Літаратурная гасцёўня “Радзіма мая дарагая!”, прысвечаная Году міра і стварэння

- 12:19Воспитательная работа, Сценарии

Мэты мерапрыемства: пашырыць і сістэматызаваць веды вучняў пра гісторыю сваёй краіны; развіваць цікавасць да гісторыі, культуры нашай Радзімы, да яе сучаснага жыцця; садзейнічаць выхаванню патрыятызму, грамадскіх пачуццяў вучняў на аснове вывучэння гісторыі, літаратуры і культуры роднага краю.

Марына ГРЫНЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 15 г. Ліда»,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэты: пашырыць і сістэматызаваць веды вучняў пра гісторыю сваёй краіны; развіваць цікавасць да гісторыі, культуры нашай Радзімы, да яе сучаснага жыцця; садзейнічаць выхаванню патрыятызму, грамадскіх пачуццяў вучняў на аснове вывучэння гісторыі, літаратуры і культуры роднага краю.

Абсталяванне: нагляднасць (партрэты Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны), выстава кніг, мультымедыйная рэзентацыя.

 

Ход мерапрыемства

– Пачаць нашу літаратурную гасцёўню хочацца радкамі Францыска Скарыны з прадмовы да “Кнігі Юдзіф”: “Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.

Францыск Скарына ўсім сэрцам любіў родную зямлю і перадаў сваю любоў нам. Сёння мы працягнем знаёмства з таямніцамі і цудамі беларускай зямлі, прыадкрыем заслону яе гісторыі, даведаемся, якіх знакамітых людзей яна ўзгадавала.

1. Ефрасіння Полацкая

Яркім прыкладам служэнню Богу і асвеце людзей з’яўляецца Ефрасіння Полацкая – першая беларуская асветніца. Здзейсніўшы паломніцтва ў Іерусалім, Ефрасіння памерла ў 1173 годзе.

Яе мошчы захоўваюцца цяпер у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, пабудаваным на яе сродкі і пад яе кіраўніцтвам. І ў каталіцтве, і ў праваслаўі Ефрасіння прызнана святой. Яе праца не знікла, яе прага да ведаў перадалася нам.

– Што вы ведаеце пра Ефрасінню Полацкую? Як ушаноўваецца памяць нашай асветніцы? Дзе знаходзяцца помнікі Ефрасінні Полацкай?

Помнік Ефрасінні Полацкай быў усталяваны 28 верасня 2000 года ў Полацку.
Аўтар скульптурнай кампазіцыі – Ігар Голубеў.
Помнік размешчаны на плошчы Свабоды,
побач з вуліцай, названай у яе гонар.

У 1999 годзе памяці Ефрасінні Полацкай у Мінску каля БДУ быў усталяваны помнік, створаны таленавітым скульптарам Ігарам Голубевым.

 

Крыж Ефрасінні Полацкай

Крыж Ефрасінні Полацкай – шэдэўр часоў Сярэднявечча, напрастольны крыж, выраблены ў г. Полацку для царквы Святога Спаса па заказе прападобнай ігуменні Ефрасінні Полацкай
майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе.
Мае шасціканцовую форму, вышыня – 51,8 см. Згублены ў час Другой сусветнай вайны і да гэтага часу не знойдзены. У 1997 годзе брэсцкі ювелір М.П.Кузьміч вырабіў копію крыжа ў поўны памер.

 

Лінгвістычная хвілінка

Дойлід – архітэктар, той, хто планаваў і кіраваў будаўніцтвам.
Ігумення – галоўная манашка праваслаўнага жаночага манастыра.
Манашка (манах) – чалавек, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу.
Мошчы – астанкі цела святых праваслаўнай царквы.
Паломніцтва – падарожжа з мэтай наведаць святыя месцы.
Сабор – галоўная царква горада.
Святыня – прадмет або месца для пакланення веруючых; тое, што з’яўляецца асабліва каштоўным.
Скрыпторыі – кніжныя майстэрні.
Ювелір – майстар, які вырабляе прадметы мастацтва, упрыгожанні з каштоўных металаў, з каштоўнымі камянямі.

 

2. Францыск Скарына

Францыск Скарына займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу.

Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.

– Як ушаноўваецца памяць Францыска Скарыны?

Першы ў свеце помнік Францыску Скарыне, узведзены
ў 1974 годзе ў Полацку на плошчы Францыска Скарыны.

Помнік Францыску Скарыне ў Мінску, размешчаны каля галоўнага ўвахода ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі па праспекце Незалежнасці.
Устаноўлены ў 2006 годзе. Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар Алесь Дранец, архітэктары Аляксандр Камлюк і Яраслаў Ліневіч.

Помнік Францыску Скарыне ў Празе. Прысвечаны беларускаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну, які займаўся ў гэтым горадзе друкарскай дзейнасцю, а пасля працаваў батанікам па запрашэнні караля Фердынанда I.
Устаноўлены ў 1996 годзе.
Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар Э.Астаф’еў
і архітэктар Ю.Казакоў.

Помнік Францыску Скарыне ў Мінску, размешчаны ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Устаноўлены ў 1999 годзе, аўтарам помніка з’яўляецца скульптар Сяргей Адашкевіч.

Помнік Францыску Скарыне ў Лідзе адкрыты 25 ліпеня 1993 года у дзень другой гадавіны Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Скульптар – Валяр’ян Янушкевіч.

Гэтым скульптурным манументам лідчане папоўнілі гістарычную памяць свайго горада.

У Вільні.

Помнік Францыску Скарыне ў Калінінградзе, Расія.
Прысвечаны беларускаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыне, які працаваў у гэтым горадзе (тады Кёнігсбергу) пры двары прускага герцага Альбрэхта.
Аўтарам помніка з’яўляецца скульптар А.Арцімовіч

Фрэска выявы Францыска Скарыны ў «Зале сарака» Падуанскага ўніверсітэта, дзе знаходзяцца выявы найбольш славутых дзеячаў навукі.
Так за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у далёкай Італіі, ушаноўваецца памяць аб нашым першадрукары Францыску Скарыне.

 

Медаль і ордэн Францыска Скарыны

 

Медаль Францыска Скарыны – дзяржаўная ўзнагарода Беларусі.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці,
значны асабісты ўклад у развіццё культурнай спадчыны беларускага народа.

Медалём узнагароджаны:
Ніл Гілевіч,
Мікола Ермаловіч,
Максім Лужанін,
Ян Скрыган,
Янка Брыль,
Васіль Вітка,
Іван Чыгрынаў,
Пімен Панчанка,
Максім Танк,
Заір Азгур.

Ордэн Францыска Скарыны – беларуская дзяржаўная ўзнагарода.
Заснавана ў 1995 годзе пастановай Вярхоўнага Савета як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Беларусі за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння

Кавалеры ордэна:
Філарэт (Вахрамееў) – мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі,
Уладзімір Мулявін – савецкі і беларускі спявак,
Міхаіл Савіцкі – савецкі і беларускі мастак,
Міхаіл Фінберг – беларускі музыкант, дырыжор

 

3. Сем цудаў Гродзенскай вобласці

У 2011 годзе пры актыўным удзеле газеты “Народная газета” быў арганізаваны конкурс па выбары Сямі цудаў Беларусі, каб выявіць самыя цудоўныя, на думку чытачоў, беларускія славутасці. У інтэрнэт-галасаванні прынялі ўдзел каля сотні тысяч чалавек. Па версіі чытачоў выдання, большасцю галасоў былі прызнаны: Белавежская пушча, крэпасць у Бабруйску, Брэсцкая крэпасць, касцёл у Будславе, Мірскі замак, возера Нарач і Сафійскі сабор у Полацку.

 

– Давайце разам з вамі вызначым сем цудаў Гродзенскай вобласці.

Лідскі замак – замак у горадзе Лідзе, пабудаваны ў 1323 годзе паводле даручэння князя Гедыміна. Уваходзіў у лінію процікрыжацкай абароны Навагрудак – Крэва – Меднікі – Трокі.

Навагрудскі замак – замак у горадзе Навагрудак. Пабудаваны ў XIV–XVI стагоддзях, ён быў адным з самых магутных на беларускіх землях. У яго сценах праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Гэта ўнікальнае збудаванне абароннага дойлідства размешчана на Замкавай гары, абкружанай ровам.

Любчанскі замак – замак у гарадскім пасёлку Любча Гродзенскай вобласці Беларусі, на беразе ракі Нёман, за 150 км ад Мінска. Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XVI – першай паловы XVII стагоддзя.

Крэўскі замак – комплекс абарончых збудаванняў тыпу кастэль у вёсцы Крэва Смаргонскага раёна.

Гальшанскі замак – палацава-замкавы комплекс, рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў у XVI–XVII стагоддзях. Размешчаны ў даліне ракі Гальшанкі каля мястэчка Гальшаны.

Мірскі замак – унікальны помнік беларускай нацыянальнай культуры, архітэктурны шэдэўр, які ўваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, адзін з нацыянальных сімвалаў Беларусі.

Стары замак у Гродне, замак Баторыя – адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў XI–XIX стагоддзяў. Стары замак з’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам на землях Беларусі.

 

4. Віктарына “Наш край”

1. Назавіце самае старажытнае княства на тэрыторыі Беларусі? (Полацкае княства.)
2. Якая самая вядомая старажытная бібліятэка? (Бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Першыя бібліятэкі існавалі пры манастырах.)
3. У якім горадзе быў адкрыты першы тэатр Беларусі? (У Слоніме ў XVII ст, прыгонны тэатр.)
4. Каму належаў Нясвіжскі замак? (Князям Радзівілам.)
5. Які горад называецца брамай краіны? (Брэст.)
6. Творы якога беларускага паэта перакладзены на большасць моў свету? (са спадчынай Янкі Купалы можна было пазнаёміцца ажно на 117 мовах свету. А яго славуты верш “А хто там ідзе?” перакладзены на 83 з іх.) Назавіце яго сапраўднае прозвішча. (Іван Дамінікавіч Луцэвіч.)
7. Якое самае вялікае возера ў Беларусі? (Нарач.)
8. Якая рака ў Беларусі самая доўгая? (Дняпро. Трэцяя па велічыні ў Еўропе пасля Волгі і Дуная.)
9. Які нацыянальны парк Беларусі прызнаны ЮНЭСКА міравой спадчынай і ўжо адзначыў сваё 600-годдзе? (Белавежская пушча.)
10. Якія яшчэ помнікі культуры ў Беларусі прызнаны ЮНЭСКА міравой спадчынай? (Замкавы комплекс “Мір” і “Архірэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы”), (Аўгустоўскі канал, Сафійскі сабор і Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне.)

 

– Мы з вамі гаварылі пра Беларусь, нашу Радзіму. Радзіма – гэта і сонца ў нас над галавою, і паветра, якім мы дыхаем, гэта і вернасць сябра, і мова, якую даў нам народ, і песня, што засталася ад прадзедаў, і легенда заўтрашняга дня, і гераічная слава бацькоў, і тая сонечная дарога, якой сёння мы ідзём горда ў сваю будучыню. І вось чаму кожны чалавек без сваёй Радзімы – нішто, без Радзімы няма чалавека, няма жыцця.

Любоў да Радзімы – самае высокае духоўнае пачуццё. Кожны з нас павінен быць сапраўдным беларусам, ведаць і шанаваць сваё мінулае, ганарыцца ім, захоўваць яго і перадаць сваім нашчадкам.

Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

 

Літаратура

1 Арлоў, У. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862–1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі / У.Арлоў, Г.Сагановіч. – Вільня : Наша Будучыня, 2002. – 223 с.
2 Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі: для мал. і сярэд. шк. узросту / склад. І.Б.Клепікаў. – Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2010. – 304 с. – (Школьная бібліятэка).
3 Лыч, Л.М. Краязнаўства – крыніца ведаў і нацыянальнага сталення. – Мн. : БФК, 2004. – 52 с.
4 Лыч, Л.М. Гісторыя культуры Беларусі / Л.Лыч, У.Навіцкі – Мінск : Экаперспектыва, 1997. – 486 с.
5 Нарысы гiсторыi Беларусi. У 2 ч. Ч. 2 / М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка, У.І.Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ. – Мн. : Беларусь, 1995. – 560 с.: іл.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий