Навагодняя феерыя. Гульня-конкурс “Магія Новага года”

- 15:08Воспитательная работа, Сценарии

Сцэнарый гульні-конкурсу можа быць выкарыстаны падчас правядзення ва ўстанове адукацыі дня прыродазнаўчых навук. Аўтар прапануе таксама агляд мерапрыемстваў “Навагодняй феерыі”, прысвечанай прыродазнаўчым навукам.

Святлана МЕЛЕХАВЕЦ,
настаўнік хіміі, настаўнік-метадыст
ДУА “Ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна г. Брэста”

 

 

Зусім няшмат часу застаецца да самага чароўнага зімовага свята – Новага года. У нашым ліцэі пануе цудоўная хвалюючая пераднавагодняя атмасфера. Менавіта ў гэты час мы звычайна праводзім дзень прыродазнаўчых навук, падрыхтоўка да якога пачалася яшчэ ў сярэдзіне лістапада. Творчая група з ліку настаўнікаў хіміі, біялогіі і геаграфіі, а таксама вучняў профільных хіміка-біялагічных класаў склала план дня і прыдумала яму назву – “Навагодняя феерыя”. Вызначыліся з мерапрыемствамі. Усе члены творчай групы атрымалі пэўныя заданні: хтосьці афармляў ліцэй і рыхтаваў неабходныя атрыбуты, хтосьці распрацоўваў сцэнарыі мерапрыемстваў, а хтосьці арганізоўваў конкурсы. Адзін з іх – конкурс творчых работ “Зімовая казка Брэста”, які быў абвешчаны яшчэ напрыканцы лістапада. Да прадметнага дня ў фае першага паверха ліцэя ўжо экспанавалася выдатная выстава. Рукамі ліцэістаў былі выраблены ялінкі, навагоднія кампазіцыі і цацкі з розных матэрыялаў. Амаль усе экспанаты радавалі арыгінальнасцю і прыгажосцю.

У пачатку снежня фае і рэкрэацыі ліцэя былі аформлены інфармацыйнымі плакатамі “Формулы Новага года” (пра хімічныя рэчывы, якімі абумоўлены пахі і густы навагодніх свят), “Навагодні біялагічны гараскоп”, “Драконы: ад сімвала зла да чалавечай мудрасці”, “Сучасныя драконы” (жывёлы і расліны, назвы якіх звязаны з драконамі, або падобныя да драконаў).

Напярэдадні ў фае ліцэя быў вывешаны маляўніча аформлены калаж – план правядзення прадметнага дня, на пачатку дня зроблена аб’ява па ліцэйскім радыё.

Дзень атрымаўся вельмі насычаным! На вялікім перапынку пасля другога ўрока ліцэісты ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай геаграфічнай віктарыне “Па планеце крочыць Новы год”, прысвечанай традыцыям святкавання Новага года ў розных краінах. Пасля трэцяга ўрока ў актавай зале ўсе жадаючыя спаборнічалі ў музычна-пазнавальным бліцтурніры “Навагоднія мелодыі прыроды”, угадвалі навагоднія музычныя кампазіцыі па іх апісанні, па назвах гуртоў і імёнах выканаўцаў, першых нотах мелодый і асацыятыўных малюнках. Дзевяцікласнікі ўдзельнічалі ў дыскусіі “Новы год з прыстаўкай ЭКА”, падчас якой не толькі пагаварылі пра плюсы і мінусы жывых і штучных навагодніх ёлак, але і даведаліся шмат новага пра гісторыю свята і яго традыцыі. Шмат увагі ўдзялялася экалагічнаму складальніку навагодняга свята: дзеці разважалі, як можна весела і змястоўна адзначыць свята і пры гэтым не нашкодзіць прыродзе. А пасля чацвёртага ўрока адбыўся конкурс эрудытаў “Хімія Новага года”, разнастайныя пытанні якога выклікалі ў вучняў вялікую цікавасць.

Усе мерапрыемствы суправаджаліся мультымедыйнымі прэзентацыямі, што дазволіла зрабіць іх маляўнічымі і відовішчнымі. Удзельнікі і балельшчыкі былі вельмі актыўныя, конкурсы праходзілі дынамічна і цікава, выклікалі вялікі эмацыйны ўздым. Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі дзецям даведацца шмат новага і цікавага, паказаць інтэлектуальныя здольнасці і магчымасці.

Прапануем сцэнарый мерапрыемства, якое адбылося пасля ўрокаў у актавай зале ліцэя.

 

Гульня-конкурс “Магія Новага года”

Мэты:

– пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў у галіне біялогіі, хіміі і геаграфіі;
– развіццё ў працэсе гульні лагічнага мыслення, умення аналізаваць, параўноўваць і абагульняць;
– выхаванне самастойнасці, адказнасці і актыўнасці вучняў пры рабоце ў групах;
– развіццё назіральнасці, уважлівасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей.

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, экран, камп’ютар, мяккія цацкі, прабіркі з пахучымі алеямі, белая і каляровая папера, нажніцы, скотч.

 

Вядучы 1. Зіма – асаблівы час, час чараўніцтва і цудаў. Можна назваць кожны яе дзень дзіўным і непаўторным, але ўсё ж самым чароўным днём лічыцца Новы год. Менавіта ў гэтую ноч ажываюць мары, спраўджваюцца жаданні і надыходзіць шчасце. Сёння, напярэдадні новага 2024 года, мы хочам падарыць вам крыху весялосці, усмешак і шчасця падчас нашай гульні-конкурсу “Магія Новага года”.

Вядучы 2. Спаборнічаць будуць тры каманды, пазнаёмімся з удзельнікамі бліжэй. Калі ласка, праходзьце! (Каманды пад музыку ўваходзяць у залу, займаюць месцы за сваімі столікамі). У конкурсе ўдзельнічаюць тры каманды па сем чалавек (у кожнай – прадстаўнікі ўсіх профіляў: хіміка-біялагічнага, хіміка-тэхналагічнага, фізіка-матэматычнага, інфармацыйна-тэхналагічнага, філалагічнага, эканамічнага і грамадазнаўчага).

Вядучы 1. Для ацэньвання гульні сфарміравана кампетэнтнае журы, просім вітаць! (Прадстаўленне журы)

Вядучы 2. Наш першы конкурс – “Давайце пазнаёмімся!” Каманды па чарзе выходзяць на сцэну, прадстаўляюць сваю назву і дэвіз. Ацэньваюцца адпаведнасць тэматыцы конкурсу, арыгінальнасць, пачуццё гумару (максімальна – 3 балы). Слова камандам.

Вядучы 1. Другі конкурс – “На парозе Новы Год”.

Вядучыя зачытваюць сцвярджэнні, а прадстаўнікі каманды па чарзе адказваюць, праўда гэта ці не. Кожны правільны адказ – 1 бал.

1. Новы год адзначаюць з ХVIII стагоддзя. (НЕ, упершыню адзначаць надыход новага года пачалі яшчэ ў Старажытнай Месапатаміі. Гэтая традыцыя налічвае больш за тры тысячы гадоў).

2. 19 снежня 1699 года цар Пётр I выдаў указ святкаваць Новы год па еўрапейскім звычаі – 1 студзеня. (ТАК. Ён прапанаваў усім масквічам упрыгожыць свае дамы сасновымі і яловымі букетамі. Усе павінны былі павіншаваць родных і знаёмых са святам).

3. У літаратуры Дзед Мароз упершыню з’явіўся з падачы рускага пісьменніка Самуіла Маршака, які напісаў казку “Мароз Чырвоны нос”. (НЕ. Гэта была казка рускага пісьменніка Уладзіміра Адоеўскага “Мароз Іванавіч”).

4. Правобразам Дзеда Мароза з’яўляецца Святы Мікалай Цудатворца (ТАК. Мікалай увесь час здзяйсняў добрасардэчныя справы. І ад гэтага іншыя людзі таксама станавіліся дабрэйшымі, імкнуліся дапамагчы знаёмым і незнаёмым).

5. Даўней было прынята дарыць падарункі Дзеду Марозу, а не чакаць дароў ад яго. (ТАК. Даўней усе рыхтавалі падарункі для Дзеда Мароза, гэтак яго залагоджвалі).

6. Дзеду Марозу дораць падарункі і зараз, у дзень яго нараджэння, 1 студзеня. Дата дакладная? (НЕ. Падарункі, вядома, дораць, толькі дзень нараджэння ў беларускага Дзеда Мароза 16 снежня).

7. Снягурка прыходзіцца Дзеду Марозу ўнучкай. (ТАК. У фальклоры вобраз Снягуркі ёсць: ён вядомы па народнай казцы аб зробленай са снегу і ажыўшай дзяўчынцы. Гэтая снежная дзяўчынка летам ідзе з сяброўкамі ў лес па ягады і або губляецца ў лесе, або растае, скачучы праз вогнішча).

8. Снягурка прыходзіцца Дзеду Марозу не ўнучкай, а бабуляй. (ТАК. У самых старых казках яе клічуць Кастрама – старажытная багіня славян).

9. П’есу “Снягурачка” напісаў Максім Горкі (НЕ. Аляксандр Астроўскі).

10. Снягурка з’яўляецца дачкой Дзеда Мароза. (І зноў ТАК! Аляксандр Астроўскі падарыў Снягурцы не толькі дату нараджэння – 4 красавіка 1873 года, бацькоў – Дзед Мароз і Вясна-Красна, але і дакладны адрас пражывання – вёска Берандзееўка Кастрамской вобласці).

11. Першыя ёлачныя шары з’явіліся з-за неўраджаю яблык. (ТАК. Запасы садавіны да зімы скончыліся і знаходлівыя шкловыдзімальшчыкі маленькага мястэчка ў Баварыі на замену круглым яблыкам выдзьмулі шары).

12. Казка “12 месяцаў” належыць пяру Ганса Хрысціяна Андэрсена (НЕ. Гэтую выдатную казку напісаў Самуіл Маршак).

Вядучы 1. Наступны конкурс – “Традыцыі Новага года”. На экране – чатыры краіны, трэба выбраць, у якой з іх існуе пэўная навагодняя традыцыя. Бал залічваецца першаму, хто назваў краіну правільна.

1. У якой краіне напярэдадні новага года выкідваюць з вокнаў старыя рэчы? (Італія)

2. У гэтай краіне, пакуль гадзіннікі б’юць 12 разоў, трэба паспець з’есці 12 вінаградзін? (Іспанія)

3. У якой краіне жыхары б’юць талеркі на дробныя аскепкі аб дзверы суседзяў? (Швецыя)

4. У гэтай краіне імкнуцца, каб за сталом абавязкова прысутнічаў пажылы чалавек. (В’етнам)

5. У гэтай краіне закаханыя імкнуцца пад гукі навагодняга звана пацалавацца пад амелай. (Англія)

6. У гэтай краіне, калі ідуць у госці, абавязкова бяруць запалкі. (Галандыя)

7. У гэтай краіне да Новага года ўпрыгожваюць дамы бамбукавымі граблямі і гучна смяюцца ў першыя секунды новага года. (Японія)

8. У навагоднюю ноч гэтая краіна напаўняецца гучнымі пошчакамі і свістам, бо злыя духі вельмі баяцца гуку свісткоў і дудачак. (Венгрыя)

9. У гэтай краіне ў Новы год ядуць салодкую ежу, нават рыбу паліваюць мёдам. (Ізраіль)

10. А ў гэтай краіне, калі ідуць у госці, бяруць з сабой камень пабольш. (Грэцыя)

11. Каб год быў напоўнены мноствам падарожжаў, жыхары гэтай краіны павінны абабегчы вакол дома з чамаданам у руках, пакуль гадзіннік б’е 12 разоў. (Эквадор)

12. У гэтай краіне абліваюць адно аднаго вадой з галавы да ног. Лічыцца: чым хутчэй і мацней прамокнеш, тым больш шчасця прыйдзе ў новым годзе. (Тайланд)

13. У гэтай краіне людзі запальваюць мноства ліхтароў, каб асвятліць сабе шлях у Новы год, і адпужваюць злых духаў з дапамогай хлапушак і феерверкаў. (Кітай)

14. Сукенка ў гарошак у гэтай краіне лічыцца ідэальным навагоднім уборам. Кішэні жыхары набіваюць круглымі манеткамі, а на стол ставяць ідэальна круглую садавіну. (Філіпіны)

15. Даўней у гэтай краіне лічылася добрай прыметай перад Новым годам убачыць камінара і нават выпацкацца ў сажы, дакрануўшыся да яго адзежы. (Аўстрыя)

16. У гэтай краіне апоўначы трэба пацалаваць важнага для вас чалавека (ці ўсіх людзей, з якімі вы святкуеце) у шчаку, каб не правесці надыходзячы год у адзіноце. (Францыя)

Вядучы 1. Для многіх Новы год – гэта гірлянды і бенгальскія агні, ёлачныя цацкі і смачныя падарункі, рыпучы снег і марозныя ўзоры на вокнах. А яшчэ пахі, знаёмыя з дзяцінства. Вы ўжо здагадаліся, што наступны конкурс прысвечаны пахам, водарам Новага года. Запрашаем на сцэну капітанаў каманд, якія паспрабуюць угадаць некаторыя навагоднія пахі. А астатнія ўдзельнікі на выдадзеных аркушах паперы напішуць, якія шэсць пахаў нагадваюць ім самае цудоўнае зімовае свята.

Вядучы 1. Пачынаем конкурс “Водары Новага года”. Капітанам прапануецца даведацца, якія вострыя прыправы ці пахучыя маслы ім выдадзены (напрыклад, карыца, ваніль, гваздзік, імбір, мята, кардамон, ёлка, ядловец, мандарыны, апельсіны, шакалад). За кожны правільны адказ – 1 бал. Астатнія члены каманды пішуць на аркушах, якія пахі асацыіруюцца ў іх з Новым годам. За супадаючыя адказы каманды атрымліваюць па 0,5 бала, за арыгінальныя – па 1 бале.

Вядучы 2. Працягваем! Новы конкурс – “Густы Новага года”. Запрашаем па адным удзельніку ад кожнай каманды. Пажадана, каб ён нядрэнна разбіраўся ў стравах навагодняй кухні. Астатнія атрымаюць сакрэтнае заданне, умову якога знойдуць у выдадзеным канверце.

Прадстаўнікі кожнай каманды па чарзе называюць стравы, якія ўбачаць на экране і якія традыцыйна прысутнічаюць на навагоднім стале. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае па 1 бале. Астатнія члены каманд запісваюць інгрэдыенты папулярных навагодніх салатаў “Аліўе”, “Мімоза” і “Селядзец пад футрам”. Каманда, якая зробіць гэта найбольш дакладна для кожнага з салатаў, атрымлівае максімальны бал.

Вядучы 1. А цяпер наступны конкурс – “Кітайскі гараскоп”. Традыцыйны кітайскі каляндар, які часта называюць усходнім календаром жывёл, – самы старажытны з усіх. Яго ўзрост – больш за 2200 гадоў. Кожны год названы ў гонар пэўнай жывой істоты: пацука, быка, тыгра, зайца, дракона, змяі, каня, авечкі, малпы, пеўня, сабакі і свінні. Перад вамі мяшок з мяккімі цацкамі. На сцэну запрашаюцца па два ўдзельнікі ад кожнай каманды. Адзін павінен з завязанымі вачыма навобмацак вызначыць, якая мяккая цацка ў яго ў руках. Калі не атрымаецца, таварыш па камандзе дапамагае, падказвае, даўшы цаццы імя. У такім выпадку гульцы атрымаюць не 1 бал, а 0,5.

Прадстаўнікі каманд па чарзе дастаюць з мяшка мяккія цацкі, спрабуюць іх вызначыць. Ацэньваецца правільнасць адказаў і арыгінальнасць прыдуманых імён для цацачных жывёл.

Вядучы 1. Застаўся апошні конкурс – “Навагодняя госця”. Надышоў час упрыгожыць ёлку! А будзе ў нас экаёлка! І цацкі для яе зробім самі, прычым хутка! Кожнай камандзе прапануем зрабіць гэта літаральна за 5–7 хвілін, пакуль гледачы прадэманструюць веды ў галіне папулярнай музыкі.

Камандам выдаюцца скрынкі, у якіх набор белай і каляровай паперы, скотч, нажніцы і дожджык. Удзельнікі кожнай каманды атрымліваюць кардонную ёлку, якую трэба ўпрыгожыць, выкарыстоўваючы толькі змесціва скрынкі. У каго гэта атрымаецца лепш, той атрымае максімальныя 3 балы. Астатнія атрымаюць адпаведна 2 і 1 бал. Ацэньваюцца прыгажосць і арыгінальнасць.

Конкурс для гледачоў “Мелодыі Новага года”

Гледачы пазнаюць навагоднія мелодыі па першых нотах, выканаўцах, тлумачэннях тэксту песень, асацыятыўных малюнках на экране.

Вядучы 1. Паглядзіце, якія прыгожыя атрымаліся ёлкі ў нашых каманд! Дадзім магчымасць журы ацаніць іх намаганні і падвесці канчатковыя вынікі. А пакуль журы працуе, пацешымся яшчэ трохі. Паспрабуйце адказаць на нашы жартоўныя пытанні. Яны, вядома ж, прысвечаны Новаму году.

1. Самы галоўны персанаж Новага года – Баба Яга. (Вядома, НЕ! Усе мы з ранняга дзяцінства ведаем, што ў навагоднія святы да нас у хату прыходзіць Дзед Мароз).

2. Пенсійны фонд Расіі прысвоіў Дзеду Марозу званне “Ветэран казачнай працы”. (ТАК. Гэта адбылося 21 лістапада 2009 года).

3. Снегавіка пачалі ляпіць у XX стагоддзі з абавязковымі атрыбутамі – шышкай замест носа, чыгунком на галаве і лыжнымі палкамі. (НЕ. У ХІХ стагоддзі. З самага нараджэння Снегавік – ён жа Снежная Баба – меў на галаве вядро, у руках мятлу і нос у выглядзе морквы).

4. Самая папулярная навагодняя перадача ў СССР – “Ля навагодняга вогнішча”. (НЕ. “Блакітны агеньчык”, усё з нецярпеннем чакалі гэтую перадачу).

5. Самы навагодні савецкі фільм “Вам і не снілася!” (НЕ. “Іронія лёсу, ці З лёгкай парай”).

6. Запускаць феерверкі на Новы год пачалі ў Кітаі яшчэ да нашай эры. (ТАК. Тады лічылася, што шум і яркае святло ад выбухаў адганяюць злых духаў).

7. Бенгальскія агні таксама прыдумалі ў Кітаі. (НЕ. У старажытнай Індыі, у Бенгаліі, у V–VI стагоддзі падчас рэлігійных цырымоній на ахвярніках успыхваў і хутка згараў агонь незвычайнай яркасці).

8. Часцей за ўсё дзеці просяць у Дзеда Мароза пернікі і цукеркі (НЕ. Падлічана, што сучасныя дзеці часцей за ўсё просяць у падарунак ноўтбук, планшэт ці іншы гаджэт).

9. Іншая назва пуансэтыі – Ранішняя зорка (НЕ. Калядная зорка).

10. Каб гандаль у новым годзе быў паспяховым, гандляру трэба было станцаваць ці праспяваць для першага пакупніка (НЕ. Трэба было аддаць тавар першаму пакупніку года па мінімальнай цане, тады ўвесь год гандаль будзе ісці паспяхова).

11. Жыхары Паўднёвага паўшар’я Зямлі замест ёлкі ўпрыгожваюць пальмы (ТАК. Там, дзе вечнае лета, ёлкі не растуць, а таму замест іх навагоднія ўпрыгажэнні развешваюць на эўкаліптах, пальмах, баабабах).

12. Самая папулярная прыправа ў Калядныя святы – чорны перац (НЕ. На першым месцы – імбір. Следам ідуць карыца, гваздзік і ваніль. Без іх не абыходзіцца традыцыйная выпечка).

Вядучы 2. Надышоў час камандам даведацца канчатковыя вынікі нашай гульні. Слова – журы.

Вядучы 1. Мы віншуем каманду … з перамогай!

Вядучы 2. А таксама віншуем усіх прысутных з надыходзячым Новым годам – годам Дракона! У Кітаі часта кажуць, што Дракон настолькі хутка рухаецца, што немагчыма адначасова разгледзець яго галаву і хвост. Таму час пад яго заступніцтвам нярэдка звязваюць са зменамі і рознымі нечаканымі здарэннямі.

Вядучы 1. А якімі яны апынуцца, пакажа час! Спадзяёмся, змены будуць добрымі! Няхай гэты год прынясе вам усім толькі шчаслівыя імгненні, пазітыўны настрой і поспех! Да новых сустрэч!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий