Сцэнарый занятку па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода” для дзяцей рознаўзроставай групы (4–6 гадоў)
Алена ЗАХАРЧУК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Райцаўская сярэдняя школа” Карэлiцкага раёна
Гродзенская вобласць
Праграмны змест:
– фарміраваць уяўленні выхаванцаў пра экалагічныя праблемы нашай планеты;
– замацаваць уменне дыферэнцыраваць прадметы па матэрыяле, з якога яны зроблены, уменне сартаваць смецце;
– замацаваць уяўленні пра стадыі росту і развіцця дрэва;
– пашыраць уяўленні пра прычыны забруджвання вады і спосабы яе ачысткі, пра крыніцы забруджвання паветра і спосабы захавання яго чыстым;
– развіваць мысленне, успрыманне, увагу, маўленне, уменне ўстанаўліваць прасцейшыя ўзаемасувязі;
– выхоўваць пачуццё адказнасці за стан навакольнага асяроддзя.
Матэрыял: канверт з пісьмом і Кнігай скаргаў; інтэлектуальная карта для састаўлення апавядання пра жывую і нежывую прыроду; для гульні “Сартаванне смецця”: кантэйнеры зялёнага, сіняга і жоўтага колеру, малюнкі з адлюстраваннем смецця з рознага матэрыялу; для гульні “Алгарытм росту” вялікія карткі са стрэлкамі, маленькія кругі з адлюстраваннем стадый росту дрэва; для доследу з вадой: дзве шклянкі з бруднай вадой, дзве пустыя шклянкі, дзве варонкі, марля, рачны пясок; “кніга скаргаў”.
Ход занятку
Выхаванцы збіраюцца вакол выхавальніка.
Выхавальнiк:
Добры дзень, я вас вітаю,
Да занятку запрашаю.
Хай занятак будзе плённым,
І цікавым, і натхнёным.
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю.
Выхавальнiк: Сёння, калі я прыйшла на работу, мне перадалі вось гэты незвычайны канверт, адрасаваны выхаванцам старшай групы, значыць вам. Я вырашыла дачакацца вас, каб разам адкрыць канверт. Вам цікава, што там? Адкрываем? (Адказы дзяцей)
У канверце ляжыць пісьмо і нешта яшчэ. Давайце спачатку прачытаем пісьмо.
“Добры дзень, паважаныя дзеці! Я прашу вас аб дапамозе! Чалавек усё болей і болей забруджвае прыроду і навакольны свет, знішчае жывёл і дрэвы. Я не ведаю, што рабіць! Калі ласка, дапамажыце мне знайсці рашэнне некаторых экалагічных праблем. Царыца Экалогія”
Ну што, дзеці, дапаможам Царыцы Экалогіі? Каб вырашыць праблему, трэба быць дапытлівымі, разумнымі і, канешне, вельмі любіць прыроду. А вы такія? (Адказы дзяцей)
я запрашаю вас прыняць удзел у навуковым савеце ў якасці вучоных – знаўцаў прыроды. Згодны? Дзеці сярэдняй групы будуць у нас малодшымі навуковымі супрацоўнікамі, дзеці старшай групы – старшымі навуковымі супрацоўнікамі, а я буду нашым кіраўніком. Займайце свае месцы.
Дзеці садзяцца за сталы.
Выхавальнiк: Зараз давайце паглядзім, што яшчэ прыслала Царыца Экалогія. А прыслала яна нам кнігу скаргаў. Але перш чым мы адкрыем гэту кнігу і прачытаем скаргі Царыцы Экалогіі, скажыце мне, як вы думаеце, што такое прырода?
Дзецi: Прырода – гэта ўсё, што навокал нас: вада, паветра, расліны, насякомыя, птушкі і г.д. Прырода можа быць жывой і нежывой.
Выхавальнiк: Малайцы! Усё правільна. А зараз нашы старшыя навукоўцы больш падрабязна раскажуць пра жывую і нежывую прыроду. А дапаможа нашым выступоўцам інтэлектуальная карта. Калі ласка!
Паведамленне выхаванцаў.
Дзецi:
1. Свет жывой прыроды – гэта расліны, жывёлы, насякомыя, рыбы, кветкі, людзі. Усе жывыя арганізмы, якія не могуць жыць без паветра, вады, сонца. Жывая прырода – гэта ўсё, што расце, дыхае, сілкуецца, адчувае, расце і мае дзяцей.
2. Нежывая прырода – гэта вада, паветра, зоркі, сонца, камяні і інш. Нежывая прырода не дыхае, не сілкуецца, не адчувае, не расце і не мае дзяцей. Але ўсе жывыя арганізмы не могуць жыць без нежывой прыроды.
Выхавальнiк: Дзякуй нашым навукоўцам. Вашы паведамленні былі вельмі змястоўнымі і цікавымі. Вось і прыйшоў час адкрыць кнігу Царыцы і разгледзець яе скаргі.
Першая скарга адлюстравана ў гэтым малюнку. Як вы думаеце, пра што гэта скарга?
Дзецi: Людзі сталі выкідваць вельмі многа смецця, тым самым забруджваюць прыроду.
Выхавальнiк: Правільна. А як вы думаеце, што трэба зрабіць, каб смецця на нашай планеце стала менш?
Дзецi: Трэба збіраць смецце, раздзяляць яго і адпраўляць на перапрацоўку.
Выхавальнiк: А што значыць “раздзяляць смецце”?
Дзецi: Трэба выкідваць паперу да паперы, шкло да шкла, пластык да пластыку, метал да металу і г.д.
Выхавальнiк: А вы ўмееце сартаваць смецце? Зараз мы гэта праверым. Вось колькі смецця ў нас з вамі, і ёсць тры кантэйнеры. Што мы будзем выкідваць у зялёны кантэйнер? А ў сіні? А ў жоўты?
Дыдактычная гульня “Сартаванне смецця”
Выхавальнiк: Малайцы! Вы правільна справіліся з заданнем. І гэтым самым знайшлі рашэнне першай праблемы: неабходна збіраць і сартаваць смецце. Глядзім наступны малюнак-скаргу. Што гэтым малюнкам хацела нам сказаць Царыца Экалогіі?
Дзецi: Людзі вельмі шмат высякаюць лясоў.
Выхавальнiк: Правільна. А навошта нам увогуле лес і іншыя зялёныя насаджэнні?
Дзецi: Лес патрэбны жывёлам, у лесе растуць грыбы і ягады, лес выдзяляе кісларод, якім мы дыхаем.
Выхавальнiк: Якія вы малайцы! Сапраўдныя вучоныя. Усё ведаеце. І як жа нам дапамагчы прыродзе?
Дзецi: Пасадзіць новыя дрэвы.
Выхавальнiк: Зараз я вам прапаную пасадзіць свой лес. А для гэтага вам трэба вырасціць дрэвы. Неабходна выкласці алгарытм росту дрэва ад яго насення да дарослага дрэва.
Гульня “Алгарытм росту”
Пасля таго як дзіця выклала алгарытм росту дрэва, яно бярэ выяву дрэва і прымацоўвае яго да фланэлеграфа са словамі “Я вырасціў дуб…”.
Выхавальнiк: Паглядзіце, які прыгожы лес у нас атрымаўся. У такім лесе будзе ўтульна і звярам, і птушкам, і раслінам. А мы знайшлі рашэнне яшчэ адной праблемы Царыцы Экалогіі.
А зараз я вам прапаную трошкі адпачыць у нашым лесе.
Раз, два, тры, чатыры, пяць –
Ясь грыбы ідзе шукаць.
Там, дзе грыб трапляецца,
Нізка нагінаецца.
А грыбоў у лесе многа
Пасля дожджыку грыбнога.
Раз, два, тры, чатыры, пяць…
Назбіраў іх – не падняць.
Выхавальнiк: Адпачылі, а зараз займайце свае месцы, бо пара шукаць адказ на наступную скаргу Царыцы Экалогіі. Пра што наступная старонка кнігі? Як вы лічыце?
Дзецi: Што чалавек забруджвае ваду.
Выхавальнiк: А як людзі забруджваюць ваду? А ці можна піць ваду з рэчкі? А чаму?
Дзецi: Бо ў рэчцы вада брудная. У ёй шмат мікробаў.
Выхавальнiк: Сапраўды, у вадзе з ракі вельмі шмат мікробаў, якія вельмі небяспечныя для здароўя чалавека. Таму вада, якая цячэ з нашых кранаў праходзіць спецыяльную ачыстку, каб мы маглі смела яе піць. Я зараз вам прапаную правесці дослед і самім ачысціць ваду ад бруду. Мы паспрабуем ачысціць ваду з дапамогай розных фільтраў: марлі і пяску.
Эксперыментальная дзейнасць
Выхаванцы сумесна з дарослым робяць фільтры і ачышчаюць ваду, адзначаючы, што пасля праходжання праз пясок вада чысцейшая, чым тая, якая прайшла праз марлю.
Выхавальнiк: Ачысціўшы вось гэтую кропельку вады, мы хоць трошкі дапамаглі прыродзе. Зараз я прапаную малодшым навуковым супрацоўнікам падысці да мяне, а старшым – самастойна разгледзець апошнюю скаргу Царыцы Экалогіі і вызначыць, што ж гэта за праблема.
Выхавальнiк: Вы сёння былі малайчынкамі. Прынялі актыўны ўдзел у пасяджэнні нашага навуковага савета. Пошук рашэння якой праблемы вам спадабаўся больш за ўсё? (Адказы дзяцей) За тое, што вы з’яўляецеся сябрамі прыроды, вам уручаюцца значкі “Юны эколаг”.
А зараз я прапаную вам пайсці да дзяцей і расказаць, як трэба берагчы прыроду. А дапамогуць вам гэтыя малюнкі.
Выхаванцы сярэдняй групы пакідаюць занятак, а выхавальнік звяртаецца да дзяцей старшай групы.
Выхавальнiк: Якая ж скарга Царыцы Экалогіі адлюстравана на апошнім малюнку нашай кнігі? Ад чаго ўзнікае гэта праблема?
Дзецi: Праблема забруджвання паветра. Яна ўзнікае ад таго, што стала многа машын, людзі пабудавалі шмат заводаў і фабрык, якія сваім дымам забруджваюць паветра.
Выхавальнiк: Як можна вырашыць гэту праблему?
Дзецi: Неабходна ачышчаць дым з труб фільтрамі, ездзіць на веласіпедах і г.д.
Выхавальнiк: Вось мы і перагарнулі апошнюю старонку кнігі скаргаў. Мы паспрабавалі знайсці рашэнне некаторых праблем Царыцы Экалогіі. Якімі экалагічнымі правіламі вы будзеце карыстацца ў сваім жыцці і вучыць іншых?
Дзецi: Выкідваць смецце толькі ў спецыяльныя кантэйнеры, не пакідаць смецце ў лесе, на вадаёмах, сартаваць смецце, дапамагаць дарослым у пасадцы саджанцаў.
Выхавальнiк: Вы ўсё правільна сказалі. Такім правіл неабходна прытрымлівацца ўсім людзям, і тады наша планета стане чыстай і прыгожай.
На гэтым мы і можам закончыць наш навуковы савет, а я хачу падзякаваць вас за актыўны ўдзел і ўручыць вам значок “Юны эколаг”.