Мелодыя ручніка. Музейны занятак для вучняў 7–8-х класаў

- 17:15Воспитательная работа, Сценарии

Беларускі ручнік – верны спадарожнік беларусаў, найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва. Музейны занятак для вучняў 7–8-х класаў дапамагае дакрануцца да духоўнай спадчыны, да народных традыцый і звычаяў свайго народа, усвядоміць непарыўную сувязь ручніка з духоўнай культурай беларусаў.

 

Люцына РАМАНЧУК,
кіраўнік народнага комплекснага краязнаўчага музея “Вытокі”
ДУА “Лойкаўская сярэдняя школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– выхаванне патрыятызму і грамадзянскіх пачуццяў вучняў на аснове вывучэння спадчыны роднага краю;
– пазнанне гісторыка-культурных вытокаў праз вывучэнне гісторыі стварэння беларускага ручніка, яго функцый ў побыце;
– фарміраванне пачуцця гонару за спадчыну малой радзімы;
– выхаванне павагі да стваральнай працы продкаў.

Абсталяванне: музейныя экспанаты (калекцыя ручнікоў, сноп ільну, мяліца, трапло, шчотка для расчэсвання ільну, верацяно, калаўрот, кросны); раздатачны матэрыял.

Месца правядзення: школьны комплексны краязнаўчы музей “Вытокі”.

 

Ход занятку

Уступнае слова кіраўніка музея

Саматканыя ручнікі,
Радасць, смутак, бяссонне вёсак.
Размаўляюць са мной вякі,
Пакаленні, людскія лёсы.
Неба весняга жаўрукі
І валошкавая прахалода…
Саматканыя ручнікі
Твор крынічнай душы народа.

Тэма сённяшняга занятку – “Мелодыя ручніка”. Перад вамі калекцыя ручнікоў “з бабулінага куфра” Лойкаўскага краю.

Ручнік – гэта святая повязь часоў. Жанчыны, якія ткалі ручнікі, напаўнялі глыбінным зместам гэтую “белую дарогу жыцця”.

А як жа ствараўся ручнік? Гэта была нялёгкая праца. Спачатку лён вырывалі і звязвалі ў снапы для прасушкі (паказвае сноп ільну). Потым мялі (паказвае мяліцу), трапалі (паказвае трапло), часалі (паказвае шчотку) і пачыналі прасці льняную нітку з дапамогай верацяна ці калаўрота (паказвае верацяно і калаўрот). У нашым музеі захаваліся фрагменты кроснаў (паказвае кросны), на якіх ткаліся ручнікі.

Панямонскія ручнікі маюць свае асаблівасці: вызначаюцца дэкаратыўнай стрыманасцю і вертыкальнай накіраванасцю. Яны нясуць на сабе адбітак зямлі, на якой разгортвалася славутая гісторыя беларускай дзяржавы.

 

Першы экскурсавод школьнага музея расказвае пра ўзоры, вышытыя на ручніках.

Ручнікі нашага рэгіёна вельмі прыгожыя. Быццам песня, льецца льняное палатно з вышытымі на ім рознакаляровымі кветкамі, сакавітымі букетамі. Гэта мелодыя ідзе ад сэрца, ад лёсу чалавека, з якім ручнік праз усё жыццё быў звязаны. Дзяўчаты любілі вышываць на ручніку пеўняў. Казалі, што яны абараняюць ад дрэннага вока. Вышытыя вяночкі – сімвал кахання. Асаблівую каштоўнасць мелі ручнікі з вышытай манаграмай. Гэта маглі быць першыя літары імёнаў маладых. Такія ручнікі перадаваліся з пакалення ў пакаленне як рэліквія.

Больш далікатнымі лічыліся ручнікі з вышытай тонкай рознакаляровай палоскай. Старажылы кажуць, што доўгі ўзор, які бяжыць па палатне, нагадвае хвалі вялікага Нёмана, які цячэ недалёка ад нашай вёскі.

Заданне для вучняў

З дапамогай шыфраў растлумачце, што азначае вышыты ўзор на прапанаваным ручніку.

 

Другі экскурсавод школьнага музея расказвае пра разнастайнае выкарыстанне ручніка ў побыце вяскоўцаў і дэманструе ручнікі з музейнай калекцыі.

Ручнік суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з раніцы і да вечара. Перш чым убачыць сонца, чалавек “змываў” сон і лашчыў твар ручніком.

На вышыты ручнік клалі дзіця пры нараджэнні.

Старажылы расказваюць, што раней, калі прыязджалі сваты, дзяўчына павінна была заслаць лаву доўгім льняным ручніком.

На вяселлі ручнік выконваў ролю двух пачаткаў – мужчынскага і жаночага, двух сем’яў, двух родаў. Ручнік-падножнік захоўваўся ў сям’і як сімвал сямейнага дабрабыту.

Ручніком выціралі посуд або накрывалі ежу.

Ручнік традыцыйна спадарожнічае хлебу і солі. Спецыяльным ручніком-надзежнікам, без вышыўкі і карункаў, накрывалі дзяжу з расчыненым цестам.

Перш чым сесці за стол, трэба было падзякаваць Богу за падараванае жыццё і долю. Позірк накіроўваўся на покуць. А там, пад столлю, знаходзіўся абраз Збаўцы і бялюткі і прыгожа арнаментаваны ручнік. Ён меў адметную назву – набожнік – і надзяляўся самым высокім статусам. Ім упрыгожвалі абразы чырвонага кута.

Ручнікі ў якасці абярэгаў вешалі на прыдарожныя крыжы. Яны былі сімвалам міру, абароны ад бяды і вайны.

Пытанне для вучняў

Якую функцыю выконвалі ручнік-набожнік, ручнік-нахлебнік, ручнік-падножнік, ручнік-скарач, ручнік-уціральнік?

 

Трэці экскурсавод школьнага музея прадстаўляе тэатралізаваную інсцэніроўку.

Неверагодна, але факт. Ёсць у нашым музеі ручнік з незвычайнай гісторыяй.

У гады вайны вораг заняў вёску. Гаспадыня ручніка, будучы тады маладой дзяўчынай, разам са сваёй маці стала хаваць усе каштоўныя рэчы. А адзін ручнік ледзь не пакінулі.

– Ой, што гэта? Як мы пра цябе забыліся? Дзе ж я цябе схаваю? Зараз прыйдуць чужынцы. Яны ж нічога святога не маюць.
Ведаю. Я закапаю цябе пад любімай яблынькай.
Мая дарагая і любімая яблынька! Ты заўсёды частавала мяне салодкімі яблыкамі, за што табе вялікі дзякуй. Не ведаю, як складзецца мой лёс. Але сёння я давяраю табе сямейную рэліквію – ручнік, які ткала і вышывала мая бабуля. Падчас вянчання мае бацькі стаялі на ім, а калі нарадзілася я, мяне паклалі на яго. Зберажы і захавай яго!

Так і праляжала сямейная рэліквія доўгія гады ў зямлі. А цяпер займае ганаровае месца на выставе.

Заданне для вучняў

З асобных слоў скласці прыказкі і прымаўкі пра ручнік. Напрыклад: “Хата без ручніка, што сям’я без дзяцей”; “Сват без ручніка, як ткачыха без чаўнака”; “Для зяця – лепшы ручнік у хаце”.

 

Рэфлексія. Метад “Закончы фразу”

Галоўным адкрыццём для мяне падчас занятку было тое, што…
Я павінен(-на) ведаць гістарычную і культурную спадчыну малой радзімы, таму што …

Заключнае слова кіраўніка музея. Жыццё старадаўніх ручнікоў працягваецца ў нашым музеі. Ручнік не перастае размаўляць з намі на мове мінулых пакаленняў, ён нясе на сабе адбітак іх мар, ідэалаў, веравызнання. Ён здольны шмат расказаць пра народ, радзіма якога – Беларусь.

З каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор.
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор.
І глядзіш, глядзіш зачараваны
На дзівосны казачны ўбор.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий