Завітала ў госцейкі Вясна. Карэкцыйны занятак па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцця звязнага маўлення для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў) з агульным недаразвіццём маўлення

- 17:28ВЫБОР РЕДАКЦИИ, КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Сценарии коррекционных уроков, Методичка

Карэкцыйны занятак па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцця звязнага маўлення для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў) з агульным недаразвіццём маўлення

 

Ніна РАМАНОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг,
ДУА “Шчорсаўская сярэдняя школа” Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уменні ўтвараць адносныя прыметнікі, памяншальна-ласкальныя назоўнікі;
– удасканальваць навыкі дапасавання прыметнікаў да назоўнікаў, замацоўваць навыкі падбору слоў, якія найбольш дакладна абазначаюць якасць і прыметы прадметаў, удасканальваць уменні складаць сказы з зададзенай колькасцю слоў, выкарыстоўваючы схемы, складаць аповед па схеме;
– развіваць зрокавае і слыхавое ўспрыманне, пазнавальную актыўнасць, лагічнае мысленне, увагу, памяць, дробную і агульную маторыку;
– выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, навыкі ўзаемадзеяння адно з адным, культуру маўленчых зносін.

Матэрыял і абсталяванне: мазаікі, тры куфэркі з папяровымі палоскамі чырвонага, жоўтага і аранжавага колераў, палоскі-мадэлі маленькіх слоў, папяровыя караблікі, мячык, аўдыязапісы галасоў птушак і булькання вады, кусцік з пафарбаванымі светла-зялёнымі і цёмна-зялёнымі малымі і вялікімі лісцікамі, малюнкі птушак, блакітная тканіна, кветкі, аромалампа, масла, прадметныя малюнкі, скрыначкі з маннымі крупамі, падарункі-аплікацыі “Сонейкі”, графічныя схемы.

 

Ход занятку

Перад пачаткам занятку педагагічны работнік раскладвае мазаікі ў скрыначкі на рабочых месцах.

Педагог: Вітаю вас, мае маленькія сябры! Які ў вас зараз настрой? (Адказы дзяцей) Каб вас не пакідаў добры настрой, падарыце сваю ўсмешку і пажадайце поспехаў сваім сябрам (станем у кружок, паціснем ручку адно аднаму).

 

Гульня – прывітанне

Дзеці вітаюцца:

Добры дзень, кажу сябрам!
Добры дзень, нашым гасцям!
Добры дзень! (Дзеці нараспеў)
Адзін, два, тры –
У групу мы прыйшлі,
Каб размаўляць прыгожа.
А хто ж нам сёння дапаможа?

Педагог: Не хвалюйцеся, я дапамагу. Прыгледзьцеся навокал, напэўна, вы заўважыце нешта незвычайнае. (Адказы дзяцей) Вось усё гэтае незвычайнае і цікавае таксама дапаможа нам на занятку. Для таго каб даведацца, пра што пойдзе гаворка, паспрабуем скласці мазаіку, якая ляжыць на вашых рабочых месцах. Неабходна скласці пазл, назваць выяву ласкава, падабраць да яе словы, якія абазначаюць прыметы).

Дзеці падыходзяць да стала, на рабочых месцах прыгатавана мазаіка, разбіраюцца ў пары і складаюць пазлы.

Педагог: Справіліся? Падыдзіце, калі ласка, да мяне, і мы ўсе разам паглядзім, што атрымалася. (Разрэзаныя малюнкі з выявамі сонца, ледзяша, ручайка, кветачкі і г.д.).

Што за выява атрымалася ў першай пары? Назавіце гэтае слова ласкава. (Адказы дзяцей: воблака, воблачка).

Воблачка якое? Падбярыце словы-прыметы. (Адказы дзяцей: дажджлівае, белае, шэрае, лёгкае, блакітнае.)

Якая мазаіка атрымалася ў другой пары? (Адказы дзяцей: лядзяш, лядзяшык).

Педагог: А зараз адгадайце загадку:

Расце яна ўніз галавою,
Расце не летам, а зімою (Лядзяш).

А які лядзяш? (Адказы дзяцей: празрысты, халодны, доўгі, кароткі).

А ці можна яго каштаваць? (Адказы дзяцей)

Якую песеньку лядзяш спявае? (Адказы дзяцей: вясёлую, бадзёрую, ціхую).

Педагог: І мы зараз паспяваем: дзінь-дзінь-дзінь (спяваем так, каб губкі ўсміхаліся, а верхнія і ніжнія зубкі паказаліся. Спяваем павольна, спакойна, працягла, ціха – 3 разы; бадзёра і весела, моцна, хутчэй – 3 разы).

Педагог: Што за малюнак атрымаўся ў трэцяй пары? (Адказы дзяцей: ручай, ручаёк).

Усе, напэўна, бачылі ручаёк, назіралі, як ён бяжыць. Паслухайце яго мелодыю.

(Гучыць мелодыя – аўдыязапіс.)

Ручаёк які?(Адказы дзяцей: хуткі, імклівы, вузкі, шырокі, гаманлівы).

На сталах з’яўляюцца папяровыя караблікі.

Педагог: Як вы думаеце, ці можа плысці караблік па ручайку? (Не) Няма ветрыку падганяць яго. Дапаможам плысці карабліку. Для гэтага набяром паветра ў лёгкія, удыхаем плаўна праз носік, затрымліваем паветра, выдых з рота плаўны, моцны, доўгі, каб караблік паплыў (Практыкаванне выконваем некалькі разоў.). Караблік ветрыкам падганяем. Паплылі вашы караблікі па ручаінках у вясновыя прасторы.

Педагог: Які пазл у чацвёртай пары? (Адказы дзяцей:пупышка, пупышачка).

А пупышачка якая? (Адказы дзяцей: ліпкая, маленькая, тонкая, тоўстая.)

А вы бачылі, як набрыньваюць пупышкі? (Павольна).

Паспрабуем паказаць, як гэта адбываецца, з дапамогай нашых рук. Сціскаем у кулалок, злучаем іх. Павольна набіраем паветра праз носік (пад лік 1–2–3). Потым павольна адгінаем пальчыкі, выпростваем, не адрываючы далонькі, і выдыхаем адрывіста праз роцік, нібы хочам, каб пылок з пупышкі зляцеў (5–6–7). Практыкаванне выконваем некалькі разоў, мяняючы працягласць і адрывістасць удыхання і выдыхання.

Педагог: Якой выявай парадуе нас пятая пара? (Адказы дзяцей: кветка, кветачка)

Кветачка якая? (Адказы дзяцей: першая, прыгожая, пахучая, кволая).

Кветачка пахне вельмі прыемна. Уявіце сабе, што мы ўдыхаем водар кветак. Набіраем паветра і спяваем гук [а] (а-а-а-а), выдыхаем, спяваючы гук [о] (о-о-о-о). Выконваем практыкаванне 3 разы. (Кожны раз можна спяваць розныя гукі, павышаючы і паніжаючы голас).

Педагог: Які малюнак у шостай пары? (Адказы дзяцей: птушка, птушачка).

Птушачка якая? (Адказы дзяцей: пералётная, першая, маленькая, пеўчая).

Давайце мы “ператворымся ў птушачак”, а ўзмахі крылаў пакажам рукамі. Спачатку падымем угору правую руку, кісць павольна апускаем уніз, затым левую руку ўгору, кісць павольна апускаем уніз. Абедзве рукі падымаем плаўна ўверх і павольна апускаем уніз (Выконваем некалькі разоў).

Педагог: Апошнюю мазаіку складзём усе разам. Кожны бярэ пазл, выкладваем яго, прыглядаючыся да малюнка сваіх сяброў, і пачынаем працаваць. Што за выява? (Адказы дзяцей : сонца, сонейка).

Сонейка якое? (Адказы дзяцей: ласкавае, цёплае, яскравае).

А яшчэ сонейка вясёлае, вясенняе, жоўтае, пяшчотнае. Можна назваць сонейка залатым. Золата – гэта каштоўнасць. Яно падобна як колерам, так і якасцю. Сонейка з’яўляецца самай вялікай каштоўнасцю. Калі б яно не сагравала сваім цяплом зямлю, не было б жыцця. Вясной сонейка свеціць ярка, пасылаючы на зямлю шмат цяпла.

Парадуемся сонейку і мы. Раскажам сонейку скорагаворку:

Ара-ара-ара – сонца ўстала рана. (Уздымем галоўкі і рукі ўгору, адчуем, як цяпло сонечных праменьчыкаў напаўняе нашы далонькі).

Ары-ары-ары – сонейка гары! (Абдымаем адно аднаго, дзелячыся сваёй цеплынёй з сябрамі).

Сонейка за хмарку схавалася, (апусцілі рукі)

І зноў павіталася. (Вітаемся, узяўшыся за рукі, утвараючы кружок).

Педагог: Сонейка вельмі любіць цалаваць нас сваімі праменьчыкамі, а, каб вочкі не балелі ад сонейка, патрэбна ім зрабіць масаж.

 

Гімнастыка-самамасаж для вачэй “Сонейка”

Выглядае сонейка,
Цалуе нашы вочкі.

Педагог: Малайцы. Вы ўсе выдатна справіліся з заданнямі.

Ці здагадаліся вы, калі ў прыродзе адбываюцца такія з’явы? Пра што будзе весціся гаворка на занятку? (Пра вясну). Паслухайце загадку.

Растаў сняжок,
Ажыў лужок.
Дзень прыбывае.
Калі гэта бывае? (Вясной).

Педагог: Ад сонечнага цяпла снег пачаў раставаць. Які ж ён стаў? (Адказы дзяцей: апошні, мокры, шэры, брудны, рыхлы, цёмны).

 

Гульнёвае практыкаванне “Складзі сказ”

Педагог: Пагуляем у гульню “Вясновыя прыметы”. Для гэтага мы бяром словы ў “чароўных куфэрках”. Заўважце, што словы знаходзяцца ў розных скрыначках. Куфэрак з дрэва які? (Адказы дзяцей: драўляны). У гэтым куфэрку знаходзяцца словы-прадметы, якія пазначаны палоскамі чырвонага колеру.

Куфэрак, выкананы з паперы, які? (Адказы дзяцей: папяровы) Тут жывуць словы-дзеянні і пазначаны яны палоскамі аранжавага колеру.

Куфэрак з металу які? (Адказы дзяцей: металічны). Аблюбавалі месца тут словы-прыметы, якія пазначаны палоскамі жоўтага колеру. З гэтых слоў кожны паспрабуе скласці сказ пра вясну і пазначыць яго схемай. Таксама ёсць мадэлі маленькіх слоў, якія можна выкарыстоўваць пры складанні сказа.

Дзеці складаюць сказы і прымацоўваюць схемы палосак да магнітнай дошкі.

Педагог: Якія ж вы ўдалыя! Добра справіліся і з гэтым заданнем. Вельмі спадабаўся сказ: “Завітала ў госцейкі Вясна”.

Складзіце схему сказа.

Назавіце першае слова, другое слова, трэцяе слова, чацвёртае. (Адказы дзяцей)

Я буду называць слова, а вы будзеце падбіраць да яго словы “вясновая”, “вясновы”, або “вясновае”:

Сонца – … , неба – … , вецер –… , хмары –… , дзень – … , трава – … , дрэва – … , кветка – … , надвор’е – … .

Педагог: Малайцы, з заданнем справіліся.

 

Дынамічная паўза

Педагог: А зараз, давайце пагуляем з мячом. Я буду называць адзін прадмет або з’яву, а вы – многа:

Дождж – … , кветка – … , вясёлка – … , трава – … , птушка – … .

Педагог: Калі ўжо стаміліся, то зараз адпачнём.

 

Фізкультхвілінка

Пад вясновыя напевы
Павярніся ўправа, улева.
Рукі ўгору, рукі ўніз!
А цяпер нахіліся!
Управа, улева галавою!
Рукі ўгору! Перад сабою!
Тупні праваю нагою!
Управа крок. На месцы стой!
Тупні леваю нагой!
Улева крок. На месцы стой!
Тупні праваю нагой!

 

Педагог:

Чараўніца да нас завітала –
Усё ажыло, заспявала (У.Карызна).
Хто ж да нас завітаў, дзеці? (Вясна)

Зараз мы адправімся ў вандроўку па вясновым царстве. (Выходзяць на дыванок, дзе размешчаны кусцік без лісцікаў).

Педагог: Можа, хто заўважыў, што не так з нашым кусцікам? (Адказы дзяцей: няма лісточкаў).

Патрэбна апрануць яго. Бяром лісцікі і ўпрыгожым кусцік. (Дзеці чапляюць на галінкі лісцікі.)

Якія ж лісцікі вясной? (Адказы дзяцей: маладыя, светла-зялёныя, кволыя, ліпкія, маленькія). Палічыце, калі ласка, маладыя вясновыя лісткі. (Адказы дзяцей: адзін малады вясновы лісцік, два маладыя вясновыя лісцікі, тры маладыя вясновыя лісцікі, чатыры маладыя вясновыя лісцікі, пяць маладых вясновых лісцікаў і г.д.)

Што яшчэ можна назіраць у прыродзе на галінках дрэў, кустоў? (Педагог на галінкі зверху змяшчае малюнкі з выявамі птушак).

Жывуць на волі
У лесе, у полі,
У садах і парках,
Лётаюць шпарка,
Пяюць на галінках,
У траве, аблачынках. (Птушкі)

Педагог: Правільна. Можа, вы ведаеце, якая птушка першай вяртаецца з выраю? (Грак). Ёсць такая прыказка: “Грака ўбачыў – вясну сустракай”. Грак – адна з самых карысных птушак: калі з’яўляюцца шкодныя насякомыя, гэтыя птушкі знішчаюць іх яшчэ да ўмяшання людзей. Гракі – верныя сябры чалавека. Голас, які падае птушка, – “Кра-кра-кра”. Паспрабуйце знайсці грака на малюнку. Узгадайце, якую пацешку вы вучылі?

Дзеці гавораць хорам:

Так і сяк, наўскасяк
Скача грак кракавяк.
Скача грак з грачыхаю.
Што шпак ад пылу чыхае.

Педагог: Якіх яшчэ пералётных птушак ведаеце? (Адказы дзяцей: шпакі, буслы, стрыжы, жаўранкі).

Вярнуліся з выраю шпакі.  Пра шпакоў гавораць: “На крылах вясну прынеслі”. Першымі прылятаюць самцы. Знойдуць сабе шпакоўню і пачынаюць спяваць. Песняй сваёй папярэджваюць, што тэрыторыя занята. Дарэчы, шпакі ў выбары месца для гнязда непераборлівыя. Яны выводзяць птушанят у дуплах дрэў, пад стрэхамі хат, у норах берагавых ластавак. Адшукайце на галінцы гэтую птушку.

Педагог: Хто ведае, якая птушка з’яўляецца сімвалам Беларусі? Так, гэта бусел. Гэта адзіная птушка, якая не мае голасу. Сваёй доўгай дзюбай яна выдае клёкат. Вяртаецца ў родныя мясціны белы бусел, для якога Беларусь – самы мілы і любы куточак на зямлі. Вучоныя сцвярджаюць, што беларуская групоўка буслоў – адна з буйнейшых у свеце. Сваё гняздо гэтая прыгожая птушка робіць часам на страсе хаты ці старым дрэве ў вясковым двары. Людзі вельмі даражаць сяброўствам з бусламі, чакаюць, калі гэтыя птушкі паселяцца на страсе іх хаты, берагуць іх спакой. Лічыцца, што буслы прыносяць шчасце. Паспрабуем вымавіць скорагаворку:

Ла-ла-ла – дзюба доўгая ў бусла. (Вымаўляюць хорам, а затым індывідуальна некалькі чалавек).

Педагог: А ці пазналі вы гэтую птушачку(малюнак стрыжа). Гэта самая хуткая птушка. Паўтарыце за мной:

Жы-жы-жы – хутка лётаюць стрыжы. (Вымаўляюць хорам)

Голас гэтай птушачкі – “Взз-взз-взз” Можа, вам вядома такая птушка? Называецца яна жаўрук. Паўтарыце за мной:

Ук – ук- ук – у небе зазвінеў жаўрук. (Вымаўляюць хорам, а затым індывідуальна некалькі чалавекі).

Жаўрукі – найпершыя пасланцы вясны. На Беларусь яны вяртаюцца з выраю ў сярэдзіне сакавіка. Сонца яшчэ не паспела растапіць снег. Раніцою і ўвечары кусаецца мароз. А жаўрукі пяюць ужо, вітаюць прыход вясны.

Педагог: Возьмем птушачак з сабою ў наша вясновае царства. Яны вельмі радуюцца вясне, і хочуць парадаваць нас птушынымі спевамі. Паслухаем і мы птушыны канцэрт. (Гучыць запіс галасоў птушак).

Пабеглі ручаінкі,
Растаў увесь сняжок.
Давайце пераскочым
Праз гэты ручаёк.

Педагог: Не забудзьцеся правільна прызямліцца. (Дзеці пераскокваюць праз імітаваны ручай)

Якая вадзіца ў ручайку?(Чыстая, брудная, халодная, празрыстая, сцюдзёная). Прадаўжаем нашу вандроўку. Хто ж нас тут сустракае, ківае сваімі яркімі галоўкамі? (Адказы дзяцей: кветкі).

Можа, вы ведаеце назвы кветачак?

Гэтыя кветкі называюцца першацветы. Вось гэта пралеска, падснежнік, падбел, дзьмухавец. Распускаюцца яны вясной самыя першыя. Усе вельмі яркія, прывабліваюць насякомых. Пагуляем каля кветачак, удыхнём водар.

Праводзіцца ароматэрапія.

Педагог: Станьце ўсе ў кружок і зрабіце ўдых і выдых. Адчуваеце пах? Некалькі разоў удыхаем і выдыхаем. Як добра і хораша ў вясновым царстве! Пагуляем трошкі на праталінцы.

 

Фізкультхвілінка на развіццё слыхавой увагі

Педагог: Я буду называць словы, а вы прысядайце, калі пачуеце “вясновае” слова.

Мароз, сакавік, снегапад, крыгаход, лістапад, завіруха, адліга, санцапёк, капель, красавік, суніца, праталіны, падбярозавік, бярозавы сок, сняжынка, снегавік, пралеска, снягурачка, першацвет, снег, завіруха, васілёк, ураджай, яблык, ручаёк, галалёд, рамонак, лядзяш, агеньчык.

 

Педагог: Усё навокал радуецца вясне, весяліцца ўсе. Як вы думаеце, хто акрамя вас яшчэ радуецца вясне? Чаму? (Адказы дзяцей: насякомыя, жывёлы)

Паслухайце, як піша пра вясну майстар слова. 

Вясна ідзе

Прыгрэла ласкавае веснавое сонейка. Кінула вокам навокал, усміхнулася свету. Адчулі гэта сонечнае цяпло падснежнікі, пралескі, ландышы. Пацягнуліся яны ўверх, да сонейка, прабіваючыся скрозь снежнае покрыва, і распусціліся. Першыя насякомыя – жучкі, мурашкі, матылькі – зразумелі, што пара выбірацца ім са шчылін, і таксама выйшлі пагрэцца. Убачыўшы насякомых, прыляцелі першыя птушкі – гракі, жаўрукі, а за імі – шпакі і ластаўкі. Весела ціўкаюць яны, вітаючы адзін аднаго. Пачуўшы вясну, прачнуўся вожык з вожычыхай. Пачуўшы шум, вылезлі з бярлогі мядзведзь з мядзведзіцай і медзведзянятамі. Пацягнуліся яны, пазяхнулі пасля доўгага сну – амаль паўгода спалі.

Усе сустракаюць вясну. Усе радуюцца вясне.

Педагог: Ці спадабалася вам вандроўка? (Адказы дзяцей).

Паспрабуем скласці аповед пра вясну. (Педагог раздае карткі з графічнымі малюнкамі).

Кожнаму патрэбна скласці сказ пра вясну, ужываючы слова, якое абазначана на малюнку.

Адказы дзяцей.

1. Пачынае раставаць снег.
2. Па небе плывуць лёгкія воблакі.
3. Свеціць яркае сонейка.
4. На дрэвах распускаюцца маленькія пупышкі.
5. З’яўляюцца першыя маладыя лісцікі.
6. Звініць песня ледзяша.
7. Бягуць гаманлівыя ручайкі.
8. З цёплых краін вяртаюцца пералётныя птушкі.
9. Пачынае зелянець траўка.
10. Прачынаюцца матылькі і другія насякомыя.
11. Зацвітаюць першыя кветкі.
12. Усе радуюцца вясне!

Педагог: Я вельмі рада, што ў вас усё атрымалася.

 

Рэфлексія

Педагог: А цяпер складзём аповед па графічнай схеме (Адказы дзяцей: індывідуальна). Намалюйце, калі ласка, тое, што вы запомнілі, што спадабалася на занятку, што нагадвае пра вясну. А маляваць мы будзем чароўнымі алоўкамі. Чароўныя алоўкі – гэта нашы пальчыкі.

Дзеці малююць на сыпучым матэрыяле (манка).

Ці застаўся ў вас добры настрой?

Хачу падзякаваць вам за працу, усе стараліся. Мне было прыемна працаваць разам. На памяць пра нашу сустрэчу дару вам маленькія сонейкі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий