Вольга ПАШКЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 9 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– працягваць фарміраваць уяўленні дзяцей пра вобраз малой радзімы, пра славутасці роднага горада;
– развіваць пазнавальную актыўнасць дзяцей;
– выхоўваць любоў да роднага горада і гонар за яго.
Абсталяванне: касцюмы Блакітнай, Жоўтай, Зялёнай, Чырвонай, Белай Фарбы для дзяцей, Мастака – для дарослага, аўдыязапісы музыкі, павільёны ганчарных, саламяных, драўляных вырабаў (для сцэнкі), выстава малюнкаў і фотаздымкаў “Мой родны горад” (у зале), кветка валошкі.
Ход забавы
Гучыць песня “Мой родны кут” (сл. Я.Колас, муз. І.Лучанка)
Уваходзіць вядучы.
Вядучы:
На карце вялікага свету
Яна, як кляновы лісток,
Песня гарачага лета,
Крынічнай вады глыток.
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла: Беларусь!
(Ю.Свірка “Твая Беларусь”)
1-е дзіця.
Што такое Радзіма?
Радзіма – гэта шчасце,
Радзіма – гэта рай.
Радзіма – гэта песні,
Што льюцца з краю ў край.
2-е дзіця.
Радзіма – гэта сонца, зямля, у зіхценні рос.
І любім мы Радзіму, яна – наш светлы лёс.
3-е дзіця.
Мая Радзіма – горад мой,
Раскінуўшыся над ракой,
Дзіцячы сад, куды хаджу, сябры, сяброўкі, з кім дружу,
Сям’я і дом, дзе я жыву,
Усе Радзімай я заву.
Танец “Родны мой горад” (муз. В.Раінчыка, сл. У.Някляева)
Вядучы. Я прапаную ўсім прысутным наш горад намаляваць.
Палітру з фарбамі трымайце,
Мастака-чараўніка сустракайце.
У залу ўваходзіць Мастак-чараўнік.
Мастак.
Добры дзень, мае даражэнькія.
Будзем сёння чараваць, будзем горад маляваць.
Глядзіце – палітра мая ажывае,
Яскравымі фарбамі ўсіх нас вітае.
Выбягаюць дзеці, пераапранутыя ў фарбы, і танцуюць.
Мастак.
Ёсць у мяне фарбы, есць і карандаш –
Намалюю горад я цудоўны наш.
Ваўкавыск я намалюю слаўны,
Цэркаўку Нікольскую, Шведскую гару.
Фабрыкі, заводы, школы і сады,
і на клумбах кветак яркія рады.
Галубоў у ззянні сонечных ніцей,
А вакол прыгожых, радасных дзяцей.
Расцвіце карціна дзіўная мая,
Вось як Ваўкавыск намалюю я.
Мастак.
Блакітную Фарбу вітаем,
на бераг ракі Ваўкавыі вас запрашаем.
Блакітная фарба.
Над вадой ля берага ціха спіць асока,
Ды лаза зялёная жаліцца-шуміць,
Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, –
І усё навокала сном адвечным спіць.
Мастак. (звяртаецца да дзяцей)
Прапаную вам адгадаць загадкі.
Што бяжыць без повада? (вада)
Што бяжыць без ног? (вада)
Каляровае карамысла цераз рэчку павісла. (вясёлка).
Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб’е, той сваю кроў пралье. (камар.)
Мастак. Малайцы, адгадалі загадкі.
Чырвоную Фарбу прывёў я сюды,
Каб нашыя дзеці жылі без вайны.
Чырвоная Фарба.
Над брацкай магілай дрэвы шумяць
І хочуць, здаецца, яны нам сказаць
Што спяць тут Айчыны дачкі і сыны,
Якія дамоў не вярнуліся з поля вайны.
Сюды пажылыя і дзеці ідуць
І кветкі жывыя героям нясуць.
Мастак.
Мы Жоўтую Фарбу сюды запрашаем
Бо яснага сонейка колер вітаем.
Што свеціць яскрава да нас у аконца,
Хай мірным на небе заўжды будзе сонца.
Жоўтая Фарба.
Баграціёна, Жолудзева, Панковай….
Новыя раёны, вуліцы, масты,
Тут усюды поўна сонца і вясны,
Велічы ўрачыстай, яркай навізны.
Радуецца сэрца, усе кругом цвіце,
Горад мой любімы на вачах расце.
Песня “Ваўкавыск – слаўны гарадок” (сл. С.Бандарэнка, муз. М.Буя)
Мастак. Запрашаю бацькоў расказаць, які наш горад (бацькі перадаюць кветку валошкі і называюць, які наш горад – чысты, прыгожы, утульны і г.д.).
Мастак. Мы Белую Фарбу з вамі чакаем…
Белая Фарба. А я на кірмаш вас усіх запрашаю.
Сцэнка “На кірмашы”
За дзвярыма чуецца: “Тпру! Прыехалі!”
Гучыць беларуская народная мелодыя “Лявоніха”, уваходзіць Баба і Дзед.
Баба. Ледзь паспелі на кірмаш з-за тваёй кабылы! Усе бакі адбіла!
Дзед. Любачка мая, не сварыся! Давай што-небудзь купім!…
Баба. Грошай няма! Спачатку трэба рагулю прадаць. Дзе ты яе пакінуў? Вядзі сюды! Вунь колькі пакупнікоў! (Паказвае на дзяцей). Дзед вядзе карову.
Дзед. (Звяртаецца да дзяцей) Сябры, купіць рагулю не жадаеце? Другой такой няма, прадаём, як дарма!
Баба. Паглядзіце, якая ў яе паходка – плыве, нібы лодка (карова ходзіць).
Дзед. Эй, шаноўныя! Кашалькі адчыняйце, сваім гаспадыням рагулю купляйце. Ну, хто пачне торг? Устроім аўкцыён! (Бацькі называюць цану, карова круціцца).
Вядучы. Чакайце, можа мы за рагулю старгуемся?
Дзед. А колькі дасце?
Вядучы. Грошай у нас няма. Можа, прыпеўкамі возьмеце?
Дзеці выконваюць беларускія прыпеўкі
(прапануецца бацькам дзяцей выканаць прыпеўкі)
Дзед. Ну, развесялілі вы нас. Добра, бярыце рагулю. Гадуйце яе, добра карміце.
Вядучы забірае карову і ўводзіць яе.
Белая Фарба. А раз мы на кірмашы, дык будзем яшчэ нешта купляць. Давайце купляць гарлачыкі.
Беларуская народная гульня “Гарлачык”
Мастак. Зялёную Фарбу клічу сюды, хай маці прырода квітнее заўжды.
Выходзяць унук, унучка і бабуля.
Унук.
Учора з бабуляй па парку гулялі,
Нам песні птушкі там спявалі,
Лістамі дрэвы штось шапталі.
Унучка.
А я на каруселі як села,
ніяк злазіць не хацела.
І крычу бабулі: “Брава!
Хадзіць сюды заўжды цікава”.
Зялёная Фарба. Усіх дзяцей мы захацелі пракаціць на каруселі.
Каруселі (гульня-танец)
Мастак.
Ваўкавыск наш слаўны горад,
Вельмі светлы з даўніх год,
Ты мой дом, мая старонка,
Ад душы табе паклон.
Вядучы. Дзякуй, вам, дарагія госці, дзеці за ўвагу і ўдзел у свяце. Жадаем поспехаў, дабрабыту, плёну ў жыцці і працы, сардэчнасці ў адносінах. Шануйце сваю краіну, свой родны кут, свой горад!