Склон назоўнікаў. Асновы назоўнікаў. Урок беларускай мовы ў 6-м класе

- 9:15БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Гэта незвычайны ўрок, пабудаваны ў форме квесту пад назвай “Зямля пад белымі крыламі”. Зразумела, назву яму даў цікавы і пазнавальны нарыс Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны нашай Радзіме. Вучні працуюць на сямі станцыях: “Родная хацінка”, “На ростанях”, “Сур’ёзныя партрэты”, “Або пан, або прапаў”, “Бабульчына камора”, “Перунова неспадзяванка” і “Спадчына”. На кожнай станцыі дзецям неабходна выканаць пастаўленыя настаўнікам задачы.

Андрэй КІСЛЮК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Лунінца”,
Брэсцкая вобласць

 

 

 

Мэты:

– максімальнае набліжэнне вучняў да працэсу самастойнага атрымання новай інфармацыі па тэме.

Задача:

– узнавіць, удасканаліць і замацаваць веды вучняў па тэме “Склон назоўнікаў”;
– пазнаёміць вучняў з тыпамі асноў назоўнікаў;
– выпрацаваць навык правільна вызначаць склон назоўніка і яго аснову;
– садзейнічаць фарміраванню ўмення працаваць у камандзе, параўноўваць, аналізаваць, фармуляваць пытанні, рабіць вывады, падводзіць вынікі;
– працягнуць работу па выхаванні любові да роднай мовы і павагі да беларускай культуры.

 

Тып урока: камбінаваны.

Прыёмы ўрока: індывідуальная работа вучняў, групавая работа вучняў, прыём “мазгавога штурму”, гульня, лекцыя, НаШтоБуЗу.

Абсталяванне ўрока: падручнік, дошка, інфармацыйна-адукацыйны плакат, карткі, раздатачны матэрыял, ілюстрацыйны матэрыял, тэлефон, мультымедыйны праектар, камп’ютар, акустычная сістэма.

Прэзентацыя да ўрока

 

Эпіграф да ўрока: “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам” (Янка Сіпакоў).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант. Слайд 1.

Прывітанне, хлопчыкі, дзяўчынкі!
Прывітанне, незнаёмы клас!
Рады бачыць усмешак ручаінкі,
Што бруяцца ў вачах у вас!

Вы ласкава, цёпла паглядзіце
На сяброў, міргніце незнарок.
Кожнаму ў класе памашыце…
Што ж, сядайце! Мы пачнём урок.

А ўрок гэты ў нас – незвычайны. Гэта – урок-квест “Зямля пад белымі крыламі”. Назву яму даў цікавы і пазнавальны нарыс Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны нашай Радзіме. А значыць, працаваць мы з вамі будзем на станцыях, выконваючы пэўныя пастаўленыя задачы.

За кожны правільны адказ вы будзеце атрымліваць ад мяне выяву бусла – крылатага сімвала Беларусі. Колькасць атрыманых птушак у канцы ўрока будзе ўплываць на вашу адзнаку. Дарэчы, звярніце ўвагу на свае рабочыя месцы: перад вамі ўжо ляжыць адзін бусел. Гэта падзяка за тое, што вы на сённяшні дзень ведаеце пра назоўнік з папярэдніх класаў.

Што ж, нам засталося толькі запісаць у сшыткі дату, “Класная работа” і выправіцца ў няпросты, але цікавы шлях да новых ведаў! (У запісаным засяроджваецца ўвага на арфаграфічных цяжкасцях, папярэдне выдзеленых на дошцы чырвоным колерам: ДЗЯвятАГА, клаСная)

 

ІІ Праверка дамашняга задання

Слайд 2. Першая станцыя называецца “Родная хацінка”. На ёй мы праверым дамашняе заданне. Некаторыя з вас атрымаюць карткі для выканання індывідуальнай работы, а з іншымі мы папрацуем разам. (Падручнікі не разгортваюцца. Траім вучням раздаюцца карткі ў выглядзе буслоў (Дадатак 1) з надрукаванымі на адваротным баку заданнямі. Адзін вучань працуе каля дошкі, а астатнія – у сшытках, перакладаючы з рускай мовы на беларускую наступныя словы і тлумачачы адрозненне:

Пригоршня          (адз.л.)        –        прыгаршчы           (мн.л.)

Поведение           (адз.л.)        –        паводзіны             (мн.л.)

Дверь                    (адз.л.)        –        дзверы                  (мн.л.)

Хлопоты               (мн.л.)         –        клопат                  (адз.л.)

Сумерки               (мн.л.)         –        змрок                    (адз.л.)

Прыкладныя дадатковыя пытанні: Што такое назоўнік? Якія назоўнікі з’яўляюцца адушаўлёнымі? Дайце тлумачэнне паняццю “зборны назоўнік”?)

 

ІІІ Актуалізацыя ведаў і мэтавызначэнне

Слайд 3. Наступная станцыя ў нашым падарожжы дапаможа нам вызначыць правільны напрамак. Называецца яна “На ростанях”, як і вядомая на ўвесь свет трылогія Якуба Коласа пра маладога настаўніка і жыццё палешукоў.

Калі ласка, паслухайце і адгадайце некалькі вершаваных загадак. (Загадкі надрукаваны на выявах адметных мясцін Беларусі (Дадатак 2), у чыіх назвах першыя літары супадаюць з першымі літарамі адгадак: Нацыянальная бібліятэка, Рагвалодаў камень, Дуга Струвэ, Вежа ў Каменцы (Белая Вежа), Тураўскія крыжы, Мірскі замак, Аўгустоўскі канал):

Слайд 4

У спісе першым я стаю.
Ролю ведаю сваю:
Сярод усіх я склон галоўны!
Клічуць усе мяне… (назоўны).

 

Слайд 5

Я другі іду за ім.
Адным выглядам сваім
Сказ зраблю я вельмі модным.
Называюць мяне … (родны).

 

Слайд 6

Мой прасцейшы накірунак:
Даць любому падарунак!
Я для кожнага спрыяльны –
Шчодры, брат, я, бо … (давальны).

 

Слайд 7

Я – суддзя паміж братоў,
Хоць з назоўным – адна кроў!
У пачуццях выбіральны,
А завуся … (вінавальны).

 

Слайд 8

Склон я мяккі і мурожны,
Ганаруся вельмі кожным.
Шляхціц я, амаль прыдворны!
Вы завіце мяне …         (творны).

 

Слайд 9

Я ланцуг той замыкаю.
Думаеш аб кім ты, знаю.
Мне з малодшым братам цесна,
Бо завуся склонам … (месным).

 

Слайд 10

Разам з суфіксам, прыстаўкай
Корань побач стаіць палкі.
Прыбяры канчатак у слове –
Атрымаецца … (аснова).

 

Малайцы! Дык як вы лічыце, на якую тэму мы сёння будзем з вамі весці размову? Правільна! Тэма сённяшняга ўрока – “Склоны назоўнікаў. Асновы назоўнікаў” (Слайд 11). Запішыце яе, калі ласка, у сшыткі.

Для ацэньвання вашай працы я зараз акрэслю асноўныя крытэрыі (НаШтоБуЗу) (Слайд 12). (Раздаюцца кожнаму вучню ў выглядзе карткі).

– Я правільна вызначыў склоны выбраных назоўнікаў.
– Я беспамылкова выдзеліў асновы ў словах і назваў іх тып.
– Я ўпэўнена прывёў свае ўласныя прыклады па тэме.

Прычым гэтымі крытэрыямі будзеце карыстацца і вы, каб напрыканцы ўрока ацаніць сябе і сваіх сяброў.

 

ІІІ Вывучэнне новай тэмы

Слайд 13. Што ж, нас чакае наступная станцыя – “Сур’ёзныя партрэты”. Гэта самы галоўны этап на нашым шляху да ведаў, таму мне будуць дапамагаць вядомыя не толькі нам, але і ўсяму свету беларусы, сувязь з якімі мы будзем трымаць праз “чароўны” тэлефон. (Партрэты выдатных дзеячаў Беларусі (Дадатак 3) надрукаваны на паперы і па чарзе вывешваюцца на дошцы).

Званок. Чуеце? Ён ужо звініць! Гэта Францішак Скарына (Слайд 14)! Беларускі першадрукар просіць нас звярнуцца да практыкавання 190 на с. 90 вучэбнага дапаможніка. Перш-наперш прачытаем яго, а потым адкажам на некаторыя пытанні. (Адзін вучань чытае тэкст услых, а потым даюцца адказы на пытанні 1, 3, 4, 5).

Званок. І зноў нехта дазвоньваецца да нас! (Слайд 15) Ого! Гляньце: cусветна вядомы пясняр з Беларусі Янка Купала дасылае вам у дапамогу табліцу склонаў (Слайд 16) беларускай мовы разам з пытаннямі, дапаможнымі словамі і прыназоўнікамі, якія ў гэтых склонах ужываюцца. Прынамсі, паэт вельмі прасіў, каб я раздаў кожнаму з вас надрукаваны  – і ён ужо знаходзіцца на вашым рабочым месцы – варыянт, бо гэтая падказка вам яшчэ не аднойчы спатрэбіцца.

 

Назва склона, скарачэнне

Дапаможнае слова

Пытанне

Прыназоўнікі

Назоўны        (Н. скл.)

хто? што?

Родны            (Р. скл.)

няма

каго? чаго? адкуль?

ад, да, з, без, для, каля, з-пад

Давальны      (Д. скл.)

даю

каму? чаму?

Вінавальны   (В. скл.)

віню

каго? што? куды?

у, на, за, пра, праз

Творны          (Т. скл.)

ганаруся

кім? чым? дзе?

з, за, над, пад, перад, паміж

Месны           (М. скл.)

гавару

(аб) кім? (аб) чым? дзе?

у, на, аб, пры, па

 

Дарэчы, калісьці даўно ў беларускай мове быў яшчэ адзін, сёмы, склон – клічны. Цяпер ён ператварыўся ў такую вядомую ўсім нам моўную з’яву, як зваротак. У некаторых мовах гэты склон захаваўся.

Зараз з дапамогай атрыманай табліцы вызначце склоны назоўнікаў, што ў дужках, з практыкавання 191 падручніка. Цалкам спісваць тэкст не патрэбна, выпішыце толькі словазлучэнні з неабходнымі словамі. Усе вучні на месцы працуюць з другім абзацам, а вучань ля дошкі – з трэцім. (Першае словазлучэнне разбірае настаўнік. Пры праверцы суседзі па парце мяняюцца сшыткамі, а вучня каля дошкі правярае аднакласнік. Дадатковае пытанне: Што такое словазлучэнне?).

 

Словазлучэнне

Склон

кажуць пра чалавека

В.скл.: пра каго?, прыназоўнік пра

складаецца з абадка

Р.скл.: з чаго?, прыназоўнік з

складаецца з дна

Р.скл.: з чаго?, прыназоўнік з

рабілі з кары

Р.скл.: з чаго?, прыназоўнік з

плялі сетку

В.скл.: што?, без прыназоўніка

плялі з валакна

Р.скл.: з чаго?, прыназоўнік з

прасейвалі праз сетку

В.скл.: праз што?, прыназоўнік праз

прасейвалі муку

В.скл.: што?, без прыназоўніка

мяце пад кустом

Т.скл.: дзе?, прыназоўнік пад

бывае белым ад мукі

Р.скл.: ад чаго?, прыназоўнік ад

робяць з фанеры

Р.скл.: з чаго?, прыназоўнік з

робяць з сеткі

Р.скл.: з чаго?, прыназоўнік з

 

Званок. Стойце! Патрэбна адказаць на званок! Аказваецца, Марк Шагал (Слайд 17), знакаміты беларускі мастак, таксама сочыць за намі. Ён сцвярджае, што малюнкі – аснова навучання. Таму давайце звернемся да практыкавання 193, у якім размешчана схема. Гляньце на яе ўважліва і дакажыце адзін аднаму (вучні працуюць у парах, прыводзячы кожны свае довады) якое істотнае адрозненне ад рускай мовы вы заўважылі? (У першым скланенні адсутнічаюць назоўнікі мужчынскага роду з канчаткамі -а, -я. У беларускай мове гэтыя назоўнікі з’яўляюцца рознаскланяльнымі).

Званок. І зноў наш тэлефон звоніць. Вось дык Кандрат Крапіва (Слайд 18)! Ён заўсёды любіць збянтэжыць прыхільнікаў сваіх баек і камедый рознымі цікавымі заданнямі. Вас жа ён просіць вызначыць склон і скланенне назоўнікаў у прыведзеных на экране праектара словазлучэннях (Слайд 19):

 

Словазлучэнне

Склон

Скланенне

пакланіцца Радзіме

Д. скл.: чаму?,
без прыназоўніка

1-е скланенне: Радзіма – ж.р., канчатак

ганарыцца братам

Т. скл.: кім?,
без прыназоўніка

2-е скланенне: сэрца – м.р., канчатак нулявы

ганяцца за мышшу

Т. скл.: за кім?,
прыназоўнік за

3-е скланенне: мыш – ж.р., канчатак нулявы

абуджаць пачуцці

В. скл.: што?,
без прыназоўніка, дапаўненне

2-е скланенне: пачуццё – н.р., канчатак

сумаваць па школе

М. скл.: па чым?,
прыназоўнік па

1-е скланенне: школа – ж.р., канчатак

 

Фізкультхвілінка. Слайд 20

 

Што ж, пакуль ніхто нам болей не тэлефануе, мы папрацуем самастойна. Давайце з вамі ўспомнім, што такое аснова (Аснова гэта – пастаянная, нязменная частка слова без канчатка і формаўтваральных суфіксаў). А якія гукі па характарыстыцы вы ведаеце? (Галосныя і зычныя; націскныя і ненаціскныя; шыпячыя і свісцячыя; мяккія, цвёрдыя і зацвярдзелыя; звонкія, глухія і санорныя).

Званок. Чарговы раз нас турбуе тэлефонны апарат. Празаік, паэт і даследчык гісторыі, Уладзімір Караткевіч (Слайд 21) нагадвае, што ўсе асновы ў назоўнікаў можна падзяліць на некалькі тыпаў. Звернемся з вамі да практыкавання 195. У ім вы з лёгкасцю заўважыце, што не так ужо і цяжка вызначыць тып асновы, калі ведаеш характарыстыку зычных гукаў (Слайд 22). Давайце абмяркуем прыведзены малюнак (падчас абмеркавання настаўнік звяртае ўвагу на ётавыя галосныя, чаргаванні Д-ДЗ’, Г-З’, Х-С’, К-Ц і тое, што тып асновы можна вызначаць толькі ў форме назоўнага склону. Дадатковае пытанне: Што з’яўляецца пачатковай формай назоўніка?). Запішыце, калі ласка, у свае сшыткі словы пад дыктоўку, разбіваючы іх на чатыры разгледжаныя намі групы і падкрэсліваючы апошнія гукі асноў. (Вучні запісваюць словы і параўноўваюць свой варыянт з правільным варыянтам на экране (Слайд 23)).

 

ІV Праверка разумення вывучанага

Слайд 24. Здаецца, вы справіліся з усімі заданнямі нашых знакамітасцей, а гэта значыць, што мы крочым далей. Чарговым прыпынкам на нашым шляху з’яўляецца станцыя “Або пан, або прапаў”. Тут мы павінны замацаваць тое, што прайшлі на ўроку.

Слайд 25. Перад вамі на экране знаходзіцца табліца з пэўнымі сцвярджэннямі. Ваша задача – адшукаць няправільныя выразы і выправіць іх.

 

Сцвярджэнне

Вернасць

У беларускай мове існуе шэсць склонаў

Так

Творны склон называецца прамым

Не

У беларускай мове раздзяленне назоўнікаў на скланенні адбываецца таксама, як і ў рускай

Не

Існуе толькі пяць ускосных склонаў

Так

Тыпы асновы ўплываюць на скланенне назоўнікаў

Так

Апошні гук Д асновы можа пераходзіць у ДЗ’ пры скланенні назоўнікаў

Так

У мяне на ўроку не ўзнікла цяжкасцей.

???

 

Малайцы! Ніколі не сумнявайцеся! Вы ўсё робіце правільна!

 

V Замацаванне вывучанага

Слайд 26. І зноў мы рухаемся наперад. Зараз вы знаходзіцеся на этапе “Перунова неспадзяванка”. Беларускі бог маланкі і агню, уладар неба Пярун патрабуе праверыць вас. Для гэтага ён выбраў сказ з ужо знаёмага нам нарысу Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” (Слайд 27):

“Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі.”

Ваша задача – выпісаць назоўнікі, вызначыць у іх склон, скланенне і тып асновы.

 

Назоўнік

Склон

Скланенне

Тып асновы

Буслы (планіруюць)

Н. скл.: хто?,
без прыназоўніка, дзейнік

2-е скланенне: бусел – м.р., канчатак нулявы

На цвёрды зычны: бусеЛ

Ветразі (раскрылены)

Н. скл.: што?,
без прыназоўніка, дзейнік

2-е скланенне: ветразь – м.р., канчатак нулявы

на мяккі зычны: ветраЗь

(над) дрэвамі (раскрылены)

Т. скл.: дзе?, прыназоўнік над

2-е скланенне: дрэва – н.р., канчатак

на цвёрды зычны: дрэВа

Хвост (накрыў)

Н. скл.: што?,
без прыназоўніка, дзейнік

2-е скланенне: хвост – м.р., канчатак нулявы

на цвёрды зычны: хвосТ

Веерам (накрыў)

Т. скл.: чым?,
без прыназоўніка

2-е скланенне: веер – м.р., канчатак нулявы

на зацвярдзелы зычны: вееР

Ногі (накрыў)

В. скл.: што?
без прыназоўніка, дапаўненне

1-е скланенне: нага – ж.р., канчатак

на цвёрды зычны: наГа

 

VІ Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага

Слайд 28. Пераходзім да наступнай станцыі нашага квесту. “Бабульчына камора” – менавіта так яна называецца. А чаму так? Бо тут мы з вамі павінны ўпэўніцца ў тым, што нашыя запасы ведаў раскладзены па паліцах правільна. Для гэтага давайце знойдзем памылкі ў сказе (Слайд 29), узятым з легенды Якуба Коласа “Жывая Вада”:

Толькі след, дзе цЕкла жывая вада, надоўга застаўся на зямлі і гаварыў людзям пра даўнейшЯе жыццЯ.

Толькі след, дзе цЯкла (е,ё – я) жывая вада, надоўга застаўся на зямлі і гаварыў людзям пра даўнейшАе (зацвярдзелыя зычныя) жыццЁ (В.скл.).

 

VІІ Дамашняе заданне

Слайд 30. Вось і завершаны наш квест. Засталася апошняя станцыя “Спадчына”, на якой вы атрымаеце дамашняе заданне, размешчанае на экране: § 31, практыкаванне 196.

 

VІІІ Падвядзенне вынікаў

Мне здаецца, што ўсе нашы мэты, пастаўленыя на сённяшні ўрок, з поспехам дасягнуты, таму я смела магу ацаніць вашу дзейнасць. Тры вучні, якія атрымалі больш за ўсіх выяў буслікаў, заслугоўваюць па 10 балаў. Наступныя тры вучні – па 9 балаў. Чарговая троіца атрымлівае па 8 балаў.

Вас жа я папрашу выставіць у сшытках суседзяў па парце адзнаку, звярнуўшыся да тых крытэрыяў (Слайд 31), пра якія я ўзгадваў на пачатку ўрока і якія вы бачыце зараз, дзякуючы праектару. (Вучні самастойна ацэньваюць сваю дзейнасць і выстаўляюць адзнаку ў сшытках; адбываецца выстаўленне і каментар адзнак настаўнікам).

 

IХ Рэфлексія

Каб на свае вочы ўбачыць вынік нашай з вамі працы, я папрашу ўсіх вучняў, каму спадабаўся сённяшні ўрок, падняць уверх атрыманыя буслікі і памахаць імі! Вельмі прыемна было з вамі працаваць!

Вялікі дзякуй! Да пабачэння! Слайд 32.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий