Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне на ўроках роднай мовы і літаратуры

- 9:54БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Выкарыстанне на розных этапах урока згодна з пастаўленымі мэтай і задачамі іскрынак, якія звязваюць вучэбны матэрыял з тэкстамі, малюнкамі, ілюстрацыямі, фотаздымкамі, мультымедыя пра родную зямлю і яе людзей.

Валянціна КУЛІСЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Канюхоўская сярэдняя школа”
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне – адзін з галоўных кірункаў у працэсе фарміравання асобы школьніка. Урокі беларускай мовы і літаратуры маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял.

Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне пачынаецца з выхавання любові да роднага куточка – радзімы, дзе праходзіць маленства. На розных этапах урока згодна з пастаўленымі мэтай і задачамі выкарыстоўваю іскрынкі, якія звязваюць вучэбны матэрыял з тэкстамі, малюнкамі, ілюстрацыямі, фотаздымкамі, мультымедыя пра родную зямлю і яе людзей. Такія заданні заўсёды вызываюць цікавасць у вучняў, актывізуюць іх пазнавальную дзейнасць.

Стварэнню спрыяльнага мікраклімату ў пачатку ўрока і цікавасці садзейнічаюць вершы пра Бераставіччыну, напісаныя як вядомымі аўтарамі, так і вучнямі, выпускнікамі школы. Асабліва моцнае ўражанне ў навучэнцаў, калі вершы суправаджаюцца відэа з аўтарскім выкананнем.

На ўроках беларускай мовы ўрыўкі з вершаў можна выкарыстаць у якасці эпіграфа, на этапе вывучэння новай тэмы або для адпрацоўкі ведаў па тэме.

Да ўрокаў падбіраю практычны матэрыял, аб’яднаны адной тэмай – “Мая маленькая радзіма”. Дзеці вучацца не толькі знаходзіць дзейнік і выказнік, ставіць пытанні да даданых членаў, будаваць сказы, але і берагчы сваю малую радзіму: рачулку Свіслач, бор, птушак.

На аснове тэкстаў вучу дзяцей памятаць месца, дзе яны нарадзіліся, дзе жывуць іх бацькі. Для гэтага часта прапаную ўрыўкі з гістарычных і біяграфічных нарысаў кнігі “Памяць. Бераставіцкі раён”.

Паступова вучні прыходзяць да высновы, што ў кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, і куды б ні закінуў лёс, трэба заўсёды вяртацца сюды.

Дамашнім заданнем можа быць творчая работа – сачыненне “О край мой родны!”

 

Вялікае выхаваўчае значэнне на ўроку маюць прыказкі і прымаўкі.

Прапануецца вучням аб’яднаць часткі прыказак:

1. Радзіма – матка, …

а) …як у раі.

2. У сваім краі…

б) …сваё гняздо міла.

3. Усякай птушцы…

в) …а дома лепей.

4. Усюды добра, …

г) …і камар загіне.

5. На чужыне…

д) чужына – мачыха.

 

Стараюся ствараць умовы для выхавання грамадзяніна, які ведае, што такое Радзіма, адчувае сваю адказнасць за мову, на якой гаворыць, клапоціцца пра інтарэсы Бацькаўшчыны, шануе працу.

Наогул, для фарміравання патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі вучняў багаты матэрыял даюць і самі падручнікі. Настаўніку варта толькі ўдала данесці вывучаемы матэрыял, засяродзіць увагу вучняў, абудзіць цікавасць.

 

Фізкультмінуткі таксама могуць мець вялікі выхаваўчы патэнцыял. Вучням прапануецца з воблака слоў пра Айчыну выбраць тыя словы, якія рыфмуюцца:

Край – рай, народ – род, Мінск – сталіца – Бераставіца, патрыёт – народ, беражы – служы, мова – слова, Айчына – сцяжына.

Даецца магчымасць вучням і самім прыдумаць тэкст для фізкультмінуткі, напрыклад, пра Бацькаўшчыну:

У Беларусі я жыву,
Беларусь сваю – люблю, (паказваюць сэрца далонямі)
Я, ты, ён, яна – (паварочваюцца да суседзяў злева і справа)
Гэта наша Бацькаўшчына!

На ўроках разам з вучнямі часта адпраўляемся ў завочныя падарожжы па знаёмых з дзяцінства мясцінах. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца тэксты, малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі, мультымедыя.

Завочнае падарожжа па экалагічнай сцежцы заказніка “Гарадзенская Свіслач” дае не толькі багаты матэрыял для пабудовы сказаў, тэкстаў па вывучаемай тэме, але і магчымасць яшчэ раз прыгледзецца да абрысаў роднай зямлі.

 

Падчас рэфлексіі можна прапанаваць вучням скласці сінквейн пра мову:

Мова.
Якая?_____, _____.
Што робіць?____, ____, ____.
Фраза _____.
Што? _____.

Мова.
Мілагучная, жаўруковая.
Жыве, гучыць, свеціцца.
Шануйце родную мову!
Будучыня.

 

Урок – невычэрпная крыніца маральнага ўздзеяння на выхаванне патрыятычных пачуццяў юнага грамадзяніна. Праз канкрэтныя творы, гістарычныя факты, сродкамі мастацкага слова, праз мастацкія вобразы, карціны мінулага і сучаснага, аўтарскія погляды і перакананні вырашаецца на практыцы гэтая найважнейшая праблема.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий