Загадкавая краіна паэзія. М.Танк “Паэзія”. Вершаскладанне. Урок беларускай літаратуры ў 7-м класе

- 11:18БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

На ўроку развіваюцца чытацкія якасці вучняў, неабходныя для паўнавартаснага ўспрымання лірыкі: эмацыянальная чуласць, вобразнае, асацыятыўнае мысленне, эстэтычная рэакцыя на мастацкае слова.

Алена ЛІСОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Талачына імя Ф.Е.Макавецкага”,
Віцебская вобласць

 

Мэта ўрока:

– фарміраваць цікавасць да паэзіі;
– пашыраць веды вучняў пра разнастайнасць тэматыкі паэтычных твораў;
– развіваць творчыя здольнасці і слоўнікавы запас вучняў пры абмеркаванні пытанняў, дапамагчы вучням усвядоміць змест і сэнс параўнанняў і супастаўленняў паэзіі з рознымі з’явамі жыцця, працягваць фарміраваць чытацкія якасці вучняў, неабходныя для паўнавартаснага ўспрымання лірыкі: эмацыянальную чуласць, вобразнае, асацыятыўнае мысленне, эстэтычную рэакцыю на мастацкае слова, паглыбіць веды аб выхаваўчай ролі паэтычных твораў;
– пазнаёміць з асаблівасцямі вершаскладання, паняццямі “рытм”, “рыфма”, страфа, паэтычнымі памерамі.

Абсталяванне: падручнік “Беларуская літаратура, 7 клас” М.А.Лазарук, музычная калонка, флэшкі з музыкай і прэзентацыяй, карткі з заданнямі, трэніровачныя карткі, карткі кластара, магніты, фламастар, запісы на дошцы, “крупінкі розуму” – банчэмс.

Прэзентацыя да ўрока

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

– Рада вітаць вас на нашым сённяшнім уроку. Жадаю вам добрага настрою і плённай працы. Сёння за правільныя адказы буду ўзнагароджваць “крупінкамі розуму” (банчэмсамі). Па выніках памеру сабранага “розуму”, пастаўлю адзнакі.

 

2 Уступнае слова (Слайд 1)

“Паэзія – самы няўлоўны сакрэт, які не будзе нікім рассакрэчаны…” – П.Панчанка. Загадка паэзіі хвалявала і зараз хвалюе пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, таленавітых і вядомых дзеячаў мастацтва і навукі. Ёй прысвечаны вершы, апавяданні, выказванні.

– Што такое паэзія?

– У чым яе сакрэт?

– Хто такі паэт? Хто можа стаць паэтам?

– Чаму ў паэтаў узнікае жаданне пісаць вершы?

– Як бы вы адказалі на гэтыя пытанні?

– Запішыце тэму ўрока. Як вы думаеце, якая мэта будзе нашага ўрока?

– На якія пытанні нам трэба знайсці адказ?

– Давайце паглядзім, як вам растлумачана ў літаратуразнаўчым слоўніку ў канцы падручніка, што такое паэзія (Эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць) (Слайд 2).

– Як вы разумееце гэта азначэнне?

– З вас хто-небудзь піша вершы ці спрабаваў пісаць?

– Якія вершы з раней вывучаных запомніліся, уразілі? Пра што яны? Прачытайце па памяці.

– Галоўная роля паэзіі – перадаць свае самыя лепшыя пачуцці, эмоцыі, душэўны стан у розныя хвалюючыя часы жыцця, зрабіць чытача шчаслівым, натхнёным, пачуццёвым, чалавечным. Бо, на якую б тэму ні пісаліся вершы, усе яны звернуты на выхаванне ў чалавеку чалавека.

 

3 Вывучэнне новага матэрыялу

– А зараз давайце пазнаёмімся з вершам вядомага беларускага паэта Максіма Танка “Паэзія” і даведаемся, як ён тлумачыць, што такое паэзія.

 

4 Верш Максіма Танка “Паэзія”

Пасля чытання абмяркоўваюцца пытанні:

– Якія словы незразумелыя? (Тлумачым).

– Якая тэма верша?

– З чым паэт параўноўвае паэзію? Як вы разумееце гэтыя параўнанні?

– Якая ідэя верша?

– Уявіце, што вы кампазітар. Якую б музыку вы падабралі да гэтага верша? Ціхую ці гучную, павольную ці хуткую?

– Давайце пад музыку прачытаем верш “Паэзія”. (Вучні чытаюць па чарзе па адным слупку).

– Што змянілася ва ўспрыманні верша? (Стаў больш пачуццёвы.)

– На што стаў падобны верш, калі мы чыталі яго пад музыку? (На песню.) – Што агульнага ёсць у вершы і песні? Чым яны адрозніваюцца ад звычайнай празаічнай мовы? (Слупкамі, рыфмай і рытмам.)

– Вось гэта некаторыя з тых сакрэтаў, якімі валодаюць паэты, каб напісаць верш. І я хачу вам іх раскрыць.

 

5 Вершаскладанне

5.1 Строфы

Слупкі, або па-другому, строфы – гэта роўныя часткі вершаў з аднолькавай колькасцю радкоў, аб’яднаных пэўнай рыфмоўкай.

– Колькі строф у вершы “Паэзія” М.Танка? (5)

5.2 Рыфма

– Рыфма – сугучнасць канчаткаў.

– Зараз давайце пагуляем у рыфмоўкі. Я буду называць словы, а вам неабходна падабраць да іх словы ў рыфму:

лясны –
цішы –
плыве –
перазвон –
спеў –
высокi –
праўдзiвы –

5.3 Рытм

Вывешваю на дошцы кластар.

Каменцірую, вучні запісваюць у сшыткі.

   

Раздаю карткі з радкамі вершаў кожнаму вучню.

Вучымся вызначаць памеры вершаў.

1) Харэй.

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк…

– – / –́ – /–́ – /–́ – /
–́ – / –́ – /– – /–́

чатырохстопны харэй

 

– Харэй – ад грэч.слова “танцавальны”.

– Давайце паспрабуем яго адпляскаць рытмічна, прытанцоўваючы.

– Падобна на танец?

2) Ямб.

– Ямб атрымаў назву ад імя міфічнай служанкі Ямбі, якая спявала багіні Дэметры песні. Таму гэты памер лічыцца “спеўным”.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

– –́ /– –́ /– –́ /– –́ /– – /– –́ / –
– –́ /– –́ /– – /– –́ /– – /– –́ /

шасцістопны ямб.

 

– Гэты верш А.Куляшоў напісаў сваёй каханай дзяўчыне, а потым гэты верш стаў песняй. Паслухаем песню “Бывай” у выкананні беларускай групы “Песняры” (Слайд 3).

Разам спяваем прыпеў.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Работа ў камандах

Дзялю вучняў на тры каманды.

– Замацуем уменне вызначаць памер верша. Толькі ўжо на прыкладах трохскладовых стоп.

“Табліца з белымі плямамі” (Слайд 4).

Раздаю па адным лісце кожнай камандзе.

– Вам трэба вызначыць, у каго які памер, запісаць, вызначыць памер радкоў і абгрунтаваць.  

 

Карткі з заданнямі:

?

З грэчаскай мовы тэрмін перакладаецца як “палец”. Памер так назвалі таму, што палец складаецца з трох фалангаў, першая з якіх даўжэй  за іншыя.

          Слаўся зямлі нашай любы куточак,
          Рэчкі імклівай срабрысты званочак…

 

?

Паходзіць ад грэчаскага “з абодвух бакоў кароткі”.

          А ты аказалася большым:
          Ты – кроў, што пульсуе па жылах…

 

?

З грэчаскай мовы абазначае “адлюстраваны назад”, адваротны  дактылю.

          Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
          На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай…

 

Вучні па чарзе каменціруюць, што атрымалася.                                   

(Слайд 5)

Дактыль

Амфібрахій

Анапест

З грэчаскай мовы тэрмін перакладаецца як “палец”. Памер так назвалі таму, што палец складаецца з трох фалангаў, першая з якіх даўжэй за іншыя.

Слаўся зямлі нашай любы куточак,
Рэчкі імклівай срабрысты званочак…

чатырохстопны дактыль

Паходзіць ад грэчаскага “з абодвух бакоў кароткі”.





А ты аказалася большым:
Ты – кроў, што пульсуе па жылах…

трохстопны амфібрахій

З грэчаскай мовы – “адлюстраваны назад”, супрацьлеглы дактылю.





Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай…

чатырохстопны анапест

 

6 Рэфлексія

Кросенс (Слайд 6).

– Як вы думаеце, што павінна быць замест пытальніка? Што агульнага ва ўсіх гэтых карцінках? (Адказы вучняў)

Адкрываю адказ – “Паэзія” М.Танка (Слайд 7).

– Па чым вы здагадаліся? (Зачытваюць радкі з верша).

 

7 Падагульненне

– Пра якія сакрэты паэзіі вы даведаліся, якія разгадалі?

 

8 Выстаўленне адзнак

Вучні падлічваюць “крупінкі розуму”.

 

9 Дамашняе заданне

С. 49, выразнае чытанне верша, пытанні на с. 52.

Па жаданні: вывучыць верш на памяць; скласці верш.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий