Музычны калейдаскоп. Традыцыйны музычны занятак па адукацыйнай галіне “Музычнае мастацтва” з выхаванцамі старшай групы (5–6 год)

- 8:51ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый музычнага занятку для дзяцей 5–6 год.

 

Алеся КАЗАКЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні,”
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– развіваць агульныя і спецыяльныя музычныя здольнасці;
– фарміраваць уменні ўспрымання музычных вобразаў класічнай музыкі і выказвання пра яе;
– выхоўваць пазітыўнае стаўленне да музычнага мастацтва, жаданне пазнаваць розныя жанры музычнага мастацтва, актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці.

Абсталяванне: мальберт, магніты; партрэт кампазітара П.І.Чайкоўскага; малюнак “Навагодні калейдаскоп”, сімфанічны аркестр, малюнак “Восеньскі настрой”; музычныя інструменты: бубен, барабан, трохвугольнік – 3 шт.; шапачкі – “зайчык”, “грушка”, “сліва”, “яблык”; аўдыязапісы.

Музычны матэрыял: “Бульба” б.н.п., “Танец маленькіх лебедзяў» муз. П.І.Чайкоўскага, папеўка “Заінька” муз. М.А.Рымскага-Корсакава, песня “Слаўны Новы год” муз. С.Насаўленка, “Сумны дожджык” муз. Т.Кукліной, “Карагод агародніны” муз. А.Рэмізоўскай, музычная гульня “Сонейка і дожджык” муз. Е.Макшанцавай.

 

Ход занятку

 

Дзеці ўваходзяць пад музыку р.н.м. “Палянка” і становяцца ў кола.

Музычны кіраўнік: Я вельмі рада вас бачыць на музычным занятку. Кожны свой дзень трэба пачынаць з усмешкі, і тады ўвесь дзень у вас будзе добры настрой. Давайце мы з вамі падаруем адзін аднаму ўсмешку. Дзеці паварочваюцца адзін да аднаго і ўсміхаюцца.

Вельмі добра! А цяпер давайце з вамі павітаемся.

Музычнае прывітанне

Музычны кіраўнік: Добрай раніцы, дзяўчынкі! (Музычны кіраўнік на музычным інструменце выконвае паступовы рух гукараду ўніз IX, VII, V, III, I, I, I, I).

Адказ дзяўчынак: Добрай раніцы! (Музычны кіраўнік на музычным інструменце выконвае паступовы рух гукараду ўніз IX, VII, V, III, I, а дзяўчынкі спяваюць).

Музычны кіраўнік: Хлопчыкі, добрай раніцы! (Музычны кіраўнік на музычным інструменце выконвае паступовы рух гукараду ўніз IX, VII, V, III, I, I, I).

Адказ хлопчыкаў: Добрай раніцы! (Музычны кіраўнік на музычным інструменце выконвае паступовы рух гукараду ўніз IX, VII, V, III, I, а хлопчыкі спяваюць).

Музычны кіраўнік: Як хораша мы з вамі павіталіся. Вось у такім радасным і ўзнёслым настроі давайце разам з вамі выканаем практыкаванні “Бакавы галоп” і “Падскокі”. (Педагог сочыць за выкананнем, дае парады)

Дзеці выконваюць размінку пад б.н.п. “Бульба”.

Музычны кіраўнік: Малайцы, вельмі добра ў вас атрымалася выканаць рухі. Дзеці, давайце з вамі ўзгадаем, хто такі кампазітар.

Адказы дзяцей: Кампазітар складае музыку.

Музычны кіраўнік: Так, правільна. Кампазітары – гэта людзі, якія складаюць музыку. Давайце з вамі паглядзім на партрэт знаёмага нам кампазітара. (Вешае партрэт на мальберт). Хто ўзгадае, як яго прозвішча?

Адказ дзяцей: Чайкоўскі.

Музычны кіраўнік: Так, малайцы, яго завуць Пётр Ільіч Чайкоўскі. Ён напісаў вельмі прыгожы музычны твор, а як называецца гэты твор, вы мне адкажыце пасля праслухвання.

“Танец маленькіх лебедзяў” муз. П.І. Чайкоўскага

Музычны кіраўнік: Гэты музычны твор называецца “Танец маленькіх лебедзяў”. А як вы лічыце, які характар у гэтай музыкі?

Адказ дзяцей: Вясёлы, пяшчотны, гульнявы.

Музычны кіраўнік: Так, правільна. Давайце паслухаем далей музычны твор і падумаем, якія музычныя інструменты выконваюць гэту музыку. (Працягваюць слухаць музычны твор). Адкажыце, якія інструменты вы пачулі?

Адказ дзяцей: Скрыпку.

Музычны кіраўнік: Так, сапраўды, мы пачулі скрыпку. Гэты твор выконвае сімфанічны аркестр. Вось паглядзіце, якія інструменты ўваходзяць у сімфанічны аркестр.

Разглядаюць аркестр на малюнку і называюць музычныя інструменты.

Музычны кіраўнік: Пазней, на наступных музычных занятках, мы працягнем знаёміцца з сімфанічным аркестрам. А цяпер адгадайце загадку: “Маленькі, вушасты камячок, пад ёлкай прыг ды скок?”

Адказы дзяцей: Гэта зайчык.

Музычны кіраўнік: Так, сапраўды, гэта зайчык. Давайце з вамі ўспомнім песеньку пра зайчыка. Хто хоча самастойна выканаць песню?

 

“Заінька” муз. М.А. Рымскага-Корсакага

Выбіраецца “зайчык”. Ён самастойна спявае, усе астатнія падпяваюць. Паўтарыць 2–3 разы.

Музычны кіраўнік: Якія цудоўныя ў вас атрымаліся зайчыкі. А скажыце, сёння, калі вы ішлі ў дзіцячы садок, ці заўважылі, што на вуліцы стала многа белага колеру? Што гэта можа вызначаць?

Адказы дзяцей: Выпаў снег, хутка зіма.

Музычны кіраўнік: Так, першы снег нам гаворыць пра тое, што хутка зіма. А зімой адбудзецца самае любімае свята ўсіх дзяцей. Якое?

Адказы дзяцей: Новы год.

Музычны кіраўнік: Сапраўды, Новы год. А што вам вельмі радасна атрымліваць падчас свята?

Адказы дзяцей: Падарункі.

Музычны кіраўнік: Так, усе любяць атрымліваць падарункі. Але падарункі Дзед Мароз проста так не раздае. Каб атрымаць падарункі, трэба быць паслухмянымі, добрымі, уважлівымі, а яшчэ трэба прыгатаваць для Дзеда Мароза песні, танцы і вясёлыя гульні. Гэта будзе наш падарунак Дзеду Марозу.

Давайце з вамі выраўнуем спінкі і ўспомнім нашу навагоднюю песню.

 

“Слаўны Новы год” муз. С.Насаўленка

Музычны кіраўнік выконвае 1-ы куплет, задае пытанні пра характар песні. Дзеці паўтараюць словы, выконваюць песню. Музычны кіраўнік сочыць за выразным выкананнем.

Музычны кіраўнік: Малайцы, вельмі прыгожа выканалі песню, але я вам хачу сказаць, што хоць на вуліцы ляжыць снег, але па календары яшчэ восень. Я прапаную вам развітацца з прыгажуняй восенню. Вы згодны са мной? Тады адгадайце музычную загадку.

Музычны кіраўнік выконвае мелодыю “Сумны дожджык” муз. Т.Кукліной.

Музычны кіраўнік: Ці знаёмая вам гэта мелодыя? Хто ўзгадае назву песні? Якая яна па характары? І як мы яе будзем выконваць? (Адказы дзяцей)

Музычны кіраўнік прапануе ўсім выканаць песню.

Музычны кіраўнік: Малайцы, добра выканалі песню. А вось мы з вамі спявалі словы пра тое, як ідзе дожджык. А якія інструменты нам дапамогуць паказаць, як ідзе дождж? На стале ляжаць музычныя інструменты: бубен, барабан, трохвугольнікі.

Адказы дзяцей: Трохвугольнік.

Музычны кіраўнік: А цяпер давайце яшчэ раз выканаем песню з дапамогай музычных інструментаў. (Выконваюць). Малайцы, цудоўна атрымалася. А яшчэ восенню людзі збіраюць ураджай, я вам прапаную яго сабраць у карагодзе.

Дзеці становяцца ў карагод, выхавальнік апранае капелюшы, дзеці выконваюць з музычным кіраўніком “Карагод агародніны” муз. А.Рэмізоўскай, сл.Э.Агняцвет.

Музычны кіраўнік: Малайцы, сабралі ўраджай, і для вас цяпер гульня “Сонейка і дожджык”. Уважліва слухаем музыку. Кожны на “сонейка” выконвае свае рытмічныя рухі, а як загучыць “дождж” усе павінны “схавацца”.

 

“Сонейка і дожджык” муз. Е. Макшанцавай (Праводзіцца 3 разы)

Музычны кіраўнік: Вельмі вы добра рухаліся. Вось на такой вясёлай ноце наш музычны занятак заканчваецца. Сёння вы былі ўважлівымі, стараннымі, вясёлымі. Цудоўна спявалі песні, добра выконвалі рытмічныя рухі, смела паказвалі зайчыка. А што спадабалася вам больш за ўсё на музычным занятку? (Адказы дзяцей)

Музычны кіраўнік: А цяпер я вам заспяваю: “Да пабачэння!”

Дзеці спяваюць. “Да пабачэння” і выходзяць з залы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий