Гуканне вясны. Сцэнарый інсцэніроўкі абрада для дзяцей 9–14 гадоў

- 9:36Воспитательная работа, Сценарии

Сцэнарый інсцэніроўкі абрада для дзяцей 9–14 гадоў

Наталля ЯКУТА,
загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці
ДУА «Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі»,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: вывучэнне і прапаганда духоўнай спадчыны народа.

Задачы:

– пашыраць веды навучэнцаў пра беларускія нацыянальныя традыцыі;
– развіваць творчыя здольнасці, ініцыятыву дзяцей;
– развіваць уменне хутка арыентавацца ў навакольных абставінах;
– развіваць навыкі самастойнага вывучэння беларускіх нацыянальных традыцый і іх прапаганды сярод навучэнцаў;
– выхоўваць паважлівыя адносіны да сваёй спадчыны;
– выхоўваць патрэбу ў зберажэнні нацыянальнага духоўна-культурнага здабытку, гістарычнай спадчыны, самабытных традыцый беларускага народа.

Узрост навучэнцаў: 9–14 гадоў.

Абсталяванне: тканыя радзюжкі, ручнікі, печаныя птушачкі, “галёпы”, кошык, гліняныя птушкі-свісцёлкі, старыя гліняныя збаны.

Музычны матэрыял: беларускія народныя песні “Вясна, вясына”, “Жавароначкі, прыляціце!”, “Вол бушуе”, “Кірмаш”.

 

Ход мерапрыемства

 

Дзея адбываецца на двары каля вясковай хаты. Суседкі вядуць размову.

Васіліна. Дзякуй Богу, сонейка ўжо добра свеціць, але яшчэ не грэе. Няма яшчэ сапраўднай вясны і, мабыць, рана я пачала ў хаце прыбіраць ды ўсё прасушваць. Вось, нават рукі змерзлі, хоць рукавіцы надзявай.

Бабуля. Добры дзень, Васіліна! Бог табе ў дапамогу.

Васіліна. Добры дзень! Дзякуй за добрыя словы.

Бабуля вяртае ўвагу на вырабы). Якая прыгажосць! Наткалі, відаць, за зіму са сваёй Аленай!

Васіліна. Ды ўжо ж, наткалі. А што гэта вы так цёпла апрануты, вясну палохаеце, зіму падтрымліваеце?

Бабуля. Ой, яшчэ холадна, суседачка. Ды, калі гаварыць пра вясну, то па старому звычаю вясну паклікаць трэба. Раней заўсёды так рабілі. Моладзь збіралася ды ішла на сухі прыгорак вяснянкі спяваць, вясну-красну заклікаць:

Ой, вясна ты, вёсенка, дзе падзелася,
Нам зіма халодная ўжо і прыелася.

Васіліна. Цікава вы расказалі. Дзякуй вам. Пайду дзяцей клікну, паспрабуем і мы вясну-красну пазваць, зімку халодную прагнаць. А “птушак” я з самага ранку напякла – дзяцей хацела парадаваць. Марылька, Ганначка, Аленка, хадзіце хутчэй сюды, нешта цікавае вам скажу!

З’яўляюцца Марылька, Ганначка і Аленка.

Васіліна. Дзеткі, бяжыце, клічце сваіх сябровак, будзем вясну гукаць.

У двары з’яўляюцца дзеці рознага ўзросту.

Марылька. Дзякуй вам, цётка Васіліна і вам, бабуля, за тое, што запрасілі нас вясну гукаць, зімку праганяць.

Алёнка.

Вясну-красну гукаці,
Сцюдзёну зімку замыкаці,
Сцюдзёну зімку ў каморачку,
А цёплае лецечка ды і на вулачку.
Благаславіце нас вясну гукаці!

Бабуля (благаслаўляе). Калі ласка! Гукайце. Вясну-красну прыклікайце! Благаславі, Божа, вясну заклікаці, зімачку халодную забываці! Але спачатку бярыце “галёпы” ў мяне. Трэба сабаку зваць, кладзіце свае “галёпы” ў рад: па павер’і, чыя “галёпа” будзе з’едзена першай, тая дзяўчына хутчэй за іншых выйдзе замуж.

Прыгаворваючы, кладуць “галёпы” ў рад на зямлю і выпускаюць сабаку.

Ганначка.

Веець, веець вясенні вецярок,
прыйдзі, мой міленькі,
дам табе піражок.

Марылька. З мёдам сычаным, з ласкаю дзявічаю.

Дзяўчаты кладуць “галёпы” ў рад і клічуць сабаку да сваёй “галёпы”.

Дзяўчаты.

Вясна-красна – гу-у-у!
Прыйдзі, вясна – гу-у-у!

Бабулька. А цяпер бярыце печаных жаўрукоў (дае ў кошычку жаўрукоў), ідзіце на высокія мясціны, уверх іх падкідайце, каб птушкі ўбачылі, да нас прыляцелі, на сваіх крыльцах Вясну прынеслі.

Дзяўчаткі ідуць да высокіх мясцін і спяваюць песню “Вясна, вясына”.

Вясна, вяс(ы)на на калочку,
Не напрала на сарочку.
Вясна, вяс(ы)на на прыпечку,
Не напрала на світачку.
Вясна, вяс(ы)на да й на печы,
Не напрала да й на плечы.

На гары падкідваюць жаўрукоў і спяваюць песню “Жавароначкі, прыляціце!”.

Жавароначкі, прыляціце!
Вясна-красна на ўвесь свет!
Вясну красную прывядзіце!
Ідзе вясна, йдзе красна!
А зімушку праганіце! 
Вясна-красна на ўвесь свет!
Бо зімушка надаела,
Ідзе вясна, йдзе красна!
Многа хлебушка пераела,
Вясна-красна на ўвесь свет!

Васіліна. Вясна наша вясёлая – гу-у-у!

Марылька. Развесяліла зямлю, ваду – гу!

Леся.

Зямлю, ваду, мяне маладу – гу-у-у!
Ой, вясна вясёлая – гу-у-у!
Нарасла трава зялёная – гу-у-у!

Васіліна.

Ці скора ты, жаданы час,
Вясны-красны ідзеш да нас?

Марылька.

Сагрэй ты нас, цяплом абвей,
Ідзі вясна, ідзі хутчэй!

Аленка.

А ў лесе лісіца брэша,
Мядзведзь рыкае, вясну гукае.

Ганначка.

Вол бушуе – вясну чуе,
Карова раве – вясну заве.

Спяваюць песнюВол бушуе”.

Вол бушуе – вясну чуе,
Воран крача – сыра хоча;
Дзеўка плача – замуж хоча.
Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж,
Да й замужам нажывешся.
Дзеўка плача, сына меўшы.

Васіліна.

Дай нам жыта, ды пшаніцы,
У агародзе сенажаць,
Роўны грады,
Поўны грады,
Восенню шмат коп нажаць!

Усе разам (спяваюць).

Вясна наша вясёлая – гу-у-у!
Развесяліла зямлю, ваду – гу-у-у!
Зямлю, ваду, мяне маладу – гу-у-у!
Ой, вясна вясёлая – гу-у-у!
Нарасла трава зялёная – гу-у-у!

Васіліна. Ой, як добра пагукалі вясну, аж, здаецца, пацяплела.

Ганначка. Сапраўды – пацяплела. Дзяўчаты, а хто гэта да нас набліжаецца ў прыгожым, яркім адзенні?

Алёна. Ды гэта ж Вясна! Вясна ідзе!

Вясна.

Еду, еду на плужочку,
Еду, еду на баронцы,
На залатым еду канёчку,
Я на вашай, на старонцы!

Дзяўчаты.

А мы вароты адчыняем,
Цябе, Вёсенка, сустракаем!

Вясна (вітаецца з усімі).

Доўга да вас ехала, спяшалася,
Па дарозе Зімку бачыла, прывіталася,
Аб жыцці-быцці распыталася.

Ганначка. Ой, Вясна-красна, што ты нам прынясла?

Вясна.

А дам я вам жменю ячменю,
Жыта – карыта, мерку пшаніцы!
Вадзіцы з крыніцы. (Сыпле зерне, пырскае вадой.)

Марылька. Вясна-красна, што яшчэ прынясла?

Вясна.

Маладзенькім – па плужочку,
А старэнькім – па кіёчку.
Маладзіцам-цёткам – хаты прыбіраці,
Ды красёнцы даткаці.
Дзеткам добрым – пагуляці!

Васіліна. Дзякуй, Вясна-красна, за тое, што не абмінула наш край!

Алёна. Дзякуй за пажаданні добрыя, за падарункі харошыя!

Нечакана для ўсіх з’яўляецца дзяўчына ў белай, прыгожай вопратцы, з блішчастай каронай на белых валасах – Зіма.

Зіма. Рана, ой, рана прыйшла Вясна. Я, Зіма, не збіраюся ўступаць трон малодшай сястрыцы Вясне. Па дарозе сюды я чула, як вы песню спявалі (спявае непрыгожа песню, крыўляючыся). А я чысты, крыштальны, халодны снег буду сеяць. (Раскідвае “снег”.) Птушак гаманлівых, ранніх веснікаў сястрыцы Вясны, разганю, есці не дам, а іхняга галоўнага, што ў чырвоных ботах ходзіць, зусім не пушчу ў край свой прыгожы ды халодны. Сакавік будзе мой, бо гэты месяц заўсёды быў прадметам спрэчак паміж мной і сястрыцай. Ну, а зараз, падзьму мацней, накідаю снегу, ды пайду адпачну.

Кружыцца, дзьме, сее “снег”, усе хаваюцца, закрываючы сабой Вясну. Зіма, кружачыся, выходзіць.

Ганначка. Што цяпер нам рабіць, як пакінуць Вясну-красну, як Зіму адправіць на адпачынак?

Васіліна. Не сумуйце, я ведаю, што трэба зрабіць. Нам трэба адамкнуць вясну, замкнуць зіму.

Аленка. Як гэта зрабіць?

Васіліна. А вось у чым справа, мае вы дзеткі. Мы ж яшчэ не сказалі вяснянку-зварот да пчолкі. Паўтарайце за мной.

Ты, пчолачка ярая,
Пчолачка ярая!
Ты вылеці з-за мора,
Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя.
Ты замкні зімачку,
Зімачку сцюдзёную.
Адамкні лецейка,
Лецейка цёплае.

Алёна. Пацяплела і снег растаў. І Зіма ад нас пайшла.

Марылька. Спалохалася Зіма ды ўцякла ў далёкі, халодны край.

Васіліна (падыходзіць да снежнай бабы). Дзяўчаткі, трэба “бабу” разбіваць на часткі, каб зіма на дзевяць месяцаў ад нас пайшла. (Бураць снежную бабу.)

Вясна. Дзякуй вам, людзі добрыя, за тое, што мяне чакалі, добра прымалі. Каб вы ніколі не хварэлі. Хай нясуць вас увысь вясны арэлі!

Вясна. Я чула, што вы вельмі добра гуляць умееце?

Дзеці. Так, умеем.

Алёна. Вясна, дапамажы захаваць хатнюю жывёлу, каб кароўкі былі здаровымі, малачка больш давалі, каб куркі добра яечкі неслі, каб ваўкі не нападалі на скаціну.

Вясна. Добра, дапамагу, станавіцеся па кругу.

 

Гульня “Хатняя жывёла”

Праводзіцца гульня пад беларускую народную песню “Кірмаш”. Дзеці, узяўшыся за рукі, ідуць па кругу. Пасярэдзіне – “баба”, якая спявае і суправаджае словы смешнымі рухамі.

Дзеці павінны здагадацца, чый вобраз яны ствараюць.

Бабка Еўка, дзед Талаш
Паехалі на кірмаш.
Што павезлі прадаваць?
Паспрабуйце адгадаць.

Дзеці гуляюць у гульню.

Вясна.

Бывайце, людзі добрыя, бывайце,
Шчыра вясною працуйце,
Ды лецейка краснае чакайце!
На жыта высокае, на ночы цёплыя,
На дажджы ўраджайныя, на леты добрыя,
На дружбу чыстую, на долю шчаслівую,
Узляціце вясны арэлі.

Вясна дастае з сумкі птушкі-свісцёлкі і раздае іх дзяўчатам.

Дзяўчаты ў сваю чаргу свісцяць у іх.

Марылька. А цяпер час карагоды павадзіць!

Дзяўчаты водзяць карагоды.

Алёна.

Ой ты, сяброўка мая, паненка,
Прыгожая ў цябе сукенка,
Апусці руку ў кішэню,
Вынімай загадак жменю!

Ганначка.

–  Упала ў лебяду – удзень не знайду. (Раса.)

– Ціха ў поле, ціха ў лесе,
   Чуць балбоча ручаёк.
   А высока ў паднябессі
   Льецца звонкі галасок. (Жаўрук.)

– З-пад снегу выйшла, расцвіла,
І так, што аж зіма ўцякла. (Пралеска.)

Алёна. Ой, якія малайцы!

Ганначка. А гаршкі старыя з сабой узялі?

Усе. Узялі!

Марылька. Тады пайшлі да гаспадынькі нашай.

Падыходзяць да парога і кідаюць старыя збанкі, прыгаворваючы:

Гаспадынька наша,
Кідай сваю пражу,
Зіма ўжо прагнана.
Адчыняй свае дзверы,
Заві нас у госці.

Гаспадыня частуе гасцей.

Гаспадынька. Вітаю вас! Частуйцеся, калі ласка! (Пасля частавання). Вось і пачаставаліся, а цяпер кідайце салому ў сцяну хаты: колькі стукнецца саломінак у сцяну, столькі курыца знясе яек за год.

Хлопец кідае салому ў сцяну хаты.

Дзяўчаты.

Будзьце ўсе моцнымі, як вада,
Багатымі, як зямля,
Працавітымі, як пчала,
Прыгожымі, як вясна!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий