Віктарына ўключае пытанні, якія тычацца гісторыі, літаратуры, а таксама народных традыцый беларусаў. Задачай мерапрыемства аўтар распрацоўкі ставіць максімальна наблізіць вучняў да працэсу самастойнага атрымання новай інфармацыі.
Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Лунінца»,
Брэсцкая вобласць
Мэты мерапрыемства:
– пазнаёміць вучняў з беларускай гісторыяй і літаратурай;
– навучыць працаваць у камандзе, параўноўваць, аналізаваць;
– выхоўваць любоў да роднай мовы, літаратуры і гісторыі.
Задачы мерапрыемства: імкнуцца максімальна наблізіць вучняў да працэсу самастойнага атрымання новай інфармацыі.
Тып мерапрыемства: віктарына.
Эпіграф: “У каго павернецца язык папракнуць людзей на сваёй зямлі, што яна была для іх і пачаткам лёсу, і працягам, і канцом?” (А.Жук, “Сны пра маму”)
Ход мерапрыемства
І тур. Загадкавая чорная скрыня
Выконваюць адначасова ўсе каманды, бланкі адказаў (Бланкі адказаў для кожнага тура размешчаны ў дадатку) здаюцца журы на праверку. Ацэньванне па завяршэнні працы, аднак не пазней, чым праз 2 хвіліны.
Ацэньванне: па 1 бале за правільны адказ.
Адгадайце загадкі (адгадкі ў чорнай скрыні)
1. Маленькі сабачка, на носе балячка. (Запалка)
2. Чорны парсючок два хвосцікі мае. (Лапаць)
3. Жыў-быў капітан, сем душ пракармляў. Прыйшлося яму ўміраць, ніхто не бярэцца хаваць. Выкінулі за вугал, і сабакі не ядуць. (Гаршчок)
4. Што гэта за чараўнік, што з аднаго чалавека двух робіць? (Люстэрка)
5. Удзень, як абруч, уночы, як вуж; хто гэту загадку адгадае, той будзе мой муж. (Пояс або папружка)
6. Не разыначка я – мяне ж усе смакуюць, не дзяўчыначка я – мяне ж усе цалуюць. (Лыжка)
ІІ тур. Смачны тур
Выконваецца тур цалкам. Бланкі адказаў здаюцца адначасова на праверку і ацэньванне журы ў канцы тура.
1 «Знакавае заданне»
Ацэньванне: Адказ “так” – 1 бал + 2 балы за дакладнае тлумачэнне.
Час выканання: 2 хвіліны.
Ці можна было з’есці тое, што нашы продкі вельмі часта абазначалі вось такімі знакамі? Растлумачце свой адказ
Адказ: Знак хлеба. Яшчэ такім сімвалам абазначалі Сонца і Ярылу.
2 «Аўтар стравы”
Ацэньванне: Правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
Больш за 250 гадоў таму кухар караля Рэчы Паспалітай прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы. Яе рэзалі на кавалкі, палівалі соусам і елі лыжкай. Новая страва атрымала назву ў гонар свайго вынаходніка. Беларусы часцей ядуць яе з блінамі (мачаюць) і таму называюць мачанкай. Якое ж прозвішча меў кухар караля Рэчы Паспалітай?
Адказ: Верашчака.
3 “Дзіўная бабка”
Ацэньванне: Правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
У адным вершаваным творы чытаем:
… на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
І парам дыхае пад столь…
Пра што вядзецца гаворка?
Адказ: Пра страву з дранай бульбы.
4 “Традыцыйная страва”
Ацэньванне: Правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
Бульба, як вядома, у беларусаў лічыцца другім хлебам. У.Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі” сцвярджае, што беларусы ведаюць многа страў з бульбы, і ўказвае прыблізную колькасць. Якая ж лічба называецца беларускім пісьменнікам?
Адказ: Тысяча.
5 “За сталом”
Ацэньванне: 1 бал за кожную страву.
Час выканання: 2 хвіліны.
Уважліва паслухайце ўрывак з рамана ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”. Пытанне будзе зададзена пасля прачытання!
Вось ты ў гасцях – і нават слоўца
Табе сказаць няма калі:
Вяндлінка з водарам ядлоўца
Мяцеш – зараз па два скрылі!
А побач – зірк! – як цуд, як казка –
З каляндрай, з перцам, з часнаком –
Ляжыць вясковая каўбаска,
Таксама ўвітая дымком!
К таму ж падсохла на гарышчы –
Дык толькі плеўка шапаціць!
У мэнт кальцо з паўметра знішчыў –
Адно раз’ятрыў апетыт!
Калі ж дапаў да вантрабянкі –
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш – а ўжо кіндзюк крывянкі
На блюда выклалі з гаршка!
Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
І ў паясніцы, – а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
І парай дыхае пад столь:
З бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць… –
І так жа ўслед пайшла на змену –
Хоць замычы – каб не маўчаць!
“Усё! – сказаў. – На гэтым дзякуй!”
А на абрус – нясуць бліны
І к ім – мачанку-верашчаку
З наборам рэбрачак свіных!
Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:
“Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?”
І неўпрыкмет на два-тры вочкі
Паслабіў пас на жываце…
Ужо не здыхацца! Падпёрла –
Няйначай крушня камянёў!..
А перад носам … ставяць цёрла
Гарачых тлустых калдуноў!
Калдун!.. Духмяны, самавіты.
У масле ўсмяглы, а паўзверх –
Смятанкай свежаю паліты!..
Ну, што? Ізноў глядзіш, як звер?
І адчуваеш, адчуваеш:
Няхай хоць згэтуль у труну –
А не зганьбуеш, не стрываеш –
Дасі прытул і калдуну!
Заданне: Узгадайце ўсе стравы, што апісаў Ніл Гілевіч.
Адказ: 11 страў (вяндлінка, каўбаска, вантрабянка, крывянка, бабка, бульба, бліны, мачанка-верашчака, свіныя рэбрачкі, калдуны, смятанка).
6 “Смачна есці”
Ацэньванне: За кожны правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 2 хвіліны.
На экране – назвы беларускіх страў і словы-самазванцы. Падкрэсліце тое, што вы прапанавалі б з’есці сваім гасцям.
Жур, мачанка, конаўка, хрусты, пячурка, мянташка, ламанцы, локшыны, мачыльня, наліснікі, лядоўня, панцак, жырандоль, жвір, узвар, збіцень, палукашак.
Адказ: 9 страў (жур, збіцень, ламанцы, локшыны, мачанка, наліснікі, панцак, узвар, хрусты).
Для даведак:
Жвір – буйназярністы жоўты пясок;
Жур – негусты аўсяны кісель;
Жырандоль – фігурны падсвечнік для некалькіх свечак;
Збіцень – гарачае пітво з мёдам і спецыямі;
Конаўка – металічная пасудзіна з ручкай для піцця вады;
Ламанцы – даўняя мучная страва;
Локшыны – самаробныя макароны;
Лядоўня – склеп з лёдам для захоўвання прадуктаў;
Мачанка – страва з сала, мяса і каўбасы, падкалочаная мукой;
Мачыльня – месца, дзе мочаць лён;
Мянташка – наждачная лапатка, якой востраць касу;
Наліснікі – вельмі тонкія бліны з пшанічнай мукі;
Палукашак – плецены кораб;
Панцак – суп з яечных круп;
Пячурка – невялікая ніша ў сцяне печы;
Узвар – адвар з ягад, траў;
Хрусты – мучны выраб з мукі, малака, яек, масла, цукру.
ІІІ тур. Гістарычны
Выкананне: Выконваюць усе каманды адначасова, акрамя першага этапу. Бланк адказаў здаецца журы ў канца тура на праверку і ацэньванне.
1 “Сем падказак”
Выкананне: Кожная каманда перад конкурсам выбірае сабе нумар асобы. Калі адказ няправільны або не зроблены, магчымасць адказаць атрымліваюць каманды-саперніцы на правах першынства. У бланк адказаў выніковы бал заносіцца вядучым або памочнікам.
Ацэньванне: Хто адгадае асобу з першай падказкі, атрымлівае 7 балаў, з другой – 6 балаў і г.д.
Час выканання: па меры з’яўлення падказак.
Першая асоба (Кірыла Тураўскі)
1. Жыў у ХІІ стагоддзі.
2. Сын багатых бацькоў.
3. Быў манахам і займаўся літаратурнай дзейнасцю.
4. Праведнае жыццё зрабіла яго настолькі паважаным і вядомым, што людзі папрасілі яго стаць епіскапам.
5. Быў цудоўным прамоўцам.
6. Нашы продкі называлі яго Залатавустам.
7. Нарадзіўся ў Тураве.
Другая асоба (Рагнеда)
1. Полацкая князёўна надзвычайнай прыгажосці.
2. Яе бацька – першы вядомы нам полацкі князь.
3. На схіле дзён пайшла ў манастыр.
4. Яе другое імя – Гарыслава.
5. Праз яе сына Ізяслава была адноўлена дынастыя полацкіх князёў.
6. Яе праўнук – Усяслаў Чарадзей.
7. Князь Уладзімір ажаніўся з ёю без згоды дзяўчыны, пасля таго, як захапіў Полацк і забіў яе бацькоў і братоў.
Трэцяя асоба (Васіль Быкаў)
1. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года.
2. Вельмі любіў сваю маці і слухаў яе, нават калі быў дарослы.
3. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.
4. Амаль усе яго творы прысвечаны ваенным падзеям.
5. Апошнія гады жыцця знаходзіўся ў апазіцыі.
6. Памёр у Бараўлянах 22 чэрвеня 2003 года.
7. На яго два разы з фронту прыходзіў пахавальны ліст.
2 “Магнацкі капрыз”
Ацэньванне: За правільны і дакладны адказ – да 2 балаў.
Час выканання: 1 хвіліна.
Усе вы чулі пра род беларускіх магнатаў Радзівілаў. Гэта былі вельмі магутныя ўладары. Як і ва ўсіх багатых і магутных, у іх былі свае дзівацтвы. Аднаму з іх аднойчы захацелася праехацца на санях. Але на дварэ стаяла лета. Што зрабіў гэты багаты чалавек, каб задаволіць сваю прыхамаць?
Адказ: Засыпаў дарогу соллю. На той час гэта было вельмі дарагой забавай, бо соль каштавала немалых грошай.
3 “Княскае выратаванне”
Ацэньванне: За правільны і дакладна адказ – да 2 балаў.
Час выканання: 1 хвіліна.
Аднойчы Ягайла зняволіў Вітаўта ў Крэўскім замку і загадаў моцна сцерагчы. Аднак Вітаўт уцёк. Яму дапамагла яго жонка Ганна, якая кожны вечар прыходзіла да мужа з прыслугай. Якім чынам Вітаўту ўдалося збегчы з палону?
Адказ: Вітаўт пераапрануўся ў адзенне прыслугі, а тая засталася замест яго ў крэпасці.
Музычная хвілінка
ІV тур. Літаратурны
Выкананне: Выконваюць усе каманды адначасова, акрамя першага этапу. Бланк адказаў здаецца журы ў канца тура на праверку і ацэньванне.
1 “Вершаванае свята”
Ацэньванне: За кожны правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
Прыйшла вялікая субота,
Даўно прыпынена работа,
І ўжо пад вечар сама хата
Была прылучана да свята.
Мужчыны загадзя пабрылісь,
Вадою цёплаю памылісь.
Бо трэба ж ім было сабрацца
Паехаць ў цэркву спавядацца.
а) Пазнайце па ўрыўку мастацкі твор і назавіце яго аўтара. (Я.Колас.”Новая зямля”)
б) Пра якое свята вядзецца гаворка ў прыведзеным урыўку? (Вялікдзень)
в) Які сімвал гэтага свята? (Чырвонае яйка – сімвал адраджэння жыцця)
2 “Свята-псеўданім”
Ацэньванне: За кожны правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
Якое народнае свята стала асновай псеўданіма вядомага беларускага пісьменніка? (а) Купалле, б) Янка Купала)
3 “Смелы зімоўшчык”
Ацэньванне: За кожны правільны адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
У адным з вершаў Артура Вольскага “Зіма” з гордасцю расказвае, што ўсё-ўсё на свеце яна пафарбавала ў белы колер. “Толькі гіль, зімоўшчык смелы, у адказ: “А я не белы”. А які ён? Патлумачце свой адказ. (а) Ружовы або чырвоны, б) Гіль – снягір)
4 “Фальклорны эксперымент”
Выкананне: каманда павінна альбо напісаць дакладны працяг, альбо зрабіць свой уласны варыянт.
Ацэньванне: За дакладны працяг – 6 балаў, за свой варыянт – да 4 балаў (журы ацэньвае эстэтычнасць, блізкасць да народнага варыянту, арыгінальнасць рыфмы).
Час выканання: 3 хвіліны.
Дапішыце прыпеўкі па дадзеных пачатках.
а) Мне не трэба пуд мукі,
Мне не трэба сіта…
(Мяне мілы пацалуе –
Цэлы тыдзень сыта.)
б) Што за я, што за я,
Што за маладзіца…
(Шыла міламу штаны –
Выйшла рукавіца.)
в) А ў майго мілёначка
Худа кабылёначка…
(Не даехаў да гары:
Кабылу з’елі камары.)
V тур. Фантастычны
Выкананне: выконваецца тур цалкам. Бланкі адказаў здаюцца адначасова на праверку і ацэньванне журы ў канцы тура.
Ян Баршчэўскі пакінуў нам у спадчыну кнігу “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Як вы ведаеце фантастычную Беларусь, пакажа нам наступны тур нашага конкурсу.
1 “Усё ў вашых руках”
Ацэньванне: За правільны адказ – 2 балы.
Час выканання: 1 хвіліна.
Здагадайцеся, пра якога духа вядзецца размова.
Трэба пеўня, які заспявае на трэці дзень пасля пасля выхаду з яйка, трымаць сем гадоў. За гэты час ён знясе зносак (маленькае яечка велічынёй з галубінае), які трэба зашыць у мяшэчак і насіць яго пад левай пахай шэсць месяцаў. Праз гэты тэрмін з яго вылупіцца змеяня, якое, уласна кажучы, і ёсць… (Дамавік)
2 “Сустрэча з цінай”
Ацэньванне: За правільны і дакладны адказ – да 3 балаў.
Час выканання: 1 хвіліна.
Што можа здарыцца, калі вы знойдзеце тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, і ўкінеце яго ў ваду?
Адказ: Вы можаце гэтым самым ажывіць Вадзяніка, а ён вам будзе дапамагаць у далейшым ніколі не ўтапіцца.
3 “Што за прыгажуня?”
Ацэньванне: За адказ – 1 бал.
Час выканання: 1 хвіліна.
Каго з міфічных, фантастычных істот называлі Югой (Юга)? (Бабу Ягу)
4 “Загадкавая прыгажуня”
Ацэньванне: За правільны адказ – 2 балы.
Час выканання: 1 хвіліна.
Пра каго фалькларыст М.Федароўскі запісаў наступнае:
“Як толькі яна ўхопіць неасцярожнага смельчака ў свае абдымкі, то ўжо не выпускае яго дагэтуль, пакуль не заказыча насмерць. Народ уяўляе яе як сапраўдную дзяўчыну, бледную, з распушчанымі валасамі… Апроч таго, гэта таямнічая істота павінна мець на сабе залацістае адзенне, ад якога сыходзіць такі бляск, што яго ніводнае чалавечае вока не можа вытрымаць.”? (Русалка)
5 “Слова продкаў”
Ацэньванне: За адказ “так” – 1 бал, за абгрунтаванне – да 3 балаў.
Час выканання: 1 хвіліна.
З “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”: Мара – 1. Тое, што створана ўяўленнем, фантазіяй. Прыгожыя мары. 2. Прадмет жаданняў, імкненняў. Мара ўсяго жыцця.
Ці выкарыстоўвалі нашы продкі гэтае слова з якім-небудзь іншым значэннем? Свой адказ абгрунтуйце.
(Е.Р.Раманаў. “Беларускі зборнік, 1912: “Мара – нейкая вялізная жахлівая істота на кароткіх лапах, абавязкова чорная, якую дзеці вельмі баяцца. Калі Мара рухаецца, ад яе зыходзяць металічныя гукі, як аддаленыя ўдары ў чыгунны кацёл…”)
(М.Багдановіч. Верш “Зімой”: “Як мары, белыя бярозы пад сінявой начной стаяць…”, дзе мары – здані, прывіды)
VІ Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў