Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”). Урок музыкі ў 4-м класе. 1-ы ўрок

- 9:28Методичка, Музыка, хореография, искусство, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Тэма вывучаецца ў 4-м класе ў канцы другой чвэрці ў раздзеле “Музычная культура Беларусі”. Дадзеныя ўрокі дапамогуць навучэнцам пашырыць веды аб беларускім народным свяце Каляды.

Яўгенія САВІЦКАЯ,
настаўнік музыкі
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: фарміраванне ўяўлення аб беларускіх народных традыцыях святкавання Каляд.

Задачы:

– абагаціць вопыт успрымання і аналізу калядных песень;
– развіваць уменні выконваць калядныя песні, складаць калядныя музычныя пажаданні;
– прывіваць любоў да народнай культуры, яе традыцый, свят і абрадаў.

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбны дапаможнік, рабочы сшытак, рэпрадукцыі карцін В.Васняцова “Калядкі”, А.Транкоўскага “Святкі”, партрэты В.Васняцова, А.Транкоўскага, памятка “Сродкі музычнай выразнасці”.

Абсталяванне: ноўтбук, тэлевізар.

Музычны рэпертуар: беларускія народныя песні “Ішла Каляда калядуючы”, “Добры вечар, шчодры вечар”, “Го-го-го, каза”, А.Вівальдзі “Зіма”

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

Вучні ўваходзяць у клас пад музыку А.Вівальдзі “Зіма”.

Музычнае прывітанне “Добры дзень, дзеці!”.

Стварэнне эмацыянальнага настрою.

Настаўнік. Я ўпэўнена, што ўсе вы любіце дарыць і прымаць падарункі. Сёння ў вас ёсць такая магчымасць. Падарункі вашы будуць незвычайныя – моўныя. Фраза павінна пачынацца словамі: “Ад усяго сэрца я табе дару…”. Прыміце падарунак і ад мяне. Ад усяго сэрца я вам дару магчымасць атрымаць новыя веды.(Дзеці “абменьваюцца” моўнымі падарункамі). Такім чынам, усе з падарункамі, ва ўсіх добры настрой.

 

II Змест работы

1 Фармуляванне тэмы і вызначэнне задач урока

– Давайце паспрабуем вызначыць тэму ўрока. Першая падказка: вы ўвайшлі ў клас пад музыку вядомага італьянскага кампазітара А.Вівальдзі “Зіма”. Другая падказка: сюжэт рэпрадукцый карцін В.Васняцова “Калядкі” і А.Транкоўскага “Святкі”, размешчаных на дошцы.(Назвы рэпрадукцый настаўнік не агучвае). Дык аб чым пойдзе размова на ўроку? (Адказы вучняў). Так, аб Калядах. Тэма ўрока – “Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”). (Настаўнік запісвае тэму на дошцы).

– Аб чым даведаемся? Чаму навучымся? (Адказы навучэнцаў, якія потым рэдагуе настаўнік).

2 Актуалізацыя ведаў

– Раскажыце, што вам ужо вядома пра свята Каляды. (Вучні расказваюць пра свята Каляды).

– Малайцы, дзеці. Назва свята Каляды, а ў нас, у Свіслацкім раёне, Коляды, мае язычніцкія карані. Адны лічаць, што назва ўтварылася ад слова “кола”, што азначае “сонца”, бо светлавы дзень пасля Новага года павялічваецца, другія – ад слоў “кол” і “яда”, так як пераапранутыя госці (калядоўшчыкі), якія віншавалі па чарзе аднавяскоўцаў песнямі і словамі-пажаданнямі, атрымлівалі ўзнагароду прадуктамі харчавання. Калядаванне заўсёды пачыналася на другі дзень свят. Прыход калядоўшчыкаў у хату азначаў шчасце, здароўе, дабрабыт сям’і на працягу ўсяго года. Калі госці па нейкіх прычынах не прыходзілі, гэта лічылася вялікай непавагай і прадвеснікам розных бед для сям’і.

3 Слуханне калядных песень

– Зараз мы пазнаёмімся з каляднай песняй “Ішла Каляда калядуючы” ў выкананні фальклорнага ансамбля “Вербіца” з Ліды. Пры праслухоўванні звярніце ўвагу на характар мелодыі песні, на музычныя фразы і гукарад.

Праслухоўванне песні.

– Выкарыстоўваючы сродкі музычнай выразнасці, паспрабуйце ахарактарызаваць пачуты твор.

Песня меладычная, вясёлая, размеранага тэмпу, гучная. Мелодыя пабудавана на паўтарэнні аднолькавых фраз, невялікі гукарад, выконвалася аднагалосна.

– Я думаю, вы звярнулі ўвагу, што песня гучала без напругі, натуральнымі галасамі. Наступная песня, якую я прапаную вам паслухаць, – “Добры вечар, шчодры вечар” у выкананні дзіцячага калектыву горада Мёры Віцебскай вобласці.

– Што вы можаце сказаць пра мелодыю і інтанацыю гэтай песні?

Мелодыя песні бадзёрая, светлая, інтанацыя выразная, яркая.

– Дзеці, успомніце, якія персанажы прыходзілі віншаваць вас з Калядамі ў мінулым годзе. Як вы лічыце, хто з персанажаў быў самым галоўным?(Адказы навучэнцаў).

– Так, гэта каза, якая лічыцца сімвалам дабрабыту яшчэ са старажытных часоў. А зараз давайце больш падрабязна пазнаёмімся з іншымі ўдзельнікамі абраду. І зрабіць нам гэта дапаможа заданне 2 у рабочым сшытку.

Вучні выконваюць заданне 2 на с. 15 у рабочым сшытку.

– Каго вы расфарбавалі і з кім новым пазнаёміліся? (Адказы навучэнцаў).

– З дапамогай сонейка пакажыце, ці задаволены вы сваёй працай.

Навучэнцы ў рабочых сшытках дамалёўваюць сонейку патрэбную ўсмешку, потым агучваюць свой выбар.

 

Фізкультхвілінка

Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,
Зямлі нашай пакланіцеся
За шчаслівы дзень учарашні.
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся,
Верацёнцам пакруціцеся.
Раз прысядзьце, два прысядзьце
І за парты ціха сядзьце.

 

III Вакальна-харавая работа

– Сёння мы развучым беларускую народную песню “Го-го-го, каза”.

1 Выкананне практыкаванняў для дыхання і артыкуляцыі

– Спачатку мы з вамі выканаем практыкаванні для дыхання і артыкуляцыі.

1) “Вясёлы паравоз” (зрабіць глыбокі ўдых, а пры выдыху вымаўляць: “Чух-чух-чух”).

2) “Паветраны шар” (удыхнуць праз нос паветра, затым выдыхнуць з гукам “тс-с-с-с”).

3) “Рэха” (глыбока ўдыхнуць і моцна пры выдыху вымавіць: “Ты хто, хто, хто?” З кожным вымаўленнем слова “хто” голас становіцца цішэйшым).

4) “Конік” (цокаць языком спачатку павольна, потым хуткасць павялічваецца).

2 Распеўка “Божая кароўка”

– З практыкаваннямі справіліся. Цяпер пачынаем распеўку “Божая кароўка”.

Божая кароўка, чорная галоўка,
Паляці на неба, прынясі нам хлеба
Чорнага і белага, толькі негарэлага-а-а.

– Адкрыйце падручнік на с. 86 і пазнаёмцеся з літаратурным і музычным тэкстам песні “Го-го-го, каза”. Звярніце ўвагу, на колькіх гуках будуецца мелодыя. (Поўны тэкст песні раздадзены кожнаму навучэнцу).

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе рожкі дзела?
– На соль праела.
– Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
– Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.
Го-го-го, каза,

Го-го-го, шэра,
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Дзе каза топ-топ,
Там жыта сем коп.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.
Дзе каза рагом,
Там жыта снапом.

Настаўнік выконвае песню а капэла, а навучэнцы з трэцяга слупка пачынаюць падпяваць.

Песня будуецца на чатырох гуках, таму мелодыя лёгкая, добра запамінаецца.

3 Самастойнае выкананне навучэнцамі песні з элементамі тэатралізацыі

– Ці ўсё ў вас атрымалася на гэтым этапе ўрока? Ацаніце сваю працу пры дапамозе ноткі і агучце свой выбар (Рабочы сшытак, с. 15).

 

IV Творчае заданне “Святочныя пажаданні”

– У час калядавання пераапранутыя госці хадзілі па хатах і спявалі шчадроўкі – песні-пажаданні гаспадарам. Адкрыйце рабочы сшытак на с. 14 і пазнаёмцеся з варыянтамі пажаданняў. Праспявайце віншаванні па нотах і прыдумайце свае варыянты.(Праца ў парах).

Агучванне калядак-пажаданняў.

– Што на небе зорак, столькі вам сябровак.
– Што ў лесе елак, столькі вам капеек.
– Што ў лесе ігліцы, столькі вам паляндвіцы.
– Што ў крыніцы вады, столькі цеста ў дзяжы.

– Складзеныя віншаванні вам спатрэбяцца на наступным уроку. Ацаніце работу пары з дапамогай чароўнай лінеечкі.

 

V Падвядзенне вынікаў урока

– Што новага вы даведаліся пра Каляды?

– Назавіце персанажаў калядных свят?

– Хто з іх з’яўляецца самым галоўным і чаму?

– Што такое шчадроўкі?

 

VI Рэфлексія “Кніга водзываў”

– Кніга водзываў – гэта кніга, у якую наведвальнікі запісваюць свае водзывы ад убачанага, выражаюць свае думкі, эмоцыі. Уявіце сабе, што ў кожнага з вас гэта кніга ў руках. Што б вы напісалі пра сённяшні ўрок?

Навучэнцы па чарзе адказваюць.

 

Другі ўрок па тэме “Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”)” глядзіце тут:

Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”). Урок музыкі ў 4-м класе. 2-і ўрок

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий