І.Муравейка “Праўнук Перамогі”. Урок літаратурнага чытання ў 2-м класе

- 9:39Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Адна з задач урока – садзейнічаць фарміраванню грамадзянскай пазіцыі ў вучняў, выхаванню пачуцця гонару за сваю Радзіму.

Наталля КУЛАКОВА,  
настаўнік пачатковых класаў  
ДУА “Сярэдняя школа № 26  імя А.Н.Сівачова г. Гродна”

  

 

Мэта: пазнаёміць з вершам І.Муравейкі “Праўнук Перамогі”.

Задачы:

– фарміраваць сістэму чытацкіх уменняў вучняў;
– стварыць умовы для ўдасканалення навыкаў правільнага, свядомага чытання праз усведамленне эмацыянальнага настрою твора;
– садзейнічаць развіццю камунікатыўных здольнасцей вучняў, умення аналізаваць, параўноўваць, выказваць сваю думку;
– спрыяць развіццю ўмення разумець пачуцці іншых людзей; садзейнічаць выхаванню паважлівых адносін да сталых людзей, ветэранаў;
– садзейнічаць фарміраванню грамадзянскай пазіцыі ў вучняў, выхаванню пачуцця гонару за сваю Радзіму;

Тып урока: камбінаваны.

Метады: слова настаўніка, гутарка, работа з падручнікам, самастойная праца.

Формы работы: франтальная, індывідуальная, групавая, парная.

Абсталяванне: падручнік, свечка, мяч, ілюстрацыі на тэму “Дзень Перамогі”, фотаздымкі плошчы Перамогі і Вечнага агню ў Мінску.

Прэзентацыя да ўрока

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Чалавеку патрэбна не слава,
А людская ўвага і ласка,
І сардэчнае шчырае слова,
І вясёлая добрая казка.
Чалавеку патрэбна ўсмешка
Незнаёмых вачэй і знаёмых…

– Падарыце сваю ўсмешку мне і сябрам.

– Што нам патрэбна, каб урок быў паспяховым? (Увага, цярпенне, працаздольнасць, дружба, акуратнасць, стараннасць, цікаўнасць, добразычлівасць.) Жадаю вам плённай працы.

– Дэвізам нашага сённяшняга ўрока стануць словы У.Мазго: “Пранясі праз пакаленні чалавечнасць і сумленне”. Як вы іх разумееце?

 

ІІ Пастаноўка задач урока

– Давайце вызначым задачы нашага сённяшняга ўрока.

Я прапаную вам прадоўжыць маю думку. Сёння на ўроку мы:

– будзем чытаць, каб… (навучыцца чытаць яшчэ лепш, даведацца пра нешта новае);
– будзем адказваць на пытанні, каб… (навучыцца аналізаваць);
– будзем чытаць выразна, каб… (назіраць і пераймаць эмацыянальную выразнасць).

 

ІІІ Моўная размінка

– Каб ваша чытанне было сапраўды прыгожым і правільным, пачнём наш урок, як заўсёды, з дыхальнай гімнастыкі, якая таксама ўмацоўвае ваша здароўе.

Практыкаванне “Патушы свечку”: уявіць сабе, што ў руцэ – уяўная свечка, і хутка задзьмуць яе. Паўтарыць, але трымаць уяўную свечку на выцягнутай руцэ і павольна задзьмуць яе.

Чытанне двухрадкоўя:

Нам хораша ў нашай краіне.
Жыві, Беларусь, прыгажэй!
                         (Ніна Галіноўская)

– Прачытайце радкі, выразна вымаўляючы кожнае слова.

– Прачытайце моўчкі тры разы.

– Прачытайце шэптам.

– Прачытайце суседу хутка.

– Прачытайце ў пары з клічнай інтанацыяй.

– За што мы любім сваю Радзіму?

– Ці заўсёды на Беларусі было мірна і спакойна?

 

IV Этап падрыхтоўкі да ўспрымання новага матэрыялу

– Уважліва разгледзьце малюнкі на дошцы. Звярніце ўвагу на незвычайнае воблака слоў. Прачытайце гэтыя словы. Як вы думаеце, пра што мы сёння будзем з вамі размаўляць на ўроку?

– Што вы ведаеце пра вайну? (22 чэрвеня 1941 года на зямлю Беларусі прыйшло вялікае гора. Фашысцкая Германія пачала вайну супраць мірных жыхароў краіны. Першымі на сябе прынялі ўдар абаронцы нашай мяжы.)

– Успомніце імя героя пагранічніка, якое прысвоена нашай школе. (Аляксандар Сівачоў – малодшы лейтэнант камандзір 1-й заставы. З першых хвілін вайны разам са сваімі салдатамі прыняў бой з захопнікамі. Фашысты планавалі захапіць заставу за 20 хвілін, але бой працягваўся 12 гадзін. У гэтым баі Аляксандар Сівачоў атрымаў раненне, але працягваў змагацца пакуль не загінуў.) Тая вайна не абышла амаль што кожную сям’ю.

– Хто з вашых родных ваяваў? Што вы пра іх ведаеце?

– А калі скончылася вайна? (Скончылася вайна 9 мая 1945 года. На даху галоўнага будынка Берліна ўзнялі Сцяг Перамогі. Героям вайны за іх баявыя подзвігі ўручалі ордэны і медалі.)

 

V Вывучэнне новага матэрыялу. Работа з вершам І.Муравейкі “Праўнук Перамогі”

Падрыхтоўка да ўспрымання твора

– Прачытайце назву верша, з якім мы пазнаёмімся. Разгледзьце малюнкі на с. 105. Як вы лічыце, пра што пойдзе гаворка ў вершы?

– Аўтар верша “Праўнук Перамогі” Іван Андрэевіч Муравейка нарадзіўся ў 1921 годзе, 18-гадовым юнаком у канцы 1939 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Данскім, 3-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах. Быў паранены. За гады вайны быў двойчы ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені і 2-й ступені, ордэнам Чырвонай зоркі і медалямі.

Слоўнікавая работа

– Перад чытаннем прапаную высветліць значэнне некаторых слоў:

праўнук – сын унука ці ўнучкі;
узнагарода – па-руску – награда;
ордэн – знак узнагароды за якія-небудзь заслугі;
медаль – знак у выглядзе круглай металічнай пласцінкі з пэўнымі надпісамі, які выдаецца звычайна ва ўзнагароду;
фрэнч – прыталеная куртка ваеннага крою.

– Як вы разумееце спалучэнне слоў “праўнук Перамогі”? “Франтавы фрэнч”?

– Як вы лічыце, якім будзе верш па настроі?

Першаснае чытанне твора настаўнікам. Праверка першаснага ўспрымання

– Паслухайце, калі ласка, верш і адкажыце, ці пацвердзіліся вашы меркаванні? Які настрой выклікаў у вас верш? Каго аўтар называе “праўнукам Перамогі”?

 

VI Фізкультхвілінка

Каб уважлівымі быць,
трэба трошкі адпачыць.
Раз – падняцца, усміхнуцца,
Два – сагнуцца, разагнуцца.
Тры – галоўку ўверх падняць,
На чатыры – паківаць.
Пяць – рукамі памахаць.
Шэсць – як я – хутчэй прысесці.

 

Чытанне і аналіз твора вучнямі

– Прачытайце верш сам сабе. Алоўкам адзначце незразумелыя словы. (Вызначэнне сэнсу незразумелых слоў).

Чытанне верша па ланцужку.

– Зараз паспрабуем чытаць верш такім чынам: два радкі чытаю я, другія два – усе разам.

Стоп-чытанне (чытае адзін вучань, настаўнік гаворыць “стоп”, вучань называе імя другога вучня, які працягне чытаць).

Чытанне верша вучнямі «для суседа».

Аналіз твора

– Хто з’яўляецца дзеючымі асобамі верша?

– Куды ідуць хлопчык з прадзедам?

– У што апрануты дзядуля?

– Пра што расказваюць узнагароды на франтавым фрэнчы дзядулі? Прачытайце.

– Як вы разумееце сэнс апошняга чатырохрадкоўя верша?

– Якія думкі, пачуцці абудзіў у вас гэты твор?

– З якім настроем трэба чытаць верш? (З урачыстым настроем, выразна.)

– Падбярыце з верша радкі, якія падыходзяць да малюнкаў.

Выразнае чытанне верша (у парах)

Конкурс на лепшага чытальніка. (Крытэрыі ацэньвання: захоўванне паўз унутры і ў канцы сказа; адпаведнасць тону і тэмпу чытання эмацыянальнага настрою верша).

 

VII Замацаванне вывучанага матэрыялу

Азбука ветлівасці

– З кожным годам усе менш і менш становіцца тых, каму давялося перажыць тыя ліхалецці. Як трэба адносіцца да ветэранаў?

– Мінула ўжо 77 гадоў з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы павінны заўсёды паважаць ветэранаў і памятаць пра тое, што яны вызвалілі нашу зямлю ад ворага.

Чытанне і абмеркаванне вершаваных радкоў М.Пазнякова і закліку да вучняў на с. 106. Хвіліна маўчання ў памяць тых, хто загінуў у гады вайны.

“Чароўная скарбонка” (с. 107)

– У гонар Перамогі было пастаўлена шмат помнікаў. Адзін з іх стаіць на Плошчы Перамогі ў Мінску. Помнік на Плошчы Перамогі быў устаноўлены ў 1954 годзе ў гонар воінаў Савецкай Арміі і партызан Беларусі, якія гераічна змагаліся за вызваленне Радзімы. Манумент уяўляе сабой гранітны абеліск вышынёй 38 метраў. На пастаменце ля падставы абеліска ляжыць меч, абчапляны бронзавай лаўровай галіной – святы меч Перамогі. Ля падножжа помніка Перамогі 3 ліпеня 1961 года быў запалены вечны агонь.

 

VII падвядзенне вынікаў

– Што новага або цікавага пачулі на ўроку?

– Як трэба адносіцца да ветэранаў? Чаму?

– Выкажыце, калі ласка, свае думкі. Якая галоўная думка верша? Аб чым гэты верш?

 

VIII Дамашняе заданне  

Навучыцца выразна чытаць верш.

 

IX Рэфлексія

Я буду пачынаць сказ, а прадаўжаць яго будзе той, каму я кіну мяч.

– Сёння на ўроку мы пазнаёміліся з вершам …

– Аўтар верша “Праўнук Перамогі” …

– Мне спадабалася на ўроку …

– Мне запомнілася на ўроку …

– На ўроку ў мяне быў … настрой.

– А ў мяне быў цудоўны настрой. Мне вельмі спадабалася, што вы адказна аднесліся да ўрока, былі ўважлівымі, стараннымі.

– Калі вы задаволены сваёй працай на ўроку, “запаліце” чырвоны агеньчык. Калі вам здаецца, што вы маглі б працаваць значна лепш – жоўты.

– Дзякуй за працу!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий