Вясковы падворак. Сцэнарый урачыстага адкрыцця экспазіцыі пад адкрытым небам этнаграфічнага музея “Зямля бацькоў”

- 12:07Воспитательная работа, Сценарии

Сфарміраваць у вучняў уяўленне пра народную культуру, традыцыі, побыт беларусаў.

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
кіраўнік этнаграфічнага музея “Зямля бацькоў”
ДУА”Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

 

Мэты:

сфарміраваць у вучняў уяўленне пра народную культуру, традыцыі, побыт беларусаў;
– развіваць мастацкае мысленне, крэатыўнасць і маўленне школьнікаў;
– абудзіць у падрастаючага пакалення цікавасць да мінулага нашых продкаў, пачуццё нацыянальнай годнасці;
– паглыбіць і пашырыць веды па фальклоры, этнаграфіі, гісторыі, народным мастацтве, літаратуры, працоўным навучанні;
– выхоўваць патрыятычныя пачуцці да малой радзімы, павагу і любоў да сваёй сям’і, да роднай зямлі.

 

Ход мерапрыемства 

Гучаць цымбалы і флейта. Вучні ў нацыянальных касцюмах сустракаюць гасцей.

Кіраўнік музея. Добры дзень, шаноўныя настаўнікі, госці, вучні! Мы рады вітаць вас у Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 22 імя Івана Паўлавіча Бохана горада Гродна” на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі пад адкрытым небам “Вясковы падворак”, над якой працавала творчая каманда крэатыўных вучняў, настаўнікаў, бацькоў, дырэктара школы. Я ўпэўнена, што тут вам будзе цёпла, утульна і душэўна спакойна. Жадаю ўсім незабыўных уражанняў і пазітыўных эмоцый!

Вядучы 1. Няма Радзімы без бацькоўскай хаты, роднага падворка, гародчыка пад акенцам. Для кожнага з нас, беларусаў, бацькоўская сядзіба – тая спадчына, якую мы атрымалі ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам. З любові і павагі да мілага парога, з вывучэння гістарычнага мінулага свайго народа, са спасціжэння яго традыцый пачынаецца прыгожая песня, якая нараджае музыку роднай зямлі. І таму сёння запрашаем вас дакрануцца душой і сэрцам толькі да часцінкі таго, што некалі было вельмі дарагім для нашых прабабак і прадзедаў. Калі ласка!

У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы: “Калі ласка!..”
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною.
Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:
– Калі ласка, калі ласка, ў хату!
Не паспелі сесці пры сустрэчы,
Як патэльня засквірчэла ў печы,
Ды і чарка бліснула дарэчы.
Бульба, смажаніна і каўбаска,
Пакаштуйце, людцы, калі ласка!
Хлопец кажа дарагой дзяўчыне:
– Калі ласка! Будзеш гаспадыняй!..
Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,
Ўсе з табой нягоды пераможам.
Гром грыміць. З нябёсамі размова:
– Калі ласка, цёплы дождж вясновы!
І не вельмі буйны і не рэдкі –
На сады, на пушчы, на палеткі,
На грыбы, на ягады, на кветкі…
– Калі ласка! – наш зварот бясконцы.
Мы гаворым ранішняму сонцу:
– Калі ласка, сонца, выйдзі з хмары,
Радасцю аблашчы нашы твары,
Ты ўзнімі з сабою нашы мары!
– Калі ласка!.. – нашай роднай мовы
(П. Броўка “Калі ласка!”)

Вядучы 2. Экспазіцыя “Вясковы падворак” – гэта своеасаблівая гісторыя, якая вяртае нас у мінулае. Яна, нібы машына часу, дапамагае зазірнуць праз стагоддзі, у сівую даўніну, каб адчуць і ўбачыць, як жылі нашы продкі, чым займаліся, што іх радавала і што засмучала. Мы, купляючы ўсё гатовае ў крамах, часам і не здагадваемся, як нашы дзяды і прадзеды з вясны да глыбокай восені збіралі ўраджай у полі, аралі зямлю канём, сеялі збожжа і садзілі бульбу, каб назапасіць ежу на год, рвалі лён. Хочацца нагадаць, што лён акрамя гаспадарчага прызначэння (з яго выраблялі і вырабляюць пасцельную бялізну, абрусы, адзенне, абярэгі, дыятычны алей), шырока выкарыстоўваўся ў медыцыне для лячэння мноства захворванняў.

Вядучы 3. Запрашаем прайсціся па вясковым падворку. Тут адлюстравана жыццё народа, яго штодзённыя клопаты пра дабрабыт сям’і. Звярніце ўвагу на куток гаспадара, дзе знаходзяцца разнастайныя прылады працы і прадметы побыту сялян: піла, вілы, рубанак, малаток, граблі, матыка, рыдлёўка, серп, каса, абцугі, хамут, кіянка, лейка, трохкутнік, барана, плуг. Асабліва хочацца адзначыць нашу сячкарню. Пра камбайны ведаюць усе, а вось пра сячкарню, якая была неабходная ў кожным двары, не кожны ведае. Вы бачыце прыладу, пры дапамозе якой рэзалі траву, салому, бацвінне і самі буракі, што складала рацыён для каровы і свіней. Гэта была дастаткова цяжкая праца па здабыцці прыкорму для свойскай жывёлы.

Вядучы 4. Паглядзіце налева, калі ласка. Нельга ўявіць жыццё ў вёсцы без каровы-карміцелькі. Але колькі было з ёй працы! Трэба раненька ўстаць, падаіць, у сезон вывесці на травіцу, пачысціць у хляве. Таму дзяцей змалку прывучалі да працы. Яны былі першымі памочнікамі бацькам у хатніх справах: пасвілі і даілі кароў, апрацоўвалі агарод, зграбалі і сушылі мурожнае сена, палолі і выбіралі бульбу і буракі; хлопчыкі вязалі кошыкі, а дзяўчаты вышывалі ручнікі, абрусы, на святы білі масла ў маслабойцы. З малака добрыя гаспадыні рабілі смачныя тварог, смятану, сыры. Вось такія сапраўдныя ўрокі-павучанні народнага стаўлення да жыцця, павагі да малой радзімы, да бацькоў, да аднавяскоўцаў заставаліся ў сэрцы і малых, і дарослых на ўсё жыццё.

Вядучы 1. А тут – глыбокая студня. Сюды ставілі ў гарачае лета збаны з малаком, каб яно не кісла і захоўвала натуральны пах. А якая студзёная смачная вада ў ёй! Прыгадваецца аповед пра абрад выклікання дажджу, спынення засухі, калі ў студню сыпалі мак, кідалі грошы, асвячоную траву. Часам кідалі нават гліняныя чыгуны, каб хутчэй пайшоў доўгачаканы дождж.

Вядучы 2. Дзед і баба – захавальнікі мудрасці сям’і. Вечарамі пасля цяжкага працоўнага дня гучалі задушэўныя беларускія песні, іскрыліся вясёлыя народныя танцы, ладзіліся гульні і разнастайныя забавы. Часта бабуля перабірала лекавыя зёлкі і расказвала ўнукам пра іх прызначэнне: крываўнік спыніць кроў з невялікай раны; палын, чарніцы дапамогуць пры хваробе страўніка; ліпа і маліны пры прастудзе. Ды і не перакажаш усяго за адзін раз! Збіралі лекавыя расліны ў полі, у лесе, на лузе і нават у агародзе. А падрабязней пазнаёміцца з імі можна на нашым лекавым пано. У вольную гадзіну дзед з задавальненнем расказваў унукам казку, вучыў чалавечнасці і дабрыні праз прыказкі і загадкі, а таксама віртуозна мог сыграць на гармоніку. (Іграе гармонік).

Вядучы 3. Экспазіцыя “Вясковы падворак” – гэта гімн свету вясковаму, малой радзіме і народу беларускаму. Яна садзейнічае выхаванню павагі да гістарычнай памяці, да чалавека-працаўніка, прывівае любоў да хлеба – сімвала жыцця, да роднай краіны, гонар за яе таленавітых людзей і незлічоныя багацці; паглыбляе веды пра традыцыі, звычаі і побыт сялян; стварае ўмовы для фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, адказнасці за лёс дарагой Айчыны.

Вядучы 4. Як напамінак, як запавет для нашчадкаў гучаць словы Уладзіміра Караткевіча, да якіх нельга не прыслухацца: “Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна”.

(У выкананні ўдзельнікаў гучыць слупок песні “Не прадаецца хата бацькоў…”).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий