Інтэграваны занятак па адукацыйных галінах “Мастацкая літаратура” і “Дзіця і грамадства” для дзяцей старшай групы (ад 5 да 7 гадоў).
Марына БАСАЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Гезгалаўскі дзіцячы сад” Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма: Завучванне верша Артура Вольскага “Радзіма”
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменне выразна выконваць паэтычны твор, перадаваць сваё стаўленне да яго зместу;
– замацоўваць уяўленні пра дзяржаўныя (герб, гімн і сцяг) і прыродныя (сасна, зубр, бусел, кветкі лёну, канюшыны, васілька) сімвалы Беларусі;
– развіваць цікавасць да твораў мастацкай літаратуры і фальклору, уменне ўспрымаць іх змест;
– выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы.
Матэрыял і абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, гульнявое поле з карцінкамі дзяржаўных і прыродных сімвалаў (кросенс); партрэт Артура Вольскага, мнематабліца да верша Артура Вольскага “Радзіма”; сардэчкі для гульні “Я люблю сваю краіну, бо…”, карцінкі для гульні “Складзі герб і сцяг”.
Ход занятку
Гучыць мелодыя песні “Мой родны кут”.
Выхавальнік: Дзеці, сёння выдатны дзень! Давайце падзелімся добрым настроем і павітаем адно аднаго.
Добрае ранне сонцу і птушкам,
Добрае ранне сынкам і дачушкам!
Добрае ранне ўсім добрым людзям.
Шчыра вітацца мы ўсе не забудзем!
Выхавальнік: Няхай ва ўсіх будзе цудоўны сонечны настрой!
Дзеці, сёння раніцай мне на электронную пошту прыйшло відэапаведамленне. Давайце яго паглядзім.
Відэпаведамленне на мультымедыйным экране (на рускай мове).
– Здравствуйте, ребята! Меня зовут Артём. Мне 6 лет. Я живу в России, в городе Санкт-петербург. Летом я с мамой и бабушкой собираемся приехать в Беларусь. Мне очень хочется больше узнать о вашей стране: символике, природе, знаменитых людях. С нетерпением буду ждать вашего ответа!
Выхавальнік: Дзеці, вы згодныя дапамагчы Арцёму, расказаць яму пра нашу Радзіму? (Адказы дзяцей). Але як жа мы адправім наш аповед хлопчыку ў Расію? (Прыкладныя адказы дзяцей: мы можам намаляваць малюнак пра Беларусь і адправіць паштоўкай; адправіць SMS-паведамленне ці відэапаведамленне з дапамогай мабільнага тэлефона і г.д.). Так, мы з вамі запішам відэапаведамленне з дапамогай мабільнага тэлефона, а потым адправім па электроннай пошце.
Выхавальнік: Дзеці, адкажыце, калі ласка, як называецца наша краіна? Як завуць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь? Хто такі Прэзідэнт? (Гэта самы галоўны чалавек у краіне, які кіруе краінай, абараняе яе, клапоціцца пра народ). Колькі абласцей у нашай краіне? А мы з вамі ў якой вобласці жывём? Якія яшчэ гарады Беларусі вы ведаеце? А хто мне назаве беларускіх асветнікаў? Чым праславілася Еўфрасіння Полацкая? (Перапісвала кнігі, дапамагала бедным людзям, адкрывала школы, бібліятэкі, вучыла дзяцей, арганізоўвала будаўніцтва храмаў). А чым вядомы Францыск Скарына? (Ён першы надрукаваў кнігу на беларускай мове).
Выхавальнік: Дзеці, я прапаную вам разгадаць кросенс. Паглядзіце ўважліва і здагадайцеся, што аб’ядноўвае ўсе гэтыя карцінкі.
У кросенса 6 акенцаў з карцінкамі: сасна, бусел, васілёк, зубр, канюшына, лён, а пасярэдзіне – пытальнік.
Дзеці: Гэта прыродныя сімвалы Рэспублікі Беларусь: расліны і жывёлы, якімі багата наша краіна, і па якіх яе пазнаюць.
Выхавальнік: Раскажыце, калі ласка, пра прыродныя сімвалы.
Бусел – гэта прыгожая птушка, з’яўляецца сімвалам міру і сям’і. Лічылася добрай прыметай, калі буслы звілі гняздо каля хаты. Сасна – сімвал неўміручасці і жыццёвай сілы. Зубар жыве ў Белавежскай пушчы, яны адлюстраваны на сувенірах. Кветкі лёну і канюшыны – гэта сімвал працавітасці нашага народа. Васілёк – гэта ярка-блакітная кветка, лічыцца сімвалам пяшчоты і надзейнасці. Раней дзяўчаты плялі вянкі з васількоў, вышывалі іх на ручніках.
Выхавальнік: А як называюцца гэтыя сімвалы? (Выхавальнік паказвае выявы Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь). Адкажыце мне, калі ласка, як мы павінны паводзіць сябе, калі падымаецца сцяг і гучыць гімн (трэба ўстаць, стаяць моўчкі, хлопчыкам трэба здымаць галаўныя ўборы). Правільна, такім чынам мы праяўляем павагу да сваёй Радзімы. А вось паэты выказваюць свае адносіны да Радзімы праз вершы. Назавіце творы пра Радзіму, якія мы ўжо ведаем. (Э.Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачамі” А.Русак “Мой край”, А.Бадак “Беларусачка”, Пятрусь Броўка “Дарагая Беларусь”, А.Вольскі “Дзеці” і др.). Сёння мы пазнаёмімся з прыгожым вершам паэта Артура Вольскага, які называецца “Радзіма”. Паслухайце ўважліва верш (выхавальнік выразна чытае верш)
Радзіма ў нас бязмежная,
Спякотная і снежная.
Радзіма ў нас цудоўная,
Багаццяў розных поўная.
Радзіма ў нас магутная,
Ва ўсім Сусвеце чутная.
Радзіма ў нас лагодная,
Нібы матуля родная.
А самае галоўнае:
Усе ёй дзеці – роўныя.
(А. Вольскі)
Выхавальнік: Ці спадабаўся вам верш?
Як называецца верш?
Хто напісаў?
А ці ўсе словы вы зразумелі? Выхавальнік тлумачыць дзецям незнаёмыя словы.
З кім параўноўвае паэт нашу Радзіму?
Якімі прыгожымі словамі паэт апісвае нашу Радзіму? Якая яна?
Што самае галоўнае для нашай Радзімы? Як аб гэтым гаворыць паэт?
Малайцы, я бачу што вы ўважліва слухалі верш, і прапаную адпачыць.
Фізкультхвілінка “Роўным кругам”
Роўным кругам, у карагодзе,
Будзем мы сябры хадзіць.
Што (імя дзіцяці) нам пакажа,
Будзем дружна мы рабіць.
Выхавальнік: Дзеці, верш “Радзіма” мы з вамі будзем вучыць на памяць, таму я зараз прачытаю яшчэ раз, а вы ўважліва слухайце і запамінайце. А дапаможа вам вось гэта табліца з малюнкамі.
Паўторнае чытанне верша з апорай на мнематабліцу.
Выхавальнік: Хто запомніў і хоча выразна прачытаць верш на памяць? (2–3 дзіцяці расказваюць верш на памяць. Пасля гэтага жадаючыя расказваюць верш самастойна з дапамогай мнематабліцы). Хто, на ваш погляд, найбольш выразна прачытаў верш? (Адказы дзяцей). Зараз мы зробім відэазапіс, а потым адправім відэапаведамленне хлопчыку ў Расію.
Выхавальнік робіць відэазапіс выразнага чытання верша А.Вольскага “Радзіма”.
Прапаную ўпрыгожыць наш калектыўны малюнак “Мая Радзіма” чырвонымі папяровымі сардэчкамі і прадоўжыць сказ: “Я люблю сваю краіну, бо ….” (Прыкладныя адказы: бо яна прыгожая, магутная, лагодная, багатая, чыстая, міралюбівая і г.д.). Дзеці, як вы лічыце, мы змаглі дапамагчы Арцёму? (Так)
Я спадзяюся, што летам вы абавязкова пасябруеце з хлопчыкам Арцёмам і раскажаце яму шмат цікавага пра нашу Радзіму – Рэспубліку Беларусь.