Выкарыстанне пантбука як сродку візуалізацыі вучэбнага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры. Майстар-клас

- 16:29II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Майстар-клас, Методичка

Мэта майстар-класа – знаёмства з пантбукам як адной з формаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу і магчымасцямі яго выкарыстання на ўроках беларускай літаратуры.

Тамара ПАЎЛАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Малевіцкая сярэдняя школа Жлобінскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

Мэта майстар-класа: знаёмства з пантбукам як адной з формаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу і магчымасцямі яго выкарыстання на ўроках беларускай літаратуры.

Задачы:

– даць уяўленне пра пантбук, вызначыць этапы працы над яго стварэннем;
– прадэманстраваць удзельнікам майстар-класа магчымасці прымянення пантбука на ўроках беларускай літаратуры;
– арганізаваць дзейнасць педагогаў па стварэнні ўласных заданняў з выкарыстаннем пантбука;
– стварыць умовы для самарэалізацыі і творчай актыўнасці ўдзельнікаў майстар-класа.

Прагназаваны вынік

Мяркуецца, што ўдзельнікі майстар-класа:

– атрымаюць уяўленне пра пантбук і яго выкарыстанне на ўроках беларускай літаратуры;
– навучацца рабіць пантбукі і распрацоўваць заданні згодна з тэмай і задачамі ўрока;
– павысяць інфармацыйную кампетэнцыю, здолеюць выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю ў сваёй дзейнасці.

Форма працы: групавая; удзельнікі падзелены на тры групы, кожная сядае за асобны стол.

Абсталяванне: каляровыя карткі для ўдзельнікаў майстар-класа (3 групы); карткі з крыжаванкай; выразаныя з паперы лісты, кветкі і яблыкі; лісты А4 для стварэння пантбукаў; нажніцы; фламастары і каляровыя алоўкі; лінейкі; загатоўкі пантбука; карткі з заданнямі; пантбукі, створаныя вучнямі.

 

Ход майстар-класа

1 Арганізацыйна-матывацыйны этап

Задача: забяспечыць матывацыю і запрасіць да супрацоўніцтва ўдзельнікаў майстар-класа.

– Вітаю вас, паважаныя калегі, і запрашаю выцягнуць з “чароўнага мяшэчка” адну картку. Сядзьце, калі ласка, за сталы згодна з колерам картак. (Удзельнікі майстар-класа выцягваюць карткі розных колераў і дзеляцца на тры групы). Раней казалі: “Добры пачатак – палова шляху”. А пачынаць любую справу трэба з добрага настрою. Усміхніцеся гэтаму дню і адзін аднаму. Я жадаю вам плённай працы і поспехаў, няхай добры настрой дапамагае вам і не згубіцца пасля нашых заняткаў.

 

2 Актуалізацыя суб’ектыўнага вопыту ўдзельнікаў

Задача: вызначыць праблемнае поле майстар-класа, забяспечыць актыўнасць удзельнікаў.

– Апошнім часам пры арганізацыі вучэбнага працэсу існуе неабходнасць візуалізацыі інфармацыі. Існуе шырокая разнастайнасць сродкаў візуалізацыі. Паважаныя калегі, я прапаную вашай увазе крыжаванку. Калі вы правільна разгадаеце яе, у выдзеленай калонцы прачытаеце слова, якое з’яўляецца ключавым паняццем нашых сённяшніх заняткаў.

 

1) Кардонная самаробная папка з кішэнямі, у якой сабраны матэрыял па пэўнай тэме. (Лэпбук)
2) Арыгінальная выява з некалькіх ці мноства фатаграфій або малюнкаў. алаж)
3) Асацыятыўны ланцужок, які ўяўляе сабой табліцу з 9 квадратаў, у якіх змешчаны выявы. Кожная выява звязана з папярэдняй і наступнай па сэнсе. (Кросэнс)
4) Часавая шкала, прамы адрэзак, на які ў храналагічным парадку наносяцца падзеі. (Таймлайн)
5) Перадача інфармацыі пры дапамозе эскізаў або малюнкаў, якія адлюстроўваюць яе змест і ўнутраныя сувязі. (Скрайбінг)
6) Метад прадстаўлення інфармацыі ў выглядзе, зручным для назірання і аналізу (напрыклад, у выглядзе малюнкаў і фатаграфій, графікаў, дыяграм, структурных схем, табліц, карт і г.д.). (Візуалізацыя)
7) Візуальнае ўяўленне групы слоў, якія аб’яднаны пэўнай тэматыкай. (Воблака)

Удзельнікі майстар-класа ў групах разгадваюць крыжаванку, агучваюць вынікі працы.

 

3 Мэтавызначэнне

Задача: пастаноўка мэт удзельнікамі і выяўленне іх чаканняў.

– Я ўпэўнена, што кожны з вас імкнецца, каб вучні хацелі працаваць на ўроку, выконвалі заданні з задавальненнем. Ва ўсіх настаўнікаў ёсць свае метады і прыёмы па арганізацыі такой працы. Бясспрэчна адно: нават самыя лепшыя з іх з часам могуць надакучыць дзецям. Таму ўвесь час прыходзіцца шукаць нейкія новыя формы, каб падтрымаць цікавасць вучняў, павысіць матывацыю да вывучэння прадмета. Сёння я хацела б прадэманстраваць магчымасці выкарыстання пантбука на ўроках беларускай літаратуры.

А зараз пытанне: хто з вас ужо ведае пра такую форму работы? На вашых сталах ляжаць папяровыя лісты, кветкі і яблыкі, на дошцы намалявана яблынька. Калі вы нічога не ведаеце пра пантбук і яго выкарыстанне, прымацуйце, калі ласка, да дрэўца лісцік. Калі чулі, але хацелі б даведацца больш, прымацуйце кветку. Калі ведаеце і выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці, то прымацуйце яблык.

Дзякую за адказ. Вось такое прыгожае дрэўца ў нас атрымалася. Я спадзяюся, што да заканчэння заняткаў вы даведаецеся пра магчымасці выкарыстання пантбука больш.

Такім чынам, тэма нашага майстар-класа “Выкарыстанне пантбука як сродку візуалізацыі вучэбнага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры”. Скажыце, чаго вы чакаеце ад нашых заняткаў. Калі ласка, прадоўжыце выразы:

“Сёння я даведаюся…”;

“Я навучуся…” (Удзельнікі выказваюць свае меркаванні).

 

4 Інфармацыйна-дзейнасны этап

Задача: знаёмства з пантбукам, асаблівасцямі і ўмовамі яго выкарыстання; стварэнне атмасферы калектыўнага ўзаемадзеяння па засваенні методыкі выкарыстання пантбука на ўроках беларускай літаратуры.

 

4.1 Вызначэнне адрозных прымет пантбука

– Што ж такое пантбук? Пантбук (PanBook) – разваротная паліграфічная фотакніга ў цвёрдым пераплёце, надрукаваная на сучасным лічбавым абсталяванні, якая мае ўнутраныя развароты [6]. У педагагічнай практыцы звычайна ўжываюцца такія назвы, як пантбук або пейнтбук. Мне здаецца, што больш па-беларуску гучыць менавіта пантбук, таму я карыстаюся такой назвай. Я лічу выкарыстанне пантбука цікавым і карысным відам работы на ўроках беларускай літаратуры.

Каб прымяняць пантбук, спачатку трэба зрабіць загатоўку. Для гэтага неабходна ўзяць чысты ліст фармату А4 і нямоцна згарнуць яго напалову, адзначыўшы такім чынам сярэдзіну. Можна выкарыстаць каляровы ліст або кардон. Пасля разгарнуць, узяць ліст з двух знешніх бакоў і прыкласці іх да сярэдзіны, каб два краі сустрэліся. Зараз лінію згібу трэба моцна зафіксаваць. У нас атрымалася нешта накшталт шафы з дзверцамі. А зараз робім дзверцы. Для гэтага бяром нажніцы і кожную палову гарызантальна разразаем на 3–4 часткі. Колькасць будзе залежаць ад тых заданняў, якія мы хочам прапанаваць вучням. Такім чынам, у нас атрымалася 3–4 пары дзвярэй [7]. (Вядучы дэманструе ход стварэння пантбука, удзельнікі майстар-класа таксама робяць пантбук разам з ім).

Прапаную вашай увазе загатоўкі, якія я зрабіла раней (Дадатак 1). Зверху можна ўказаць дату, клас, прозвішча і імя вучня, тэму ўрока. У сярэдзіне можа быць ілюстрацыя да твора, можна намаляваць або нават наклеіць нейкі асацыятыўны малюнак, упрыгожыць свой пантбук нейкімі сімваламі і інш. Гэта залежыць ад фантазіі вучняў, самае галоўнае, каб гэтыя малюнкі, асацыяцыі, сімвалы мелі дачыненне да тэмы ўрока і твора. Дзверцы мы падпісваем у залежнасці ад пастаўленай мэты і задач. У сярэдзіне кожнай дзверцы будзе патрэбная інфармацыя. Далей можна прапанаваць вучням розныя віды творчых і пазнавальных заданняў на выбар. Падумайце, калі ласка, і адкажыце, якія заданні прапанавалі б вучням вы. (Удзельнікі майстар класа называюць віды заданняў). Я найчасцей прашу скласці сінквейн, дыяманту, падабраць словы-асацыяцыі, прадоўжыць сказ, скласці верш, напісаць міні-сачыненне, падабраць загадкі ці прыказкі.

 

4.2 Вызначэнне асноўных этапаў працы па стварэнні пантбука

– А зараз прапаную вам выканаць наступнае заданне (Дадатак 2). Перад вамі пераблытаныя этапы падрыхтоўкі настаўніка да выкарыстання пантбука на ўроку, паспрабуйце паставіць іх у правільным парадку. (Удзельнікі майстар-класа вызначаюць паслядоўнасць этапаў, агучваюць вынікі працы).

– Пры падрыхтоўцы да ўрока з выкарыстаннем пантбука можна вызначыць наступныя этапы:

1) Выбраць тэму ўрока.
2) Вызначыць мэту стварэння пантбука.
3) Прадумаць пытанні, на якія неабходна звярнуць увагу.
4) Падрыхтаваць раздатачны матэрыял. (Сам пантбук)
5) Прадумаць творчыя заданні.
6) Прадугледзець сістэму ацэньвання.

 

4.3 Знаёмства з магчымасцямі прымянення пантбука на ўроках беларускай літаратуры

– Пры запаўненні пантбука ўвага канцэнтруецца не на выпадковай інфармацыі, а на важных пытаннях. Ствараючы пантбукі, вучні дэманструюць уменне знаходзіць патрэбную інфармацыю, індывідуальны спосаб яе ўспрымання і прадстаўлення, выяўляюць свае творчыя здольнасці. Можна прапанаваць сумесныя, групавыя, парныя і індывідуальныя формы стварэння пантбукаў.

А зараз з пераліку вучэбных задач выберыце тыя, для вырашэння якіх можна выкарыстоўваць пантбук (Дадатак 3). (Удзельнікі майстар-класа працуюць, агучваюць вынікі працы).

– Я прымяняю пантбук для вырашэння наступных задач:

1) падагульненне і сістэматызацыя матэрыялу;
2) аналіз мастацкага твора (лірычнага ці невялікага эпічнага);
3) характарыстыка героя твора;
4) стварэнне параўнальнай характарыстыкі герояў;
5) развіццё маўлення вучняў.

 

4.4 Стварэнне ўласнага метадычнага прадукту

– Адной з задач, якія мы вылучылі на пачатку заняткаў, з’яўляецца распрацоўка ўласных заданняў з выкарыстаннем пантбука. Давайце рэалізуем яе.

Вядучы майстар-класа прапануе групам карткі з тэмамі ўрока (Дадатак 4). Тэму можна выбраць і самастойна па жаданні. Удзельнікі майстар-класа ставяць мэту выкарыстання пантбука, прапануюць заданні навучальнага і творчага характару. Групы прадстаўляюць вынікі працы.

Вядучы майстар класа дэманструе ўдзельнікам пантбукі, створаныя вучнямі 5–9 класаў.

 

5 Рэфлексійны этап

Задача: стварыць умовы для ацэнкі эфектыўнасці ўзаемадзеяння педагога і ўдзельнікаў майстар-класа; асэнсавання імі значнасці атрыманых звестак і ведаў для выкарыстання ў далейшай педагагічнай дзейнасці.

– Скажыце, ці атрымалі вы ад сённяшніх заняткаў тое, чаго чакалі. Аб чым вы даведаліся сёння? Чаму навучыліся? (Удзельнікі майстар-класа адказваюць на пытанні). Спадзяюся, што мой метадычны вопыт быў карысны для вас і пасля заняткаў на нашай яблыньцы з’явіцца яшчэ больш кветак і пладоў. Для тых, хто зацікавіўся гэтай тэмай, прапаную пантбук-падказку (Дадатак 5).

Я жадаю вам здароўя, поспехаў у працы і актыўных, творчых, захопленых вучняў.

 

 

Дадатак 2

Этапы падрыхтоўкі да ўрока з выкарыстаннем пантбука

Заданне: пастаўце этапы ў правільным парадку.

Прадумаць творчыя заданні.
Вызначыць мэту стварэння пантбука.
Падрыхтаваць раздатачны матэрыял. (Сам пантбук)
Выбраць тэму ўрока.
Прадугледзець сістэму ацэньвання.
Прадумаць пытанні, на якія неабходна звярнуць увагу.

 

Дадатак 3

Пералік вучэбных задач для выкарыстання пантбука

Заданне: з пераліку вучэбных задач выберыце тыя, для вырашэння якіх, на вашу думку, мэтазгодна выкарыстоўваць пантбук.

1) Актуалізацыя ведаў вучняў.
2) Падагульненне і сістэматызацыя матэрыялу.
3) Рэфлексія.
4) Аналіз мастацкага твора (лірычнага ці невялікага эпічнага).
5) Характарыстыка героя твора.
6) Стварэнне параўнальнай характарыстыкі герояў.
7) Развіццё маўлення вучняў.
8) Параўнальная характарыстыка двух вершаў (аднаго ці розных аўтараў).
9) Праверка разумення самастойна прачытанага твора.

 

Дадатак 4

Тэмы ўрокаў для распрацоўкі заданняў з выкарыстаннем пантбука

1. В.Быкаў. Аповесць “Жураўліны крык”. Раскрыццё ў трагічных абставінах характараў герояў.
2. М.Багдановіч. Верш “Слуцкія ткачыхі”.
3. П.Броўка. Верш “Пахне чабор”.
4. Урок дадатковага чытання ў 8-м класе. Пейзажная лірыка і духоўны свет чалавека.
5. Урок творчай працы ў 8-м класе. Сваімі словамі пра лірычныя жанры.
6. У.Караткевіч. “Паром на бурнай рацэ”. Характарыстыка галоўных герояў.
7. Я.Купала. Паэма “Бандароўна”. Вобразы-антыподы.
8. Я.Купала. Агульначалавечыя матывы ў лірыцы.
9. К.Чорны. Апавяданне “На пыльнай дарозе”.
10. Я.Купала. “Курган”. Вобразы гусляра і князя.
11. М.Лупсякоў. “Мэры Кэт”. Вобраз Эмы або галоўнага героя.
12. Урок дадатковага чытання ў 5-м класе. У свеце казак.
13. М.Танк. “Ля вогнішч начлежных”. Народная легенда “Нарач”. Параўнальны аналіз фальклорнага і літаратурнага твораў.
14. М.Багдановіч. “Зімой”.
15. У.Караткевіч. “Лісце”.

 

 

Літаратура

1 Данілішына, А. Чытанне як інвестыцыя ў сябе (майстар-клас) / А.Данілішына // Роднае слова. – 2020. – № 12. – С. 42 – 47.
2 Васюковіч, Ж.Л. Актыўныя метады і прыёмы навучання на ўроках беларускай мовы (план-канспект майстар-класа) / Ж.Л.Васюковіч // Беларуская мова і літаратура. – 2019. – № 6. – С. 31 – 35.
3 Румянцава, С.Л. Лесвіца поспеху, або сістэма пазнавальных заданняў як сродак развіцця вучэбнай матывацыі, творчых і інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў (план майстар-класа) / С.Л.Румянцава // Беларуская мова і літаратура. – 2018. – № 8. – С. 7 – 10.
4 [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://pandia.ru/text/80/023/6794.php / – Дата доступу: 17.01.2022.
5 Візуалізацыя вучэбнага матэрыялу на ўроках беларускай мовы і літаратуры як спосаб развіцця інфармацыйных кампетэнцый вучняў [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://infourok.ru/vіzualіzacyya-vuchebnaga-materyyalu-na-ўrokah-belaruskaj-movy-і-lіtaratury-іntelekt-karty-voblaka-sloў-kalazh-і-іnsh-ya-5508120.html / – Дата доступу: 17.01.2022.
6 Што такое ПанБук [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.e-photo.ua/p/panbook / – Дата доступу: 17.01.2022.
7 Як зрабіць пантбук [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: youtube.com›watch?v=lcC_Neo3g1o / – Дата доступу: 17.01.2022.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий