Гульні з катом Баюном. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” для выхаванцаў сярэдняй групы

- 17:36ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Марына ВЯРПОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 36 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Тэма: “Гульні з катом Баюном”.

Праграмныя задачы:

– пашыраць уяўленні дзяцей пра фальклорныя творы розных жанраў (лічылка, забаўлянка, загадкі);
– развіваць уменне выразна выконваць фальклорны твор, перадаваць у ролі персанажа настрой, выразнасць вобраза (рухі, міміка);
– выхоўваць эмацыянальна станоўчыя адносіны да твораў фальклору, пачуцце гонару за сваю Радзіму.

Матэрыялы і абсталяванне: кветка з рознакаляровымі пялёсткамі, беларускі ручнік, аўдыязапіс плачу немаўляці, беларускіх матываў, маскі для рухомых гульняў, лямпа-начнік, калыска з лялькай.

Папярэдняя работа: цыкл заняткаў пра родную краіну, беларускі фальклор, чытанне і завучванне беларускіх забаўлянак, калыханак, лічылак, арганізацыя і правядзенне беларускіх народных гульняў.

Тып занятку: камбінаваны.

 

Ход занятку

I Уводны (арганізацыйны) этап

Гульня-эцюд “Прывітанне”

Мэта: стварэнне камфортнай атмасферы, добразычлівых адносін да іншых выхаванцаў групы падчас гульнёвай дзейнасці.

Сюрпрызны момант

Мэта: арганізацыя дзяцей на будучую дзейнасць, актывізацыя пазнавальнай цікавасці.

Выхавальнік. Дзеці! Да нас у госці завітаў незвычайны каток, ён умее размаўляць. Паслухайце, што ён хоча вам прапанаваць.

Кот Баюн (дарослы). Добры дзень, дзеткі! Я – кот Баюн. Я хачу запрасіць вас да сябе ў госці, каб пагуляць разам з вамі. Згодны? (Адказ дзяцей)

Выхавальнік. Дзеці згодны. А як трапіць да цябе?

Кот Баюн. Заплюшчыце вочы, тройчы павярніцеся… Раз, два, тры, вы ў госці да мяне прыйшлі!

 

ІІ Асноўны этап

Пакой абсталяваны пад вясковую хатку, стаіць куфар, ляжыць ручнік, на стале стаіць лямпа-начнік, у куце стаіць калыска.

Выхавальнік. А дзе мы апынуліся?

Кот Баюн. Я жыву ў хаце дзеда Васіля і бабкі Алены. Яны пайшлі ў госці, а мне сумна, няма з кім пагуляць. Дзеці, а ў якія гульні вы любіце гуляць? (Дзеці адказваюць, што любяць гуляць на камп’ютары, у гульні на тэлефоне, з машынкамі, глядзець мульцікі па тэлевізары і г.д.).

Выхавальнік. Але тут няма тэлевізара, машынак, нават электрычнасці! Чым жа ты забавіш дзяцей?

Кот Баюн. Ёсць у мяне чароўная кветачка, на кожным пялёстку – якая-небудзь гульня. Выбірайце адзін, толькі дамоўцеся пра колер. (Дзеці выбіраюць пялёстак.)

Кот Баюн. Зараз я навучу вас гуляць у адну цікавую гульню.

Гульня “Кот”

Мэты: развіццё ў дзяцей інтарэсу да беларускіх народных гульняў; стымуляванне зносін на беларускай мове, развіццё назіральнасці, увагі.

(Пры дапамозе лічылкі):

Тут на лаўцы дзеці селі,
Тут вароны паляцелі,
Тут прыселі ля варот,
Гэта маці,
Гэта кот.

Выбіраюцца “маці” і “кот”. “Кот” адыходзіць у бок, кладуць рукі далонямі адна да адной. “Маці”, заціснуўшы цацку мышку паміж далонямі абыходзіць гуляючых прыгаворваючы: “Гэтаму не дала, гэтаму падумаю, гэты няхай пачакае”, – і непрыкметна перадае каму-небудзь мышку. Абышоўшы гуляючых, яна кліча “ката”, які павінен адгадаць. У каго мышка, той становіцца “катом”, а былы “кот” займае яго месца. Не адгадае – адыходзіць у бок, і гульня працягваецца.

Выхавальнік. Пацешыў ты нас, Баюн, а цяпер і дзеці цябе пацешаць. Хто ведае пацешку пра катка? (Дзеці расказваюць пацешку “А коцічак шэранькі…)

Мэта: практыкаванне ў выразным расказванні вершаванага твора на беларускай мове.

Чуецца плач малога дзіцяці.

Выхавальнік. Хто гэта плача? (Падыходзіць да калыскі). Гэта маленькае дзіця. Мы яго разбудзілі. Цяпер яно не засне. Што ж нам рабіць? (Дзеці прапануюць свае варыянты). Дзеці, а што спяваюць матулі, калі калышуць дзіця? (Калыханкі). Дзяўчынкі, а давайце праспяваем нашаму малому калыханку. (Дзяўчынкі спяваюць калыханку пад музыку.)

Вось і заснуў маленькі. Давайце працягваць гульні. (Дзеці выбіраюць пялёстак.)

Фізкультхвілінка. Беларуская народная гульня “Ручнік”

Мэты: забеспячэнне змены відаў дзейнасці і аптымальнага рухальнага рэжыму, выхаванне добразычлівых адносін ад іншых удзельнікаў гульні.

Дзеці пад музыку скачуць вакол ручніка, а калі музыка сціхае, хутка становяцца на ручнік. Потым ручнік складваюць папалам, і гульня працягваецца. І так да таго часу, пакуль на ручніку не застанецца месца для аднаго чалавека.

Выхавальнік. Цікава, якія яшчэ гульні прыгатаваў для нас кот Баюн. Давайце выберам яшчэ адзін пялёстак. (Дзеці выбіраюць пялёстак)

Кот Баюн. А яшчэ мне вельмі падабаюцца забаўлянкі. Дзеці, вы ведаеце, што гэта такое? (Адказы дзяцей). Вы напэўна ўсе ведаеце забаўлянку пра сароку-варону? У яе гулялі яшчэ вашы бабулі і прабабулі. Давайце пагуляем разам з нашымі пальчыкамі.

Пальчыкавая гульня “Сарока-варона”

Мэта: развіццё ўменняў правільна прагаворваць тэкст і выконваць дзеянні адпаведна правіламі гульні.

Выхавальнік. Што хацелі паказаць малому дзіцяці пры дапамозе гэтай забаўлянкі дарослыя? (Адказы дзяцей) Як бачыце, малому дзіцяці стараліся паказаць, што гультаем быць сорамна. Забаўлянак шмат, паслухайце яшчэ адну.

Чытанне і драматызацыя забаўлянкі “У куце сядзіць мядзведзь”

Мэта: развіццё ўменняў самастойна весці сваю ролю ў пад час інсцэніроўкі.

У куце сядзіць мядзведзь,
Хустку вышывае,
А лісічка-невялічка хатку прыбірае.
А каток пячэ аладкі, масла падлівае,
Мышаняткі жвава, гладка
Катку памагаюць.

Кот Баюн. Давайце ператворымся ў герояў забаўлянкі і пакажам яе. У маім куфры ёсць чароўныя маскі, каб ператварыцца ў герояў забаўлянкі. (Дастае маскі мядзведзя, лісы, ката і мышак).

З дапамогай лічылкі выбіраюцца кот, мядзведзь, ліса, а астатнія – мышы. Дзеці абыгрываюць забаўлянку.

Выхавальнік. Цікава з табой гуляць, але застаўся апошні пялёстак. Што яшчэ ты падрыхтаваў дзецям?

Кот Баюн. Вельмі я люблю загадкі. Нашы продкі ўжо з дзяцінства развівалі ў дзяцей кемлівасць і розум. І загадкі ў гэтым ім дапамагалі. (Дастае з куфра малюнкі). Я буду загадваць вам загадкі, а вы павінны іх адгадаць і паказаць адгадку на малюнку.

Дыдактычная гульня “Адгадай і пакажы адгадку”

Мэты: практыкаванне ў разуменні іншасказальнага сэнсу загадак; развіццё умення разважаць.

Выхавальнік загадвае загадкі, дзеці адгадваюць і паказваюць адгадкі на малюнку.

 

ІІІ Заключны этап

Выхавальнік. Зусім загуляліся мы з вамі. Трэба вяртацца ў садок. Дзякуй, кот Баюн, скажы, як нам вярнуцца?

Кот Баюн. Заплюшчыце вочы і тройчы хлопніце ў далоні.

 

Рэфлексія. Падвядзенне вынікаў

Мэты: выяўленне ўменняў ацэньваць вынікі сваёй дзейнасці, выражаць свае пачуцці.

Выхавальнік. Вось мы і ў садку. Ці спадабалася вам у гасцях у ката Баюна?

Якія гульні вам спадабаліся больш за ўсе?
Што новага вы даведаліся  ў гасцях у катка?
Спадзяюся, што вы і дома абавязкова пагуляеце з вашымі бацькамі ў такія гульні, і прапануеце іх сваім сябрам.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий