Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”). Урок музыкі ў 4-м класе. 2-і ўрок

- 10:30Методичка, Музыка, хореография, искусство, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Тэма вывучаецца ў 4-м класе ў канцы другой чвэрці ў раздзеле “Музычная культура Беларусі”. Прапанаваныя ўрокі дапамогуць навучэнцам пашырыць веды аб беларускім народным свяце Каляды.

Яўгенія САВІЦКАЯ,
настаўнік музыкі
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: пашырэнне ўяўленняў аб беларускай народнай традыцыі святкавання Каляд.

Задачы:

– абагаціць вопыт успрымання і аналізу музычных твораў на калядную тэму;
– развіваць уменне выконваць калядныя песні;
– фарміраваць вопыт удзелу ў інсцэніроўцы каляднага абраду;
– прывіваць любоў да беларускай культуры, да яе традыцый, свят і абрадаў.

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбны дапаможнік, рабочы сшытак, памятка “Сродкі музычнай выразнасці”.

Абсталяванне: ноўтбук, тэлевізар, карткі-заданні “Выберы правільны адказ”, дзіцячыя музычныя інструменты (бубны), маска казы, калядная зорка, абрус, рэшата з частаваннем, хусткі, саламяны капялюш, сігнальныя карткі.

Музычны рэпертуар: В.Войцік, IV частка сімфанічнай сюіты “Забавы” (“Калядоўшчыкі”), беларускія народныя песні “Го-го-го, каза”, “Учора з вячора”, відэазапіс песні “Ой, калядачкі” (муз. В.Мулявіна, сл. народныя) у вакананні ансамбля “Песняры”.

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Вучні ўваходзяць у клас пад песню “Ой, калядачкі”.

Музычнае прывітанне “Добры дзень, дзеці!”

Стварэнне эмацыянальнага настрою.

– Прагучаў званок і пачаўся наш урок. Што вы чакаеце ад сённяшняга ўрока? (Адказы вучняў). Жадаю вам добрага настрою і хачу, каб на ўроку вы былі

У – уважлівымі,
Р – разумнымі,
О – дОбразычлівымі,
К – крэатыўнымі.

 

II Змест работы

1 Фармуляванне тэмы і вызначэнне задач урока

– Давайце паспрабуем вызначыць тэму ўрока. Пра што была песня, пад якую вы ўвайшлі ў клас? Так, пра Каляды. Дык аб чым пойдзе гаворка на ўроку? (Адказы вучняў).

– Мы прадоўжым тэму Каляд. (Настаўнік тэму запісвае на дошцы).

– Аб чым даведаемся? Чаму навучымся? (Адказы вучняў, якія потым рэдагуе настаўнік).

2 Актуалізацыя ведаў

– Перад тым як перайсці да новай тэмы, успомнім матэрыял мінулага ўрока і выканаем заданне “Выберы правільны адказ”.

1 Што азначае слова “Каляды”?

1 Назва ўтварылася ад слова “кола”,
што азначае “сонца”
2 Назва ўтварылася ад слова “кола”,
што азначае “святочны круг”

2 Калі пачыналі святкаваць Каляды?

1 8 студзеня
2 14 студзеня

3 Які персанаж самы галоўны ў калядным абрадзе?

1 Каза
2 Дзед Мароз

4 Як у Свіслацкім раёне называецца свята Каляды?

1 Калядкі
2 Коляды

 

– Правядзіце ўзаемаправерку. А цяпер праверце па ключы. (Ключ: 1 – 1, 2 – 1, 3 – 1, 4 – 2.)

Хто выканаў усё правільна? Хто дапусціў памылкі? (Памылкі агучваюцца і выпраўляюцца).

3 Слуханне музычнага твора беларускага кампазітара на калядную тэму

– Святы і абрады цікавілі і прафесійных кампазітараў. Сёння мы пазнаёмімся з творам беларускага кампазітара В.Войціка. Звярніце ўвагу на фотаздымак, які размешчаны ў вучэбным дапаможніку на с. 86. А цяпер некалькі фактаў з яго біяграфіі.

Выступленне навучэнца з паведамленнем аб кампазітары

Войцік Віктар Антонавіч нарадзіўся 3 верасня 1947 у Гродна. Заявіў пра сябе, калі быў студэнтам беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Ён напісаў шэраг  твораў, у якіх адчуваецца павышаная цікавасць да аркестравай маляўнічасці і яркага народнага слова. Гэта сюіта “Забавы”, “Парафраза”, Другая сімфонія, аркестравая п’еса “Ціхая мара”. За твор “Памяць Хатыні” на Усесаюзным конкурсе студэнтаў-кампазітараў у Маскве Віктару Войціку была прысуджана I прэмія і прысвоена званне лаўрэата. Асобную вобласць творчасці кампазітара складае вакальная музыка. На працягу ўсяго творчага шляху ён піша песні, рамансы, хоры, якія сведчаць пра яго беражлівыя адносіны да беларускага слова і маўленчай інтанацыі. Музыка Віктара Войціка прыцягвае да сябе сваёй яркай эмацыянальнасцю, прыгажосцю, шчырасцю. Яна гучыць у канцэртах, на радыё і тэлебачанні, выклікаючы цікавасць у слухачоў.

– Як бы вы ацанілі выступленне аднакласніка? (Адказы навучэнцаў).

– Успомніце, што такое сюіта.

Сюіта – гэта музычны твор з некалькіх самастойных частак, якія аб’яднаны адной задумай.

– Сюіта Віктара Войціка “Забава” складаецца з чатырох частак. Паслухайце чацвёртую частку сюіты пад назвай “Калядоўшчыкі”, падзяліцеся сваімі эмоцыямі і вызначце, якія музычныя інструменты саліруюць.

Праслухоўванне твора, абмен уражаннямі, вызначэнне саліруючых інструментаў.

 

ІІІ Вакальна-харавая работа

– Сёння ў вас ёсць магчымасць развучыць папулярную мясцовую калядку “Учора з вячора”.

1 Выкананне практыкаванняў для дыхання і артыкуляцыі

Спачатку мы з вамі выканаем практыкаванні для дыхання і артыкуляцыі.

1) “Змейка” (зрабіць глыбокі ўдых, а пры выдыху вымаўляць: “Тс-с-с”).

2) “Хамяк” (спачатку надзьмуць абедзве шчакі, а потым то правую, то левую).

3) “Рыбка” (уцягнуць шчокі і ўтрымліваць у такім стане 5 секунд).

4) “Конік” (цокаць языком спачатку павольна, потым хуткасць павялічваецца).

2 Распеўка “До, рэ, мі, фа, соль, фа, мі, рэ, до”

– З практыкаваннямі справіліся. Цяпер пачынаем распеўку “До, рэ, мі, фа, соль, фа, мі, рэ, до”.

3 Знаёмства з каляднай песняй “Учора з вячора”

– Пазнаёмцеся з літаратурным тэкстам каляднай песні “Учора з вячора” і паспрабуйце па ім вызначыць характар мелодыі. (Тэкст песні раздадзены кожнаму навучэнцу).

Хутчэй за ўсё гэты твор мажорны, гучны, светлы.

4 Праслухоўванне песні-калядкі ў выкананні мясцовай вакальнай групы”Надзея”

5 Развучванне песні навучэнцамі

Учора з вячора
Засвяціла зора.
Учора з вячора
Засвяціла зора. – 2 разы.

Зора засвяціла,
Свет узвесяліла.
Зора засвяціла,
Свет узвесяліла. – 2 разы.

Свет узвесяліўся:
Хрыстос нарадзіўся.
Свет узвесяліўся:
Хрыстос нарадзіўся. – 2 разы.

Хрыстова раджэнне-
Людзям на збаўленне
Хрыстова раджэнне-
Людзям на збаўленне. – 2 разы.

Людзі, выбягайце,
Хрыста прывітайце.
Людзі, выбягайце,
Хрыста прывітайце. – 2 разы.

Здаровы бывайце,
Нам каляду дайце.
Здаровы бывайце,
Нам каляду дайце. – 2 разы.

Здарова святкуйце,
Дайце, не шкадуйце.
Здарова святкуйце,
Дайце, не шкадуйце. – 2 разы.

– Вашы меркаванні наконт характару мелодыі твора правільныя? (Так)

– Ці ўсё ў вас атрымалася на гэтым этапе ўрока? Ацаніце сваю працу пры дапамозе чароўнай лінеечкі.

 

IV Творчае заданне “Інсцэніроўка каляднага абраду”

– Дзеці, а ці былі вы ўдзельнікамі калядавання? (Не)

– А жадаеце пабыць калядоўшчыкамі? (Так)

– Запрашаю вас прыняць удзел у абрадзе.

Ідзе размеркаванне роляў, знаёмства з рэплікамі, пераапрананне.

Інсцэніроўка

Калядоўшчыкі ў масках з каляднай зоркай ідуць “па вуліцы” (паміж радамі ў класе) і спяваюць калядку “Учора з вячора”, трымаючы рытм пры дапамозе музычных інструментаў (бубнаў). Падышоўшы “да хаты” (да настаўніцкага стала, які засланы абрусам і каля якога чакаюць гаспадар з гаспадыняй), працягваюць спяваць калядку. А потым ідзе дыялог.

Першы калядоўшчык.

Добры вечар, шчодры вечар!
Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!

Другі  калядоўшчык.

А ці рады вы нам?

Гаспадар з гаспадыняй.

Мы вельмі рады вам і даўно ўжо чакаем.

Трэці калядоўшчык.

Мы сёння вас шчыра вітаем і жадаем:

Чацвёрты калядоўшчык.

Каб ад нашага спаткання
Крышку вы памаладзелі,
Каб не ведалі вы злосці,
Каб жылі ў весялосці,

Пяты калядоўшчык.

Што на небе зорак, столькі вам сябровак.
Што ў лесе елак, столькі вам капеек.

Шосты калядоўшчык.

Што ў лесе ігліцы, столькі вам паляндвіцы.
Што ў крыніцы вады, столькі цеста ў дзяжы.

Сёмы калядоўшчык.

А ты, каза, не ляніся!
Туды-сюды павярніся,
Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы.
Паскачы для народа,
Каб урадзіла жыта
Ў новым годзе многа.
А вы, гаспадары, не сядзіце,
Казу-весялушку ў карагод вазьміце.
Хто з казою патанцуе,
Таму ў новым годзе пашанцуе.

Каза і ўсе ўдзельнікі заводзяць карагод. Спяваецца песня.

Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэра.
Дзе рожкі падзела?
– На соль праела.
– Лезь, каза, на печ,
Пакажы чапец.
– Лезь, каза, на кут,
Пакажы хамут.

Каза валіцца і ляжыць як мёртвая.

Першы калядоўшчык.

Што ж гэта стала,
Мая каза ўпала, ссохла, прапала.

Другі калядоўшчык.

Ты, каза-казіха,
Устань, развесяліся.
Гаспадар ідзе,
Рэшата нясе,
Рэшата аўса,
Паверх каўбаса,
Тры кускі сала,
Каб каза ўстала.

Трэці калядоўшчык.

Дзякуй гаспадару за такі пачастунак.

Каза ўстае і весела скача.

Чацвёрты калядоўшчык.

Мы прыйшлі да вас пажадаць дабра
Ад усёй душы, як сваім сябрам.

Пяты  калядоўшчык.

Няхай збудзецца, што жадаецца,
Што задумана — прыдбаецца.

Шосты калядоўшчык.

Каб прынёс год новы вам
Дабрабыт і плён,
Многа радасці, светлых дзён.

Каза.

Дзякуем вам за добры прыём,
Цераз лета і восень зноў к вам прыдзём.

Разам. 

Усяго вам добрага. Да сустрэчы!

– Ацаніце сваю работу з дапамогай сігнальнай карткі і агучце свой выбар.(Зялёны колер – усё атрымалася, жоўты колер – дапускаў памылкі, чырвоны колер – адчуваў цяжкасці пры выкананні сваёй ролі)

 

V Слуханне каляднай песні ў выкананні прафесійнага ансамбля

– Творы каляднай тэматыкі ёсць і ў творчасці прафесійных беларускіх калектываў, такіх як ансамблі “Песняры” і “Харошкі”. Паслухайце песню “Ой, Калядачкі” ў выкананні “Песняроў”. (Словы народныя, музыка У.Мулявіна) (Тэкст песні ёсць у кожнага навучэнца на парце, па жаданні дзеці могуць падпяваць).

– Якія эмоцыі ўзніклі ў вас ад пачутага твора? (Адказы навучэнцаў).

 

VI Падвядзенне вынікаў урока

– Хто такія калядоўшчыкі?

– Калядную песню лягчэй спяваць пад музыку ці а капэла?

– Якія прафесійныя беларускія ансамблі выконваюць калядныя песні?

– Што вам найбольш спадабалася на ўроку?

 

VII Рэфлексія “Дзве далоні”

– Выцягніце далоні перад сабой. У левую мысленна пакладзіце ўсё, аб чым даведаліся, а ў правую – што адчувалі на працягу ўрока. А цяпер злучыце далоні разам. Кожны з вас панясе ў далоньках з урока штосьці сваё. Дзякуй за працу.

 

Першы ўрок па тэме “Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”)” глядзіце тут:

Музыка ў народных святах і абрадах (“Каляды”). Урок музыкі ў 4-м класе. 1-ы ўрок

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий