Уласцівасці паралельных прамых. Уласцівасці вуглоў, утвораных пры перасячэнні дзвюх паралельных прамых сякучай. Урок геаметрыі, 7-ы клас

- 16:07II И III СТУПЕНИ, МАТЕМАТИКА, Математика. Сценарии, Методичка

Першы ўрок геаметрыі па тэмеУласцівасці паралельных прамых. Уласцівасці вуглоў, утвораных пры перасячэнні дзвюх паралельных прамых сякучай”.

Марына ІГНАЦІК,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Дварэцкая сярэдняя школа”
Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта:

– адукацыйная: стварыць умовы для ўстанаўлення сувязі паміж прыметамі і ўласцівасцямі паралельных прамых; засваення ўласцівасцей паралельных прамых з апорай на іх прыметы; выпрацоўкі навыкаў прымянення ўласцівасцей паралельных прамых і вуглоў, утвораных пры перасячэнні дзвюх паралельных прамых сякучай да рашэння задач на доказ і вылічэнне;

– развіваючая: стварыць умовы для развіцця лагічнага і матэматычнага мыслення, пазнаваўчай актыўнасці вучняў, вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, уменняў рабіць высновы і абагульненні;

– выхаваўчая: стварыць умовы для выхавання асобы, здольнай да развіцця і супрацоўніцтва, здольнай самастойна прымаць рашэнні і аргументавана адстойваць свае перакананні, адчуваць адказнасць за выніковасць работы.

 

Ход урока

I Арганізацыя занятку. Праверка дамашняга задання

Узаемаправерка правільнасці рашэння дамашніх задач, фармулёвак прымет паралельных прамых. Узаемаацэнка. Абмеркаванне пытання.

 

II Актуалізацыя апорных ведаў. Пастаноўка задач

– У Старажытнай Грэцыі ўсіх аратараў вучылі геаметрыі, паколькі геаметрыя вучыць разважаць і даказваць. Гаворка чалавека, які валодае здольнасцю аргументавана даказваць свае высновы, успрымаецца найбольш пераканаўча.

Старажытнагрэчаскі філосаф і матэматык Фалес (640/624 – 548/545 да н. э.) (дэманстрацыя партрэта) першым пачаў «гульню» пад назвай «Дакажы», якая працягваецца ўжо два з паловай тысячагоддзі. Напрыклад, егіпцяне, перадаючы веды вучню, казалі: «…рабі, як робіцца». А Фалес ставіў пытанне «Чаму гэта так?» і стаў не толькі назіраць розныя ўласцівасці геаметрычных фігур, але і выводзіць адны ўласцівасці з другіх.

– Скажыце, калі ласка, пры вывучэнні якой тэмы мы з вамі таксама гэта спрабавалі рабіць? (Адказы вучняў)

– Правільна, пры вывучэнні тэарэм аб прыметах і ўласцівасцях раўнабедранага трохвугольніка.

На слайдах дэманструюцца апорныя канспекты для паўтарэння паняццяў: умова і заключэнне тэарэмы, прамая і адваротная тэарэма.  

– Давайце паспрабуем сфармуляваць нашыя вучэбныя задачы на сённяшні ўрок. (Адказы вучняў) 

 

III Вывучэнне новага матэрыялуВучням прапаноўваецца раздатачны матэрыял з фармулёўкамі прымет паралельных прамых і на дошцы дэманструецца табліца.

Прымета 1 Прымета 2 Прымета 3
Умова Умова Умова
     
Заключэнне Заключэнне Заключэнне
     

Вучням неабходна разрэзаць фармулёўкі прымет паралельных прамых, раздзяліўшы іх на ўмовы і заключэнні, а затым запоўніць атрыманымі карткамі прапанаваную табліцу з дапамогай магнітаў. (Работа ў парах).

– Што нам неабходна цяпер зрабіць, каб візуальна ўбачыць фармулёўкі ўласцівасцей паралельных прамых? (Памяняць месцамі ўмовы і заключэнні.)

Дэманструецца адпаведны слайд, вучні фармулююць уласцівасці паралельных прамых.

– Дык як звязаны прыметы і ўласцівасці паралельных прамых? (Прыметы і ўласцівасці паралельных прамых узаемна адваротныя.)

– Давайце праверым, ці верныя тэарэмы, адваротныя прыметам паралельнасці прамых: “Тэарэмы аб вуглах, утвораных дзвюма паралельнымі прамымі і сякучай”.

У дапамогу вучням дэманструецца слайд для доказу тэарэм па гатовых чарцяжах і прапаноўваецца магчымасць работы з падручнікам с. 99.

– Якім метадам будзем карыстацца пры доказе першай уласцівасці? У чым заключаецца сутнасць гэтага метаду? (Дэманструецца апорны канспект).

Дадзена:
прамыя а і b, сякучая с,
∠3 і ∠7 – унутраныя накрыжлеглыя вуглы; а || b.

Дадзена:
прамыя а і b, сякучая с, ∠1 і ∠4 – адпаведныя вуглы; а || b.

Дадзена:
прамыя а і b, сякучая с, ∠3 і ∠6 – унутраныя аднастароннія вуглы;
а || b.

Даказаць:
 ∠3 = ∠7

Даказаць:
∠1 = ∠4.

Даказаць:
∠3 + ∠6 = 180°

 

IV Замацаванне вывучанага. Рашэнне задач

1. Вусная работа (франтальная работа, прымаюцца адказы з кароткім аргументаваннем) (заданні І, ІІ узроўню):

1) тэст 1, 2 (тэарэтычнае заданне, падручнік, с. 100);

2) № 145 па гатовых чарцяжах (практычнае заданне, падручнік, с. 101).
(Адказы: 125°; 118°; 38°; 97°).

2. Пісьмовае выкананне задач па гатовых чарцяжах каля дошкі (тры вучні) з афармленнем рашэння і наступным вусным кароткім тлумачэннем перад класам (раздатачны матэрыял, заданні ІІІ узроўню).

а || b, сякучая с

1) ∠2 = 3 ∙∠1. Знайсці большы вугал. (Адказ: 135°)

2) ∠1 = ∠2 – 30°. Знайсці ∠1, ∠2. (Адказ: 75°; 105°)

3) ∠2 : ∠1 = 3 : 2. Знайдзіце меншы вугал. (Адказ: 72°)

Асобныя вучні выконваюць індывідуальнае заданне ў рамках падрыхтоўкі да алімпіяды (картка, заданне V узроўню).

3. Пісьмовае выкананне задач каля дошкі і на месцах (заданні ІV узроўню):

1) на вылічэнне № 148 (падручнік, с. 102). (Матэрыял для паўтарэння: бісектрыса вугла, раўнабедраны трохвугольнік, прымета раўнабедранага трохвугольніка). (Адказ: 50 см)

2) на доказ і вылічэнне № 149 (падручнік, с. 102). (Матэрыял для паўтарэння: прыметы роўнасці трохвугольнікаў). (Адказ: 4 см)

4. Таму, хто спраўляецца з заданнямі ІV узроўню, прапануецца для выканання заданне на доказ, № 162* (на 9–10 балаў).

 

V Тлумачэнне дамашняга задання

§ 17, № 146, № 147.

 

VI Рэфлексія

Састаўленне на дошцы калажу з гексаў (шасцівугольнікаў) “Вуглы, утвораныя пры перасячэнні дзвюх паралельных прамых і сякучай”. (Групавая работа).

Заўвага. Вучні атрымліваюць адзін гекс з надпісам і дзевяць пустых гексаў, якія яны павінны дапоўніць неабходнымі надпісамі.

VII Падвядзенне вынікаў

Самаацэнка і ўзаемаацэнка вучняў (у дапамогу дэманструецца слайд з апорай на якасць выканання вучэбных задач да ўрока і асноўныя патрабаванні да вучэбнай дзейнасці вучняў згодна вучэбнай праграме).

– Правільна ўжываю тэрміны і выкарыстоўваю паняцці:… (прамая і адваротная тэарэма, прымета і ўласцівасць, метад ад адваротнага).

– Ведаю … (прыметы паралельнасці і ўласцівасці паралельных прамых).

– Адрозніваю і правільна вызначаю… (накрыжлеглыя, адпаведныя і аднастароннія вуглы пры дзвюх прамых і сякучай).

– Умею даказваць … (прыметы паралельнасці і ўласцівасці паралельных прамых).

– Умею рашаць геаметрычныя задачы на доказ і вылічэнне, прымяняючы… (прыметы паралельнасці і ўласцівасці паралельных прамых).

Ацэньванне вучняў. 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий