Гульня-віктарына “Пагавары са мной на роднай мове” для навучэнцаў пачатковых класаў

- 9:53Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Аўтар прапануе для вучняў пачатковых класаў гульню-віктарыну, якую можна правесці напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ці падчас тыдня пачатковых класаў.

Ірына АПІМАХ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Рось”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

“Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам”, – пісаў беларускі пісьменнік Янка Сіпакоў. Таму на працягу ўсяго навучальнага года ў школах нашай краіны ладзяцца розныя мерапрыемствы, якія дапамагаюць далучыць навучэнцаў да багацця беларускай мовы. Прапаную для вучняў пачатковых класаў гульню-віктарыну “Пагавары са мной на роднай мове”, якую можна правесці напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ці падчас тыдня пачатковых класаў.

 

Мэта: фарміраванне ў дзяцей цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жадання авалодаць ёю, разумець яе.

Задачы:

– садзейнічаць узбагачэнню мовы навучэнцаў, узбагачаць іх слоўнікавы запас, актывізаваць маўленчую дзейнасць;

– ствараць умовы для развіцця пазнавальнай і інтэлектуальнай дзейнасці навучэнцаў, іх творчых уяўленняў і здольнасцей;

– узбагачаць слоўнікавы запас навучэнцаў, актывізаваць іх маўленчую дзейнасць;

 

Ход мерапрыемства

Гучыць песня “Беларуская мова”(у выкананні гурта “Дразды”)

https://www.youtube.com/watch?v=20vBM6YnFLg

Вядучы. Сёння ў нашым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. На жаль, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які святкуецца штогод 21 лютага. Гэта свята – нагода ўсім нам яшчэ раз задумацца аб лёсе сваёй мовы, мовы, на якой размаўлялі нашы продкі. Наша беларуская мова абаронена заканадаўствам і з’яўляецца, разам з рускай, дзяржаўнай мовай краіны. Але калі мы не будзем размаўляць і чытаць па-беларуску, наша родная мова можа трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Беларуская мова прайшла складаны і доўгі гістарычны шлях. На гэтым шляху былі і часы росквіту, і часы заняпаду. Нават былі перыяды, калі мова ледзь не знікла зусім. Але нашы прадзеды і дзяды захавалі для нас гэты цудоўны скарб. А кожны з нас мае магчымасць захаваць яго для нашчадкаў, сваіх дзяцей і ўнукаў. Тым больш, што для гэтага не трэба вялікіх грошай або вялікай фізічнай сілы. Дастаткова размаўляць на роднай мове!

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас пакінуў усім нам такі запавет: “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”. Давайце, мае маленькія сябры, будзем разам з тымі, хто думае пра будучыню нашай роднай мовы. Для пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабуйце адзін дзень размаўляць па-беларуску са сваімі роднымі і сябрамі, з настаўнікамі і аднакласнікамі.

Вучні чытаюць верш паэта Ігара Пракаповіча.

Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты – у кожным слове
Душа яднаецца з душой.
І сэрца сэрцу адкрывае
Свае духоўныя сады –
Там салаўіны хор спявае,
Там смак крынічнае вады.
Там рэха продкаў прамаўляе
Малітвы светлыя здалёк,
Нібыта нас благаслаўляе
На добры шлях, на лёгкі крок.
У словах тых – надзеі нашы
І нашы мары пра жыццё.
Калі мы з мовай  –
Нас не страшыць
Ні гвалт, ні мор, ні забыццё.
Пагавары са мной на мове,
Забудзь на час пра “языкі”.
Няхай гучыць у кожным слове
І продкі нашы, і вякі!

Вядучы. Прапаную вам, хлопчыкі і дзяўчынкі, гульню-віктарыну, у ходзе якой вы зможаце ўзбагаціць свае веды, а таксама прадэманстраваць, што вам ужо вядома. Размаўляем разам па-беларуску. Размаўляем з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах. І не саромейцеся, калі зробіце памылку. Зычу вам цудоўнага настрою, трапных адказаў!

 

Заданне “Словы ветлівасці”

Вядучы. Калі мы вырашылі размаўляць на роднай мове, то ў першую чаргу мы павінны ведаць ветлівыя словы. У беларускай мове ёсць шмат слоў, якія ўзнімуць настрой людзям. Успомнім іх.

Сёння цёпла, ці сцюдзёна,
Ці надвор’е – проста дрэнь,
Не зважаючы на гэта,
Усім кажыце:……… (“Добры дзень!”)

Прывітанне сябрам і дарослым,
Прывітанне – з пашанай і ўзнёсла,
Ці ў школу вы прыйшлі, ці на спатканне,
Можна ўсім тут сказаць : ……. (“Прывітанне!”)

Калі выходзіце вы з дому,
Сустрэч па заканчэнні,
Тады кажыце вы, вядома,
Усім: ……. (“Да пабачэння!”)

Сняданак, полудзень, вячэра,
З сям’ёй вы дома альбо дзесьці,
Усім прысутным без паперы
Сказаць патрэбна: …….  (“Смачна есці!”)

Камусьці ў метро на нагу наступілі,
Штурхнулі суседа, кагось зачапілі,
Вы не грубіян і не злодзей – не плачце.
Сказаць дастаткова бывае: …….  (“Прабачце”)

Цацкі ўсе даўно паснулі,
Спяць бабуля і дзядуля,
Спаць кладуцца тата, мама,
Пажадаем ім: ……. (”Дабранач!”)

Калі вам падораць кветку,
Прынясуць прысмакі,
Скажуць камплімент. На гэта
Адказаць вам трэба: …….(“Дзякуй!”)

Калі патрэбна дапамога,
Звярнуцца трэба мо да кога,
Вось вам маленькая падказка –
Заўжды кажыце: ……. (“Калі ласка!”)

 

Заданне “Куфэрак слоў”

Вядучы. Прапаную папрактыкавацца ў перакладзе слоў з рускай мовы на беларускую. Вы будзеце па чарзе выцягваюць з куфэрка паперку, чытаць словы і перакладаць іх.

Заданне

Адказ

Заданне

Адказ

Звезда
Кукушка
Кровать
Вилка
Петух
Туча
Ложка
Гроза
Зубная боль
Главный приз
Гнездо аиста
Диван
Отыскать
Ужинать
Комната
Деревянный

Зорка
Зязюля
Ложак
Відэлец
Пеўнік
Хмара
Лыжка
Навальніца
Зубны боль
Галоўны прыз
Буслянка
Канапа
Адшукаць
Вячэраць
Пакой
Драўляны

Скатерть
Занавески
Блюдце
Сковорода
Клёст
Аист
Черёмуха
Словарь
Серый гусь
Моя фамилия
Стеклянная банка
Ковёр
Пробовать (еду)
Завтракать
Этаж
Кирпичный

Абрус
Фіранкі
Сподак
Патэльня
Крыжадзюб
Бусел
Чаромха
Слоўнік
Шэрая гусь
Маё прозвішча
Слоік
Дыван
Каштаваць
Снедаць
Паверх
Цагляны

 

Заданне “Словы-хітруны”

Вядучы. Растлумачце значэнне “хітрых” беларускіх слоў. Вам прапануецца чатыры варыянты адказаў. Толькі адзін з іх правільны.

Касач – спявае, плыве, расце, лятае? Касач расце. (Ирис)
Кажан – спявае, расце, плыве, лятае? Кажан лятае. (Летучая мышь)
Абібок – чалавек, звер, птушка, грыб? Абібок – чалавек. (Лодырь, лентяй)
Трускалкі – гульня, ягады, жукі, танцы? Трускалкі (дыял.) – ягады. (Клубника)
Абабак – цацка, птушка, грыб, чалавек? Абабак – грыб. (Подберёзовик)

 

Заданне “Смачныя словы”

Вядучы. Прапаную папрактыкавацца ў перакладзе “смачных” слоў з беларускай мовы на рускую 

“Смачныя” словы: бульба, бурак, суніцы, кавун, разынкі, агрэст, цукар, вяршкі, гарбата, журавіны, пернік, ажыны, цукерка, гарбуз, цыбуля, юшка, дурніцы, агурок, кава.

 

Заданне “Апрані прынцэсу”

Вядучы. Ці ведаеце вы, мае маленькія сябры, казку пра голага караля? Так сталася, што кароль апынуўся без адзення. Паспрабуем прадоўжыць казку на новы лад.

– Агледзеўся кароль, што ён голы, і давай хутчэй краўцоў і шаўцоў клікаць, сабе адзенне ладзіць. Вельмі стараліся майстры. Праз пэўны час меў кароль новыя штаны і кашулю, якія яму былі да твару. Паглядзелі на новае адзенне прынцэсы, дочкі караля, ды як заплачуць: “І мы хочам новае адзенне!” У гэтым каралеўстве ўсе пажаданні прынцэс выконваліся. Сшылі майстры такое прыгожае адзенне, што, убачыўшы ў ім прынцэс, прынцы з суседніх каралеўстваў адразу закахаліся.

А хочаце даведацца, якія пажаданні былі ў прынцэс? А хто хоча выканаць гэтыя пажаданні? Давайце зараз паспрабуем.

Дзеці атрымліваюць каляровыя алоўкі і малюнкі з прынцэсамі.  

Пажаданне 1. “Хачу ружовую сукенку!”
Пажаданне 2. “Хачу блакітную кашулю і сінюю доўгую спаднічку!”
Пажаданне 3. “Хачу чырвоную кашулю, чорную камізэльку і чорную спадніцу з чырвонымі гарохамі!”
Пажаданне 4. “А я хачу жоўтую сукеначку з белым каўнерыкам, з зялёнымі гузікамі і дзвюма круглымі кішэнямі!”

 

Заданне “Назвы адзенне па-беларуску”

Вядучы. У гераіні верша Анатоля Зэкава “Дзве мовы” тата размаўляе па-руску, матуля – па-беларуску, таму дзяўчынка ведае  і рускую, і беларускую мовы. А хто хоча папрактыкавацца ў перакладзе з рускай мовы на беларускую?

Анатоль Зэкаў “Дзве мовы”
Мой тата нарадзіўся ў Курску
А мама родам з-пад Гальшанаў.
Гаворыць тата мой па-руску,
На беларускай мове – мама.
Дзве мовы сэрца мне галубяць,
Хоць словы ў іх не супадаюць.
Я з татам апранаю шубу,
З матуляй – ………….. апранаю.
…………. – юбкой, ……….  
Мой тата платьем называе.

Надзену …………………..–
паненкай
Шыкоўна ў шляпе выглядаю.
Купляе татачка носки мне,
Матуля дорыць мне
………………..,
І саграе мяне ў дзень зімні
І ……… …….., і жилетка.
Бягу да таты я ў сапожках,
А ў …….. ……  лячу да мамы.
Заўжды ў сапожках цёпла ножкам,
Не сцюжна ў ………………таксама.

Пачнецца дождж – пад
……………….
Мы з мамай ідзём дахаты
І бачым: пад зонтом ад дома
Спяшаецца насустрач тата.

Гаворыць тата мой па-руску,
Ды з часам болей прыкмячаю,
Што словы з мовы беларускай
За мною тата паўтарае –
Са мной ён мову вывучае!

Адказы (для самаправеркі)

Мой тата нарадзіўся ў Курску
А мама родам з-пад Гальшанаў.
Гаворыць тата мой па-руску,
На беларускай мове – мама.
Дзве мовы сэрца мне галубяць,
Хоць словы ў іх не супадаюць.
Я з татам апранаю шубу,
З матуляй – футра апранаю.
спадніцу – юбкой, ……(сукенку)
Мой тата платьем называе.

Надзену капялюш – паненкай
Шыкоўна ў шляпе выглядаю.
Купляе татачка носки мне,
Матуля дорыць мне шкарпэткі,
І саграе мяне ў дзень зімні
І камізелька, і жилетка.
Бягу да таты я ў сапожках,
А ў боціках лячу да мамы.
Заўжды ў сапожках цёпла ножкам,
Не сцюжна ў боціках таксама.

Пачнецца дождж – пад парасонам
Мы з мамай ідзём дахаты
І бачым: пад зонтом ад дома
Спяшаецца насустрач тата.

Гаворыць тата мой па-руску,
Ды з часам болей прыкмячаю,
Што словы з мовы беларускай
За мною тата паўтарае –
Са мной ён мову вывучае!

 

Заданне “Партрэт”

Вядучы. Укажыце прапанаваныя часткі цела – твар, бровы, валасы, галава, вочы, вушы, вусны, грыўка, скронь, вейкі.

 

   

 

Заданне “Паштоўка Фразені”

Вядучы. Вам паштоўка прыйшла з краіны беларускіх фразеалагізмаў ад Фразені – знаўцы вобразных выразаў. Фразеня марыць, каб вы, хлопчыкі і дзяўчынкі, узбагачалі свой слоўнікавы запас фразеалагізмамі і правільна іх выкарыстоўвалі ў розных сітуацыях зносін. Паслухайце, калі ласка, пажаданні: “Паважаныя сябры! Жадаю, каб кожны з вас адчыніў акно ў свет, быў усюды сваім братам, ніколі не адчуваў сябе не ў сваёй талерцы, заўсёды трымаў хвост абаранкам. Хай усе вашы справы пойдуць як па масле. І тады вы заткняце за пояс кожнага, у каго вецер у галаве”. А вось і заданне: кожны устойлівы выраз утрымлівае ў сваім складзе назвы частак чалавека, дапоўніце патрэбнымі словамі.

Заданні

Адказы

Вадзіць за ………. .

Вадзіць за нос.

Куды …………..   глядзяць.

Куды вочы глядзяць.

У адно ……… ўлятае, а ў другое вылятае.

У адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае.

………… да зубоў прымёрз.

Язык да зубоў прымёрз.

Кляваў ………… .

Кляваў носам.

З першых …………… .

З першых вуснаў.

Не было ў ……… макавай расінкі.

Не было ў роце макавай расінкі.

Вецер у ……………. .

Вецер у галаве.

За …………. не насіць.

За плячамі не насіць.

Як …………… зняло.

Як рукой зняло.

 

Заданне “Сярод кветак, нібы ў раі, я душой адпачываю”

Вядучы. Прапаную ўспомніць назвы кветак па-беларуску і правільна суаднесці малюнкі кветак з вазамі. Кветкі якой расліны засталіся без вазы? Чаму?

 

 


ружа


касач


півоня


рамонак


вяргіня


лілея


валошка


званочак

 

Заданне “Зразумей мяне з паўслова”

Вядучы. Разумець адзін аднаго моўчкі – гэта талент. З паўслова – гэта старанне дакладна растлумачыць. Зараз адзін гулец апісвае прадмет па-беларуску, не называючы яго, каб партнёр здагадаўся. (Словы для тлумачэння: дзённік, кураня, пэндзлік, прас, вавёрка, маланка, настаўніца, лялька, вожык. )

 

ВядучыДень роднай мовы – гэта свята. Таму беларускую мову можна лічыць імянінніцай. У такіх выпадках імяніннікаў віншуюць. Давайце і мы выкажам словы-пажаданні беларускай мове. (Дзеці па чарзе выказваюць свае пажаданні).

Вядучы.

Беларуская мова!
Мілая, адзіная,
Нам, нашчадкам,
Дадзена
Любаю Радзімаю
Ад дзядоў і прадзедаў.
Хай вядзьмараць
Навальніцы,
Снегападаў касякі,
А табе вякі бруіцца –
А затым –
Яшчэ вякі!…   
                (У.Мазго)_

Вядучы. Паважаныя ўдзельнікі, хачу падзякаваць вам за сённяшнюю гульню і выказаць спадзяванне, што наша сустрэча дапамагла далучыцца да багацця беларускай мовы і лепш зразумець яе прыгажосць і мілагучнасць.

Дзеці чытаюць верш Аксаны Хацкевіч “Наша мова”.

Кажуць, мова наша брыдкая,
Б’е па вуху, рэжа слых,
А яна ляночкам выткана,
I таму мілей за ўсіх.
     А яна ў валошках вырасла,
     У рамонкавых лугах.
     Колькі вытрымала, вынесла
     На мазолістых нагах.
А яна з бусловым клёкатам
Падымалася зрання,
А яна – з сялянскім побытам
Ды з аглобляю каня.
     А яна – з расой духмянаю,
     3 белым месяцам угары,
     А яна з самім Купалам
      Магла смела гаварыць.
Не расшыта аксамітамі,
А пранізана быллём,
Саматканым мова вышыта
Непадробленым жыццём.
     Кажуць, мова наша брыдкая,
     Б’е па вуху, рэжа слых.
     Беларускай светлай ніткаю
     Мова сплецена для ўсіх.

Гучыць песня “Беларуская мова” https://www.youtube.com/watch?v=20vBM6YnFLg

Удзельнікі гульні ў падарунак атрымліваюць дзіцячыя кніжкі на беларускай мове з творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий