Мэта: авалоданне навучэнцамі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін.
Алена ГАПУНІК,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Субацкая сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Форма правядзення: конкурсная праграма.
Мэта: авалоданне навучэнцамі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін.
Задачы:
– садзейнічаць развіццю практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;
– ствараць эмацыянальна-прыемнае асяроддзе для эфектыўнага ўспрымання беларускай мовы;
– выхоўваць пачуццё гонару за нашу дзяржаву.
Абсталяванне: эмблемы каманд “Васілёк” і “Лянок”; карткі з заданнямі, карцінкі ягад і міфалагічных герояў Лесавіка і Дамавіка, “сардэчкі” (маленькія і крыху большыя), ілюстрацыі да казак, постар “Мы любім родную мову!”, рэпрадукцыя карціны І.Ф.Хруцкага “Кветкі і плады”, школьныя прылады, акустычная сістэма.
Ход мерапрыемства
Гучыць песня “Улыбка” https://deti-online.com/pesni/iz-multfilmov/ulybka/
Вядучы. Усміхніцеся адно аднаму, мае маленькія сябры. І мне падарыце свае ўсмешкі. Дзякуй вам! Усмешка спрыяе прыемным зносінам і супрацоўніцтву, і я спадзяюся, што сёння мы будзем працаваць з задавальненнем.
Вучаць у школе замежныя мовы
Дзеці. А я з хваляваннем жыву:
Як бы яны не забылі словы
Тыя, што родную зораць канву.
Хведар Чэрня
– Так, я з хваляваннем жыву, перажываю за нашу родную мову. Але не толькі я. Мае маленькія сябры, калі ласка, уважліва паслухайце верш “Міколкавы пытанні” і адкажаце на пытанне: “А Міколка чаму перажывае?”
Вучань. “Міколкавы пытанні” (Верш расказвае вучань на памяць пад спакойную, ціхую мелодыю https://lemuzika.pro/search/Фон%20для%20стихов)
Француз па-французску,
Па-польску – паляк
Гавораць з маленства,
А я, мама, як?
Замежную мову
Я ў садзе вучу,
А на беларускай –
Не ўмею, маўчу.
Чаму, адкажы мне,
Ты, тата і дзед
Не размаўлялі
На роднай нідзе?
Я рускую мову
Люблю і вучу.
І нашу таксама
Я ведаць хачу.
Буквар беларускі
Прашу мне купіць
І родную мову
Пачну я вучыць.
М.Пазнякоў
Вядучы. Дык чаму перажываў Міколка? (Адказы вучняў) Так, Міколка хоча пачаць вывучаць родную мову.
– А вы гатовы далей вывучаць родную мову? (Адказы вучняў)
– Так, сёння мы пагаворым аб нашай роднай мове, таму што яна ўвайшла ў наша жыццё з вуснаў маці. Мова – гэта душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця народа, наш галоўны нацыянальны скарб.
– Дзеці, як вы лічыце, для чаго чалавеку патрэбна мова? (Адказы вучняў)
– А ці можа быць народ без мовы? (Адказы вучняў)
– Калі мы забудзем сваю мову, мы перастанем на ёй размаўляць, то народ перастане існаваць. І наша Беларусь знікне з карты свету. Запомніце гэта.
– Родная мова – гэта тое, што аб’ядноўвае нас і робіць унікальнымі. Гэта частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. І ў гэтым свеце беларуская мова – гэта мова нашай Радзімы.
– Дзеці, а вы ведаеце, калі адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы? (Адказы вучняў)
– Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага. У нашым рознакаляровым і супярэчлівым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА абвясціла Міжнародны дзень роднай мовы, каб хоць раз у год людзі на іх размаўлялі, іх памяталі.
– Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Цётка) пісала: “Бедны той, хто не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, які ніхто ніколі адабраць ад нас не здолее – гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы.”
– І таму тэма нашай конкурснай праграмы гучыць так: “Родная мова, цудоўная мова!”
– Я прапаную вам пагуляць і пацвердзіць, што вы добра ведаеце і вельмі любіце беларускую мову. А для гэтага трэба падзяліцца на дзве каманды і выбраць капітанаў. Конкурсная праграма будзе незвычайная, за кожнае правільнае заданне камандзе будуць выдавацца вялікія чырвоныя “сардэчкі”, а калі каманда памыліцца, то – маленькія.
– Зараз мы падзелімся на дзве каманды, затым па чарзе я вам задам загадкі. У адгадках на іх крыюцца назвы нашых каманд.
– Загадка першай камандзе
Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад. (Лён)
– Дзеці, а дзе мы можам убачыць малюнак лёну? (На гербе Рэспублікі Беларусь.)
– Малайцы! Ваша каманда будзе называцца “Лянок”.
– Цяпер сваю загадку слухае другая каманда.
Цвіту ўсё лета я,
Жыву звычайна ў жыце.
Хлапечае ў мяне імя,
Як зваць мяне, скажыце? (Васілёк)
– Так. А кветка васілёк сімвал чаго? (Сімвал Радзімы.)
– А дзе ж можна ўбачыць малюнак кветкі васілька? (Турыстычны лагатып Беларусі, самалёты “Белавіа”, слуцкія паясы.)
– Можа хто ведае, як яшчэ называюць па-беларуску васілёк? (Валошка.)
– Гэта слова мнагазначнае. Скажыце, а калі слова “васілёк” будзе абазначаць імя хлопчыка, то з якой літары трэба будзе напісаць? (З вялікай.)
– Малайцы! А ваша каманда будзе называцца “Васілёк”.
Вядучы. Жадаю ўдзельнікам каманд поспехаў.
Конкурс “Размінка”
Камандам па чарзе задаюцца пытанні.
Каманда “Васілёк” |
Каманда “Лянок” |
1. Як называецца наша родная мова? (Беларуская) |
1. 3 якой літары пішуцца імёны людзей? (З вялікай) |
Конкурс “Загадка – для розуму зарадка”
Вядучы. Дзеці, а як вы лічыце, што з’яўляецца зарадкай для розуму? (Адказы дзяцей) Так. Гэта загадка.
Камандам загадваецца па чатыры загадкі.
– Каманда “Васілёк”, слухайце ўважліва загадкі для вас.
1. Два кальцы, два канцы, а пасярэдзіне цвік. (Нажніцы)
2. Вы мяне перагарталі –
Як у музеі пабывалі.
Космас на адной старонцы,
На другой старонцы – дом,
На апошняй – сонейка ў аконцы.
А ўсё разам я – … (Альбом)
3. Хто са мною пасябруе,
Той ужо не засумуе.
Языка хоць і не маю
А пра ўсё апавядаю. (Кніга, падручнік)
4. У сасны і ёлкі
Лісцікі – іголкі.
А на якіх лісточках
Растуць словы і кропкі? (Сшытак)
– А зараз загадкі для каманды “Лянок”.
1. Без яе не атрымліваецца роўнай паласы,
У рукі ты яе бярэш, лінію ў сшытку вядзеш. (Лінейка)
2. Тры бакі і тры вуглы.
І ведае кожны школьнік:
Фігура называецца,
Вядома, … (Трохвугольнік)
3. Ляжыць паленца, а ў сярэдзіне сэрца. (Аловак)
4. Рознакаляровыя сястрыцы
Засумавалі без вадзіцы.
Дзядзька, доўгі і худы,
Носіць ваду барадой.
І сястрыцы разам з ім
Намалююць дом і дым. (Фарбы, пэндзлік)
Конкурс “Малюем партрэт бабулі”
Вядучы. Дзеці, а вы любіце маляваць? А як называецца прафесія чалавека, які малюе? (Мастак.)
– А вы хочаце пабыць мастакамі? (Так.)
– Наступны наш конкурс так і называецца “Малюем партрэт бабулі”.
Дзецям раздаюцца шаблоны, вядучы гаворыць, вучні малююць тое, што ён прапаноўвае.
Вядучы. Паслухайце зараз парады мастакам, і згодна гэтым парадам намалюйце партрэт бабулі.
1) Намалюйце вушы, бровы, нос, вочы, вусны (губы), валасы, акуляры.
2) Бабулі любяць насіць упрыгожванні: завушніцы, каралі, (пацеркі), (7 кружочкаў).
3) Бабуля апранута ў сукенку, дамалюйце ёй каўнер.
4) А зараз разам расфарбуем партрэт бабулі: завушніцы – залаты колер (жоўты), вусны – чырвоныя, каўнер – блакітны, пацеркі – як вясёлка (Успамінаем сказ: Чароўная афрыканская жырафа з бегемотам смакавала фінікі. У ім першыя літары з’яўляюцца назвамі колераў вясёлкі. Далей партрэт бабулі вучні расфарбоўваюць самі. Выстава работ.)
Фізкультхвілінка
Песня “Беларусь – мая краіна”. Аўтар Ірына Бейня https://lemuzika.pro/search/Ирина%20Бейня
Конкурс “Хто адправіў тэлеграмы?”
Вядучы. Дзеці, а ці любіце вы казкі? Тады наступны конкурс для вас. Камандам трэба адказаць, хто адправіў тэлеграму і з якой казкі. (Зачытваюцца загадкі, па тры кожнай камандзе, вучні прымацоўваюць ілюстрацыі да казак на дошку).
– Каманда “Лянок”, слухайце ўважліва загадкі і спрабуйце адгадаць, пра якія казкі ідзе размова.
1) “Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй
ты з хаткі,
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе…”
(Пеўнік з казкі “Каза-манюка”)
2) Кар-кар-р!
Кра-кра! Гэй, гэй!
Я – паўночны салавей!
(Варона з казкі “Ганарыстая варона”)
3) “Карова, карова, дай масла!
Пеўнік ляжыць і не дыхае, бобінкай падавіўся”.
(Курачка з казкі “Як курачка пеўніка ратавала”)
– Зараз загадкі для каманды “Васілёк”.
1) “Дык вось, каточак, мой галубочак;
хлеб ёсць, соль ёсць –
капусты няма!
(Дзед з казкі “Каток – залаты лабок”)
2) “Дык вось, каму слава, таму і булкі.
А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль!
Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй”.
(Курачка-Сакатушка з казкі “Пшанічны каласок”)
3) Тылі-тылі, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца,
А ў лісіцы новы двор,
Сем дачушак
На выбор,
Восьмы пеўнік
Гэта мой”.
(Коцік з казкі “Коцік, пеўнік і ліса”)
Вядучы. А дзе адбываюцца дзеянні ў казцы “Коцік, пеўнік і ліса”? Так, і ў хаце, і ў лесе.
– Ведаеце, дзеці, што ў казках сустракаюцца яшчэ і міфалагічныя героі.
– Як вы думаеце, а хто такі добры дзядок, які здаўна закліканы захоўваць спакой і парадак у хаце? (Дамавік, хатнік; ілюстрацыя)
– А як называецца дух-гаспадар лесу? (Лесавік; ілюстрацыя)
– Малайцы! Уважліва паслухайце верш “Садзіце лясы!” і адкажаце на пытанне: “Чаму мы павінны садзіць лясы?”
Вучань.
“Садзіце лясы!”
Садзіце лясы!
Садзіце лясы!
Ва ўсе гадавіны,
прыгоды, часы!
Каб дрэвы і ранняй,
позняй парой
заўсёды шумелі
над мірнай зямлёй!
Максім Танк
Вядучы. Дзеці, дык чаму мы павінны садзіць лясы? (Адказы дзяцей)
А галоўны дарунак лесу – драўніна. Дрэвы спілоўваюць, рэжуць ствалы на дошкі і брус. З іх будуюць дамы, вырабляюць мэблю, цацкі, посуд, музычныя інструменты і паперу. А як мы можам зберагчы лес? (Адказы дзяцей). Малайцы! Таксама мы можам паўдзельнічаць у акцыі “Зберажы дрэва – здай макулатуру”.
Конкурс “Мы паэты”
Вядучы. Капітаны каманд, гатовы паўдзельнічаць у конкурсе? (Так.) Для вас конкурс “Мы паэты”.
Конкурс капітанаў “Мы паэты” і гульня “Мастацтвазнаўцы” праводзіцца адначасова. Капітаны выбіраюць сабе аднаго ўдзельніка ў памочнікі. (Растлумачыць, што словы для даведак запісаныя па два ў дужках толькі для аднаго радочка. Праверка – зачытваюць верш капітаны “ланцужком” па адным радочку).
Лясныя скарбы
Я часта і доўга па лесе блукаю,
дзівосныя скарбы лясныя збіраю:
зязюль __________________ і _______________драздоў,
грыбное _________________ і _______________ ручайкоў,
і ___________________ сасновы, і ________________ чабаровы,
рабіны _________________і бярозак _________________.
Я самы шчаслівы, багаты,
вяртаюся з лесу да хаты.
Паводле Івана Муравейкі
Словы для даведак: (цяпло, святло), ( кукаванне, песні), (маўчанне, звон), (водар, пах).
Адказы
Лясныя скарбы
Я часта і доўга па лесе блукаю,
дзівосныя скарбы лясныя збіраю:
зязюль кукаванне і песні драздоў,
грыбное маўчанне і звон ручайкоў,
і водар сасновы, і пах чабаровы,
рабіны цяпло і бярозак святло.
Я самы шчаслівы, багаты,
вяртаюся з лесу да хаты.
Гульня “Мастацтвазнаўцы”
Праводзіцца ў той жа час як конкурс “Мы паэты” з астатнімі ўдзельнікамі (работа ў парах). Вучні павінны разгледзець карціну І.Ф. Хруцкага “Кветкі і плады”, даследаваць яе змест і напісаць на лістах на беларускай мове, якія плады намаляваны на карціне? А хто паспее, то можа напісаць і назвы кветак.
Адказы
Плады: яблык, груша, лімон, гарбуз, вінаград, парэчкі белыя і чырвоныя. Кветкі: півоні, касачы, цюльпаны, ружа, васількі, незабудкі.
Вядучы. Малайцы! Усе цудоўна справіліся з заданнем. Дзеці, вы павінны ведаць, што Іван Фаміч Хруцкі – гэта беларускі жывапісец, родам з Віцебскай вобласці. Пачатковую мастацкую адукацыю Іван Хруцкі атрымаў у Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы. Яго карціна “Кветкі і плады” знаходзіцца ў Маскве ў Траццякоўскай галерэі.
Конкурс “Народная мудрасць”
– Скажыце, дзеці, калі ласка, а калі так гавораць “Усюды добра, а дома лепей”? (Адказы дзяцей) Гэта прыказка. І наступны конкурс для вас – «Народная мудрасць».
Прыказкі для кожнай каманды ляжаць у канвертах, разрэзаныя на дзве часткі. Камандам трэба з прапанаваных частак скласці прыказкі, па чарзе зачытаць і растлумачыць іх сэнс.
Шануй бацьку з маткай – |
там – і пад елкай рай. |
Жыві сваім розумам, |
хто ёй сумленна служыць. |
Той Бацькаўшчыну любіць, |
а чалавек дружбай. |
Птушка моцна крыламі, |
другіх не знойдзеш. |
Як ты да людзей, |
а не чужым. |
Ідзі ў родны край, |
так і людзi да цябе. |
Адказы
Шануй бацьку з маткай – другіх не знойдзеш.
Жыві сваім розумам, а не чужым.
Той Бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць.
Птушка моцна крыламі,а чалавек дружбай.
Як ты да людзей, так і людзi да цябе.
Ідзі ў родны край, там – і пад елкай рай.
Конкурс “Мы перакладчыкі”
Вядучы. А вось наступны конкурс упэўніць нас у тым, што вы добра ведаеце беларускую мову.
Каманды перакладаюць з рускай мовы на беларускую і наадварот, назвы ягад, запісваюць у адпаведныя слупкі. Пры праверцы каманды мяняюцца карткамі і па чарзе называюць адказы і карцінкі ягад прымацоўваюць на дошку.
Русские слова |
Беларускія словы |
|
Суніцы |
Черника |
|
|
брусніцы |
Ежевика |
|
Клюква |
|
|
буякі, дурніцы |
Адказы
Земляника – суніцы, черника – чарніцы, брусника – брусніцы, ежевика – ажыны, клюква – журавіны, голубика – буякі, дурніцы
Конкурс “Бацькаўшчына”
Вядучы. Малайцы! Вы добра ведаеце беларускую мову. Скажыце, калі ласка, а як называецца наша Радзіма? (Адказы дзяцей) Так, Беларусь. А як яшчэ называюць Радзіму? (Айчына, Бацькаўшчына.)
– Наступны конкурс называецца “Бацькаўшчына”. Вам неабходна з апорай на верш “Бацькаўшчына” разгадаць крыжаванку “Мая Радзіма”.
Бацькаўшчына
Што такое
Бацькаўшчына,
знаеш?
Гэта рэчка,
сцежачка лясная,
гэта ў лузе
залатая пчолка,
а ў вачах тваіх –
вясёлка.
Бацькаўшчына –
гэта дом твой,
школа,
гэта песні,
што звіняць наўкола.
Гэта сам ты,
гэта тата твой, і мама,
і сябры твае таксама.
Анатоль Касцецкі
Адказы
Вядучы. Малайцы! Выдатна справіліся з заданнем. Паважаныя ўдзельнікі каманд “Васілёк” і “Лянок”, паглядзіце, колькі “сардэчак” вы атрымалі за правільныя адказы. Вы – пераможцы. Давайце мы ўсе разам складзём на дошцы постар “Мы любім родную мову!”.
Гучыць песня “Мой родны кут.” https://mp3ball.ru/?mp3=Песняры+Мулявин+–+Мой+родны+кут.
Усе ўдзельнікі на дошцы спачатку з “сардэчак” выкладаюць агульнае вялікае сэрца, а потым па “шыфроўцы” з літар, якія раздаюцца дзецям з нумарамі на вонкавым боку, складаюць надпіс “Мы любім родную мову!”.
Шыфроўка “Мы любім родную мову”
Вядучы. Дарагія мае маленькія сябры! Будзьце з тымі, хто думае пра будучыню сваёй роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, таму што заўтра вам, вашым дзецям і ўнукам спатрэбіцца наша мова. Размаўляйце па-нашаму, з ветлай усмешкай, з пяшчотай на вуснах – і іншыя захочуць гаварыць на нашай мове. І не саромейцеся недасканалай гаворкі. Мова – гэта жывая тканка, якая прырастае там, дзе ёсць чалавечае жаданне. Ведайце, што ўчора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на «трасянцы», а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове.
Паважаныя дзеці, вы ўсе малайцы! Мне хочацца сказаць вялікі дзякуй усім удзельнікам конкурснай праграмы “Родная мова, цудоўная мова!” і закончыць наша мерапрыемства словамі з верша Міхася Пазнякова “Беларусь”.
Дык дзякуй, мой любімы край,
Што ў мяне ёсць спадчына –
Зялёны стогалосы гай –
І гэта мова матчына.
М.Пазнякоў