Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”
Тут можна паглядзець відэа — віншаванне Максіма Гарэцкага са 130-годдзем: https://ng-press.by/2023/04/07/vinshavanne-maksima-garetskaga-z-130-goddzem/
На пранізлівых вятрах бурлівай гісторыі творчасць маладога пісьменніка, яркага самабытнага таленту з адметнай мастакоўскай манерай і вялікім патэнцыялам, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага з’яўляецца часткай скарбонкі нашай нацыянальнай культуры, яе невычэрпнай крыніцай. Яго слова ходзіць ад сэрца да сэрца: хвалюе, радуе, вучыць дабру і дорыць надзею.
Яшчэ пры жыцці імя і дзейнасць слаўнага беларуса – патрыёта, чалавека нязломнай волі, літаратурнага правадыра – сталі легендай. І сёння нам, нашчадкам яго духоўных багаццяў, цяжка ўсвядоміць, колькі зрабіў ён дзеля адраджэння Беларусі…
Нагадаю кароценькае паданне: “Пасля таго як Усявышні вылепіў з гліны чалавека, у руках Тварца застаўся кавалак гліны. Чалавек папрасіў Бога вылепіць з яе яго лёс, аднак, Тварэц адмовіўся і перадаў гліну ў рукі чалавека…”
Незайздросна склалася гаротная доля пісьменніка. На зямлі ён, здаецца, адначасова быў і шчасліўцам, і пакутнікам. Таму што нёс крыж сваёй вялікай любові да жыцця, да літаратуры, да роднай беларускай мовы – цяжкі крыж свайго непрыхаванага непакою і сумленнай творчасці. Усяго 45 гадоў пражыў ён на свеце. З іх 5 – быў пазбаўлены свабоды, асуджаны на выгнанне і бясконцы шэраг фізічных і душэўных пакут, падчас якіх выкрышталізаваўся цудоўны дыямент яго творчасці і высакароднага пачуцця павагі да роднага краю. Менавіта час – суддзя строгі і няўмольны. Ён высвечвае сапраўдныя вартасці гарэцкіх апавяданняў, якія неяк адразу хораша ўпісаліся ў нашу літаратуру, вельмі натуральна занялі ў ёй сваё адметнае і трывалае месца побач з Купалам, Коласам, Багдановічам.
Давайце складзём стужку часу найбольш важных фактаў асабістага лёсу літаратуразнаўца, павандруем па творчых лабірынтах, паслухаем дыханне драматычных і трагічных нот, удары сэрца ягоных кніг. Яшчэ раз упэўнімся, які выдатны празаік Гарэцкі!
“Прысады, прысады жыцця майго!” Прысады гэтыя праляглі з Малой Багацькаўкі. Тут 18 лютага 1893 года нарадзіўся будучы пісьменнік-наватар – Максім Іванавіч Гарэцкі. Сям’я была звычайнай, беднай, спрадвеку сялянскай. Уся дзейнасць Майстра слова мела свой эпіцэнтр, а ён якраз тут, у Малой Багацькаўцы, якая як бы патанала ў дрымучых лясах так званага Цёмналесся, што з усіх бакоў як бы заціскалі яе, бралі ў свае магутныя і нябачныя клешчы. Глухамань… Малая Багацькаўка нагадвала сабой невялікі абжыты астравок – усяго дваццаць двароў налічвала. Максім Гарэцкі стаў першым чалавекам, які, дзякуючы свайму таленту, пашырыў межы гэтага свету, дамогся таго, што пра Багацькаўку гавораць сёння, якога волата літаратуры ў асобе Максіма Гарэцкага дала беларуская зямля, дала Малая Багацькаўка.
З дзяцінства добра ведаў раслінны свет, любіў пабываць у лесе, пазбіраць грыбы, паназіраць, як увішна працуюць, не ведаючы стомы, мурашы. Ад гэтай любасці да прыроды і ведання яе – такія маляўнічыя і сакавітыя пейзажы ў творах пісьменніка. А яшчэ валодаў багатай фантазіяй, прыгожа дэкламаваў вершы Купалы і Коласа, добра іграў на розных музычных інструментах.
Вучыўся будучы празаік спачатку ў пачатковай школе, затым у каморніцка-агранамічным вучылішчы. Праз некаторы час едзе ў Вільню, дзе працаваў чарцёжнікам, потым каморнікам. У 1914 годзе робіць першыя літаратурныя крокі. Дэбют – зборнік “Рунь”, у якім вобразы-персанажы задумваюцца і над лёсам бацькоўскай старонкі, і над сваімі шляхамі-дарогамі. А наперадзе жыццё бязмежнае, вялізнае і таемнае, як мора.
“У лазні” – першае аўтабіяграфічнае апавяданне Максіма Гарэцкага. З дакладнасцю аўтар малюе партрэт юнака, выхадца з вёскі, які, павучыўшыся ў горадзе, успрымае сваю вёску па-іншаму. Простыя людзі не прымаюць яго навукі, кажуць, што “запанеў” ён. Гэты твор склаў эстэтычную праграму, наскрозь прасякнутую глыбокім патрыятызмам: “Але ж адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан…”
Кароткае апавяданне, а ў ім – цэлая гісторыя, глыбокая філасофія. Гэта настальгія па мінулых часах, па былой велічы, увасобленая ў думках-пачуццях дуба – “старога дзеда лесавога”. У апавяданні “Цёмны лес” пісьменнік у чарговы раз спрабаваў прыадхінуць тую фіранку, што ўтойвае ад нас, людзей, сэнс гэтага “патаемнага”. Словы “Цёмны Лес” пісаў з вялікіх літар не толькі таму, што яго радзіма – Цёмналессе, а яшчэ і таму, што Лес для яго – загадкавы сімвал. Жывыя тут і старыя казкі, легенды, паданні. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць радкі з твора: “Прыгожа там вясною, калі дрэвы ва ўсё зялёнае ўбіраюцца, у вопраткі свае дзіўныя апранаюцца, калі аборкі ў лядзе красачкамі пахнючымі і кволымі ўсцілаюцца, калі лозы сівыя, пухка-пушыстымі пупышачкамі вабяць дзікіх пчолак з усіх бакоў, калі паветра цёплае, лёгкае”. Аўтар нібы гаворыць нам, колькі чароўнага хараства ў прыродзе, якое гэта шчасце – бачыць яго і злівацца з ім душою.
Дзевяцікласнікі на ўроках беларускай літаратуры з цікавасцю чытаюць і аналізуюць апавяданне “Роднае карэнне”. У аснове простая падзея – прыезд студэнта-медыка Архіпа Лінкевіча на канікулы з горада да бацькоў у вёску. Вучняў кранае тое, што інтэлігент-адраджэнец, які нарадзіўся і вырас на глебе народнага жыцця, не дазволіў сапсаваць сябе гарадскім выхаваннем і абраў нялёгкі шлях да абуджэння роднай Беларусі: “…Бачу я, крэпка ў табе роднае карэнне наша. Часцей у роднае гняздзечка залятай. Першае, што скажу табе, гэта – чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі… Споўніш гэты загад – у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба…”
Такім чынам, у працэсе эўрыстычнай гутаркі юнакі і дзяўчаты захапляюцца постаццю Максіма Гарэцкага, яго пачуццём грамадзянскага абавязку, літаратурнай спадчынай. Яны яшчэ раз пераконваюцца ў тым, што неадлучанасць ад роднага краю, вернасць духоўным запаветам бацькоў, адказнасць за лёс Радзімы, адданае служэнне свайму народу якраз і складаюць тое, што сведчыць пра трывалую сувязь з “родным карэннем”.
Лёс Бацькаўшчыны, яе гісторыя, вялікая трывога за будучыню – іх гучанне набывае найбольшую моц у навеле-мініяцюры “Стогны душы”. У ёй пошук гармоніі, жаданне жыць па-новаму, імкненне да таго, па чым “стогне” душа мастака. Гэта гімн, малітва, боль. “Я не хачу трываць! І не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю!”
Праз некаторы час пісьменнік быў прызваны ў царскую армію і амаль адразу трапіў на фронт, бо якраз пачалася Першая сусветная вайна. Падводзячы вынікі свайго жыцця ў ваенны час, ён прызнаваўся: “Так што за ўсю вайну прабыў на пазіцыі месяцаў 10, а то ці лячыўся, ці ў тыле бадзяўся… Але чатыры гады жыцця прапала”. Ды не прапалі яны ў Гарэцкага-мастака. Убачанае і перажытае ім адгукнулася ўнутраным балючым водгукам у бліскучых творах: апавяданнях “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, дакументальна-мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”, драматычным абразку “Жартаўлівы Пісарэвіч”.
Суровая праўда пра крывавую бойню, жахлівыя сцэны прамаўляюць да сэрца і розуму тых, хто бярэ ў рукі яго кнігі. Яны хвалююць падрастаючае пакаленне праз гады і стагоддзі і таму сёння перачытваюцца з вялікай цікавасцю, а, значыць, маюць шансы на доўгае жыццё.
Вайна – гэта страшная трагедыя народа. Яна ўсё руйнуе, нявечыць, разбурае і знішчае. Няма канца і пакутам людзей. Для вучняў 10-га класа вайна прадстае са старонак праграмнага апавядання “Літоўскі хутарок” у сваім будзённым выглядзе, без пафасу, а таму з’явы і падзеі моцна ўражваюць жорсткай і бязлітаснай праўдзівасцю. Спакутаваныя і скалечаныя героі западаюць у дзіцячую памяць як жывыя людзі, надзеленыя адметнымі чалавечымі характарамі. У цэнтры – трагічны лёс літоўскай сям’і ў час ваеннага ліхалецця: гаспадара хутара Яна Шымкунаса, бескарыслівага, высакароднага, спагадлівага чалавека, які да вайны знаходзіў спакой у працы, у штодзённых гаспадарчых клопатах, простых зямных радасцях; роспач і адчай яго любых дачок у фінале твора, якія сталі няшчасныя ў выніку гвалту чужаземцаў. Гэтыя эпізоды вярэдзяць і рвуць душы, дапамагаюць усвядоміць, якое гэта багацце – жыць у міры. Мастак-гуманіст проста і шчыра данёс трагедыю чалавека, трагедыю сям’і да маладога пакалення, да цэлага свету.
Безумоўна, у выніку асэнсавання ідэйна-мастацкага зместу апавядання, юнакі і дзяўчаты асуджаюць вайну, яе злачынны нялюдскі характар, бачаць яе бессэнсоўнасць і жорсткасць. У сваіх думках-разважаннях яны ўзнімаюцца не толькі да адмаўлення вайны, не патрэбнай усім народам, але мараць пра чалавецтва без войнаў, пра свабоду і братэрства ўсіх народаў.
Драматычны абразок “Жартаўлівы Пісарэвіч” – гэта яшчэ адна ўвасобленая трагічная старонка гісторыі шматпакутнага беларускага народа, звязаная з імперыялістычнай вайной, якая прымусіла сотні тысяч сем’яў пакідаць роднае котлішча і ехаць у далёкі свет. У абразку пісьменнік стварыў вельмі яркі, непаўторны і псіхалагічна пераканальны вобраз цярплівага пакутніка-беларуса, які дае шчаслівым нашчадкам урок сапраўднай маральнасці, высакародства і велічы духу. Пісарэвіч – гэта сапраўдны герой гісторыі, гэта нацыянальны тып, які насуперак злому лёсу і чэрствым людзям сцвярджае высокую чалавечую годнасць, душэўную сілу і самапавагу. Абразок заняў належнае месца ў гісторыі беларускага прыгожага пісьменства, стаў яшчэ адным духоўным набыткам удзячных чытачоў.
З ахвотай чытаюцца дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне”. Твор стаў такім жа “жывым сведчаннем”, “чалавечым дакументам” аб вайне. Перад намі юнак, Лявон Задума, які трапіўшы на вайну, падрабязна фіксуе ў сваіх штодзённых запісах усе жахі франтавога побыту. Гарэцкі па-мастацку перадае няпросты працэс яго станаўлення. Лявон паступова пераадольвае страх, становіцца мужным салдатам і няўхільна прыходзіць да поўнага непрыняцця і асуджэння вайны.
Значным дасягненнем стала аповесць “Дзве душы” – мастацкая справаздача празаіка аб перажытым і зразуметым у часы рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны.
Што баліць герою аповесці “Дзвюх душ” Ігнату Абдзіраловічу? Чаму раздвоілася душа? Фабула твора пачынае свой адлік ад гісторыі паходжання Абдзіраловіча. У сядзібе заможнага памешчыка гадаваліся побач паніч і сялянскі сын. Гаспадар, аўдавелы пасля трагічнай нагоды, амаль не выходзіў са свайго “габінету”, нават каб палюбавацца на свайго малога Ігнаціка. Тым часам карміліца, жадаючы лепшай долі свайму дзіцяці, пераменьвае немаўлятак. У выніку яе сынок “выгадоўваецца на пана”, а панічык, стаўшы “Васілём”, – на мужыцкага сына. Абодва персанажы – Ігнат і Васіль – праводзяцца праз рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну: “Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, набірае ўсё болей нейкай калянасці і нават жорсткасці. Няхай сабе тая плача па нейкай паненцы. Ёй не шкода, і яна не здрыгнецца, калі дзікая людская куламеса пашарпае на шматкі і князя, і Макасея-міліёншчыка, і разумца-армяніна. Ёй не шкода. А тая, другая, падумала і здрыганулася…”
Не перабольшу, калі скажу, што гэтыя творы – тая па-сапраўднаму высокамастацкая проза, якая дае гонар любой літаратуры.
Творчасць нацыянальнага класіка была беззапаветным служэннем свайму народу, настойлівым, паўсядзённым пошукам шляхоў да сэрца і розуму беларуса, які заўжды заставаўся для яго родным братам. У народзе бачыў Гарэцкі жыццёвыя сокі, верыў у яго духоўную сілу і невычэрпныя здольнасці. Святая вера ў працоўнага чалавека, стваральніка ўсіх багаццяў на зямлі, натхняла мастака слова ў яго творчай дзейнасці. Ён працаваў у розных сферах, рупліва дбаючы аб развіцці літаратуры і культуры свайго народа. Жанравы аспект багаты і разнастайны. Сярод іх гісторыка-літаратурныя “Наш тэатр”, “Чатырыста гадоў друку на Беларусі”, навуковыя даклады і выступленні, выступленні з нагоды юбілеяў выдатных дзеячаў культуры і вядомых пісьменнікаў “На ўгодкі па Максіму Багдановічу”, “Вінцук Дунін-Марцінкевіч. 1807–1885 гады”. Выдадзены навуковыя працы – “Гісторыя беларускае літаратуры” і “Хрэстаматыя беларускае літаратуры”.
Варта адзначыць, што ў кожнай палітры яскрава выявіўся самабытны талент, талент сур’ёзнага вучонага, праніклівага даследчыка, тонкага крытыка. Яго меркаванні і ацэнкі вызначаюцца глыбінёй і ўдумлівасцю.
Актыўная творчая і навуковая праца была гвалтоўна спынена ў самым росквіце яго літаратурнай дарогі. Ён быў двойчы арыштаваны і беспадстаўна абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці: першы раз пасля пратэстаў грамадскасці суд не адбыўся. Праз 9 гадоў пісьменнік быў асуджаны на пяць гадоў высылкі ў горад Вятку. Выдатны мастак слова, вучоны і педагог працаваў землякопам, чарцёжнікам, тэхнікам, жыў у цяжкіх бытавых умовах, начаваў дзесьці на гарышчы, пакуль не знайшоў кватэры. Своеасаблівым дзённікам сталі “Лісты з няволі” 1931–1932 гадоў. Гэта дакументальная аповесць аб трагічным перыядзе жыцця, жыцця тыповага для многіх беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры.
Самай высокай пахвалы і каштоўнасці варты змешчаныя ў кнізе яго пісьмы да сваіх родных, найчасцей адрасаваныя жонцы Л.У.Чарняўскай.
Якім непадробным драматызмам павявае ад гэтых стрыманых лістоў! За кожным словам, за сухім лаканічным паведамленнем паўстае вялікая трагедыя чалавека і пісьменніка-грамадзяніна. Чытаючы лісты, адчуваеш, якія звышчалавечыя намаганні спатрэбіліся Гарэцкаму, каб сабраць усю сваю волю, сілу духу і выстаяць, не паддацца скрусе і адчаю, не ачарсцвець душой, не расчаравацца ў жыцці. А прычын для адчаю было дастаткова! Перш за ўсё – несправядлівасць абвінавачвання, абурэнне тым, што сярод людзей, якім пісьменнік заўжды верыў, знайшоўся нягоднік, што ўзяў на сябе галоўную ролю даносчыка. Расла і крыўда на тых, хто не захацеўшы шукаць ісціну, паверыў гнусным паклёпнікам, асудзіў невінаватага на пакуты, пазбавіў яго магчымасці для творчай працы.
Гарэцкаму куды б лягчэй было перанесці заняволенне, калі б ведаў, што яго сям’я ў бяспецы. Але ж жонка з малымі дзецьмі на доўгі час апынулася ў цяжкім маральным і матэрыяльным становішчы, без сродкаў існавання, без падтрымкі. Турботамі пра блізкіх напоўнена кожная старонка ліста. “Я клапачу, што вам цяжка плата за кватэру, але рады ніякай даць не магу”. “Між радкоў твайго ліста прачытаў я грашовы клопат. І падумаў: як яна будзе жыць з дзяцьмі, калі выйдзе якая замінка з перакладамі?” “Мне казалі, што вы мерзлі ўзімку, купляючы па возіку дроў і мяркуючы па паленцу на дзень”. “Таксама непакоіць ваша бытаванне. Што вы ясцё? Дзе знаходзіце грошы на кватэру і дровы? Ці прадала ты, Лёля, за гэты час якія рэчы?”
Можна толькі ўявіць сабе псіхалагічны стан, душэўныя пакуты Гарэцкага, які не мог аказаць належнай дапамогі сям’і, бо і сам у той час быў бяспраўнай істотай. І сапраўды! Пасля выхаду на пасяленне ён спрабаваў уладкавацца на працу. Ён не меў прытулку і часова жыў на вышках недабудаванага дома. “Я ўсё чакаў, каб падмарозіла, але цяпер мне ўжо не бяда: купіў калёшы. Праўда, на левую ногу № 15, а на правую № 12, але заплаціў усяго 5 руб. і вельмі задаволены гэтым набыткам”.
Адарванасць ад роднай старонкі, душэўная прыгнечанасць ад учыненай несправядлівасці, паўгалоднае і бяспраўнае існаванне, паўсядзённы, неадступны страх за лёс родных і блізкіх – усё гэта цяжкім каменем клалася на сэрца пісьменніка. Можа, у любімай справе і спадзяваўся Гарэцкі знайсці свой паратунак, забыцца пра нанесеныя яму крыўды, прыглушыць боль незагойнай раны? А можа, хацеў ён і тут, насуперак злому лёсу, сцвердзіць сваю чалавечую існасць, споўніць свой доўг мастака-грамадзяніна?
Лісты тых гадоў раскрываюць чытачам вобраз клапатлівага сем’яніна, удумлівага бацькі-педагога, добрай душы, чулага, сардэчнага чалавека, які любіў жыццё і верыў у свой народ, у сацыяльную справядлівасць. Вера ў народ і была той гаючай крыніцай з жывой вадой, якая напаўняла душу пісьменніка і падтрымлівала яго ў цяжкія хвіліны.
Самыя значныя творы, якія празаік завяршыў у Вятцы, раманы – “Віленскія камунары” і “Камароўская хроніка”. Гэта яркія эпізоды гісторыі пра лёс беларускага сялянства на працягу XIX і пачатку XX стагоддзя.
У 1937 годзе Максім Гарэцкі зноў быў арыштаваны, а 10 лютага 1938 года пакінуў “зямную арбіту” – далучыўся да Вечнасці.
Такім чынам, абапіраючыся на прачытаныя творы класіка айчыннай літаратуры, моладзь глыбока ўсведамляе яго жыццёвы кодэкс, захапляецца шырокімі творчымі гарызонтамі, адчувае пульсацыю гуманістычнай думкі, наскрозь прасякнутай прагай красы і шчасця, клопатам пра чалавецтва, пра яго будучыню; выхоўвае пачуццё сыноўняй бязмежнай адданасці роднай зямлі і гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля яе шчасця.
Безумоўна, кароткім быў лёс празаіка. Але моц і непасрэднасць пісьменніцкага дару і праз 130 гадоў чаруюць і вабяць гармоніяй формы і думкі. Трыбун народа дае новым пакаленням невычарпальныя ўрокі мужнасці і патрыятызму, паказвае, як трэба берагчы і славіць бацькоўскую зямлю і матчыну мову. Менавіта такім назаўжды і застанецца незабыўны Максім Іванавіч Гарэцкі ў памяці ўдзячных нашчадкаў.