскі, песенька, штось, дзьме, столькі, вяселле, агледзься, дзесьці, шэсцьдзясят, дзверы, смех, кіньце, любанскі, чэрвеньскі.
Тлумачэнне:
– сумленне (ь не пішацца паміж падоўжанымі зычнымі);
– добранькі (у прыметніка суф. -аньк);
– агеньчык (перад суф. -чык, калі слова заканчваецца на ь);
– жнівеньскі (перад —ск-);
– песенька (перад к пасля мяккага н);
– штось (на канцы слова);
– дзьме (для абазначэння мяккасці зычнага перад мяккім, які пры змене – можа чаргавацца з цвёрдым);
– столькі (пасля л’);
– агледзься (перад постфіксам -ся);
– дзесьці (постфікс -сьці);
– дзверы (пасля мяккага дз перад мяккім в, калі пры змене слова яны застаюцца мяккімі);
– смех (мяккасць с’ перад мяккім м’ на пісьме не перадаецца, мяккасць м’ абазначана на пісьме літарай е);
– любанскі (з малой літары прыметнік, але Любанскі музей народнай славы);
– Чэрвеньскі (раён, месяц).
Практычны блок
Зараз нашы тэарэтычныя веды неабходна прымяніць на практыцы і выканаць наступныя заданні.
Заданне 1. Утварыце ад прыведзеных дзеясловаў формы 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу, запішыце іх.
Кінуць, сустрэць, глянуць, глядзець, звесіць, злазіць, сядзець, стаяць, застацца, прыгледзецца, агледзецца, намыліцца, замазаць.
Фізкультхвілінка. Практыкаванні для вачэй
1. Лёгкі масаж вачэй чыстымі пальцамі ад пераносся да краёў (5–10 рухаў).
2. Моцна заплюшчыць, потым шырока расплюшчыць вочы. Паўтарыць 3–5разоў.
3. Невялікі прадмет максімальна наблізіць да вачэй, канцэнтруючы на ім позірк. Потым, аддаляючы прадмет, перавесці позірк удалячынь. Паўтарыць 3–5разоў.
4. Пры нерухомым твары правесці позіркам па ўяўнай траекторыі, якая нагадвае гарызантальную васьмёрку максімальнага памеру. Такім чынам “намаляваць” некалькі “васьмёрак”, спачатку рухаючы позірк у адным напрамку, потым – у супрацьлеглым.
Заданне 2. Утварыце і запішыце ад назоўнікаў прыметнікі з дапамогай суфікса -ск-.
Верасень, снежань, чэрвень, конь, Казань, Любань, Лепель, Капыль, Астрахань, Фаніпаль, Разань, Чэрвень.
А зараз я прапаную вам правесці міні-даследаванне.
Устанавіце адпаведнасць паміж рускімі і беларускімі прыказкамі. Растлумачце іх сэнс. Прааналізуйце правапіс мяккага знака ў рускай і беларускай мовах.
А) Голодному Федоту и пустые щи в охоту.
Б) Хвастала овца, что у нее хвост, как у жеребца.
В) Обжегшись на молоке, будешь дуть и на воду.
Г) Глаза видали, что покупали.
Д) В ногах правды нет.
1) Сяд..ма на калодзе, пагаворым аб прыродзе.
2) Хвалілася рэдз..ка, што з мёдам смачная.
3) Бачылі вочы, што бралі, а цяпер плач..це, хоць павылаз..це.
4) Апарыўся на капус..це ў гаршку, то і на гародзе дз..мухаў.
5) З гора, з бяды пад..еў лебяды.
Адказы: А5, Б2, В4, Г3, Д1.
Рубрыка “Правільнасць маўлення”
Чытальны – чытацкі – чытальніцкі – чытэльны – чытабельны
Чытальны – прызначаны для чытання, заняткаў з кнігамі, часопісамі: чытальная зала.
Чытацкі – які мае адносіны да чытача: чытацкі білет.
Чытальніцкі – які мае адносіны да чытальніка, дэкламатара: чытальніцкія здольнасці.
Чытэльны ці чытабельны – які лёгка чытаецца, выразны: чытабельны почырк.
Прачытайце сказы і выправіце маўленчыя памылкі ў сказах:
1) Андрэй з высокім чытацкім майстэрствам дэкламаваў вершы Багдановіча.
2) У пятніцу ў чытэльнай зале адбудзецца сустрэча з дзіцячым паэтам.
3) Запіска была напісана выразным, чытальніцкім почыркам.
4) Вучні дзявятага класа рыхтаваліся да чытальнай канферэнцыі.
Заданне 3 (на павышэнне арфаграфічнай і пунктуацыйнай граматнасці)
Прачытайце ўрывак з аповесці Я.Маўра “Палескія рабінзоны”. Устаўце літары і растлумачце іх правапіс. Вызначыце стыль і тып урыўка, дакажыце. Пастаўце знакі прыпынку ў сказах апошняга абзаца.
Дзес..ці міл..галі маланкі. Набліжалася навал..ніца… Страшэнны ўдар грому прымусіў Мірона ўскочыц.. на ногі.
– Агон.. ! – крыкнуў Віктар і кінуўся да вогнішча.
Абодва разам пачалі дз..мухац.., падкладац.. гал..ё.
А дождж пайшоў ужо як мае быц. Гал..ё ледз..ве гарэла, дым пачаў змян..шацца.
– Кін..ма гэта мокрае ламачча! – крыкнуў Віктар і пачаў раскідвац.. яго нагой. Яны раз..весілі над агнём скураную куртку, а Віктар сабраў вугол..чыкі, якія не пагас..лі яшчэ, падклаў сухен..кіх трэсачак і раздз..мухаў аген..чык.
За гэты кволен..кі аген..чык і пачалася барац..ба.
Аген..чык быў зусім мален..кі таму Віктар куртку мог трымац.. вел..мі нізка над ім. Гадзіну ці дз..ве цягнулася навал..ніца і ішоў такі дождж што здавалася мог заліц.. пажар. Аген..чык бесклапотна гуляў пад вопраткай нібы малое дзіця і зусім не думаў пра небяс..пеку. (Паводле Я. Маўра).
Выніковы тэст “Правапіс мяккага знака”
А1. Адзначце слова(-ы), у якім(-іх) пішацца мяккі знак:
1) кін_це; 2) Радун_скі; 3) кал_е; 4) рамен_чык; 5) лаз_ня.
А2. Адзначце слова(-ы), у якім(-іх) пішацца літара мяккі знак:
1) жэн_шэнь; 2) ц_мяны; 3) ледз_ве; 4) Ул_яна; 5) бул_ён.
А3. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць змякчальны мяккі знак:
1) л_е; 2) з_мена; 3) хрэс_біны; 4) абаў_е.
А4. Адзначце слова(-ы), у якім(-іх) пішацца мяккі знак:
1) ледз_ве; 2) мен_шы; 3) голуб; 4) мыш, 5) ц_ма.
А5. Адзначце словы, якія напісаны няправільна:
1) верасенскі; 2) конскі; 3) любанскі; 4) зьбіраць.
В. З..бірал..нік, дзевяц..сот, дз..ве, дз..ме, рэдз..ка, дз..весце, піс..мовы, пас..пешлівас..ц.., радас..цю, камен..чык, стан..це, вішан..ка, ледз..ве, камус..ці, растрэс..ці, любан..скі, восен..скі, барац..біт.
С. Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш (Я.Колас). Выкажыце сваё меркаванне на аснове выказвання Я.Коласа (5–7 сказаў).
Рэфлексія. Самааналіз і самаацэнка
Цяпер прааналізуйце змест сённяшняга занятку і свой удзел у працы.
1. Ці атрымалі вы тыя веды і ўменні, якія былі вызначаны ў мэтах занятку?
2. Якія памылкі вы зрабілі? Чаму? Якіх ведаў не хапае?
3. Як веды, атрыманыя сёння на факультатыве, дапамогуць вам на ўроках беларускай мовы?