Вольга КОЎГАНАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карма”,
Гомельская вобласць
Мэта: замацаванне і паглыбленне ведаў вучняў пра падоўжаныя зычныя як характэрную асаблівасць гукавой сістэмы беларускай мовы, іх вымаўленне і правапіс.
Задачы:
– размяжоўваць падаўжэнне як вынік гукавых змен у слове і падваенне гукаў як вынік словаўтварэння;
– развіваць уменне правільна вымаўляць падоўжаныя зычныя, успрымаць іх на слых, вылучаць і перадаваць на пісьме;
– выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы, роднага слова.
Тып: урок паведамлення новых ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў.
Ход урока
І Матывацыйна-арганізацыйны этап
Псіхалагічны настрой вучняў на ўрок.
– Прывітанне!
Хто хоча ведаў больш, чым мае…
Каму патрэбна ведаў шмат…
Хай добра на ўроку ён працуе:
Тады адзнацы нават кожны будзе рад.
– Усім жадаю атрымаць веды з добрым настроем! Сённяшні ўрок хочацца пачаць словамі беларускага паэта Г.Бураўкіна.
Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон,
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён.
– Якія пачуцці, думкі з’явіліся ў вас падчас чытання верша? Да чаго заклікае аўтар? (Пазнаваць таямніцы мовы).
– Як вы разумееце значэнне слова спазнаваць? Падбярыце да яго словы-сінонімы. (Вывучаць, даследаваць, адкрываць невядомае).
– Якія адносіны гэтыя словы маюць да ўрока? (Урок будзе яшчэ адным адкрыццём таямніц мовы, на якім мы будзем вывучаць, даследаваць моўныя з’явы).
Праверка дамашняга задання
Паўтарыць правіла.
Пр. 140 (На кожны пункт схемы дзеці прыводзяць прыклады з дамашняга практыкавання. На тыя пункты, на якія прыкладаў у практыкаванні няма, падбіраюць іх самастойна).
ІІ Пазнавальна-аперацыйны этап
– Сёння на ўроку мы працягнем знаёміцца з фанетычнымі асаблівасцямі беларускай мовы. Давайце нагадаем, якія з іх вы ўжо ведаеце? (Дзеканне, цеканне, аканне, яканне, зацвярдзелыя зычныя, ў (нескладовае)).
– Як вы думаеце, што надаюць гэтыя асаблівасці нашай мове? (Мілагучнасць).
– Вывучэнне яшчэ адной важнай фанетычнай асаблівасці беларускай мовы стане аб’ектам сённяшняга даследавання. Тэма “схавалася” ў адным са слоў наступных выказванняў пра мову, якія вы бачыце на дошцы.
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову.
Якуб Колас
Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет.
Якуб Колас
– Калі ласка, давайце звернем увагу на арфаграмы ў выдзеленых словах багацце, жыццё і вызначым тэму ўрока. (Падоўжаныя зычныя, іх вымаўленне і правапіс).
– Паспрабуйце пры дапамозе слоў-падказак вызначыць мэту ўрока.
Успомнім: што мы з пачатковай школы ведаем пра падоўжаныя зычныя.
Даведаемся: калі ў беларускай мове вымаўляюцца і пішуцца падоўжаныя зычныя.
Навучымся: правільна пісаць словы з дадзенай арфаграмай.
– Малайцы! А зараз у сшытках запішыце дату і тэму ўрока.
Работа ў парах
– Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, тып, тэму і асноўную думку. Знайдзіце словы з падоўжанымі зычнымі, вызначце, якія зычныя могуць быць падоўжанымі, паназірайце, у якой пазіцыі адбываецца падаўжэнне, зрабіце вывад аб перадачы падаўжэння на пісьме.
Родная мова ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з дзяцінства. Яго сугучча і шматгалоссе кранае да глыбіні душы. Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця на працягу стагоддзяў. І сёння гонар і абавязак усіх нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.
1. У становішчы паміж галоснымі зычныя гукі [ ], [ ], [ ], [ ], [ ], [ ], [ ], [ ], [ ] могуць вымаўляцца падоўжана.
2. Фанетычнае падаўжэнне гукаў на пісьме перадаецца … . (Дзвюма літарамі).
3. Падоўжаны гук [дз’] на пісьме перадаецца … . (Спалучэннем літар ддз).
– Звернемся да правіла ў падручніку на с. 67. Знаходзім, якія яшчэ зычныя гукі могуць быць падоўжанымі? ([ж], [ш], [з’], [л’])
Увагу на дошку. Прачытайце словы, напісаныя па-руску і па-беларуску. Чым адрозніваецца іх напісанне? Як вы думаеце, чаму ў словах, напісаных па-беларуску, не адбываецца падаўжэння зычных?
Аллея – алея, коллекция – калекцыя, Одесса – Адэса, группа – група, грамматика – граматыка, Алла – Ала.
– Ці ва ўсіх іншамоўных словах не будзе адбывацца падаўжэнне зычных? (Не ва ўсіх. Ёсць словы-выключэнні, якія трэба запомніць. Звернем увагу на дошку!)
– У якіх словах яшчэ не будзе адбывацца падаўжэнне зычных? Прачытаем правіла на с. 68 і знойдзем новае: падаўжэнне не адбываецца ў словах Ілья, Ульяна, Касьян, Емяльян, Юльян і словах, утвораных ад іх Ільіч, Ульянаў, Касьянавіч.
Фізкультхвілінка
– А цяпер давайце крышачку адпачнём і прачытаем выразы як мага хутчэй.
Жаданне Жанны – збіранне збожжа.
Сёння стварэнне заданняў на маляванне.
Без працавання і жадання не адбудзецца навучання.
– Словы з якімі зычнымі сустрэліся ў гэтых выразах?
– Дзвюма літарамі на пісьме абазначаецца не толькі фанетычнае падаўжэнне, але і марфалагічнае падваенне.
– Прапаную вам пабыць у ролі даследчыкаў.
– Параўнайце словы: каменне – каменны. Чым гэтыя словы падобныя і чым адрозніваюцца? Дапамогуць адказаць на маё пытанне схемы “Падаўжэнне і падваенне”.
Падоўжаныя зычныя звычайна адносяцца цалкам да кораня. А падвоеныя зычныя ўзнікаюць пры збегу аднолькавых зычных на стыку кораня і суфікса або на стыку прыстаўкі і кораня.
Акцэнталагічная хвілінка: каменне, каменны.
ІІІ Дыягнастычна-карэкцыйны этап
Гульня “Пазнай слова”. Каменціраваны запіс слоў
1. Ранішняя ежа. (Снеданне)
2. Прамежак у 100 гадоў. (Стагоддзе)
3. Вузкая палоска зямлі на марскім беразе. (Узбярэжжа)
4. Самы пачатак дня. (Світанне)
5. Дарога ў парках, абсаджаная дрэвамі, кустамі, кветкамі. (Алея)
6. Адзінка масы, роўная 1000 кг. (Тона)
7. Пачуццё вялікай задаволенасці. (Радасць)
– Якое з запісаных слоў будзе лішнім? (Радасць)
– А давайце слова радасць зменім так, каб атрымалася падаўжэнне гука [ц’]. Што ў вас выйшла? Канечне, нічога. Таму што, як не змяняй слова, а гук [ц’] будзе стаяць у пазіцыі паміж зычным і галосным. А значыць, умоў для падаўжэння няма. Будзьце ўважлівы пры напісанні падобных слоў са спалучэннем літар сц, асабліва ў форме творнага склону.
Гульня “Чацвёрты “лішні”
На дошцы запісаны два рады слоў, у кожным з іх ёсць лішняе слова. Вам трэба будзе яго знайсці і абмеркаваць, чаму вы так палічылі. Лішняе слова трэба будзе запісаць у сшытак.
1) Пытанне, адзенне, рабіннік, насенне.
2) Сувяззю, маззю, заданне, рассадзіць.
ІV Завяршальны этап
Рэфлексія
– А зараз падводзім вынікі нашага ўрока.
Дапоўніце прапанаваныя сказы:
У канцы ўрока я
ведаю… (асаблівасці вымаўлення і правапісу падоўжаных зычных у беларускай мове),
разумею… (розніцу паміж фанетычным падаўжэннем і марфалагічным падваеннем),
умею… (прымяняць атрыманыя веды пры выкананні заданняў і практыкаванняў).
Формула Ц (у квадраце): цяжкасці ўзніклі…, цікава было…
Дамашняе заданне
§ 19, практ. 146, падрыхтавацца да праверачнай работы.