Кацярына БАРАНОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 72 г. Гродна”
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменнi практыкаваць у пераказваннi нескладаных казак;
– навучаць эмацыянальна i выразна выконваць невялiкiя па аб´еме казкi, iнтанацыйна перадаваць адносiны да персанажа;
– садзейнiчаць сумеснаму з дарослым абыгрыванню казак, нескладаных сцэнак;
– выхоўваць сяброўскiя адносiны.
Дзеючыя асобы: Бабуля – дарослы; Мішка, Жаба, Зайка, Лісічка, Ваўчок, Мядзведзь – дзеці.
Матэрыял і абсталяванне: макет церамка, кошык з садавінай і агароднінай, два сталы, дзве каструлі, драўляныя лыжкі, бразготкі, кошык з шышкамі, вушкі альбо маска кошкі і мышак, аўдыязапісы, касцюмы герояў.
Ход мерапрыемства
Бабуля:
Добры дзень, дарагія дзеткі,
Якія ж вы прыгожыя, быццам кветкі!
Сустрэчы з вамі я вельмі рада!
Мне сарока-белабока падказала,
Каб да вас я завітала.
Вось я і прыйшла,
З сабой казку прывяла.
А якую – адгадаеце,
Калі маю загадку разгадаеце:
Стаіць маленькі дамок,
Мае назву…(церамок).
Так, малайцы! Глядзіце, слухайце, казка пачынаецца!
Бабуля: (заходзіць у «церамок», адчыняе аканіцы і распавядае).
Стаіць у полі церамок.
У церамку ніхто не жыве,
У невысокі ніхто не ідзе.
Тут я буду жыць!
Пад музыку з’яўляецца Мышка.
Мышка:
Хто-хто ў церамочку жыве,
Хто-хто ў невысокім жыве?
Бабуля: Я, Бабуля, тут жыву, песні спяваю, казкі чытаю. А ты хто такая?
Мышка:
А я – Мышка,
Шэранькая шкрабатушка.
Змерзлі мае лапкі,
Пусціце мяне ў хатку.
Бабуля:
Рада я цябе ўпусціць,
Весялей нам будзе жыць!
Толькі трэба табе штосьці цікавае зрабіць.
Можаш песню праспяваць
Або ў гульню з намі пагуляць.
Мышка:
У кошкі-мышкі будзем гуляць,
Песню пра іх у карагодзе спяваць.
Карагодная гульня «Кошкі-мышкі»
Дзеці-«мышкі» становяцца ў круг, у цэнтры яго спіць «кошка». «Мышкі» ідуць па крузе і спяваюць:
Наша кошка ловіць мышак:
І вялікіх, і малышак.
Дзе лавіць iх – Мурка знае!
Прыйдзе, сядзе і чакае.
Кошка: Мяў!
Гучыць вясёлая музыка, «мышкі» ўцякаюць ад «кошкі».
Бабуля:
Як весела спявалі ды гулялі!
Уваходзь, Мышка, калі ласка,
Але яшчэ не скончылася наша казка.
Мышка заходзіць у «церамок». Пад музыку з’яўляецца Жаба.
Жаба:
Гэта што за церамок?
З трубы ідзе дымок.
Паспрабую запытаць:
Можна тут ква-ква-кватэру зняць? (Стукае ў дзверы.)
Хто ў цераме жыве, хто ў невысокім жыве?
Бабуля: Я – Бабуля.
Мышка: Я – Мышка, шэранькая шкрабатушка. А ты хто?
Жаба: А я – Жаба-ква-ква-квакуха. Пусціце мяне на ква-кватэру.
Бабуля: Мы цябе з радасцю пусцім жыць! Толькі пакажы нам свае таленты,
можа, праспяваеш ці станцуеш нам?
Жаба:
Я, Жаба, умею скакаць!
Запрашаю вас усіх танцаваць!
Танец (на выбар музычнага кіраўніка) «Весялуха»
Бабуля:
Якая ты спрытная!
Заходзь да нас у церамок,
Зачыняй дзверы на замок.
Жаба заходзіць у «церамок». Пад музыку з’яўляецца Зайка, стукае ў дзверы.
Зайка:
Гэта што за церамок?
На дзвярах вісіць замок,
Хто ў церамочку жыве?
Хто мяне ў госці пазаве?
Бабуля:
Гэта мы ў церамочку жывём,
Гарбату з малінай п’ём.
Я – Бабуля.
Мышка: Я – Мышка, шэранькая шкрабатушка.
Жаба: Я – Жаба-ква-ква-квакуха. А ты хто?
Зайка: А я – Зайка-пабягайка! Вельмі страшна аднаму мне жыць.
Бабуля:
Мы рады да сябе цябе пусціць.
А што, ты, Зайка, умееш рабіць?
Зайка: Вельмі люблю я ў лыжкі біць!
Дзіцячы аркестр «Озорная полька» А. Філіпенка
Бабуля:
Ай да Зайка, ай да малайчына!
Заходзь да нас у церамок,
Зачыняй дзверы на замок.
Зайка заходзіць у «церамок». Пад музыку з’яўляецца Лісічка.
Лісічка:
Ах, які цудоўны церамок!
Хто ў церамочку жыве?
Хто мяне ў госці не заве?
Бабуля: Я – Бабуля.
Мышка: Я – Мышка, шэранькая шкрабатушка.
Жаба: Я – Жаба-ква-ква-квакуха.
Зайка: А я – Зайка-пабягайка. А ты хто?
Лісічка:
А я – Лісічка-сястрычка!
Пусціце мяне да сябе жыць,
Буду ежу вам варыць.
Нагатую прысмакаў многа,
Але мне патрэбна дапамога!
Эстафета «Гатуем суп і кампот»
Дзеці падзяляюцца на дзве каманды і становяцца ў калоны. На некаторай адлегласці ад каманд стаіць столік, на ім – кошык з садавінай і агароднінай, і дзве каструлі. Адна каманда «варыць суп», другая – «кампот». Па сігнале першыя ўдзельнікі бягуць да кошыка, знаходзяць садавіну (агародніну), кладуць у сваю каструлю, вяртаюцца і перадаюць эстафету. Перамагае каманда, якая хутчэй выканае заданне.
Бабуля: Вельмі добра мы гулялі і Лісе дапамагалі. Заходзь, Ліска, да нас у церамок.
Лісічка заходзіць у «церамок». Пад музыку з’яўляецца Ваўчок.
Ваўчок:
Гэта што за церамок?
На дзвярах вісіць замок.
Хто ў церамочку жыве?
Можа, і мяне жыць пазаве?
Бабуля: Я – Бабуля.
Мышка: Я – Мышка, шэранькая шкрабатушка.
Жаба: Я – Жаба-ква-ква-квакуха.
Зайка: А я – Зайка-пабягайка.
Лісічка: А я – Лісічка-сястрычка! А ты хто?
Ваўчок: А я – Ваўчок – шэры бачок.
Ноччу не сплю, вершы пішу.
Па лесе хаджу, выдумляю,
Потым усім сябрам чытаю.
Чаму ўсе кажуць, што Воўк вельмі злы?
Паверце, сябры, што я не такі!
У мяне шэры бачок,
Не Воўк я зусім, а маленькі Ваўчок!
Бабуля:
Малайчына, Ваўчок – шэры бачок!
Заходзь да нас у церамок, будзем разам жыць.
Ваўчок заходзіць у «церамок». Пад музыку з’яўляецца Мядзведзь.
Мядзведзь:
Гэта што за церамок?
На дзвярах вісіць замок.
Хто ў церамочку жыве,
Адкажыце хутка мне! (Тупае нагой).
Бабуля: Я – Бабуля.
Мышка: Я – Мышка, шэранькая шкрабатушка.
Жаба: Я – Жаба-ква-ква-квакуха.
Зайка: А я – Зайка-пабягайка.
Лісічка: А я – Лісічка-сястрычка!
Ваўчок: А я – Ваўчок-шэры бачок. А ты хто?
Мядзведзь:
А я – Мядзведзь касалапы,
Зараз стукну церам лапай –
І зламлю ваш дамок,
Цуда-цуда-церамок!
Бабуля:
Церам ты не ламай!
Кошак шышак дзеткам дай.
Мядзведзь становіць кошак з шышкамі каля церамка.
Бабуля:
Як мы весела скакалі,
Моцна ўсе пасябравалі!
Адкрываем мы замок – запрашае ўсіх церамок!
Усе героі выходзяць на сярэдзіну залы.
Бабуля:
Ну, а зараз разам усе,
Праспявайце песню мне.
Пра родны край, пра Беларусь,
Якою вельмі ганарусь!
Гучыць песня «Край васількоў сінявокіх»
Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці пакідаюць залу.