Алена СІВІЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій (ІКТ) на ўроках – гэта крок да сучаснай мадэлі ўзаемадзеяння з вучнямі, што выклікае ў іх пазітыўныя эмоцыі, пазнавальны інтарэс. Гэтыя тэхналогіі спрыяюць развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, павышаюць матывацыю. Мэтазгоднае выкарыстанне ІКТ робіць урок больш займальным і эфектыўным. Вучні на такіх уроках забываюцца пра існаванне сумных і складаных заданняў, яны зацікаўлены гульнямі, дзе могуць атрымаць высокую адзнаку.
Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі не толькі вырашаюць праблему матывацыі навучэнцаў, але і з’яўляюцца эфектыўным інструментам для актывізацыі і замацавання ведаў па пройдзеным матэрыяле. Адзін з прыкладаў выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій – платформа Kahoot, якая дапамагае выкарыстоўваць электронныя рэсурсы для дыягностыкі ведаў вучняў на ўроках беларускай літаратуры ў займальнай форме.
Гэта праграма распрацавана для стварэння віктарын, дыдактычных гульняў і тэстаў. Вучні могуць адказваць на распрацаваныя настаўнікам тэсты з планшэтнікаў, ноўтбукаў, смартфонаў. Гэта значыць, з любой прылады, якая мае доступ да інтэрнэту. Акрамя таго, што вучням патрэбны толькі тэлефон, ёсць яшчэ некалькі плюсоў выкарыстання гэтай платформы:
– колькасць удзельнікаў не абмежавана, прычым, выконваць заданні можна як паасобку, так і ў камандзе;
– у заданні можна ўключаць фота і відэа;
– тэмп выканання заданняў можна выбраць самастойна;
– простае стварэнне тэстаў на платформе;
– простая рэгістрацыя вучняў;
– удзельнікі бачаць табліцу лідараў пасля кожнага пытання;
– заўсёды ёсць пераможца;
– ёсць магчымасць праглядзець статыстыку па кожным удзельніку (імя, колькасць балаў, працэнт правільных адказаў, захаваны адказы ўдзельніка).
Я выкарыстоўваю Kahoot для праверкі дамашняга задання або для замацавання набытых ведаў на ўроках беларускай літаратуры ў 5-м класе. Праводзяцца віктарыны для вучняў па змесце казак, легендаў, прыказак, апавяданняў. Напрыклад, літаратурная гульня “Залаты птах” складаецца з 12 пытанняў, а яе праходжанне ў дзяцей займае каля 8 хвілін.
Выкарыстанне складзеных мною літаратурных анлайн-віктарын магчыма пры дапамозе QR-кодаў.
Чарадзейная казка “Залаты птах”. Віктарына для 5-га класа
Народная легенда “Пестунь”. Віктарына для 5-га класа
Анатоль Кудравец, “Цітаўкі”. Віктарына для 5-га класа
Такім чынам, выкарыстанне ІКТ у выкладанні з’яўляецца адным з найважнейшых аспектаў удасканалення навучальнага працэсу. Анлайн-сэрвіс Kahoot спрыяе ўзмацненню матывацыі і цікавасці навучэнцаў да вывучаемага прадмета, істотна палягчае працэс выкладання для настаўніка, дастаўляе радасць ад працэсу навучання.