Сцэнарый свята “8 Сакавіка”. Для дзяцей групы інтэграванага навучання і выхавання

- 15:10ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Мерапрыемства накіравана на стварэнне ўмоў для выхавання пачуцця любові, павагі і пашаны да маці, бабулі.

 

Вольга БАНДАРЭНКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Круцілавіцкая сярэдняя школа” Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: стварыць умовы для выхавання пачуцця любові, павагі і пашаны да маці, бабулі; садзейнічаць сямейнаму выхаванню.

Праграмныя задачы:

–вучыць дзяцей выразна выконваць песенныя, танцавальныя і вершаваныя нумары;
– развіваць творчыя, пеўчыя здольнасці, камунікатыўныя навыкі;
–стварыць у бацькоў і дзяцей святочны настрой.

Абсталяванне: выказванні пра маці (“Без маці няма ні паэта, ні героя” (М.Горкі); “Дзеці свету, беражыце маці!” (Р.Гамзатаў); “Мы будзем вечна ўслаўляць тую жанчыну, чыё імя Маці” (М.Джаліль); “Сэрца маці – невычэрпная крыніца цудаў” (П.Беранжэ); “Людзі! Браты мае! Беражыце сваіх маці!” (С.Астравой)); выстава кніг, малюнкі дзяцей.

Папярэдняя работа: развучванне з дзецьмі прымавак пра маці, вершаў і песень, маляванне “Мая матуля лепшая ў свеце!”

 

Ход мерапрыемства

Прэзентацыя “Са святам, паважаныя жанчыны!”( Выхавальнік рыхтуе самастойна)

Вядучы 1:

Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.
Так, як маці, ніхто цябе не разумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе.
(Я. Крупенька)

Вядучы 2:

З маленства яны нас
Да сэрца гарнулі,
Пяшчотныя, добрыя
Рукі матулі,
Што з ранку працуюць
Няспынна і лоўка –
Дачушку накормяць,
Прычэшуць галоўку,
Кашулю пашыюць,
Правераць задачу
I сына суцешаць,
Калі той заплача.
Матуліны рукі
Нас цешаць, галубяць,
Так шчыра, як маці,
Ніхто нас не любіць.
Матуліны рукі –
Адзіныя ў свеце,
Шануйце, любіце
Заўсёды іх, дзеці.
(Вера Вярба “Матуліны рукі”)

 

Вядучы 1: Добры дзень, паважаныя госці! Добры дзень, шаноўныя матулі і бабулі! Наша віншаванне прысвечана менавіта вам!
Дзіця:

Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Мама! Матуля!
Чароўнае слова –
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.

Дзіця:

Мая мама добрая такая,
Мая мама проста залатая!
А ўжо так мяне матулька любіць!
Кожны раз і песціць, і галубіць!
I да сэрца горне, і мілуе,
I так шчыра, моцна пацалуе,
I прамовіць ласкавае слоўца,
I сама засвеціцца, як сонца.

Дзіця:

Я варыць абед вучуся,
Працаваць я не лянюся.
I калі гатуе мама,
Памагаю ёй таксама.
Мыю посуд і прыборы,
Рэжу сыр і памідоры.
За цыбулю –не бяруся,
Бо расплакацца баюся.

 

Песня Мамачка (муз. Дз.Яўтуховіча, на сл. Л.Пранчака)

Словы цёплыя знайду
I пра маму верш складу.
Мілая, пяшчотная,
Мамка мая родная,
Мамка мая родная.
Прыпеў:

Мама, мама, мамачка –
Ласкавае сонейка,
Ласкавае сонейка.
Словы шчодрыя знайду
I пра маму верш складу.
Светлая зараначка,
Светлая зараначка –
Дарагая мамачка.

 

Вядучы 2: Якія нашы мамы? Вясёлыя, ласкавыя, дабрэй няма на свеце. Лепш не скажаш, як скажуць дзеці!

 

Дзеці па чарзе чытаюць верш пра маму (суправаджаецца прэзентацыяй “Нашыя матулі”).

Мілая, пяшчотная, мамачка мая родная.
Светлая зараначка, дарагая мамачка.
З мамай сонейка святлей.
Нават плакаць весялей.
За ўсіх мая мамачка лепшая ў свеце.
Маміна ўсмешка, як сонейка свеціць.
Мая мама добрая такая, мая мама проста залатая.
А ўжо так мяне матулька любіць, і песціць і галубіць.
І да сэрца горне, і мілуе, і так моцна пацалуе.
Скажа ласкавае слоўца, сама засвеціцца, як сонца.
Мамачка ўсміхнецца, нібы сонейка смяецца.
А рука ў яе такая, як пагладзіць – боль знімае.
Дабрыня матулі грэе, нібы летняе цяпло.
І з маёй матуляй мне ніколі кепска, сумна не было.
Заданне дасць, усё зраблю. Я вельмі мамачку люблю.


Вядучы 1:

Маміны рукі сардэчныя, смелыя.
Маміны рукі самыя ўмелыя.
Маміны рукі – рукі шчаслівыя.
Маміны рукі заўсёды цярплівыя.
Маміны рукі самыя светлыя
Маміны рукі самыя ветлыя.

 

Песня “Маміны рукі” (муз. А.Рэмізоўскай, сл. М.Пазнякова)

Слава маміным рукам,
Што работу любяць
I прыносяць сонца нам,
Ласкаю галубяць!
Слава маміным рукам.
Хай на ўсёй планеце
Кветкамі для мілых мам
Расцвітаюць дзеці!
Слава маміным рукам,
Што работу любяць
I прыносяць сонца нам,
Ласкаю галубяць!

Вядучы 2: Мае любыя дзеткі, калі мама побач, то гэта вялікае шчасце. Мілуйце, шкадуйце, цалуйце сваіх матуль зараз і заўсёды.

Хвілінка душэўных зносін – дзеці падыходзяць да матуль, абдымаюць.

Вядучы 1: А зараз запрашайце сваіх матуль на танец.

Танец разам з мамамі “Полька беларуская”(муз. І.Лучанка, сл. Л.Дранько-Майсюка)

Вядучы 2: Дзеці! Пра каго б вы хацелі яшчэ расказаць у гэты святочны дзень?

Дзіця:

Бабкі лепшае няма,
Як мая, у цэлым свеце.
Не крычыць яна дарма,
Ласкаю прывеціць.
Звяжа цёплыя пальчаткі
Мне на Новы год.
А калі спячэ аладкі –
Скачуць самі ў рот.


Дзіця:

А мая бабуля казкі
Любіць
Баяць-гаварыць,
Цэлы вечар
Будзеш слухаць,
Сон не здолее змарыць…
Безліч казак бабка знае,
Іх заўжды ахвотна бае.

Дзіця:

I таму шануюць дзеці
Сваіх бабак нездарма,
Бо для іх
Нікога ў свеце
Ласкавейшага няма.


Дзіця:

У бабулі маёй
Рукі лоўкія,
У бабулі маёй
Песні доўгія.
Разматае клубок
3 новай казкаю,
Прыйдзе хітры каток,
Трэцца з ласкаю.
(В. Вярба)

Песня “Бабулька” (муз. С.Галкінай, сл. Н.Галіноўскай)

Вядучы 1: Матулі, бабулі, адзіныя ў свеце, шануйце, любіце заўсёды іх дзеці.

Дзеці ўручаюць матулям і бабулям свае падарункі. Пасля выконваюць танец па выбары выхавальніка.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий