На ўроку развіваюцца чытацкія якасці вучняў, неабходныя для паўнавартаснага ўспрымання лірыкі: эмацыянальная чуласць, вобразнае, асацыятыўнае мысленне, эстэтычная рэакцыя на мастацкае слова.
Алена ЛІСОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Талачына імя Ф.Е.Макавецкага”,
Віцебская вобласць
Мэта ўрока:
– фарміраваць цікавасць да паэзіі;
– пашыраць веды вучняў пра разнастайнасць тэматыкі паэтычных твораў;
– развіваць творчыя здольнасці і слоўнікавы запас вучняў пры абмеркаванні пытанняў, дапамагчы вучням усвядоміць змест і сэнс параўнанняў і супастаўленняў паэзіі з рознымі з’явамі жыцця, працягваць фарміраваць чытацкія якасці вучняў, неабходныя для паўнавартаснага ўспрымання лірыкі: эмацыянальную чуласць, вобразнае, асацыятыўнае мысленне, эстэтычную рэакцыю на мастацкае слова, паглыбіць веды аб выхаваўчай ролі паэтычных твораў;
– пазнаёміць з асаблівасцямі вершаскладання, паняццямі “рытм”, “рыфма”, страфа, паэтычнымі памерамі.
Абсталяванне: падручнік “Беларуская літаратура, 7 клас” М.А.Лазарук, музычная калонка, флэшкі з музыкай і прэзентацыяй, карткі з заданнямі, трэніровачныя карткі, карткі кластара, магніты, фламастар, запісы на дошцы, “крупінкі розуму” – банчэмс.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
– Рада вітаць вас на нашым сённяшнім уроку. Жадаю вам добрага настрою і плённай працы. Сёння за правільныя адказы буду ўзнагароджваць “крупінкамі розуму” (банчэмсамі). Па выніках памеру сабранага “розуму”, пастаўлю адзнакі.
2 Уступнае слова (Слайд 1)
“Паэзія – самы няўлоўны сакрэт, які не будзе нікім рассакрэчаны…” – П.Панчанка. Загадка паэзіі хвалявала і зараз хвалюе пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, таленавітых і вядомых дзеячаў мастацтва і навукі. Ёй прысвечаны вершы, апавяданні, выказванні.
– Што такое паэзія?
– У чым яе сакрэт?
– Хто такі паэт? Хто можа стаць паэтам?
– Чаму ў паэтаў узнікае жаданне пісаць вершы?
– Як бы вы адказалі на гэтыя пытанні?
– Запішыце тэму ўрока. Як вы думаеце, якая мэта будзе нашага ўрока?
– На якія пытанні нам трэба знайсці адказ?
– Давайце паглядзім, як вам растлумачана ў літаратуразнаўчым слоўніку ў канцы падручніка, што такое паэзія (Эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць) (Слайд 2).
– Як вы разумееце гэта азначэнне?
– З вас хто-небудзь піша вершы ці спрабаваў пісаць?
– Якія вершы з раней вывучаных запомніліся, уразілі? Пра што яны? Прачытайце па памяці.
– Галоўная роля паэзіі – перадаць свае самыя лепшыя пачуцці, эмоцыі, душэўны стан у розныя хвалюючыя часы жыцця, зрабіць чытача шчаслівым, натхнёным, пачуццёвым, чалавечным. Бо, на якую б тэму ні пісаліся вершы, усе яны звернуты на выхаванне ў чалавеку чалавека.
3 Вывучэнне новага матэрыялу
– А зараз давайце пазнаёмімся з вершам вядомага беларускага паэта Максіма Танка “Паэзія” і даведаемся, як ён тлумачыць, што такое паэзія.
4 Верш Максіма Танка “Паэзія”
Пасля чытання абмяркоўваюцца пытанні:
– Якія словы незразумелыя? (Тлумачым).
– Якая тэма верша?
– З чым паэт параўноўвае паэзію? Як вы разумееце гэтыя параўнанні?
– Якая ідэя верша?
– Уявіце, што вы кампазітар. Якую б музыку вы падабралі да гэтага верша? Ціхую ці гучную, павольную ці хуткую?
– Давайце пад музыку прачытаем верш “Паэзія”. (Вучні чытаюць па чарзе па адным слупку).
– Што змянілася ва ўспрыманні верша? (Стаў больш пачуццёвы.)
– На што стаў падобны верш, калі мы чыталі яго пад музыку? (На песню.) – Што агульнага ёсць у вершы і песні? Чым яны адрозніваюцца ад звычайнай празаічнай мовы? (Слупкамі, рыфмай і рытмам.)
– Вось гэта некаторыя з тых сакрэтаў, якімі валодаюць паэты, каб напісаць верш. І я хачу вам іх раскрыць.
5 Вершаскладанне
5.1 Строфы
Слупкі, або па-другому, строфы – гэта роўныя часткі вершаў з аднолькавай колькасцю радкоў, аб’яднаных пэўнай рыфмоўкай.
– Колькі строф у вершы “Паэзія” М.Танка? (5)
5.2 Рыфма
– Рыфма – сугучнасць канчаткаў.
– Зараз давайце пагуляем у рыфмоўкі. Я буду называць словы, а вам неабходна падабраць да іх словы ў рыфму:
лясны –
цішы –
плыве –
перазвон –
спеў –
высокi –
праўдзiвы –
5.3 Рытм
Вывешваю на дошцы кластар.
Каменцірую, вучні запісваюць у сшыткі.
Раздаю карткі з радкамі вершаў кожнаму вучню.
Вучымся вызначаць памеры вершаў.
1) Харэй.
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк…
– – / –́ – /–́ – /–́ – /
–́ – / –́ – /– – /–́
чатырохстопны харэй
– Харэй – ад грэч.слова “танцавальны”.
– Давайце паспрабуем яго адпляскаць рытмічна, прытанцоўваючы.
– Падобна на танец?
2) Ямб.
– Ямб атрымаў назву ад імя міфічнай служанкі Ямбі, якая спявала багіні Дэметры песні. Таму гэты памер лічыцца “спеўным”.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
– –́ /– –́ /– –́ /– –́ /– – /– –́ / –
– –́ /– –́ /– – /– –́ /– – /– –́ /
шасцістопны ямб.
– Гэты верш А.Куляшоў напісаў сваёй каханай дзяўчыне, а потым гэты верш стаў песняй. Паслухаем песню “Бывай” у выкананні беларускай групы “Песняры” (Слайд 3).
Разам спяваем прыпеў.
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Работа ў камандах
Дзялю вучняў на тры каманды.
– Замацуем уменне вызначаць памер верша. Толькі ўжо на прыкладах трохскладовых стоп.
“Табліца з белымі плямамі” (Слайд 4).
Раздаю па адным лісце кожнай камандзе.
– Вам трэба вызначыць, у каго які памер, запісаць, вызначыць памер радкоў і абгрунтаваць.
Карткі з заданнямі:
? |
З грэчаскай мовы тэрмін перакладаецца як “палец”. Памер так назвалі таму, што палец складаецца з трох фалангаў, першая з якіх даўжэй за іншыя. |
? |
Паходзіць ад грэчаскага “з абодвух бакоў кароткі». |
? |
З грэчаскай мовы абазначае “адлюстраваны назад”, адваротны дактылю. |
Вучні па чарзе каменціруюць, што атрымалася.
(Слайд 5)
Дактыль |
Амфібрахій |
Анапест |
З грэчаскай мовы тэрмін перакладаецца як “палец». Памер так назвалі таму, што палец складаецца з трох фалангаў, першая з якіх даўжэй за іншыя. Слаўся зямлі нашай любы куточак, |
Паходзіць ад грэчаскага “з абодвух бакоў кароткі”. |
З грэчаскай мовы – “адлюстраваны назад”, супрацьлеглы дактылю. |
6 Рэфлексія
Кросенс (Слайд 6).
– Як вы думаеце, што павінна быць замест пытальніка? Што агульнага ва ўсіх гэтых карцінках? (Адказы вучняў)
Адкрываю адказ – “Паэзія” М.Танка (Слайд 7).
– Па чым вы здагадаліся? (Зачытваюць радкі з верша).
7 Падагульненне
– Пра якія сакрэты паэзіі вы даведаліся, якія разгадалі?
8 Выстаўленне адзнак
Вучні падлічваюць “крупінкі розуму”.
9 Дамашняе заданне
С. 49, выразнае чытанне верша, пытанні на с. 52.
Па жаданні: вывучыць верш на памяць; скласці верш.