Квест-гульня “Этнаграфічная спадчына”

- 12:13Воспитательная работа, Сценарии

Актуальнасць гульнёвай праграмы “Этнаграфічная спадчына” вызначаецца неабходнасцю вывучэння, захавання і папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа.

Вікторыя КІСЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнік англійскай мовы
ДУА “Малабераставіцкая сярэдняя школа”
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Актуальнасць гульнёвай праграмы “Этнаграфічная спадчына” вызначаецца неабходнасцю вывучэння, захавання і папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа.

Мэта – садзейнічаць выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму юнага пакалення, нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці.

Такая форма работы дазваляе павысіць цікаўнасць вучняў да дзейнасці музея, яго наведвання, таму што адпавядае ўзросту і запытам школьнікаў. Наведвальнікі атрымліваюць магчымасць атрымаць цікавую інфармацыю не толькі ад экскурсавода, як гэта бывае звычайна, але і самастойна здабываюць яе. Для гэтага выкарыстоўваюцца заданні, прысутнічае элемент спаборніцтва.

Квест-гульня разлічана на вучняў сярэдняга ўзросту.

Спачатку праводзіцца невялікая аглядная экскурсія па этнаграфічных раздзелах экспазіцыі: “Ганчарства і кавальства”, “Ткацтва, вышыўка, народнае адзенне”, “Драўляныя вырабы, пляценне”, “Інтэр’ер сялянскага пакоя першай паловы ХХ стагоддзя”.

Фарміруецца дзве каманды (па выцягнутых картках адпаведнага колеру), якім неабходна выканаць шэсць заданняў, у адпаведнасці з якімі неабходна прайсці па маршруце гульні.

Абсталяванне: друкаваныя матэрыялы-заданні, экспанаты музея, маршрутныя лісты, малы куфар з “таямнічым” экспанатам, парты, назвы станцый, элементы нацыянальнага адзення для вядучых (вядучы – настаўнік).

Умовы: прайсці па маршруце, набраць балы, скласці з картак назву “таямнічага” экспаната, растлумачыць яго прымяненне ў побыце беларусаў. Пераможцам з’яўляецца каманда, якая першая склала назву экспаната і растлумачыла яго прызначэнне. У адпаведнасці з узростам удзельнікаў гульні “таямнічы” экспанат можа быць розным, але абавязкова з этнаграфічнага раздзела музейнай экспазіцыі. У дадзеным выпадку “таямнічы” экспанат – ухналь.

На праходжанне маршруту вызначаецца адпаведны час. У залежнасці ад колькасці станцый і складанасці заданняў квест-гульня займае 30–50 хвілін. Агульная колькасць удзельнікаў – 12 чалавек.

 

Маршрутны ліст

Заданне 1. “Беларускія народныя загадкі”. Трэба адгадаць беларускія народныя загадкі. Умова – неабходна адказаць не менш чым на шэсць загадак. Большая частка загадак тычыцца рэчаў, якія знаходзяцца ў раздзелах музейнай экспазіцыі.
Заданне 2. “Беларускі народны касцюм”. Неабходна размеркаваць адзенне жаночага і мужчынскага нацыянальнага касцюма.
Заданне 3. “Блытаніна”. Удзельнікі павінны саставіць правільна сказы.
Заданне 4. “Знаўца экспанатаў”. Трэба назваць экспанат і растлумачыць яго прызначэнне ў паўсядзённым жыцці продкаў.
Заданне 5. “Моўны скарб нацыі”. Неабходна завяршыць прымаўку. Умова – дапоўніць не меней шасці.

Па ходзе гульні запаўняецца маршрутны ліст

 

Назва каманды ____________________________________________________

Заданне Колькасць правільных адказаў Колькасць балаў
1 “Беларускія народныя загадкі”    
2 “Беларускі народны касцюм”    
3 “Блытаніна”    
4 “Знаўца экспанатаў”    
5 “Моўны скарб нацыі”    
  Агульная колькасць балаў    

 

ЗАДАННІ

1 Беларускія народныя загадкі

Адным з любімых жарнаў беларусаў з’яўляюцца загадкі. Яны дапамагаюць развіваць кемлівасць, мысленне і фантазію. У загадках адлюстроўваецца жыццёвы вопыт людзей, яны знаёмяць з мінулым і сучасным. Дапамагаюць пазнаваць навакольны свет. Загадкі бываюць розныя: загадкі-рыфмаванкі, загадкі-пытанні, загадкі-апісанні і інш.

А цяпер я прапаную вам адгадаць наступныя загадкі.

1. Зялёная, ды не трава,
Белая, ды не снег.
Прыгожая, ды не дзяўчына. (Бяроза)

2. Чорны конь – лезе ў агонь. (Качарга)

3. На пруточку – буйны цвет,
Дробныя калючкі…
Не падлазь ка мне, малы.
Бо паколеш ручкі! (Ружа)

4. Гладкі жывоцік, гарбатая спінка,
Хвост паласаты, доўгі і з вілкай. (Прас)

5. Грыбкоў сабе насушыць,
Арэшкаў назбірае,
Зіма сняжком цярушыць,
А ёй – бяда малая. (Вавёрка)

6. Чаго на свеце багацей няма? (Зямлі)

7. Стаіць сасна,
На сасне лён,
На льне жыта. (Стол, абрус, хлеб)

8. Хто ляціць без крылаў? (Вецер)

9. Круглы, як сонца,
Шыпіць пад ім донца.
Падрумяніцца бачок –
Скоціцца на ручнічок. (Блін)

10. Што ў хаце, ды не бачна? (Цяпло)

11. У лужку-лужочку выраслі сястрычкі:
Залатыя вочкі, белыя раснічкі. (Рамонак)

12. Зялёныя і густыя
На градцы выраслі кусты.
Падкапаў іх наш Андрэйка,
Пад імі цэлая сямейка. (Бульба)

13. Сіняя посцілка ўвесь свет пакрыла. (Неба)

14. Зверху гола, знізу лахмата.
Цяплом багата. (Кажух)

15. Глянеш – заплачаш,
А ўсе яму рады. (Сонца)

16. У жываце – лазня, у носе – рэшата,
На галаве – пупок, адна рука
І тая на спіне. (Чайнік)

17. Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты,
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад. (Лён)

18. На страсе сядзіць і люльку курыць. (Комін)

19. Ляцеў птах, на ваду – бах.
Вады не скалыхнуў, на дно патануў. (Снег)

20. І тонкі, і доўгі, а з травы не відаць. (Дождж)

21. Месяц гэты вузкі, гнуты,
А знутры ў яго зубкі.
Ён калісьці вельмі дбайна
Жыта жаў замест камбайна. (Серп)

 

2 Беларускае народнае адзенне

Трэба ведаць, сэрца просіць,
Як бацькам, дзядам жылося,
Як сахой даўней аралі,
Потым як абраблялі.
Трэба ведаць і пра тое,
Апраналі што? Якое?

Карткі-палоскі з назвамі частак адзення:

Жаночае –  саян, панёва, гарсэт, вянец, чобаты, фартух;
Мужчынскае – порткі, кашуля, камізэлька, магерка, пасталы, пояс.

3 Блытаніна

1. Айд, ажбо, цадавь, а ен ціспарь.
2. Ен ясвяыт шаргік ялцепь.
3. Охт цапуре йто ен умесу
4. Суё ез’ў і уб’зо ен гэрпаў
5. Ен ібра гудомру ошт ен юлаб асмому
6. Дадлак ен едзі ў дал
7. Цяпсышь – едзюйл снамышяць
8. Амім таор жулык ен цясонь

 Адказы:

1. Дай, божа, даваць, а не прасіць.
2. Не святыя гаршкі лепяць.
3. Хто працуе, той не сумуе.
4. Усё з’еў і зубоў не пагрэў.
5. Не рабі другому, што не люба самому.
6. Адклад не ідзе ў лад.
7. Спяшыць – людзей насмяшыць.
8. Міма рота лыжку не носяць.

 

4 Знаўца экспанатаў

Ручнік – прадмет з даматканага палатна, народнай культуры і народнай творчасці славян. Прадмет шырока выкарыстоўваецца ў разнастайных абрадавых сітуацыях: на пахаванні, вяселлі, радзінах і хрысцінах, у каляндарных абрадах, у магіі, медыцыне.

Куфар – выраб корпуснай мэблі з адкідным або здымным верхнім вечкам, выкарыстоўваецца як ёмістасць для захоўвання прадметаў ужытку, каштоўнасцяў і іншых каштоўных рэчаў, пасагу. Выкарыстоўваўся ў самых розных культурах, пачынаючы са старажытных часоў.Маслабойка – прыстасаванне для вырабу сметанковага масла са злёгку скіслага малака, вяршкоў або смятаны, шляхам збівання – механічнага ўздзеяння на апрацоўваны прадукт.Хамут – апранаецца на шыю каня, асноўная частка збруі, якая складаецца з драўлянага драб – кляшчоў і які пакрывае яго мяккага валіка.Верацяно – прылада для ручнога прадзення пражы, адзін з найстаражытнейшых сродкаў вытворчасці. Драўляная точаная палачка, адцягнутая ў вастрыё да верхняга канца і патоўшчаная да ніжняй часткі.Лапці – нізкі абутак, распаўсюджаны ў даўніну, быў у шырокім ужыванні ў сельскай мясцовасці да 1930-х гадоў, сплецены з драўнянага лыка (ліпавыя, вязавыя і іншыя), бяросты.Жорнаў (мн. ч. жорны) – парны круг, у большасці выпадкаў каменны, адзін з асноўных элементаў млына, выкарыстоўвалі для перамолвання ў муку пшаніцы і іншых зерняў.

 

5 Прыказкі – моўны скарб нацыі

Прыказкі і прымаўкі – неацэнны моўны скарб. У іх адлюстроўваецца не толькі гісторыя, побыт, звычаі. Але і характар, душа народа. Прыказкі і прымаўкі маюць глыбокі сэнс, вучаць мудрасці чалавека. Чым больш чалавек ведае прыказак, тым большы вопыт народа ён можа пераняць. Жыццё і праца людзей добра адлюстроўваецца ў прыказках і прымаўках: хто рана ўстае, таму Бог падае; найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы; калі ўлетку на сонцы не папячэшся, то ўзімку з холаду і голаду натрасешся.

А зараз я прапаную вам дапоўніць і гэтым самым разгадаць сэнс некаторых прыказак і прымавак нашага народа.

1. Хто працуе – (той і мае).
2. Добра працуеш – (павагу маеш).
3. Хочаш есці калачы – (не сядзі на пячы).
4. Грэе не шуба – (а работа).
5. Не так лёгка зрабіць – (як сказаць).
6. Хто адзін аднаму дапамагае – (той у працы перамагае).
7. Як прыйдуць грамніцы – (скідай рукавіцы).
8. На Пакровы – дай (сена карове).
9. Дождж у маі – хлеба будзе і (на гультая).
10. Якая справа – (такая і слава).
11. Дрэнныя тыя рукі, што не ведаюць (ніякай навукі).
12. Чалавек галодны ні (на што не годны)
13. Чалавек без працы, што (птушка без крылаў).
14. Век пражыць – (не кашулю пашыць).
15. Без працы – няма чаго (хеба шукаці).

 

Падвядзенне вынікаў. Узнагароджванне пераможцаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий