Экскурсія “Ручнік – атрыбут свята беларусаў”

- 17:35Наш музей, После уроков

У час экскурсіі ёсць магчымасць даведацца пра ручнікі каляндарна-абрадавага цыкла, звярнуўшы ўвагу на спосабы іх выкарыстання і асаблівасці дэкарыравання, прыняць удзел у інтэрактыўных гульнях. 

 

Вольга ЛЫСЕВІЧ,
дырэктар
ДУА “Корнадзьская базавая школа” Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Педагагічны калектыў ДУА “Корнадзьская базавая школа” Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці ў апошнія гады ў аснову сістэмы выхаваўчай работы паклаў фарміраванне маральных якасцей навучэнцаў з улікам нацыянальнага асяроддзя. У 2007 годзе ва ўстанове быў адкрыты музей Ручніка. Музей з’яўляецца цэнтрам даследчай работы. Работа музея будуецца на аснове праграмы, якая ўключае заняткі, мерапрыемствы, розныя формы дзейнасці. Складзеная праграма прызнана дапамагчы школьніку ўсвядоміць сваё месца ў жыцці, сфарміраваць светапогляд, выпрацаваць каштоўнасныя арыенціры.

У выніку стараннай працы настаўнікаў і вучняў школы музей атрымаў цікавую і змястоўную экспазіцыю. Экспазіцыя “Сучасны ручнік” у 2022 годзе папоўнілася калекцыяй ручнікоў каляндарна-абрадавага цыкла, якія створаны вучнямі і настаўнікамі школы. Адначасова была распрацавана экскурсія “Ручнік – атрыбут свята беларусаў”. Цікавыя экспанаты знаёмяць з духоўнай спадчынай Свіслаччыны. У час экскурсіі ёсць магчымасць даведацца пра ручнікі каляндарна-абрадавага цыкла, звярнуўшы ўвагу на спосабы іх выкарыстання і асаблівасці дэкарыравання, прыняць удзел у інтэрактыўных гульнях.

Мэта экскурсіі: пазнаёміць экскурсантаў з ручнікамі каляндарна-абрадавага цыкла, звярнуць увагу на спосабы іх выкарыстання і асаблівасці дэкарыравання.

Удзельнікі: навучэнцы 5–9-х класаў

Абсталяванне: куфар з народнымі вырабамі, талерка, манеты, калекцыя ручнікоў.

Ход экскурсіі

Экскурсавод 1.

Дзень добры! Слаўныя сябры!
У музей вас запрашаю.
І куфар з вышытым дабром
Гасцінна адчыняю.

(Адчыняе куфар, перабірае рэчы). Колькі тут прыгожых рэчаў, створаных з любоўю, надзеяй, марамі пра будучыню. Вялікі белы абрус, багата аздоблены вышыўкай і карункамі – святочны, яго засцілалі, калі ў дом прыходзілі госці. Маленькая беленькая кашулька – у такіх хрысцілі немаўля, а потым старанна захоўвалі для наступнага, казалі, – каб дзеці сябравалі. Прыгожая белая сурвэтка, адна, другая, трэцяя. Усе рэчы багата вышыты мудрагелістымі ўзорамі, сярод якіх можна разгледзець і дзівосныя расліны, і чароўных птушак, і незвычайных жывёл. Некалі вышыванка была самым папулярным сродкам упрыгожвання адзення і побытавых рэчаў.

Экскурсавод 2. Але размова сёння пойдзе пра іншыя вырабы. Пра сапраўдныя мастацкія творы, прыгожыя і непаўторныя, якія былі не толькі ўпрыгожваннем, а абавязковым атрыбутам любога свята! Мы сёння хочам не толькі расказаць, але яшчэ і прадставіць вашай увазе серыю ручнікоў каляндарна-абрадавага цыкла.

У наш час многія традыцыі з выкарыстаннем ручніка не захаваліся, ды ў гэтым няма патрэбы. Але ведаць іх неабходна. Тым болей, што, пазнаўшы нашы традыцыі, можна даведацца, што жыццё нашых продкаў было неад’емна звязана з навакольным асяроддзем, з людзьмі, чаго так не хапае у нашы дні.

Экскурсавод 1. Царкоўны год пачынаецца з першага верасня. Таму і адлік святаў стартуе менавіта з гэтай даты.

Восень абсыпала дрэвы
Жоўтым прыгожым лістком,
Восень сабрала пасевы
З поля пагодным дзяньком,
Збожжа ў гумно накладала,
Бульбу ссыпала ў мяхі,
У косы цыбулю сплятала,
Вешала іх ля страхі.
                            Ірына Багдановіч
Скончыўшы збор ураджаю,

Усіх на Багач запрашала.
Трэба ж падзякаваць Бога,
За тое, што маем так многа.

Экскурсавод дастае з куфра першы ручнік і дэманструе экскурсантам.

Свята Багач прымеркавана ў народным календары да заканчэння збору ўраджаю. У лубок збіралася жыта з усёй вёскі па жмені, устаўлялася i запальвалася свечка, якая сімвалізавала сонца. Пасля лубок з запаленай свечкай і ўпрыгожаны ручніком абносілі па ўсёй вёсцы. Прыняць удзел у зборы жыта на Багач азначала падзяку Богу за ўраджай, а значыць, і надзею на тое, што наступны ўраджай будзе не горшым.

Дзеля таго каб усе члены сям’і былі здаровымі, на Багач старэйшая гаспадыня брала вышыты ручнік, які быў над іконай Багародзіцы, і развешвала яго над уваходнымі дзвярыма.

А я ж прапаную пагуляць у гульню “Першы сноп”.

Гульня “Першы сноп”

Для гульні патрэбны дзве “жняі”. Кожная з іх павінна хутчэй “нажаць жыта”: выбраць траіх дзяцей, паставіць іх у адно месца, абвязаць ручніком, быццам бы зрабіць “снапы”. Тая “жняя”, якая хутчэй зробіць “вялікі сноп”, будзе пераможцам.

 

Экскурсавод 2.

Ой, ладачкі-ладкі –
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі –
Святкуем Калядкі!
               Артур Вольскі

А зараз паспрабуй уявіць сябе тым самым беларусам ці беларускай з мінулага, што ўвесь год з захапленнем чакалі Каляд, каб павесяліцца і смачна паесці, ды занурыся ў цёплую казачную атмасферу свята! Ды не проста чакалі, а рыхтаваліся да свята, ткалі і вышывалі ручнікі. А чыстыя і найпрыгажэйшыя вешалі на абразы.

Прадстаўляе другі ручнік.

Выконвалі ручнік звычайна ў пост. А перад тым як закласці аснову, жанчына абавязкова тры дні пасцілася. Нашы продкі мелі строгае патрабаванне – цела і душа павінны ачысціцца ад грахоў, напоўніцца святлом і дабрынёй, паводзіны – стаць стрыманымі, спакойнымі і ўраўнаважанымі. Лічылася, што рукі за гэты час напаўняюцца энергетыкай Сусвету.
Выкарыстоўваліся ручнікі і ў час калядных гульняў. У адну з іх я і прапаную пагуляць. 

Калядная гульня
Удзельнікам гульні патрэбна закруціцца ў ручнік. Хто зробіць гэта хутчэй і акуратней, той і з’яўляецца пераможцам.

 

Экскурсавод 1.

У цішы хрустальнае зімы,
У палонцы халоднай,
Урачыста сустракаем мы
Вадохрышча Гасподне.
Няхай асвенціць усіх вада,
Даруе прабачэнне,
І шчасце хай на ўсе гады
Нясе Богаяўленне.

Дастае і прэзентуе трэці ручнік.

Абрады, традыцыі ў гэты вялікі дзень – 19 студзеня – праходзяць ва ўсіх праваслаўных дамах, дзе людзі вераць у Бога. На Вадохрышча (іншая яго назва – Богаяўленне) людзі праводзяць розныя рытуалы, каб здабыць крэпасць духу і цела. Усе абрады і рытуалы на Вадохрышча звязаныя з вадой, якая валодае ў гэты дзень незвычайнай сілай.

Раніцай 19 студзеня існуе традыцыя купання ў палонцы, якую выразалі ў форме крыжа напярэдадні свята. Сам жа крыж усталёўвалі побач. Часам яго ўпрыгожвалі яловымі ці хваёвымі галінкамі. А таксама палівалі бурачным сокам, афарбоўваючы ў чырвоны колер, што сімвалізавала агонь; дэкарыравалі яркім ручніком. У далейшым гэты ручнік выкарыстоўваўся для лячэння людзей ад якіх-небудзь хвароб, ён мог зажыўляць розныя раны.

Пасля купання трэба адразу выйсці на бераг, насуха расцерціся ручніком. 

А яшчэ на Вадохрышча любілі варажыць. Каб праверыць, наколькі багатым будзе год, трэба ўзяць тры талеркі і манетку. Талеркі абавязкова ставіліся на спецыяльны святочны ручнік. Неабходна было адгадаць, пад якой талеркай схаваны грошы. Адгадванне з першага разу прарочыць багатае бесклапотнае жыццё. Калі з другога разу – вялікіх грашовых праблем таксама не будзе. А калі тройчы не адгадаць, то прыйдзецца папацець, каб зарабіць на пражыванне. Што і прапаную зараз зрабіць. Ёсць жадаючыя?

Экскурсавод праводзіць рытуал гадання. 

Экскурсавод 2.

Ёсць свята на свеце
Важнейшае з свят,
Калі прачынаецца свет.
Гул званоў на планеце,
Свет боскі з нябёс
Дакранаецца хат,
Агонь загараецца,
Свецяцца вочы.
Хрыстос Уваскрос!
У двары загучыць,
З-пад голля бяроз
Промень сонца іскрыць.
Кашолка ў руках
А ў ёй яйка, пірог
Традыцыі свята
Народ наш збярог.
І зразумела – святочны ручнік,
Паверце, жыве і сягоння не знік.
Прашу вас, сябры, да яго дакрануцца
У свята душою сваёй акунуцца.

Прапануе дакрануцца да ручніка.

 

Такі ручнік гаспадыня павінна абавязкова зрабіць сама. Выконваць яго патрэбна з натуральных тканін.

Працу неабходна пачынаць у чацвер. Дзень перад гэтым посціць. Працаваць толькі ў добрым настроі, напаўняць пазітыўнай энергіяй свой выраб. Вышываць патрэбна вельмі акуратна. Лічыцца, што правы бок аздабляюць для людзей, а левы – для Бога. Таму па якасці выканання яны не павінны адрознівацца. А самае важнае – такі ручнік нясе святочны сэнс – радасць Уваскрашэння.

А каларыт які, глядзіце:
Чырвоны – кроў Хрыста,
А чорны, то зямелька наша,
Праўдзівы сэнс быцця.

А Божую мудрасць сімвалізуюць колеры нябеснага агню: жоўты і залаты. Прысутнічае і сіні колер – сімвал душэўнага спакою. У невялікіх колькасцях ёсць і зялёны – жыццесцвярджальны колер вясны і маладосці.

А разам колеры ствараюць малюнак Уваскрэшання Хрыста.

У якасці эфектыўнага абярэга выкарыстоўвалі ручнік, на якім праводзілі асвячэнне велікоднай ежы. Лічылася, што ён добра дапамагае ад хваробы, калі яго насіць на сабе. Яго не мылі да восені, “пакуль грымоты не пройдуць”.
Калі дзяўчына доўгі час чакала сватоў, то магла сама пасадзейнічаць замужжу. Для гэтага трэба было памыцца ранкам ў Чысты чацвер, выцерціся новым ручніком, а на Вялікдзень аддаць гэты ручнік тым, хто просіць міласці разам з пафарбаванымі яйкамі і кулічом.

Велікоднаму ручніку надавалі магічную сілу і ў выхаванні дзяцей. Лічылі, калі ваша дзіця не слухае бацькоў, то трэба запрасіць на Вялікдзень за адзін стол сватоў, што вас сваталі, і кумоў, якія хрысцілі вашых дзяцей. Перад тым як сесці за стол, дайце ім вымыць і выцерці рукі. Зрабіце так, каб гэтым ручніком выцерлася і вашае нядбайнае дзіця. Потым ручнік трэба схаваць і тры гады не мыць.

Экскурсавод 1.

Адляцела вясна к небакраю
Белым пухам к вялікаму святу.
Намалюю зялёнага маю,
Прыбяру я на Сёмуху хату.
Не бывае любові замнога.
Сонцам кожная кветка сагрэта.
Пачынаецца святам дарога
У вясёлае, звонкае лета.
                                     Наталля Каліцька

Сёмуха – старажытнае земляробчае свята славянскіх народаў, у аснове якога культ зеляніны, маладосці і шанавання продкаў. Менавіта свята Сёмуха з’яўляецца заканчэннем веснавых палявых работ, а ўвесь тыдзень пасля Тройцы лічыцца святочным і называецца “Зялёныя святкі”.

На Беларусі здаўна існуе звычай перад святам Сёмуха прыбіраць і ўпрыгожваць хаты і двары “маем” – аерам ці так званым у народзе яварам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, іншай зеляніны. Бярозе надаецца асаблівае значэнне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. Ёю ўпрыгожваюць покуць, ставяць каля брамы, веснічак, на падлозе і па двары сцелюць явар.

У былыя часы нашы прабабулі, будучы маладымі дзяўчатамі, з песнямі хадзілі ў лес і завівалі маладыя бярозкі паміж сабой ручнічкамі, каб атрымаліся ўпрыгожаныя варотцы. Лічылася, хто пройдзе праз іх, будзе багатым, здаровым і шчаслівым увесь год да наступнай Сёмухі.

А таксама існуе прыкмета, што, калі на Сёмуху пахадзіць босымі нагамі па зямлі, а пасля стаць на святочны ручнік, то ногі балець ніколі не будуць. Ёсць жадаючыя – прапаную гэтую працэдуру зрабіць. (Праводзіць рытуал).

На Сёмуху (Зялёныя святкі, Тройца) спраўлялі беларусы адзін з найстаражытнейшых язычніцкіх абрадаў, звязаных з культам расліннасці, свяшчэнных дрэў, гаёў. Да ліку запаветных адносіліся як адзінкавыя дрэвы, так і купы, якія выраслі на месцы разбуранага храма, капліцы ці на магіле. Свяшчэннымі лічыліся таксама гаі з незвычайна старымі, высокімі і магутнымі дрэвамі ці з якімі-небудзь анамаліямі (дуплаватыя, раздвоеныя і інш). Адной з прыкмет ушанавання падобных дрэў было абвязванне (апаясванне) іх ручнікамі.

 

Экскурсавод 2.

Ад клопату нялёгкага
Стамілася зіма.
З павагай гаспадыню
Праводзім са двара.

Увага! Я буду расказваць пра тую рэч, якая схавана ў маім куфры, а вам неабходна яе адгадаць.

Чым адорвалі госці на Масленіцу ў знак удзячнасці за гасціннасць гаспадароў дома? Так ручніком-бліннікам.

Дастае з куфра ручнік-бліннік.

Менавіта з ім гаспадыня сустракала наступных гасцей. Я хачу вас таксама пачаставаць блінцамі, але спачатку адгадайце, колькі бліноў у мяне ў гэтай горцы.

Бліны, колы, катанне на конях вакол вёскі – чаму так паважалася ўсё круглае на Масленіцу? (Круглыя рэчы нагадвалі сонца, якое прыносіць цяпло і вясну. Люстэрка, каб пускаць сонечнага зайчыка.)

А яшчэ, ці ведаеце вы, што з даўніх гадоў і па гэты дзень хлеб і ручнік ідуць у пары. Нашы продкі патрабавалі, каб хлеб ніколі не ляжаў на “голым”, не пакрытым ручніком стале. Ручнікамі накрывалі хлеб на стале, дзяжу з замяшаным цестам для бліноў на масленіцу.

У некаторых мясцовасцях перш чым катацца на санках, жанчыны павінны былі з’ехаць з гары на прасніцы. Калі ж здарыцца так, што якая-небудзь не ўтрымаецца, то ёй прадказвалі няшчасце, што перашкодзіць “браць” лён, а значыць ткаць і вышываць ручнікі.

Экскурсавод 1.

Свята новае ідзе,
Зноў збіраецца народ.
Кветка-папараць цвіце
Толькі раз у год.

Адно з найстаражытнейшых і любімых у народзе святаў – Купалле. Гэта свята вяршыні лета, росквіту прыроды, выяўлення яе магутных жыццёвых сіл. У народнай мастацкай творчасці вельмі пашыраны вобраз папараць-кветкі – сімвала шчасця.

Прадстаўляе сёмы ручнік.

 

 

На нашым ручніку мы бачым атрыбутыку Купалля – купальскую траву ў выглядзе галінкі з трыма кветкамі, паколькі яе збіралі на тры канкрэтныя мэты: на вянкі, для варажбы і як лекі. Не адно стагоддзе нашы продкі спрабавалі знайсці яе ў купальскую ноч, каб стаць шчаслівымі, здаровымі і багатымі. Жаданай мары можна дасягнуць і тады, калі вышыеш гэтую кветку на ручніку.

Экскурсаводы разам.

Бязмежным будзе шчасце
І без нуды ўвесь год,
Калі такія святы
Шануе наш народ.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий