Езуіцкі калегіум, як самая старажытная навучальная ўстанова на Смаргоншчыне

- 16:30Наш музей, После уроков

Матэрыял можа быць карысны пры вывучэнні гісторыі Смаргоншчыны

 

Людміла ЛЯШЭВІЧ,
настаўнік гісторыі
ДУА “Сярэдняя школа № 6 г.Смаргоні”
Гродзенская вобласць

 

Сучасная вёска Жодзішкі знаходзіцца на правым беразе Віліі. У часы Рэчы Паспалітай Жодзішкі адносіліся да Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, а ў часы Расійскай імперыі – да Дубатоўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. За “польскім часам” (1921–1939 гг.) вёска ўваходзіла ў склад Вілейскага павета Віленскага ваяводства.

Першая згадка пра старажытнае паселішча Жодзішкі паходзіць з 1511 г., калі вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт I сваім прывілеем дазволіў маркаўскаму намесніку Мордасу Мішкавічу арганізоўваць таргі і будаваць корчмы ў сваім маёнтку Жодзішкі.

На аснове гэтага дакумента можна зрабіць вынік, што з самага пачатку існавання Жодзішкі з’яўляліся не проста мястэчкам, але і своеасаблівым гандлёвым цэнтрам.

У перыяд XVI–XVII ст. мястэчка Жодзішкі належала розным уладарам. Гэта Грыгорый Станіслававіч Осцік, Юрый Фальчэўскі і ваявода Гурынскі, Іван Міхайлавіч Вішнявецкі, яго жонка Магдалена Дэспатаўна і іх сын І.М.Вішнявецкі.

У пачатку XVII ст. Жодзішкамі валодаў Геранім (Яраш) Мацеявіч Комар. Адам Мінкевіч у 1700 г. уступіў у манаскі ордэн езуітаў, ён жа ўгаварыў маці падараваць Жодзішкі езуіцкаму ордэну. 9 кастрычніка 1703 г. яны выдалі фундушавы дакумент на заснаванне ў мястэчку езуіцкага калегіума з запісаннем яму ў фундуш маёнтка Жодзішкі з навакольнымі фальваркамі. З-за ваенных дзеянняў і моравых пошасцяў на тэрыторыі ВКЛ езуіты з’явіліся ў Жодзішках толькі ў 1708 г. З архіўных дакументаў смаргонскага краязнаўчага музея вядома, што ў 1709 годзе у Жодзішках пачаў дзейнічать калегіум, які атрымаў назву Verbipolitanum. Так на тэрыторыі Жодзішак з’явілася самая старажытная навучальная ўстанова на Смаргоншчыне. Пад яе патрэбы быў прыстасаваны стары драўляны шляхецкі двор, які меў дамовую капліцу і складаўся з трох паяднаных галерэй-павільёнаў.

Спачатку, з 1709 г., пры калегіуме пачала дзейнічаць школка, у якой выкладаліся элементарныя навукі, паэтыка і рыторыка. У 1740, 1756,1772 гадах у школцы выкладаўся курс філасофіі для свецкіх студэнтаў, а з 1770 г. – матэматыка, французская і нямецкая мовы. З 1745 г. пры калегіуме існавала музычная бурса, у якой у 1745–1747 гг. быў дырыжорам нехта Антоні Драздоўскі. У 1767 г. пры калегіуме была адкрыта аптэка, дзейнічаў першы тэатр. Так, вядомы праграмы трох драм, пастаўленых у Жодзішкаўскім калегіуме. У І7І6 г. у сувязі з заканчэннем навучальнага года выконвался трохактная драма “Вянец духа-красамоўства”. Завяршалася яна сцэнай, у якой рымскі імператар Карл узнагароджваў польскага пасла за прыгожую прамову.

У І724 г. у гонар мясцовага мецэната Мікалая Козела вучні калегіума паказалі п’есу “Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць”. У І730 г. у тэатры ставілася п’еса “Перамога саюза любві”. Усе гэтыя факты сведчаць аб тым, што калегіум даваў рознабаковую адукацыю. Звярталася ўвага не толькі на разумовую працу, але і на духоўнае развіццё.

У 1709–1762 г. езуіцкі калегіум у Жодзішках узначальвалі віцэ-рэктары, а пазней – рэктары. Першым віцэ-рэктарам стаў Антоні Шыпіла, які пры калегіуме адкрыў школку з выкладаннем паэтыкі і рыторыкі.

Трохпавярховы мураваны будынак калегіума будаваўся на працягу шмат гадоў. У сваёй кнізе “Вілія і яе берагі…” (Дрэздэн, 1871), вядомы краязнавец К.Тышкевіч апісвае будынак калегіума як “… прыгожы, на тры паверхі, добрых памераў …”. Да нашага часу будынак дайшоў, перацярпеўшы частковыя разбурэнні. Існуе некалькі версій яго першапачатковага выгляду. Згодна К.Тышкевічу будынак меў тры паверхі ў сваёй частцы, прыстасаванай пад жытла, і два паверхі ў асноўнай частцы.

Пры калегіуме быў пабудаваны драўляны касцёл у 1722–1725 г. пры віцэ-рэктары Юрыі Палубінскім, а асвячоны ў 1727 г. віленскім біскупам Каралем Пятром Панцажынскім. Літоўскі правінцыял езуітаў Багушэвіч ахвяраваў у вялікі алтар касцёла абраз Божай Маці італьянскага мастака, прыгожы арган і іншае.

Пасля смерці караля Аўгуста II, у 1734–1735 г. разгарэлася вайна паміж рознымі палітычнымі групоўкамі за ўладу. Расійскія войскі спустошылі калегіум у Жодзішках, яго маёнткі і вёскі.

Пасля вайны пабудовы і гаспадарка калегіума зноў пачалі ўзнаўляцца. Новы будынак калегіума быў перабудованы па праекце віленскага архітэктара Тамаша Жаброўскагаў 1757–1766 гг. Ён быў прафесарам Віленскага ўніверсітэта, выдатным беларуска-літоўскім асветнікам, матэматыкам і аграномам, адным з вядучых архітэктараў віленскай школы барока.

У 1770 г. рэктар калегіума Станіслаў Жаба дадаткова ўвёў у мясцовай школцы курсы французскай і нямецкай моў і матэматыкі, а з 1772 г. аднавіў выкладанне філасофіі.

Віцэ-рэктарамі Жодзішкаўскага калегіума былі наступныя ксяндзы-езуіты: Антоні Шыпіла ў 1709–1716 г., Ян Ярашовіч да 1719 г., Казімер Матэлякоўскі да 1722 г., Юры Палубінскі да 1728 г., Антоні Вайніловіч да 1736 г., Ян Зржэльскі да 1739 г., Адам Мінкевіч, фундатар калегіюма, да сваёй смерці 18 сакавіка 1740 г., Міхал Качаноўскі да 1744 г., Юры Сулістроўскі да 1752 г., Казімер Вярбіцкі да 1755 г., Ян Корсак да 1759 г., Віктар Шчуцкі да 1761 г., Рэктарамі былі: Віктар Шчуцкі з 1 студзеня 1762 да 1766 г., Ігнат Жаба да 1769 г., Станіслаў Жаба да 1772 г., Казімер Прэцішэўскі да 1773.

Па скасаванні езуіцкага ордэна ў 1773 г. будынкі і маёнткі Жодзішкаўскага калегіума былі перададзены ў фундуш новастворанай Адукацыйнай камісіі ВКЛ, якая з дазволу караля перадала маёнтак у трыманне Шчаснаму Патоцкаму. Той хутка перадаў правы валодання маёнткам графу Тэадору Ляскарысу, палкоўніку войск ВКЛ. Ён паходзіў са старажытнага грэчаскага роду. За карыстанне маёнткам ён выплачваў у фундуш Адукацыйнай камісіі 22 000 злотых штогод. Ляскарыс з будынка калегіума ўтварыў палац, які выкарыстоўваўся пад жыллё толькі часткова. Драўляныя будынкі былой школкі выкарыстоўваліся пад чалядню. Да 1832 года яны ім валодалі. Вялі свецкае жыццё, ладзілі балы, жылі багата і раскошна. Палац быў добра мэбляваны, заўсёды было шмат гасцей. Пасля паўстання 1831 года царская адміністрацыя пазбавіла маёмасці Ляскарысаў. Маёмасць пераходзіць да роду Мілашэўскіх. Род быў не вельмі багаты. Левае крыло езуіцкага калегіума вырашаюць разабраць (зараз кухня бальніцы). У 40-я гады крыло разбураецца. Зараз мае асіметрычны выгляд. У 1928 годзе пра гэта сцвярджаў польскі ўрад. Юзэф Дудзінскі пацвердзіў, што магчыма шукалі золата, але больш верагодна, што патрэбна была цэгла для будаўніцтва. Сцяна была закладзена каменнем. Пад зямлёй захаваліся падмуркі. Мілашэўскія валодалі палацам да 1863 года. Пасля паўстання род Мілашэўскіх быў рэпрэсіраваны. Яны перасяліліся ў Полаччыну. Пасля паўстання 1863 г. уладальнікам жодзішкаўскай сядзібы сталі Бакшанскія.

У 1870 годзе будынак быў перабудаваны з мэтай надаць стыль неаготыкі. Перабудавалі дах цэнтральнай часткі. Але перабудаваны ён быў няўдачна, стаў зацякаць. У 1928 годзе большая частка была абрушана, захавалася толькі цэнтральная частка. Пры Бакшанскіх палац быў у занядбаным стане, сям’я жыла ў правым крыле. Юзэф Дудзінскі прымаў удзел у перабудове даху. У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам, Бакшанскія ў 1892 годзе пабудавалі спіртавы бровар.

Падчас Першай Сусветнай вайны лінія фронту праходзіла каля 5 кіламетраў ад Жодзішак. Жыхары былі выселены ў Літву. Бакшанскія з’ехалі ў Тупальшчыну. Германскія войскі пасяліліся ў калегіуме да 1918 года. Пасля вайны да 1926 года калегіумам ніхто не займаўся. У 1928 годзе камісія з Варшавы прыстроіла яго да гміны. У гэты час увесь калегіум быў разбураны. Бакшанскія былі зацікаўленыя ў яго продажы. Калегіум быў прададзены польскім уладам, а бровар – Іосіфу Дамуцю, які вярнуўся з ЗША і меў вельмі шмат на той час грошай.

Будынак зноў быў часткова адноўлены. Правае і левае крыло выкарыстоўвалі як адміністрацыйны будынак. Там знаходзіліся пошта, клуб, бібліятэка, школа, паліцэйскі пастарунак, была аптэка і лекарскі пункт з лекарам. У мясцовым музеі захавалася рэдкае фота выпускнікоў польскай школы. У асноўным яны атрымоўвалі пачатковую адукацыю. Таксама ў Алега Мізулы захаваўся вельмі цікавы экспанат, які сведчыць аб тым, што ў былым калегіуме размяшчалася польская адміністрацыя. Захавалася таксама і металічная гравіраваная пячатка ў выглядзе круга з выявай Ю.Пілсудскага. Кіраўнікамі гміна былі Іван Грыб, Аляксандр Гелярд, Фелікс Жылка. Падчас ВАВ Жодзішкі з’яўляліся цэнтрам рэйхскамісарыяту Беларусь. Вінцэнт Гадлеўскі (ксёндз) кіраваў аддзелам адукацыі. У калегіуме знаходзілася нямецкая адміністрацыя пад началам обер-лейтэнанта Енка.

Пасля Другой сусветнай вайны будынак калегіума быў прыстасаваны да патрэб косна-туберкулёзнага дыспансера, аднак неўзабаве ў выніку пажару будынак быў значна пашкоджаны, адноўлены ў 1949 г.

З 1949 г. па восень 2020 г. у былой сядзібе размяшчалася абласная псіханеўралагічная бальніца.

Пры сядзібе знаходзіцца парк пейзажнага тыпу, які таксама, як і сядзіба, датуецца XVII ст. Высаджваліся ліпы, клёны, таполі.

У 1988 г. будынак сядзібы і парк унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, як помнік рэспубліканскага значэння.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий