Беларусь і Я – дыялог міру і стварэння. Першы ўрок у 7-м класе

- 16:20Единый урок, Методичка

Мэта: замацаванне ў свядомасці вучняў ідэй міру і стварэння як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.

Алена ЧАРНАВУС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: замацаванне ў свядомасці вучняў ідэй міру і стварэння як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.

Задачы:

– узнавіць веды вучняў пра паняцце “стварэнне”;
– растлумачыць значэнне паняцця “дыялог міру і стварэння”;
– стварыць умовы для фарміравання ўмення працаваць у групах, прыводзіць аргументы, крытычна мысліць;
– садзейнічаць выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму.

Абсталяванне: тры фотаздымкі з выявамі знакамітых мясцін Беларусі; карткі з надпісамі “Беларусь і Я – дыялог міру і стварэння”, “Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць сапраўдны грамадзянін?”, “дыялог”, “уменне слухаць”, “дамова”, “гардыня”, “варожасць”; фотаздымкі дзяцей; прадметы (цацка “Лесік”, каласкі, васількі, лён, бульба, цацачны трактар, статуэтка зубра); аўдыязапіс песні “Зямля з блакітнымі вачыма”; кросэнс.

 

Ход урока

І Арыенціровачна-матывацыйны этап

Арганізацыйны момант

Дарагія дзеці! Вось і скончылася бесклапотнае лета. Першы школьны званок паклікаў нас на першы ўрок у 2023/2024 навучальным годзе. Віншую вас з яго пачаткам! Жадаю поспехаў, здароўя, цярпення ў пераадоленні яшчэ адной прыступкі лесвічкі ведаў! Спадзяюся на сумесную плённую працу!

Прыём “Дэкадаванне фота”

Увага на экран. Перад вамі тры фотаздымкі. Ахарактарызуйце кожны з іх трыма словамі, не называючы аб’екты, якія бачыце на фота.

Як вы думаеце, пра што сёння пойдзе размова на нашым уроку? (Пра Беларусь.)

Так, мы будзем гаварыць пра Беларусь.

Настаўнік прымацоўвае на дошцы надпіс “БЕЛАРУСЬ”.

Дзеці, напярэдадні нашай сённяшняй сустрэчы я папрасіла вас прынесці свае фотаздымкі і прымацаваць на дошку. Нездарма слова “Беларусь” я размясціла ў цэнтры вашых здымкаў. Як вы звязаны з нашай краінай? (Мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь.)

Сапраўды, усе вы з’яўляецеся грамадзянамі Беларусі, таму Беларусь і кожны з вас – гэта непадзельнае цэлае.

Пастаноўка ключавога пытання

Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць сапраўдны грамадзянін? (Слухаем некалькі адказаў. Настаўнік запісвае на дошцы прыкладныя адказы: ведае сваю мову, сімволіку, ведае гісторыю). На гэта пытанне мы з вамі адкажам напрыканцы нашага ўрока, тэма якога гучыць так: “Беларусь і Я – дыялог міру і стварэння”.

Мэтавызначэнне

Вызначым мэты ўрока. (Настаўнік слухае прапановы і разам з вучнямі фармулюе мэты ўрока). Спадзяюся, што на працягу ўрока вы ўзновіце веды пра паняцце “стварэнне”, зможаце растлумачыць сэнс словазлучэння “дыялог міру і стварэння”, назавяце чатыры якасці сапраўднага грамадзяніна.

 

ІІ Аперацыйна-пазнавальны этап

Давайце ўспомнім, чаму прысвечаны 2023 год у нашай краіне. (Год міру і стварэння.) Сапраўды, 2023 аб’яўлены Годам міру і стварэння. Узновім значэнне паняцця “стварэнне”.

Праца ў групах, прыём “Суаднясі і раскажы”

Прапаную вам некалькі прадметаў: цацка “Лесік”, каласкі, васількі, лён, бульба, цацачны трактар, статуэтка зубра. Выберыце па жаданні групы найбольш цікавы для вас прадмет і раскажыце, чым ён звязаны з нашай краінай і стварэннем. (Праца ў групах, адказы вучняў).

Давайце ўзнавім значэнне слова “стварэнне”. (Гэта сумесная праца грамадзян, накіраваная на стварэнне новага, карыснага для ўсіх.)

Вывад: ад сумеснай працы грамадзян залежыць будучае краіны.

Якая якасць уласціва сапраўднаму грамадзяніну? (Працавітасць, супрацоўніцтва.) Настаўнік запісвае якасці на дошцы пад ключавым пытаннем.

Фізкультхвілінка

А зараз міні-флэшмоб пад песню “Зямля з блакітнымі вачыма”.

Франтальная гутарка

У песні вы пачулі словы: “…краіна міру і дабра”. А што можа парушыць мір? Назавіце, калі ласка, антонім на слова мір (Вайна.)

Больш за 80 год назад неба над нашай краінай палымнела агнём. Вялікая Айчынная вайна знішчыла кожнага чацвёртага. Чаму ў свеце пачынаюцца войны?

Праца ў парах

Складзіце адказ на пытанне “Чаму ў свеце пачынаюцца войны?”, выкарыстаўшы прапанаваныя словы: дыялог, уменне слухаць, дамова, гардыня, варожасць. (Праца ў групах, адказы вучняў).

Вывад: Сапраўды, мір пачынаецца з дыялогу, з умення слухаць адно аднаго і ўступаць, з супакою ў душы кожнага чалавека. Менавіта дыялог міру і стварэння вядзе да супрацоўніцтва паміж людзьмі на карысць і задавальненне бліжняга. Без міру немагчыма стварэнне!

Звернемся да ключавога пытання і дапішам якасці, якія спрыяюць міру.

(Уменне весці дыялог, супакой, разважлівасць, міласэрнасць, прабачэнне.)

Прыём “Кросэнс” 

Вучні чытаюць кросэнс.

Пасля адказу, настаўнік прапаноўвае свой варыянт прачытання:

Дыялог міру і стварэння спрыяе супрацоўніцтву паміж людзьмі. Ад нараджэння чалавек уступае ў дыялог са сваёй краінай і становіцца яе грамадзянінам. Патрыёт сваёй краіны павінен умець весці дыялог, быць моцным, разважлівым, ведаць гісторыю, вырашаць канфлікт мірным шляхам, каб не развязаць вайну. Вайна – гэта смерць і разбурэнне, а жыццё пачынаецца з дыялогу і стварэння новага на карысць усім. Што я магу зрабіць для сваёй краіны сёння?

Дзеці, а што сёння вы можаце зрабіць для сваёй краіны? (Добра вучыцца, дапамагаць бацькам, удзельнічаць у дабрачынных акцыях, вандраваць па Беларусі і г.д.)

 

ІІІ Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

Звернемся да ключавога пытання і адкажам на яго. Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць сапраўдны грамадзянін? (Вучні чытаюць назвы якасцей, замацаваныя на дошцы). Якія тры якасці вам найбольш спадабаліся?

Завяршыць наш урок мне хацелася вершам Алены Котавай “Сцяжынак многа ў жыцці”. (Настаўнік чытае верш, на фоне гучыць спакойная музыка).

Сцяжынак многа ў жыцці, але ва ўсіх адна дарога:
Ці беларус, ці немец ты – усім пасля стаяць прад Богам.
Ён не спытае, кім ты быў: спяваў, пісаў ці сеяў поле.
Адно спытае, як ты жыў, калі гаротнай выйшла доля?
Ці дапамог каму ў жыцці, ці помніў зло, ці помсціў, можа?
Ці дапамог каму знайсці, што толькі з Богам крочыць можна?
Ён не спытае, што ты еў, і не спытае пра зарплату.
Галоўнае, каб сэрца меў, на дабрыню каб быў багаты.
Сцяжынак многа ў жыцці, але ва ўсіх адна дарога…
І кожнаму сваёй прайсці, галоўнае, каб толькі Богам.

Дарагія дзеці, жадаю вам на жыццёвай сцяжынцы быць добрымі людзьмі, сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, у самых складаных сітуацыях заўсёды кіравацца сумленнем! Дзякую за сумесную працу!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий