Гульня-конкурс “Гучы, роднае слова!” Пазакласнае мерапрыемства па беларускай мове і літаратуры для 4-га класа

- 10:10Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Мерапрыемства садзейнічае развіццю пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, выхаванню пачуцця павагі і любові да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа. Сцэнарый гульні-конкурсу падрыхтаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.

Алена АКУДОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта:

– абагульненне ведаў навучэнцаў па беларускай мове і літаратуры;
– развіццё кемлівасці, дапытлівасці, пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў;
– выхаванне пачуцця павагі да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.

Афармленне: клас афармляецца ў нацыянальным стылі (на стале – ручнік, гліняны посуд). На дошцы плакат з выказваннем:

Дзяды і бацькі нашу мову складалі,
Каб звонка звінела, была, як агонь.

П.Броўка

Падрыхтоўка: для правядзення гульні-конкурсу клас дзеліцца на дзве каманды, удзельнікі выбіраюць капітанаў, падбіраюцца назвы каманд.

 

Ход мерапрыемства

Вядучы. Добры дзень, сябры! Сёння ў нас свята! Свята роднай мовы! Ведаць, паважаць, любіць і берагчы сваю мову павінен кожны чалавек. Сёння ў вас ёсць цудоўная магчымасць прадэманстраваць свае веды па роднай мове. Мы пачынаем.

 

Конкурс “Падбяры малюнак”

Вядучы. Кожная каманда атрымлівае карткі з намаляванымі прыладамі працы (Дадатак 1). Калі я буду называць загадку, вы павінны хутка паказаць адпаведны малюнак-адгадку. Перамагае тая каманда, якая болей пакажа правільных картак.

1. Сам драўляны, а галава жалезная. (Малаток.)
2. Дровы нарыхтоўвае працаўніца дбайная, галава сталёвая, тулава драўлянае. (Сякера.)
3. Есці век яна не просіць, хоць зубоў і многа мае, як працуе – сыпле проса, весела спявае. (Піла.)
4. Ручка ёсць, а не граблі, зямлю рые, а не барана. (Рыдлёўка.)
5. Маленькі, гарбаценькі, усё поле абскача. (Серп.)
6. Ходзіць, скача па пакоі дзед з доўгай барадою, як няма чаго рабіць, у куце тады стаіць. (Венік.)

 

Конкурс “Закончы прыказку”

Вядучы. Багацце і непаўторнасць гучання нашай мовы шмат у чым вызначаюць прыказкі і прымаўкі. Яны дапамагаюць адчуць яе адметнасць, вобразнасць і хараство. Зараз каманды атрымаюць карткі. На адных картках змешчаны пачатак прыказак, на другіх – іх заканчэнне. За 2 мінуты вы павінны падабраць карткі так, каб можна было прачытаць прыказку цалкам. Атрыманыя прыказкі патрэбна будзе зачытаць і растлумачыць іх сэнс.

Пад ляжачы камень… (вада не цячэ).
Няма лепшай хаткі… (як у роднай маткі).
Хто працуе… (таму і шанцуе).
Усякай птушцы… (сваё гняздо міла).
Скажы, хто твой сябар,… (я скажу, хто ты).
Слоўка, як птушка:… (выпусціў – не вернеш).

 

Конкурс “Сустрэча з казкай”

Вядучы. Які таленавіты наш беларускі народ! У спадчыну ад нашых продкаў мы атрымалі не толькі загадкі, песні, прыказкі, прымаўкі, але і мудрыя, павучальныя казкі. Давайце праверым, як вы ведаеце беларускія народныя казкі. Да нас у клас прыйшлі вельмі цікавыя тэлеграмы. Я іх буду зачытваць, а ваша задача – пазнаць, хто і з якой казкі іх адправіў.

1. Тым-тым, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца.
А ў лісіцы поўны двор:
Сем дачушак на выбор
Восьмы пеўнік, –
Гэты мой. (Коцік з казкі “Коцік, Пеўнік і Лісіца”.)

2. Кар-кар-р! Кра– кра! Гэй-Гэй! Я – паўночны салавей! (Варона з казкі “Ганарыстая варона”.)

3. Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй ты з хаткі,
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе… (Пеўнік з казкі “Каза-манюка”.)

4. – Дык вось, каточак, мой галубочак, хлеб ёсць, соль ёсць – капусты няма! (Дзед з казкі “Каток – залаты лабок”.)

5. – Дык вось, каму слава, таму і булкі:
А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко!
Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй. (Курачка Сакатушка з казкі “Пшанічны каласок”.)

6. Карова, карова, дай масла! Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся. (Курачка з казкі “Як курачка пеўніка ратавала”.)

 

Конкурс “Перакладчыкі”

Вядучы. А зараз прапаную папрацаваць у ролі перакладчыкаў з рускай мовы на беларускую. Кожная каманда атрымае ліст паперы, на якім запісаны словы на рускай мове, іх трэба перакласці на беларускую. За кожнае правільна пераведзенае слова каманда атрымлівае 1 бал.

карандаш – аловак
подсолнух – сланечнік
радуга – вясёлка
интересно – цікава
белка – вавёрка
почва – глеба
художник – мастак
зеркало – люстэрка
мечта – мара
нежный – пяшчотны

 

Конкурс “Лесвічка слоў”

Вядучы. Кожнай камандзе неабходна ў клеткі па гарызанталі запісаць словы (назвы раслін), якія пачынаюцца з пэўных літар. Перамагае каманда, якая першай правільна справіцца з заданнем.

(Дуб, ліпа, сасна, бяроза, рамонак, пралеска.)

 

Конкурс “Літаратурная старонка”

Вядучы. Беларускія пісьменнікі і паэты ў сваіх творах перадаюць нам сваю любоў і захапленне багаццем і прыгажосцю роднай мовы, аўтарскія разважанні пра ролю мовы ў жыцці нашага грамадства, а таксама перадаюць папярэджанне сучаснікам пра небяспечныя наступствы з-за страты мовы. Прапаную зараз успомніць творы на тэму роднай мовы і іх аўтараў.

1. Каб цэлы свет не здаўся вузкім,
Каб годна жыць паміж людзей,
Любіце мову беларуску,
Любіце з кожным днём мацней. (Л.Дайнека “Любіце мову”.)

2. І яшчэ – за што, няйначай,
Буду ўдзячны я ўдвайне –
Ты купі на мове нашай,
Беларускай, кніжку мне. (К.Цвірка “У кнігарні”.)

3. Каб свет чароўнай прыгажосці
Нас ні на момант не пакінуў,
Шануйце мову не як госцю,
А як матулю, гаспадыню. (М.Пазнякоў “Родная мова”.)

4. Не проста ў словы я гуляю –
На мове роднай размаўляю.
У час світальны, вечаровы
Кажу пяшчоты цёплай словы… (М.Мятліцкі “На мове роднай”.)

5. Паслухалі людзі самага старога ды самага разумнага чалавека. І неўзабаве зразумелі, што ні адной на свеце мовай не выкажаш так дакладна свае думкі і пачуцці, як роднай. (А.Вольскі “Роднае слова”.)

6. Дзеяслоў жа крышачку задрамаў на самым досвітку і, абудзіўшыся, далей па зямлі пакрочыў. Да той пары тупаў, пакуль усе слоўцы прыстроіў як след.
А яго падарунак – прыгожую спеўную мову, аздобленую апострафамі-завушнічкамі – мы да гэтай пары маем. (А.Масла “Як з’явіўся апостраф”.)

 

Конкурс капітанаў “Хто далей?”

Вядучы. Многа прыгожых слоў ёсць у нашай мове. Не забывайце, калі ласка, ужываць ветлівыя словы пры гутарцы з іншымі людзьмі, і вы заўважыце, як прыемна будзе размаўляць з вамі вашым субяседнікам.

Запрашаю капітанаў паспаборнічаць у веданні ветлівых слоў. Капітаны становяцца побач на адну лінію, па чарзе называюць ветлівыя словы беларускай мовы. Назваўшы, робяць крок наперад. Выйграе той, хто зробіць больш крокаў, а значыць, скажа больш ветлівых слоў.

(Калі ласка, выбачайце, шчыра ўдзячны вам, да пабачэння, дабранач, будзьце ласкавы, усяго добрага і інш.)

 

Конкурс “Беларуская хата”

Вядучы. Нядаўна мы з вамі наведалі экспазіцыю “Беларуская хата” школьнага музея “Млын часу”. Прапаную праверыць, як вы запомнілі назвы рэчаў, якімі карысталіся нашы продкі. Зараз кожная каманда атрымае картку з выявамі экспанатаў, якія мы бачылі ў музеі. Вам неабходна падпісаць кожны прадмет (Дадатак 2).

Вядучы. Вось і закончылася наша свята роднай мовы. Зараз мы даведаемся, якія вынікі атрымаліся ў нашых каманд.

 

Журы падводзіць вынікі, узнагароджвае пераможцаў.

 

Вядучы. Паважаныя ўдзельнікі каманд, вы паказалі добрыя веды па роднай мове. Мы, беларусы, шануем сваю мову, ганарымся ёю. Жадаю вам і далей удасканальваць веды па беларускай мове і літаратуры.

Жадаю вам, дзеці, і далей лагодна
Мовай народа валодаць свабодна.
І ў жыцці, каб было вам лягчэй,
Мову сваю вывучайце хутчэй.
А сёння – прызы атрымайце за веданне мовы.
Любіце, шануйце роднае слова!

 

Усім удзельнікам мерапрыемства ўручаюцца кніжкі на беларускай мове.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий