Усяго два гады спатрэбілася Надзеі Вялікай, каб Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, які яна ўзначальвае, стаў лепшай установай дадатковай адукацыі па выніках года, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Выявіць адораных
— Надзея Міхайлаўна, вы толькі нядаўна на пасадзе дырэктара, а ўжо атрымалі ўзнагароду за выніковую і якасную работу ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падзяляю вашу радасць, а вы падзяліцеся думкамі, што, на ваш погляд, паспрыяла поспеху.
— Для поспеху самае важнае — высокакваліфікаваныя супрацоўнікі і іх жаданне развівацца, удасканальвацца, атрымліваць вышэйшыя катэгорыі, праходзіць перападрыхтоўку, асвойваць новыя кірункі дзейнасці. І нашы супрацоўнікі тут вельмі актыўныя, яны стараюцца, рэалізуюць сябе ў выбраных і ў новых кірунках.
У прыватнасці, сёння асабліва запатрабаваны тэхнічны і прыродазнаўча-матэматычны кірункі. Гэта і прататыпаванне, інжынерыя, мадэляванне, канструяванне і інш. Наша ўстанова з’яўляецца апорнай пляцоўкай Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. На базе палаца працуе гарадскі рэсурсны цэнтр “Дзіцячы тэхнапарк “Тэхнапрарыў”. Штомесяц мы адбіраем адораных і высокаматываваных навучэнцаў з усяго горада для навучання там па кірунках “Зялёная хімія”, “Робататэхніка”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”. Нашы навучэнцы становяцца пераможцамі знакавых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў (у 2022 годзе колькасць іх перамог павялічылася ўтрая з пачатку работы адукацыйнага цэнтра “Тэхнапрарыў” і склала 168). У гэтым цэнтры распрацаваны і апрабаваны 52 новыя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах у галіне тэхнічнай творчасці, створаны адукацыйна-метадычны комплекс па падтрымцы праектнай дзейнасці навучэнцаў.
Каб выявіць і падтрымаць адораных у сферы інфармацыйных тэхналогій і навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей, у мінулым годзе мы правялі першы адкрыты STEAM-фестываль “Крок у будучыню”. Арганізавалі і гарадскі конкурс макетаў “Архітэктурная спадчына Беларусі”, накіраваны на папулярызацыю ведаў аб архітэктуры і гісторыі Беларусі, выяўленне творчых здольнасцей дзяцей і падлеткаў у галіне архітэктурнай творчасці. Вынікам конкурсу стала спілс-карта Беларусі, упрыгожаная макетамі самых знакавых архітэктурных аб’ектаў шасці рэгіёнаў краіны, створаных канкурсантамі.
Таксама праведзены гарадскі конкурс лічбавых адукацыйных рэсурсаў работнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска “Адукацыйная лічба — 2022”, V гарадскія педагагічныя чытанні работнікаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска “Фарміраванне бяспечнага лічбавага адукацыйнага асяроддзя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і інш.
Нашы навучэнцы становяцца пераможцамі знакавых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Толькі ў 2022 годзе такіх перамог было 168.
Навацыяй мінулага года стала выданне першага выпуску навукова-метадычнага альманаха “Фармат 3D” сталічнай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускай педагагічнай навукі.
— Мы шмат гаворым пра прафарыентацыйную работу і пра супрацоўніцтва з партнёрамі. Як у вас наладжана гэта работа?
— Калі я толькі прыйшла працаваць у палац, першай маёй сустрэчай у якасці дырэктара быў савет маладых вучоных нашай установы. У нас шмат адораных і навучэнцаў, і педагогаў, і калі мы не будзем працаваць з УВА, мы спынімся ў развіцці. Літаральна ўсе профілі, па якіх мы працуем, замацаваны за УВА.
На сустрэчы з міністрам адукацыі Андрэем Іванавічам Іванцом мы намецілі далейшыя шляхі развіцця. І галоўнае ў іх — аказваць дапамогу высокаматываваным дзецям, якія некалі і праславяць беларускую навуку ў тым ці іншым профілі.
Калі нашы дзеці асвоілі праграму, нават на павышаным узроўні, каб быў рух далей — трэба падключаць вучоных. Таму мы актыўна супрацоўнічаем з Акадэміяй навук. Нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных праектах па даследаваннях космасу, але ўжо разам з вучонымі, пашыраючы тым самым і свой кругагляд, удасканальваючы і ствараючы новы прадукт.
Cумесна з Акадэміяй навук рэалiзуюцца праграмы дадатковай адукацыi ў аб’яднаннях па інтарэсах біялагічнага кірунку “Батанiка: брыялогiя”, “Фiзiялогiя раслiн”, “Эксперыментальная энтамалогiя” і інш. Гэта дае магчымасць нашым навучэнцам больш прадметна выбіраць сабе далейшы прафесійны шлях, вырашаць, куды паступаць, якую галіну біялогіі асвойваць далей ці, напрыклад, звярнуць у медыцыну.
“Экавелік” і не толькі
— За апошнія 2 гады палац заўважна змяніўся — і звонку, і знутры. Мяняецца і тэрыторыя вакол установы.
— Так, за апошнія 2 гады пасадзілі ўжо 4 алеі на сваёй тэрыторыі: 100-годдзя піянерыі, адзінства, татаў і мацярынства. Цяпер актыўна робім рамонт. Ужо адрамантавалі ўваход у палац, мармуровую залу, галерэю, дзе праходзяць сустрэчы, міні-канферэнцыі, дыялогавыя пляцоўкі і выставы. Відазмяніліся і сталі больш утульнымі пункты харчавання для дзяцей. Для самых маленькіх — для малышоў ад 1,5 года — мы аснасцілі LEGO-куток. Пакуль бацькі адпачываюць, з дзецьмі працуе педагог, але, калі дзіця не ідзе на кантакт, да заняткаў падключаецца мама ці тата. Гэта першыя крокі, развіццё дзіцяці, а таксама збліжэнне бацькоў і дзяцей. Гэтаму, дарэчы, мы ўдзяляем шмат увагі.
У палацы створаны аптэкарскі агарод “Чароўных траў гаючая сіла”. Педагогі распрацавалі цыкл практычных заняткаў, якія дапаўняюць вучэбны прадмет “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”.
На збліжэнне дзяцей і бацькоў, а таксама на папулярызацыю здаровага ладу жыцця накіраваны і мой праект “Экавелік”. Ён аб’яднаў не толькі наш палац, але і ўсю сістэму дадатковай адукацыі (і дзяцей, і іх бацькоў, педагогаў), а таксама вядомых спартсменаў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў прадпрыемстваў Мінска, Мінскай вобласці і іншых рэгіёнаў. Дарослыя і дзеці, педагогі і кіраўнікі, супрацоўнікі розных прадпрыемстваў, банкаў, арганізацый разам са сваімі дзецьмі далучаюцца да нашых экавелапаходаў. Мы наладзілі супрацоўніцтва з велазаводам, распрацавалі новыя маршруты, уключаючы і гістарычныя мясціны.
— Сапраўды, зроблена шмат. Але, упэўнена, не менш амбіцыйныя ў вас і планы…
— У першую чаргу, хочацца так правесці рэканструкцыю планетарыя, каб там былі самыя сучасныя трэнажоры, абсталяванне па вывучэнні космасу, удасканаленая навуковая лабараторыя і інш. Яна ўжо ідзе поўным ходам.
Хочацца, каб па-новаму загучалі і нашы вакалісты. Для гэтага было б здорава наладзіць работу летняга амфітэатра. У прыватнасці, з кастрычніка 2021 года па цяперашні час педагог і кіраўнік узорнага эстраднага аркестра Васіль Коназ рэалізуе творчы праект “Музычны камплімент любімаму гораду”. Сам Васіль Іванавіч удастоены ўзнагароды “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”, а гэты яго праект стаў пераможцам гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагога — рэсурс адукацыі сталіцы”. Марым стварыць пляцоўку, дзе б дастойна змаглі прадстаўляць сваю творчасць і гэтыя дзеці, і наш шыкоўны аркестр, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны хор “Крынічка”, кіраўнік якога Наталля Віктараўна Суханава атрымала медаль Францыска Скарыны.
З адказнасцю у маштабе
— Як лічыце, у чым ваша галоўная місія як кіраўніка ўстановы?
— У нашым палацы працуе 319 педагогаў і займаецца каля 7,5 тысячы навучэнцаў. Для мяне як дырэктара бачыць столькі соцень і тысяч вачэй насупраць — гэта сур’ёзная адказнасць, адказнасць у маштабе. Я не маю права падвесці гэтых людзей, мне трэба аб’яднаць усіх іх у сваю каманду, і ўсё гэта — толькі ў любові. Тут галоўнае, каб людзі верылі, каб за мной ішлі, каб адчувалі, што іх шануюць, берагуць. Я стараюся пра гэта не забываць, унікаць і дапамагаць кожнаму з нашай каманды. Калі я выйшла на сцэну па ўзнагароду, то сказала, што гэта самае яркае сведчанне таго, што цяпер мы — каманда. Палац дзяцей i моладзi — гэта дом, дзе здзяйсняюцца мары.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА