Індыя. Урок сусветнай гісторыі ў 7-м класе

- 9:52ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, История и обществоведение. Сценарии, Методичка

Вывучэнне асаблівасцей унутрыпалітычнага і знешнепалітычнага развіцця Індыі ў ХVІ–ХVІІІ ст., асаблівасцей развіцця мастацкай культуры Індыі.

Алена РУСЯЛЕВІЧ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “Доцішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: забяспечыць засваенне навучэнцамі ведаў пра асаблівасці ўнутрыпалітычнага і знешнепалітычнага развіцця Індыі ў ХVІ–ХVІІІ ст., асаблівасці развіцця мастацкай культуры Індыі.

Задачы:

1) плануецца, што ў канцы ўрока навучэнцы будуць

ведаць:

– паняцці: імперыя Вялікіх Маголаў, дзяржава маратхаў, сіпаі, факторыі, Ост-Індская кампанія, маўзалей, мячэць;
– даты: 1526 г., 1556–1605 гг., 1761 г., 1757 г.;
– гістарычных дзеячаў: Бабур, Акбар, Шываджы.

умець:

– паказваць на карце тэрыторыі распаўсюджвання асноўных рэлігій, тэрыторыю імперыі Вялікіх Маголаў, дзяржавы маратхаў, Бенгалію;
– характарызаваць унутраную і знешнюю палітыку Індыі;
– ацэньваць палітыку еўрапейскіх дзяржаў у адносінах да Індыі.

2) стварыць умовы для замацавання ўмення запаўняць табліцу, працаваць з атласам і контурнай картай, падручнікам, сэрвісамі Web 2.0.

3) аказаць уплыў на развіццё цікавасці да гісторыі і культуры Індыі.

 

Абсталяванне: камп’ютар, праектар, інтэрактыўная дошка, інтэрактыўныя заданні, распрацаваныя з дапамогай сэрвісаў Web 2.0 LearningApps (“Адкрый пазлы”), jigsawplanet.com (“Складзі пазлы”), контурныя карты “Сусветная гісторыя Новага часу”, атласы, раздаткавы матэрыял.

 

Ход урока

І Арганізацыйны этап

– Добры дзень, паважаныя вучні. Я вельмі рада бачыць вас на ўроку. Жадаю вам добрага настрою, бо яшчэ старажытныя грэкі казалі: “Добры настрой – палова перамогі”. І я дару вам гэту палову. А каб перамога была поўнай, неабходна прыкласці ўласныя намаганні і адказна папрацаваць, таму чакаю ад вас актыўнасці і працаздольнасці. У канцы ўрока паглядзім, чыя перамога будзе поўнай.

 

ІІ Праверка дамашняга задання

 

ІІІ Новая тэма

3.1 Аб’яўленне тэмы і мэты ўрока

– Сёння на ўроку мы працягнем вывучаць усходнія цывілізацыі і адправімся ў Індыю. Тэма ўрока – “Індыя”.

Індыйцы надаюць вялікае значэнне прывітанням. На мове хіндзі “добры дзень” гучыць як “намастэ”, што азначае “паклон табе”. Таму пры прывітанні яны складваюць далоні на ўзроўні грудзей і крыху скланяюць галаву. Давайце ўстанем і прывітаемся па-індыйску.

Працаваць будзем па наступным плане:

1. Краіна і людзі
2. Імперыя Вялікіх Маголаў
3. Заваяванне Бенгаліі
4. Культура

3.2 Пастаноўка задач да ўрока вучнямі

– Зыходзячы з тэмы і плана ўрока, пастаўце задачы для працы на ўроку (вучні ставяць задачы, настаўнік карэкціруе і запісвае на дошцы або вывешвае надрукаваныя на лісце паперы).

Задачы да ўрока:

Буду ведаць:

– колькі чалавек пражывала на тэрыторыі Індыі; якую рэлігію яны вызнавалі;
– хто, калі і дзе заснаваў імперыю Вялікіх Маголаў; якім быў лёс гэтай дзяржавы;
– хто, калі і чаму заваяваў Бенгалію;
– асаблівасці і помнікі культуры.

Буду ўмець:

– паказваць на карце тэрыторыі распаўсюджвання асноўных рэлігій, тэрыторыю імперыі Вялікіх Маголаў, дзяржавы маратхаў, Бенгалію;
– характарызаваць унутраную і знешнюю палітыку Індыі;
– ацэньваць палітыку еўрапейскіх дзяржаў у адносінах да Індыі.

– Звярніце ўвагу на карткі “НаШтоБуЗУ(Дадатак 1). Ці супадаюць пастаўленыя да ўрока задачы з тым, што вы павінны ведаць і ўмець на наступны ўрок? (Адказы вучняў)

 

3.3 Актуалізацыя ведаў

– Перад вывучэннем новай тэмы давайце ўспомнім, што вы ўжо ведаеце пра Індыю. Які перыяд гісторыі мы вывучаем? (Мы вывучаем гісторыю Новага часу).

– Якія гістарычныя перыяды ўжо вывучылі? (Мы вывучылі гісторыю Старажытнага свету і Сярэдніх вякоў).

– Цяпер мы праверым вашы веды пра Індыю, якія вы атрымалі ў папярэдніх класах. Для гэтага выканаем заданне “Суаднясіце паняцце і гістарычны перыяд”. (Усе разам выконваюць заданне на электронным рэсурсе Web 2.0 http://learningapps.org/display?v=pueqr5iij16).

– Малайцы. Справіліся з заданнем. А цяпер давайце адкажам на пытанні рубрыкі “Успомніце”.

 

1. Краіна і людзі

– Пераходзім да вывучэння новай тэмы. Першы пункт нашага плана “Краіна і людзі”. У ХVІІІ ст. Індыя займала тэрыторыю, якая перасягае па плошчы ўсю Заходнюю Еўропу. У ХVІІІ ст. на гэтай тэрыторыі пражывала каля 200 млн. чал. Яны належалі да розных народнасцей і гаварылі на розных мовах. Жыхары Паўночнай і Паўднёвай Індыі часта не разумелі гаворкі адзін аднаго. Але, нягледзячы на моўныя і тэрытарыяльныя адрозненні, паміж імі існавала духоўная блізкасць. Як вы думаеце, што аб’ядноўвала жыхароў паўвострава Індастан? (Насельніцтва Індыі аб’ядноўвала рэлігія).

– Правільна. Іх аб’ядноўвала рэлігія. Якія рэлігіі мы з вамі ўспаміналі? (Будызм і індуізм).

– Якая трэцяя рэлігія магла быць распаўсюджана на тэрыторыі Індыі? Пра гэта вы даведаецеся, калі прачытаеце пункт першы параграфа.

 

Работа ў парах

Вучэбная задача: прачытаць пункт і запоўніць табліцу.

Назва рэлігіі індуізм іслам будызм
Чалавек, які вызнае гэту рэлігію індус мусульманін будыст
Тэрыторыя распаўсюджвання Дэкан, Цэнтральная Індыя Захад Паўночнай Індыі (Пакістан), Усходняя Бенгалія (Бангладэш) Прыгімалайскія раёны

Праверка выканання задання (метад “Ажыві карту”)

 

– Якую з пастаўленых у пачатку ўрока задач мы выканалі? (Колькі чалавек пражывала на тэрыторыі Індыі; якую рэлігію яны вызнавалі).

– Пераходзім да вывучэння другога пункта плана.

 

2. Імперыя Вялікіх Маголаў

– Палітычная раздробленасць Дэлійскага султаната і феадальныя міжусобіцы ў пачатку ХVI ст. у Індыі палегчылі кіраўніку Кабула (Афганістан) Бабуру заваяванне вялікіх індыйскіх тэрыторый ад Кабула на захадзе да межаў Бенгаліі на ўсходзе.

Бабур быў нашчадкам Чынгісхана і Цімура. З 1516 года ён здзяйсняў паходы з Кабула ў Паўночна-Заходнюю Індыю (настаўнік паказвае на карце). У 1525 годзе Бабура заклікаў на дапамогу Аллам-хан, сапернік дэлійскага султана Ібрахім-шаха Лодзі, і ў 1526 годзе Бабур арганізаваў войска і распачаў паход на Дэлі. 1526 год лічыцца датай заснавання дзяржавы Вялікіх Маголаў, якая праіснавала 200 гадоў. Бабур прыйшоў у Індыю з Магалістана, таму яго і ўсіх тых, хто быў з ім, называлі маголамі. Адсюль і назва дзяржавы – Магольская імперыя. (Вучні запісваюць дату заснавання імперыі Вялікіх Маголаў у сшытак).

– Самым знакамітым імператарам Магольскай імперыі быў Акбар, які правіў з 1556 па 1605 гады. Ён правёў шмат рэформаў, забараніў ваеннапалонных ператвараць у рабоў, а індусаў гвалтоўна схіляць да ісламу. Аднак становішча ў імперыі было няўстойлівым. Тут раз-пораз успыхвалі паўстанні, міжусобіцы. Намеснікі імператара ператвараліся ў незалежных правіцеляў, хоць і прызнавалі фармальна вышэйшую ўладу Вялікага Магола. Некалі магутная імперыя літаральна развальвалася на часткі, стаўшы арэнай міжусобнай барацьбы за панаванне над усёй Індыяй.

 

Праца з атласам і контурнай картай

– Выканайце ў контурнай карце заданні 2, 3.

(Вучні выконваюць заданне, адзін вучань выконвае заданне на інтэрактыўнай дошцы).

– У другой палове ХVІІ ст. на поўдні магольскай Індыі ўзнікла дзяржава маратхаў. Яе кіраўнік Шываджы стварыў моцнае войска і пабудаваў ваенны флот. Здавалася, дзяржава маратхаў стане пераемніцай Магольскай імперыі. Але гэтага не адбылося. У 1761 годзе маратхі былі ўшчэнт разбіты афганскімі заваёўнікамі, якія ўварваліся ў Паўночна-Заходнюю Індыю.

Знясіленая Індыя стала лёгкай здабычай Англіі. Заваяванне Індыі ажыццяўлялася ўзброенымі сіламі англійскай Ост-Індскай кампаніі, што карысталася манапольным правам гандлю з краінамі Усходу.

 

Праца з атласам і контурнай картай

– Выканайце ў контурнай карце заданне 4.

(Вучні выконваюць заданне, адзін вучань выконвае заданне на інтэрактыўнай дошцы).

– Якую з пастаўленых у пачатку ўрока задач мы выканалі?

 

Фізмінутка (флэшмоб (танец) пад індыйскую музыку)

 

– Пераходзім да вывучэння трэцяга пункта плана

 

3. Заваяванне Бенгаліі

– Пры вывучэнні гэтага матэрыялу вы будзеце працаваць у групах.

Фарміруюцца рознаўзроўневыя групы.

– Я прапаную вам праглядзець відэафрагмент пра заваяванне Бенгаліі. Кожная група атрымала сваё заданне (Дадатак 2). Азнаёмцеся з ім. Пасля прагляду відэа вы павінны будзеце даць на яго адказ.

 

Слоўнікавая работа

– Падчас прагляду відэа вы пачуеце словы факторыі, сіпаі, пацыфісты. Знайдзіце значэнні гэтых слоў у пункце 3.

Прагляд відэафрагмента, работа ў групах, праверка выканання задання.

– Якую з пастаўленых у пачатку ўрока задач мы выканалі?

 

4. Культура

– А пра культуру Індыі нам раскажа (падрыхтаваны вучань), які падрыхтаваў паведамленне і прэзентацыю. Слухайце ўважліва, таму што пасля я прапаную вам цікавае заданне. (Выступленне падрыхтаванага вучня).

– Дзякуй. Што было незразумелым у выступленні?

А цяпер, як я і абяцала, заданне-сюрпрыз. (Інтэрактыўнае заданне-сюрпрыз “Складзі пазлы” на рэсурсе Web 2.0 http://www.jigsawplanet.com/?rc=play&pid=3ae423f05227).

 

IV Абагульненне і замацаванне. Выстаўленне адзнак

– Складзіце сінквейн “Індыя”

 

V Дамашняе заданне (запісана на дошцы)

§ 29, адказаць на пытанні і заданні, выканаць заданні па контурнай карце.

 

VІ Рэфлексія

– Наш урок мы пачыналі словамі “Добры настрой – палова перамогі”, а другую палову вы павінны былі зарабіць сваёй працай. Адкажыце на пытанне: якая ваша перамога – так і засталася палавіністай або атрымалася поўнай? Прадоўжыце сказ: “Мая перамога поўная (або няпоўная), таму што …”

 

 

Дадатак 1

НаШтоБуЗУ

Буду ведаць:

– азначэнні паняццяў: імперыя Вялікіх Маголаў, дзяржава маратхаў, сіпаі, факторыі, Ост-Індская кампанія, маўзалей, мячэць;
– падзеі, якія адбыліся ў 1526 г., 1556 – 1605 гг., 1761 г., 1757 г.;
– які след у гісторыі Індыі пакінулі Бабур, Акбар, Шываджы;

Буду ўмець:

– характарызаваць унутраную і знешнюю палітыку Індыі;
– паказваць на карце тэрыторыі распаўсюджвання асноўных рэлігій, тэрыторыю імперыі Вялікіх Маголаў, дзяржавы маратхаў, Бенгалію;
– ацэньваць палітыку еўрапейскіх дзяржаў у адносінах да Індыі;

 

 Дадатак 2

І група

1) Што такое Ост-Індская кампанія?
2) Калі была створана Ост-Індская кампанія?
3) Калі адбылася бітва пры Плесі?
4) Калі адбылося паўстанне сіпаяў?

ІІ група

1) Паміж кім адбылася бітва пры Плесі?
2) Хто перамог? Чаму?

ІІІ група

1) Дайце ацэнку палітыцы брытанцаў у час заваявання Індыі

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий