Прадзедаў слова гаваркое (З гісторыі тапонімаў маёй малой радзімы). Даследчая работа  

- 17:23БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Праекты, Методичка

 

Кацярына РАМАНЮК,
вучаніца 10-га класа
Кіраўнік: Мікалай АНТОНЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
ДУА “Шчорсаўская сярэдняя школа” Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

ЗМЕСТ

Уводзіны

1 Тапаніміка як навука. Класіфікацыя тапонімаў

1.1 З гісторыі айконімаў (назваў населеных пунктаў) Шчорсаўскага сельскага савета Навагрудскага раёна
1.2 З гісторыі гадонімаў (назваў вуліц)
1.3 Мікратапонімы в. Лаўрышава і ваколіц
1.4 Мікратапонімы в. Гнесічы і ваколіц
1.5 Дрымонімы нашай мясцовасці

Заключэнне

Спіс выкарыстаных крыніц

Дадаткі

Дадатак 1. Карта мікратапонімаў в. Лаўрышава і ваколіц
Дадатак 2. Вуліцы-“сваякі” (Запатова і Старасёва)
Дадатак 3. Балонне
Дадатак 4. Грэбля
Дадатак 5. Закляшторкі
Дадатак 6. Міхалёўка
Дадатак 7. Вікач
Дадатак 8. Дуброва
Дадатак 9. Незвішча
Дадатак 10. Князь Нязвішча

 

 

УВОДЗІНЫ

У жыцці кожнага чалавека ёсць месцы, якія з’яўляюцца дарагімі сэрцу з самага дзяцінства. Трошкі пасталеўшы, захапляючыся прыгожымі мясцінамі роднага краю, пачынаеш задумвацца аб мінулым сваёй малой радзімы. Чаму пэўная вуліца, поле ці луг мае сярод мясцовых людзей сваю назву? Адкуль увогуле пайшлі назвы нашых родных вёсак? Гэтыя пытанні прымусілі задумацца мяне аб тым, ці могуць тапонімы расказаць нам аб гісторыі нашай мясцовасці і яго жыхарах.

Мне захацелася глыбей пазнаёміцца з гісторыяй маёй маленькай радзімы. Гэта можна зрабіць рознымі спосабамі, я выбрала напрамак, які звязаны з тапонімамі, мікратапонімамі родных мясцін.

На пачатку свайго даследавання я пад кіраўніцтвам настаўніка Мікалая Аркадзьевіча Антончыка вывучала тэарэтычны матэрыял пра тапонімы, мікратапонімы. Вельмі карыснай аказалася навукова-папулярная кніга У.Юрэвіча “Слова жывое, роднае, гаваркое” [6]. Чытала матэрыял у інтэрнэце. Вялікую дапамогу ў зборы мікратапонімаў аказалі нашы вясковыя жыхары, асабліва Соф’я Дзям’янаўна Антончык, Тамара Аляксандраўна Севасцьяновіч (в. Лаўрышава), Аляксандр Мікалаевіч Казец (в. Гнесічы), Марыя Пятроўна Паддубіцкая, Уладзімір Аляксандравіч Яўсей (аг. Шчорсы), якіх я апытвала, аднакласнікі і іх родныя.

Гіпотэза: калі вызначыць сэнсавыя значэнні і паходжанне тапонімаў маёй малой радзімы, то гэта дазволіць абудзіць цікавасць школьнікаў да родных мясцін, глыбей пазнаць гісторыю нашых продкаў.

Мэта даследавання: вывучэнне малой радзімы праз класіфікацыю, даследаванне этымалогіі некаторых тапонімаў вёсак Лаўрышава, Гнесічы, аграгарадка Шчорсы і іх ваколіц.

Дадзеная мэта вызначае рашэнне наступных задач:

1. Вывучыць і прааналізаваць навуковую літаратуру аб тапаніміцы як навуцы.
2. Вызначыць сэнсавыя значэнні, паходжанне тапонімаў, сістэматызаваць іх паводле паходжання, структуры.
3. Стварыць слоўнік мікратапонімаў адпаведнай мясцовасці.

Аб’ект даследавання: тапонімы вёсак Лаўрышава, Гнесічы, аграгарадка Шчорсы і іх ваколіц.

Прадмет даследавання: гістарычныя і этнаграфічныя аспекты паходжання тапонімаў і мікратапонімаў.

Пры напісанні работы быў выкарыстаны агульнанавуковы метад тэарэтычнага даследавання, які дазваляе разглядаць змены гістарычных аб’ектаў, у дадзеным выпадку населеных пунктаў, у часе. Традыцыйна выкарыстоўваліся метады апытвання, сінтэзу і аналізу.

Актуальнасць работы: на жаль, сённяшнія вучні дрэнна ведаюць не толькі гісторыю сваёй краіны, мала хто можа растлумачыць, што стаіць за геаграфічнымі назвамі сваёй вёскі ці горада. Сабраны матэрыял будзе прадстаўляць каштоўнасць пры вывучэнні гісторыі роднага краю. Важна захаваць тапонімы, звесткі пра іх паходжанне для будучых пакаленняў, бо з кожным годам фізічна ўсё менш і менш застаецца носьбітаў гэтай лексікі, старых і пажылых людзей, а моладзь, на жаль, амаль не цікавіцца ёй. А варта было б. У кожнай народнай назве, скажам, поля, сенажаці, лесу ці проста вясковай вуліцы жыве часцінка гісторыі гэтай мясцовасці, тое, з чаго пачынаецца Радзіма, таму тэма актуальная ва ўсе часы.

Навізна. Дадзеная работа з’яўляецца адной з першых спроб даследавання тапанімікі тэрыторыі Шчорсаўскага сельскага савета. У гэтай сувязі вынікі даследавання, на мой погляд, з’яўляюцца вызначаным набыткам ведаў у вобласці ўяўленняў аб тапаніміцы Навагрудскага раёна.

Практычная значнасць: дадзеная работа з’яўляецца працягам даследаванняў па краязнаўстве, можа быць выкарыстана на вучэбных занятках па геаграфіі, гісторыі Беларусі, на класных гадзінах.

 

1 ТАПАНІМІКА ЯК НАВУКА. КЛАСІФІКАЦЫЯ ТАПОНІМАЎ

На Зямлі ўсё мае сваё імя. Назвы заўсёды вакол нас. Яны жывуць сваім асабістым і агульным з намі жыццём.

Тапаніміка – навука (параўнальна маладая) пра паходжанне геаграфічных назваў. Тапаніміку называюць мовай зямлі, бо геаграфічныя назвы апавядаюць нам пра характар народа, яго гісторыю, схільнасці і асаблівасці побыту.

Большасць назваў вёсак нашага краю лёгка тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў, паходжаннем ад імёнаў людзей, асаблівасцямі гістарычнага развіцця.

Слова “тапаніміка” ўтворана ад двух грэчаскіх слоў: topos – месца, мясцовасць і onoma – імя. Зірніце на геаграфічную карту, яна ўся спярэшчана назвамі краін, мораў, рэк, азёр, гарадоў, весак, сёл. І гэта толькі малая частка існуючых тапонімаў. Свае імёны маюць і вельмі дробныя аб’екты: лясы, лугі, палі, балоты. Такія назвы, як правіла, не зафіксаваныя ў геаграфічных даведніках і рэдка сустракаюцца ў пісьмовых дакументах, іх добра ведаюць толькі мясцовыя жыхары. У кожнай вёсцы можна знайсці, звычайна, дзясяткі такіх назваў.

Тапонімы можна класіфікаваць па вызначаных прыкметах:

Айконімы – назвы населеных пунктаў.
Гідронімы – назвы рэк, крыніц, вадасховішчаў і г.д.
Гадонімы – назвы вуліц.
Макратапонімы – уласныя імёны буйных геаграфічных аб’ектаў: краін, абласцей і г.д.

Мікратапонімы – уласныя імёны невялікіх геаграфічных аб’ектаў (луг, поле, сенажаць і г.д). Мікратапонімы часцей за ўсё выкарыстоўваюцца мясцовымі жыхарамі ў паўсядзённым жыцці для ўдакладнення месца знаходжання чалавека ў час адпачынку ці працы, наяўнасці ў гэтых мясцінах прыродных дароў, пры ўспамінах аб падзеях мінулага. Ведаючы мікратапонім, можна беспамылкова трапіць у любое названае месца. Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці розныя прадметы, бо выходзяць з ужытку, а назва застаецца, мы ёй карыстаемся, арыентуемся ў пэўным месцы.

Дрымонімы – назвы лесу (яго часткі), гаю і г.д.

У працэсе даследавання мяне зацікавіла пытанне, што ведаюць нашы вучні аб геаграфічных назвах сваёй мясцовасці. У выніку апытання 23 вучняў 5-9-х класаў высветлілася, што многім з іх невядомы такія паняцці, як тапаніміка і тапонімы, ведаюць некаторыя мясцовыя геаграфічныя назвы, але не ведаюць іх паходжання. Усе вучні лічаць неабходным ведаць назвы геаграфічных аб’ектаў сваёй мясцовасці. Прычыны, якія часцей за ўсё сустракаліся ў адказах: каб лепей ведаць свой край, сваю малую радзіму; каб быць адукаваным; гэта цікава.

І гэта сапраўды так, бо, напрыклад, ведаючы мікратапанімічныя назвы ваколіц нашай вёскі Лаўрышава, можна зрабіць, прычым з вялікай доляй верагоднасці, выснову, што, нібы той замак у Купалаўскім “Кургане”, “паміж пустак, балот беларускай зямлі, на ўзбярэжжы ракі…” і размясцілася амаль восем стагоддзяў таму гэтая вёска. Прычым, толькі тая яе частка, якая сёння ў народзе мае назву Старое сяло. На месцы цяперашняй вуліцы Запатова шумелі змешаныя лясы ды хлюпала тванню балота (дастаткова глянуць на складзеную мной мікратапанімічную карту в. Лаўрышава і яе ваколіц). [Дадатак 1]

 

1.1 З гісторыі айконімаў (назваў населеных пунктаў) Шчорсаўскага сельскага савета Навагрудскага раёна

Шчорсы – аграгарадок у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Нёман. Адміністрацыйны цэнтр Шчорсаўскага сельсавета. Вёска вядомая з далёкай даўніны. Упершыню Шчорсы згаданыя ў 1265 годзе. Гэта звязана з заснаваннем Лаўрышаўскага манастыра князем Войшалкам у суседняй са Шчорсамі вёсцы Лаўрышава. Затым, у 1471-м, Шчорсы з’яўляюцца ў “Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага” як уладанне графаў Храптовічаў, якім належалі да 1939 года.

Шырокую вядомасць амаль па ўсёй Еўропе Шчорсы набылі ў другой палове XVIII стагоддзя дзякуючы дзейнасці Іахіма Літавора Храптовіча, які быў вядомы не толькі як дзяржаўны дзеяч, бібліяфіл, але і вельмі добры гаспадарнік. Ягоная гаспадарка была сярод лепшых у Расійскай імперыі. Тут разводзілі племянных жарабцоў, мерыносавых авечак. Дарэчы, наша мясціна яшчэ да Храптовічаў славілася авечкагадоўляй. Каб лёгка пераносіць зімовыя халады, людзі з даўніх часоў тут разводзілі авечак з доўгай поўсцю, якую счэсвалі па некалькі разоў у год. Адсюль, паводле легенды, паходзіць і старажытная назва вёскі – Счэрсы.

Лаўрышава – вёска ў Шчорсаўскім сельсавеце Навагрудскага раёна. Вядомасць звязана са Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыром, адным з самых старадаўніх у Беларусі. Згодна з “Галіцка-Валынскім летапісам”, Вялікі князь літоўскі Войшалк (у хрышчэнні Раман, у манастве Лаўрэнцій), які пасля пастрыжэння ў Палонінскай абіцеліі і няўдалага падарожжа да свяшчэннай гары Афон, бо “мятежъ бысць велик тогда в тых земляхъ», вярнуўся ў 1258 годзе на Наваградчыну і ў 1262-м “учени собе манастыръ на реце на Немне межи Литвою и Новымгородком и там живяше?”[1].

Паходжанне назвы вёскі тлумачыцца па-рознаму. Першая версія: назва паходзіць ад манаскага імя Войшалка – Лаўрэнцій, Лаўрыш. Другая версія: назва вёскі паходзіць ад слова лаўра (Лаўра – вялікі манастыр, які калісьці існаваў у гэтых мясцінах; дарэчы, адзіная лаўра ў Беларусі).

Гнесічы – вёска ў Шчорсаўскім сельсавеце Навагрудскага раёна. Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першае пасяленне людзей у гэтай мясцовасці існавала ў першабытнаабшчынным часе, задоўга да ўтварэння Гнесічаў. Па правы бок ад ракі Нёман знойдзена стаянка перыяду каменнага і бронзавага вякоў, якая адносіцца да IV-II тысячагоддзяў да нашай эры.

Згодна з паведамленнем у “Кратком топонимическом словаре Белоруссии” В.Жучкевіча, назва вёскі паходзіць ад прозвішча свайго першапасяленца – Гнесіч [3].

Аднак, на маю думку, куды больш верагодная іншая версія: вёска змяніла сваю першапачатковую назву. Мне давялося прачытаць, што ў змесце “Обмежевания спорных земель Лавришовского монастыря, произведенное Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта”, сярод іншых геаграфічных пунктаў называюцца ГНЕВІЧЫ. Адрозніваецца адной літарай! Гневічы паходзіць ад слова гнеўныя (сярдзітыя людзі, відаць, там жылі; параўнайце: Нягневічы).

 

1.2 З гісторыі гадонімаў (назваў вуліц) аг. Шчорсы

Паркавая – назва вуліцы ад месца размяшчэння: пачынаецца з колішняга парку Храптовічаў.

Садовая – назва вуліцы ад месца размяшчэння: ідзе да месца былога калгаснага саду, які пры забудове яшчэ існаваў.

Карэліцкая – забудова вуліцы ідзе ў кірунку да г.п. Карэлічы.

Ніжняя – назва вуліцы ад месца размяшчэння: знаходзіцца ў Наднёманскай нізіне.

Верхняя – назва вуліцы ад месца размяшчэння: знаходзіцца на ўзвышшы.

Маладзёжная – самая маладая вуліца. Яна з’явілася з пераездам сюды маладых работнікаў і спецыялістаў.

в. Лаўрышава

Старасёва – назва вуліцы паходзіць ад імя першапасяленца – легендарнага пастуха Старася. [Дадатак 2]

Існуе варыянт назвы гэтай вуліцы: Старое сяло (так вуліцу некаторыя мясцовыя жыхары называюць, бо яна самая старэйшая ў вёсцы, існавала яшчэ да ўзнікнення іншых).

Запатова – назва вуліцы паходзіць ад імя першапасяленца – легендарнага пастуха Язапата. [Дадатак 2]

Хутар – так назвалі вуліцу, якая знаходзіцца адасоблена, на пэўнай адлегласці ад іншых вясковых вуліц.

 

1.3 Мікратапонімы в. Лаўрышава і ваколіц

Багліна – нізкая мясціна, няўдобіца. У старажытнасці, відаць, балоцістая мясціна, багна.

Балонне (у мясцовай гаворцы – Балонё) – сенажаць, нізкі заліўны луг каля ракі (паўз левым беразе ракі Быстрыцы да ўпадзення яе ў раку Нёман). [Дадатак 3]

Вомшар – нізкая мясціна з дзікарослай травой. У старажытнасці там было імховае балота – імшара (амшара).

Грэбля – узвышэнне пасярод лугу. Даўней, мабыць, там была балоцістая мясціна. Каб дабрацца з Лаўрышава ў Гнесічы, нашы продкі тут клалі гаць, зрабілі грэблю. У час 1-й Сусветнай вайны немцы ў гэтым месцы праклалі чыгунку-вузкакалейку, па якой ад чыгуначнай станцыі Наваельня падвозілі боепрыпасы і армейскія часці да Гнесічаў, дзе паўз Нёмане праходзіла лінія фронту. [Дадатак 4]

Жвыроўня – месца, дзе некалі бралі жвір.

Закляшторкі (значыць, знаходзіліся за кляштарам – манастыром, які, дарэчы, быў заснаваны тут прападобным Елісеем, па іншых звестках – Войшалкам) – сенажаць. Пачыналася ад моста цераз раку Валоўка, праходзіла за сажалкай, царквой, паўз сад святара. [6], [Дадатак 5]

Зарэчка – сенажаць. Пачынаецца з правага боку ракі, дзе зараз парк, і цягнецца да Балоння.

Луг – паша, сапраўды заліўны луг. Пачынаецца за вуліцай Старое сяло, раскінуўся да в. Гнесічы і далей – у бок в. Купіск.

Лядзіны – поле. У старажытнасці там шумеў лес, які пазней расчысцілі пад поле ці сенажаць (г.зн., зрабілі ляда).

Макарышына яма – цяпер нізіна. Раней, сапраўды залітая вадой мясціна, названая так, бо знаходзілася якраз насупраць хаты кабеты, якую па-вясковаму называлі Макарыха.

Месткія – сенажаць. Пачыналася за Пусткамі і цягнулася да в. Аўдзеевічы. Названа так таму, што тут правілі сенакосы местачкоўцы (жыхары мястэчка Нягневічы).

Міхалёўка – невялікая сенажаць. Названа так па імю свайго ўладальніка або пасяленца – Міхала (Міхаліка). Пачыналася ад колішняга саду святара і доўжылася да Заламанкі і Раўкоў. [Дадатак 6]

Ніўкі – грудок адразу за вуліцай Запатова, дзе раней, верагодна, і былі нечыя ніўкі (збожжавыя палеткі).

Помаргі – паша на левым узбярэжжы ракі Валоўка (за Старым сялом). Раней там былі сенакосныя надзелы вяскоўцаў – па моргу (0,71га) кожнаму гаспадару.

Пусткі – цяпер сенажаць. Раней – некалькі надзелаў неўрадлівай (пустой), пясчанай зямлі.

Пясчанка – паша і поле перад Жвыроўняй з супясчанай глебай. Некалі там быў хутар Алеся Глябовіча (месца пад забудову тут яму падарыў граф Храптовіч, за тое, што селянін на гэтым месцы злавіў жывога зайца і занёс яго графу).

Раўкі – нізкая, забалочаная мясціна. Злева ад Валоўкі цягнецца паралельна вуліцы Запатова.

Сакоўка – паша (на ўскраіне вуліцы Запатова) з сакавітай (“сакаўной”) травой.

Сінюза – поле (уваходзіць у Лядзіны). Раней там была сенажаць, дзе расло шмат сінюхі – шматгадовай травы.

Струга задняя – нізкая мясціна за Хмелішчамі. У дакуменце XIV стагоддзя “Обмежевание спорных земель Лавришовского монастыря, произведенное Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта” ўспамінаецца вёска Струга. [5] Назву сваю яна магла атрымаць ад наяўнасці ў ёй стругалёў – людзей, якія рабілі драўляныя рачныя судны – стругі. Да пачатку калектывізацыі ў Задняй Струзе быў хутар М. Лаўнікевіча.

Струга пярэдняя – балоцістая нізіна, цягнулася ў бок в. Гнесічы, да Луга.

У Пярэдняй Струзе таксама былі хутары Качана, Моніча, Міхея.

Сумесная сценка – поле паўз дарогу на в. Купіск. Такую назву атрымала, бо калісьці там сыходзіліся зямельныя надзелы жыхароў Запатова і Старога сяла.

Трондзін груд – узвышэнне сярод пашы. Некалі там жыў Мікалай Тронда. Адсюль і назва. Побач – Трондзіна возера.

Хмелішча – няўдобіца. Назву атрымала ад расліны хмель, якая там бытуе.

Церабеж – сенажаць. Калісьці на гэтым месцы церабілі лес. Знаходзіцца за Старым сялом, дзе цяпер дуброва і выпас коней.

Шнуры – поле за Лядзінамі, у бок Купіска. Некалі там былі шнуры – надзелы ворнай зямлі.

 

1.4 Мікратапонімы в. Гнесічы і ваколіц

Андаткі – поле каля 2-іх Гнесічаў, у бок в. Купіск. Назва ўтварылася ад слова “аддаць” (аддадзеная ў свой час Лаўрышаўскаму манастыру зямля).

Змена д на н адбылася ў выніку дыялектнага вымаўлення.

Выдзір – нізіна. Месца, дзе калісьці капалі (“выдзіралі”) жвір.

Дуброва – поле і паша паміж Гнесічамі і Купіскам. Раней там, паводле ўспамінаў вясковых старажылаў, і была сапраўдная дуброва.

Кладкі – нізкая мясціна. Параўнальна нядаўна тут яшчэ былі ямы, залітыя вадой, дзе вадзілася рыба і плавалі дзікія качкі. У старажытнасці, хутчэй за ўсё, было балота ці затопленае месца, прайсці па якім можна было толькі па кладках.

Пажаркі – нізіна, пасярэдзіне якой нешта накшталт возерка, берагі якога рыжыя, нібы “іржавыя”. Магчымы залежы руды. У каменным веку тут нашы продкі з балотнай руды выплаўлялі жалеза.

Прыскі (у мясцовай гаворцы Прыске) – узвышша недалёка ад цяперашніх вясковых могілкаў. Назва ўтварылася ад слова “прысак” (гарачы попел). Магчыма, там некалі збіраліся на начлег пастушкі, а, можа, некалі згарэў лес. Назва можа мець і больш глыбокія карані. Дастаткова прыгадаць, што вёска Гнесічы знаходзіцца на былой мяжы старажытнай Літвы, і там, на ўзгорку, верагодна мог размясціцца літоўскі дазор, які ў выпадку небяспекі распальваў на ўзвышшы касцёр, падаючы дымам сігнал свайму войску.

 

1.5 Дрымонімы нашай мясцовасці

Барсукі – лес (за Кассём – гл. асобны артыкул). Назву атрымаў з-за шматлікіх барсуковых нор.

Буды – лес і хутар за Барсукамі. Некалі там стаяў палац купца Фальцфейна (будынак згарэў у Першую сусветную вайну).

Валасень – некалі так называлася камора лесніка Ф.Дубіцкага (у мясцовых жыхароў і зараз існуе выраз “ехаць пад Дубіцкага”).

Вароты – лясок (справа ад Барсукоў). Так названы, бо перад уездам у яго паабапал дарогі раслі дзве хвоі, якія і нагадвалі наведвальнікам вароты.

Вікач – лес за Гнесічамі, па правым беразе Нёмана. Паводле легенды тут некалі было аднайменнае паселішча, названае так па прозвішчу першапасяленца. [Дадатак 7]

Галікі (у мясцовай гаворцы Галіке) – лес у Шчорсаўскім лясніцтве. Назву атрымаў, па адной версіі, што меў шматлікія прагалы. Паводле іншай, быў пасаджаны на галяку – голым месцы.

Гарбаты мост – мост за Будамі, цераз лясную Шубінскую канаву. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі купец Фальц-Фейн аблюбаваў у нашых лясах сабе месца для жылля. Гандляваў лесам. Па Шубінскай канаве яго рабочыя гналі бярвенні да Нёмана, дзе вязалі ў плыты і сплаўлялі аж у Германію. А каб бярвенні маглі свабодна праходзіць пад мостам, той быў зроблены ў выглядзе дугі – “гарба”. Адсюль і назва.

Досеў лясок – невялікі лес за Дубровай. Некалі там быў надзел (Хвя) Дося Моніча.

Дуброва – параўнальна малады лясок за в. Лаўрышава. Назва перайшла ў спадчыну ад колішняй дубровы на гэтым месцы. [Дадатак 8]

Дужае поле – лес і хутары ў Шчорсаўскім лясніцтве. Назву атрымалі з-за ўрадлівасці тутэйшай зямлі. Перад Першай сусветнай вайной і пазней там на смалярні гналі смалу. За “польскім часам” працавала лесапільня.

Кассё (у мясцовай гаворцы Касьё) – лес за Вікаччу і сенажаць. Відаць, калі верыць легендзе, тут і былі сенакосы жыхароў Вікачы і Гнесічаў.

Лука – лес за Гнесічамі (паўз раку Нёман, злева ад Вікачы). Рака абгінае гэты лес, робячы заварот – луку. Адсюль і назва лесу.

Маргі (у мясцовай гаворцы Марге) – сенажаць і лес паабапал яе (ад хутара Галяндэрня, паўз Буды і Шубін да Налібокаў). Некалі тут былі надзелы налібокцаў па моргу зямлі – 0,71 га.

Маркавічы – рэдкалессе (за Нёманам, справа ад урочышча Незвішча і канавы Белая). Да калектывізацыі там былі хутары. Назву атрымалі ад імя першапасяленца Марка (Маркавічы – дзеці Марка).

Незвішча – пустка і невялікі лясок па правым беразе ракі Нёман (насупраць вёскі Гнесічы). Паводле існуючай у народзе легенды, у другой палове ХІІІ ст. навагрудскім князем Войшалкам тут быў заснаваны манастыр. Для мясцовага люду Войшалк быў чужым, “нязваным” чалавекам. Вось і празвалі месца яго пасялення Незвішчам. [Дадаткі 9, 10]

Смейн – лес і сенажаць (за Хмарынай гаццю). Названы так, хутчэй за ўсё, па прозвішчу яго ўладальніка.

Трасцянка – лес за Галікамі. Раней там была сядзіба лесніка Мікадэся.

Хмарына гаць – балоцістая мясціна і ўзвышша (гаць) у лесе Барсукі. Некалі чалавек па прозвішчу Хмара, сядзіба якога была ў лесе, намасціў тут гаць, каб мець сувязь з бліжэйшымі паселішчамі.

Чортава вуліца – балоцістая, заросшая лесам мясціна ў Вочанскім лесе. З-за цяжкапраходнасці і атрымала сваю назву.

Шкляны мост (знаходзіцца за Трасцянкай, перад возерам Кромань). Наконт паходжання існуюць дзве версіі.

Першая: нібыта вёз цыган шкло і на гэтым мосце разбіў.

Другая: у час галалёдзіцы мост блішчэў, як шкляны. Таму і назвалі так.

Шубін – лес і сенажаць (за Будамі і Гарбатым мостам). Назву атрымаў па прозвішчу яго ўладальніка.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Вывучэнне тапонімаў роднага краю – цікавая і захапляльная работа, якая выхоўвае любоў і інтарэс да малой радзімы.

Малая радзіма…. Вёска, дзе мы нарадзіліся, дзе жывуць нашы бацькі, дзе ўсё знаёмае: сцяжынка ў школу, паркавая алея, сажалкі ў пачатку вёскі. Усё гэта трэба зберагчы і захаваць у сваёй памяці, як самую вялікую каштоўнасць, бо ўсё гэта – Радзіма, а яна ў чалавека адна.

Назвы вуліц, месцаў, вёсак – неад’емная частка жыцця грамадства. Назвы маюць вялікую каштоўнасць і з пункту гледжання гісторыі народа, яго культуры. Яны захоўваюць памяць аб далёкім мінулым, аб значных падзеях, аб прыродзе. Старажытныя назвы жывуць сярод нас новым жыццём і адначасова прымушаюць думаць і паважаць тое, што было да нас.

Прааналізаваўшы тапанімічную прастору некаторых вёсак Шчорсаўскага сельскага савета і ваколіц аграгарадка Шчорсы, я прыйшла да наступнай высновы: мясцовыя тапанімічныя назвы цесна звязаны з геаграфічным становішчам аграгарадка: гэта невыпадкова, бо тут шмат лясоў і рэк. Шмат назваў захавалася яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны.

Тапонімы – гэта мост паміж мінулым і сучасным. Як шмат, аказваецца, могуць паведаміць тапонімы аб жыцці маіх продкаў! Мікратапонімы – гэта частка гісторыі малой Радзімы. Яны расказваюць нам аб былой прыродзе месцаў, аб тым, з якімі легендамі звязвалі людзі навакольныя назвы.

Тапонімы трэба вывучаць для таго, каб ведаць гісторыю сваёй малой Радзімы, развіваць кругагляд, што пацвярджае гіпотэзу: тапонімы і мікратапонімы нашага краю неабходны жыхарам і гасцям аграгарадка для вывучэння гісторыі нашага краю. А тое, што гэта менавіта так, я ўпэўнілася, калі з дапамогай сваіх аднакласнікаў спрабавала вызначыць сэнсавыя значэнні і паходжанне тапонімаў нашай мясцовасці. Маім школьным сябрам было досыць цікава працаваць у гэтым кірунку. На другі дзень яны ўжо самі пыталіся ў сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль, чаму так называецца бліжэйшае поле ці луг, расказвалі пра пачутае ад родных мне. Значыць, сапраўды такая праца абуджае ў дзяцей цікавасць да родных мясцін, імкненне лепш пазнаць гісторыю краю.

Я спадзяюся, што сабраны матэрыял дапаможа захаваць памяць аб нашым краі, падзеях мінулага. Матэрыял з гэтай работы таксама можна выкарыстоўваць на ўроках літаратуры (пры вывучэнні вуснай народнай творчасці), геаграфіі, гісторыі. Гэта работа будзе запатрабавана школьным музеем, бібліятэкай, класнымі кіраўнікамі пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў.

Нам усім, хто любіць сваю малую радзіму, каму дарагая маці-Беларусь, трэба шанаваць, захаваць для наступных пакаленняў тыя звесткі, што назапашаны пра мінулае нашых паселішчаў, палёў, лясоў ці ўрочышчаў, пра ўзнікненне іх назваў. Бо, як нагадвае беларускі пісьменнік Г.Марчук, “напісанае застаецца, а ненапісанае забываецца”. Мяркую, што маё даследаванне дапаможа зберагчы гэты бясцэнны скарб.

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1 Блізнюк, Л. Прападобны Елісей, ігумен Лаўрышаўскі / Л.Блізнюк // Новае жыццё. – 19.01.2000.
2 Грынь, І. Навагрудчына праваслаўная / І.Грынь // Новае жыццё. – 10.11.2007.
3 Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А.Жучкевич. – Мн., Изд. БГУ, 1974. – 448 с.
4 Лаўрышава. [Электронны рэсурс]./ Вікіпедыя. – Рэжым доступу: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Лаўрышава#/media/Файл:Свята-Успенская_царква,_Лаўрышава.JPG. – Дата доступу: 15.02.2021.
5 Обмежевание спорных земель Лавришовского монастыря, произведённое Новгородским наместником Петрашем Монтигирдовичем, по приказанию великого князя Витовта [Электронны рэсурс] //Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. – Т. 11. – Вильна: Типография А.В.Сырнина, 1880 – С. 3–4. – Рэжым доступу: https://runivers.ru/lib/book3036/9555/ – Дата доступу: 16.02.2021.
6 Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаваркое…/ У.Юрэвіч. – Мн. : Юнацтва, 1992. – 268 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий