Родная мова, цудоўная мова! Конкурсная праграма для вучняў пачатковых класаў

- 11:08Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Мэта: авалоданне навучэнцамі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін.

Алена ГАПУНІК,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Субацкая сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Форма правядзення: конкурсная праграма.

Мэта: авалоданне навучэнцамі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін.

Задачы:

– садзейнічаць развіццю практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;
– ствараць эмацыянальна-прыемнае асяроддзе для эфектыўнага ўспрымання беларускай мовы;
– выхоўваць пачуццё гонару за нашу дзяржаву.

Абсталяванне: эмблемы каманд “Васілёк” і “Лянок”; карткі з заданнямі, карцінкі ягад і міфалагічных герояў Лесавіка і Дамавіка, “сардэчкі” (маленькія і крыху большыя), ілюстрацыі да казак, постар “Мы любім родную мову!”, рэпрадукцыя карціны І.Ф.Хруцкага “Кветкі і плады”, школьныя прылады, акустычная сістэма.

 

Ход мерапрыемства

Гучыць песня “Улыбка” https://deti-online.com/pesni/iz-multfilmov/ulybka/

Вядучы. Усміхніцеся адно аднаму, мае маленькія сябры. І мне падарыце свае ўсмешкі. Дзякуй вам! Усмешка спрыяе прыемным зносінам і супрацоўніцтву, і я спадзяюся, што сёння мы будзем працаваць з задавальненнем.

Вучаць у школе замежныя мовы
Дзеці. А я з хваляваннем жыву:
Як бы яны не забылі словы
Тыя, што родную зораць канву.
                          Хведар Чэрня

– Так, я з хваляваннем жыву, перажываю за нашу родную мову. Але не толькі я. Мае маленькія сябры, калі ласка, уважліва паслухайце верш “Міколкавы пытанні” і адкажаце на пытанне: “А Міколка чаму перажывае?”

Вучань. “Міколкавы пытанні” (Верш расказвае вучань на памяць пад спакойную, ціхую мелодыю https://lemuzika.pro/search/Фон%20для%20стихов)

Француз па-французску,
Па-польску – паляк
Гавораць з маленства,
А я, мама, як?

Замежную мову
Я ў садзе вучу,
А на беларускай –
Не ўмею, маўчу.

Чаму, адкажы мне,
Ты, тата і дзед
Не размаўлялі
На роднай нідзе?
Я рускую мову
Люблю і вучу.
І нашу таксама
Я ведаць хачу.

Буквар беларускі
Прашу мне купіць
І родную мову
Пачну я вучыць.
                          М.Пазнякоў

Вядучы. Дык чаму перажываў Міколка? (Адказы вучняў) Так, Міколка хоча пачаць вывучаць родную мову.

– А вы гатовы далей вывучаць родную мову? (Адказы вучняў)

– Так, сёння мы пагаворым аб нашай роднай мове, таму што яна ўвайшла ў наша жыццё з вуснаў маці. Мова – гэта душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця народа, наш галоўны нацыянальны скарб.

– Дзеці, як вы лічыце, для чаго чалавеку патрэбна мова? (Адказы вучняў)

– А ці можа быць народ без мовы? (Адказы вучняў)

– Калі мы забудзем сваю мову, мы перастанем на ёй размаўляць, то народ перастане існаваць. І наша Беларусь знікне з карты свету. Запомніце гэта.

– Родная мова – гэта тое, што аб’ядноўвае нас і робіць унікальнымі. Гэта частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. І ў гэтым свеце беларуская мова – гэта мова нашай Радзімы.

– Дзеці, а вы ведаеце, калі адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы? (Адказы вучняў)

– Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага. У нашым рознакаляровым і супярэчлівым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА абвясціла Міжнародны дзень роднай мовы, каб хоць раз у год людзі на іх размаўлялі, іх памяталі.

– Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Цётка) пісала: “Бедны той, хто не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, які ніхто ніколі адабраць ад нас не здолее – гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы.”

– І таму тэма нашай конкурснай праграмы гучыць так: “Родная мова, цудоўная мова!”

– Я прапаную вам пагуляць і пацвердзіць, што вы добра ведаеце і вельмі любіце беларускую мову. А для гэтага трэба падзяліцца на дзве каманды і выбраць капітанаў. Конкурсная праграма будзе незвычайная, за кожнае правільнае заданне камандзе будуць выдавацца вялікія чырвоныя “сардэчкі”, а калі каманда памыліцца, то – маленькія.

– Зараз мы падзелімся на дзве каманды, затым па чарзе я вам задам загадкі. У адгадках на іх крыюцца назвы нашых каманд.

– Загадка першай камандзе

Сінявокі, слаўны, чысты,
Галавасты, залацісты
Дасць абноў ён людзям шмат,
Будзе кожны вельмі рад. (Лён)

– Дзеці, а дзе мы можам убачыць малюнак лёну? (На гербе Рэспублікі Беларусь.)

– Малайцы! Ваша каманда будзе называцца “Лянок”.

– Цяпер сваю загадку слухае другая каманда.

Цвіту ўсё лета я,
Жыву звычайна ў жыце.
Хлапечае ў мяне імя,
Як зваць мяне, скажыце? (Васілёк)

– Так. А кветка васілёк сімвал чаго? (Сімвал Радзімы.)

– А дзе ж можна ўбачыць малюнак кветкі васілька? (Турыстычны лагатып Беларусі, самалёты “Белавіа”, слуцкія паясы.)

– Можа хто ведае, як яшчэ называюць па-беларуску васілёк? (Валошка.)

– Гэта слова мнагазначнае. Скажыце, а калі слова “васілёк” будзе абазначаць імя хлопчыка, то з якой літары трэба будзе напісаць? (З вялікай.)

– Малайцы! А ваша каманда будзе называцца “Васілёк”.

Вядучы. Жадаю ўдзельнікам каманд поспехаў.

 

Конкурс “Размінка”

Камандам па чарзе задаюцца пытанні.

Каманда “Васілёк”

Каманда “Лянок”

1. Як называецца наша родная мова? (Беларуская)
2. Назавіце лішняе слова: шпак, шпакоўня, шчупачок, шпачок.

3. Колькі літар у словеверасень”? (8)
4. “Хто ці што” кусаецца? (Сабака, мароз)

1. 3 якой літары пішуцца імёны людзей? (З вялікай)
2. Назавіце лішняе слова: гусь, гусак, густы, гусяняты.
3. Колькі літар у слове “студзень”? (8)
4. “Хто ці што” ўсміхаецца? (Чалавек, сонейка)

 

Конкурс “Загадка – для розуму зарадка”

Вядучы. Дзеці, а як вы лічыце, што з’яўляецца зарадкай для розуму? (Адказы дзяцей) Так. Гэта загадка.

Камандам загадваецца па чатыры загадкі.

– Каманда “Васілёк”, слухайце ўважліва загадкі для вас.

1. Два кальцы, два канцы, а пасярэдзіне цвік. (Нажніцы)

2. Вы мяне перагарталі –
Як у музеі пабывалі.
Космас на адной старонцы,
На другой старонцы – дом,
На апошняй – сонейка ў аконцы.
А ўсё разам я – … (Альбом)

3. Хто са мною пасябруе,
Той ужо не засумуе.
Языка хоць і не маю
А пра ўсё апавядаю. (Кніга, падручнік)

4. У сасны і ёлкі
Лісцікі – іголкі.
А на якіх лісточках
Растуць словы і кропкі? (Сшытак)

 

– А зараз загадкі для каманды “Лянок”.

1. Без яе не атрымліваецца роўнай паласы,
У рукі ты яе бярэш, лінію ў сшытку вядзеш. (Лінейка)

2. Тры бакі і тры вуглы.
І ведае кожны школьнік:
Фігура называецца,
Вядома, … (Трохвугольнік)

3. Ляжыць паленца, а ў сярэдзіне сэрца. (Аловак)

4. Рознакаляровыя сястрыцы
Засумавалі без вадзіцы.
Дзядзька, доўгі і худы,
Носіць ваду барадой.
І сястрыцы разам з ім
Намалююць дом і дым. (Фарбы, пэндзлік)

 

Конкурс “Малюем партрэт бабулі”

Вядучы. Дзеці, а вы любіце маляваць? А як называецца прафесія чалавека, які малюе? (Мастак.)

– А вы хочаце пабыць мастакамі? (Так.)

– Наступны наш конкурс так і называецца “Малюем партрэт бабулі”.

Дзецям раздаюцца шаблоны, вядучы гаворыць, вучні малююць тое, што ён прапаноўвае.

Вядучы. Паслухайце зараз парады мастакам, і згодна гэтым парадам намалюйце партрэт бабулі.

1) Намалюйце вушы, бровы, нос, вочы, вусны (губы), валасы, акуляры.
2) Бабулі любяць насіць упрыгожванні: завушніцы, каралі, (пацеркі), (7 кружочкаў).
3) Бабуля апранута ў сукенку, дамалюйце ёй каўнер.
4) А зараз разам расфарбуем партрэт бабулі: завушніцы – залаты колер (жоўты), вусны – чырвоныя, каўнер – блакітны, пацеркі – як вясёлка (Успамінаем сказ: Чароўная афрыканская жырафа з бегемотам смакавала фінікі. У ім першыя літары з’яўляюцца назвамі колераў вясёлкі. Далей партрэт бабулі вучні расфарбоўваюць самі. Выстава работ.)

 

Фізкультхвілінка

Песня “Беларусь – мая краіна”. Аўтар Ірына Бейня https://lemuzika.pro/search/Ирина%20Бейня

 

Конкурс “Хто адправіў тэлеграмы?”

Вядучы. Дзеці, а ці любіце вы казкі? Тады наступны конкурс для вас. Камандам трэба адказаць, хто адправіў тэлеграму і з якой казкі. (Зачытваюцца загадкі, па тры кожнай камандзе, вучні прымацоўваюць ілюстрацыі да казак на дошку).

– Каманда “Лянок”, слухайце ўважліва загадкі і спрабуйце адгадаць, пра якія казкі ідзе размова.

1) “Гэй, каза, збірай манаткі,
Уцякай хутчэй
ты з хаткі,
Бо вунь дзед ідзе,
Ён касу нясе…”
(Пеўнік з казкі “Каза-манюка”)

2) Кар-кар-р!
Кра-кра! Гэй, гэй!
Я – паўночны салавей!
(Варона з казкі “Ганарыстая варона”)

3) “Карова, карова, дай масла!
Пеўнік ляжыць і не дыхае, бобінкай падавіўся”.
(Курачка з казкі “Як курачка пеўніка ратавала”)

 

– Зараз загадкі для каманды “Васілёк”.

1) “Дык вось, каточак, мой галубочак;
хлеб ёсць, соль ёсць –
капусты няма!
(Дзед з казкі “Каток – залаты лабок”)

2) “Дык вось, каму слава, таму і булкі.
А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль!

Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй”.
(Курачка-Сакатушка з казкі “Пшанічны каласок”)

3) Тылі-тылі, скрыпіца,
Тут сядзела лісіца,

А ў лісіцы новы двор,
Сем дачушак
На выбор,
Восьмы пеўнік
Гэта мой”.
(Коцік з казкі “Коцік, пеўнік і ліса”)

Вядучы. А дзе адбываюцца дзеянні ў казцы “Коцік, пеўнік і ліса”? Так, і ў хаце, і ў лесе.  

– Ведаеце, дзеці, што ў казках сустракаюцца яшчэ і міфалагічныя героі.

– Як вы думаеце, а хто такі добры дзядок, які здаўна закліканы захоўваць спакой і парадак у хаце? (Дамавік, хатнік; ілюстрацыя)

– А як называецца дух-гаспадар лесу? (Лесавік; ілюстрацыя)

– Малайцы! Уважліва паслухайце верш “Садзіце лясы!” і адкажаце на пытанне: “Чаму мы павінны садзіць лясы?”

Вучань.

“Садзіце лясы!”
Садзіце лясы!

Садзіце лясы!
Ва ўсе гадавіны,
прыгоды, часы!
Каб дрэвы і ранняй,
 позняй парой
заўсёды шумелі
над мірнай зямлёй!
                          Максім Танк

Вядучы. Дзеці, дык чаму мы павінны садзіць лясы? (Адказы дзяцей)

А галоўны дарунак лесу – драўніна. Дрэвы спілоўваюць, рэжуць ствалы на дошкі і брус. З іх будуюць дамы, вырабляюць мэблю, цацкі, посуд, музычныя інструменты і паперу. А як мы можам зберагчы лес? (Адказы дзяцей). Малайцы! Таксама мы можам паўдзельнічаць у акцыі “Зберажы дрэва – здай макулатуру”.

 

Конкурс “Мы паэты”

Вядучы. Капітаны каманд, гатовы паўдзельнічаць у конкурсе? (Так.) Для вас конкурс “Мы паэты”.

Конкурс капітанаў “Мы паэты” і гульня “Мастацтвазнаўцы” праводзіцца адначасова. Капітаны выбіраюць сабе аднаго ўдзельніка ў памочнікі. (Растлумачыць, што словы для даведак запісаныя па два ў дужках толькі для аднаго радочка. Праверка – зачытваюць верш капітаны “ланцужком” па адным радочку).

Лясныя скарбы
Я часта і доўга па лесе блукаю,

дзівосныя скарбы лясныя збіраю:
зязюль __________________ і _______________драздоў,
грыбное _________________ і _______________ ручайкоў,
і ___________________ сасновы, і ________________ чабаровы,
рабіны _________________і бярозак _________________.
Я самы шчаслівы, багаты,
вяртаюся з лесу да хаты.
                                                             Паводле Івана Муравейкі

Словы для даведак: (цяпло, святло), ( кукаванне, песні), (маўчанне, звон), (водар, пах).

Адказы

Лясныя скарбы
Я часта і доўга па лесе блукаю,
дзівосныя скарбы лясныя збіраю:
зязюль кукаванне і песні драздоў,
грыбное маўчанне і звон ручайкоў,
і водар сасновы, і пах чабаровы,
рабіны цяпло і бярозак святло.
Я самы шчаслівы, багаты,
вяртаюся з лесу да хаты.

 

Гульня “Мастацтвазнаўцы”

Праводзіцца ў той жа час як конкурс “Мы паэты” з астатнімі ўдзельнікамі (работа ў парах). Вучні павінны разгледзець карціну І.Ф. Хруцкага “Кветкі і плады”, даследаваць яе змест і напісаць на лістах на беларускай мове, якія плады намаляваны на карціне? А хто паспее, то можа напісаць і назвы кветак.

Адказы
Плады: яблык, груша, лімон, гарбуз, вінаград, парэчкі белыя і чырвоныя. Кветкі: півоні, касачы, цюльпаны, ружа, васількі, незабудкі.

 

Вядучы. Малайцы! Усе цудоўна справіліся з заданнем. Дзеці, вы павінны ведаць, што Іван Фаміч Хруцкі – гэта беларускі жывапісец, родам з Віцебскай вобласці. Пачатковую мастацкую адукацыю Іван Хруцкі атрымаў у Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы. Яго карціна “Кветкі і плады” знаходзіцца ў Маскве ў Траццякоўскай галерэі.

 

Конкурс “Народная мудрасць”

– Скажыце, дзеці, калі ласка, а калі так гавораць “Усюды добра, а дома лепей”? (Адказы дзяцей) Гэта прыказка. І наступны конкурс для вас – «Народная мудрасць».

Прыказкі для кожнай каманды ляжаць у канвертах, разрэзаныя на дзве часткі. Камандам трэба з прапанаваных частак скласці прыказкі, па чарзе зачытаць і растлумачыць іх сэнс.

Шануй бацьку з маткай –

там – і пад елкай рай.

Жыві сваім розумам,

хто ёй сумленна служыць.

Той Бацькаўшчыну любіць,

а чалавек дружбай.

Птушка моцна крыламі,

другіх не знойдзеш.

Як ты да людзей,

а не чужым.

Ідзі ў родны край,

так і людзi да цябе.

Адказы
Шануй бацьку з маткай – другіх не знойдзеш.
Жыві сваім розумам, а не чужым.
Той Бацькаўшчыну любіць, хто ёй сумленна служыць.
Птушка моцна крыламі,а чалавек дружбай.
Як ты да людзей, так і людзi да цябе.
Ідзі ў родны край, там – і пад елкай рай.

 

Конкурс “Мы перакладчыкі”

Вядучы. А вось наступны конкурс упэўніць нас у тым, што вы добра ведаеце беларускую мову.

Каманды перакладаюць з рускай мовы на беларускую і наадварот, назвы ягад, запісваюць у адпаведныя слупкі. Пры праверцы каманды мяняюцца карткамі і па чарзе называюць адказы і карцінкі ягад прымацоўваюць на дошку.

Русские слова

Беларускія словы

 

Суніцы

Черника

 

 

брусніцы

Ежевика

 

Клюква

 

 

буякі, дурніцы

Адказы
Земляника –
суніцы, черника – чарніцы, брусника – брусніцы, ежевика – ажыны, клюква – журавіны, голубика – буякі, дурніцы

 

Конкурс “Бацькаўшчына”

Вядучы. Малайцы! Вы добра ведаеце беларускую мову. Скажыце, калі ласка, а як называецца наша Радзіма? (Адказы дзяцей) Так, Беларусь. А як яшчэ называюць Радзіму? (Айчына, Бацькаўшчына.)

– Наступны конкурс называецца “Бацькаўшчына”. Вам неабходна з апорай на верш “Бацькаўшчына” разгадаць крыжаванку “Мая Радзіма”.

Бацькаўшчына
Што такое

Бацькаўшчына,
знаеш?
Гэта рэчка,
сцежачка лясная,
гэта ў лузе
залатая пчолка,
а ў вачах тваіх –
вясёлка.

Бацькаўшчына –
гэта дом твой,
школа,
гэта песні,
што звіняць наўкола.
Гэта сам ты,
гэта тата твой, і мама,
і сябры твае таксама.
                          Анатоль Касцецкі

Адказы

 

Вядучы. Малайцы! Выдатна справіліся з заданнем. Паважаныя ўдзельнікі каманд “Васілёк” і “Лянок”, паглядзіце, колькі “сардэчак” вы атрымалі за правільныя адказы. Вы – пераможцы. Давайце мы ўсе разам складзём на дошцы постар “Мы любім родную мову!”.

Гучыць песня “Мой родны кут.” https://mp3ball.ru/?mp3=Песняры+Мулявин+–+Мой+родны+кут.

Усе ўдзельнікі на дошцы спачатку з “сардэчак” выкладаюць агульнае вялікае сэрца, а потым па “шыфроўцы” з літар, якія раздаюцца дзецям з нумарамі на вонкавым боку, складаюць надпіс “Мы любім родную мову!”.

 

Шыфроўка “Мы любім родную мову”

 

Вядучы. Дарагія мае маленькія сябры! Будзьце з тымі, хто думае пра будучыню сваёй роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, таму што заўтра вам, вашым дзецям і ўнукам спатрэбіцца наша мова. Размаўляйце па-нашаму, з ветлай усмешкай, з пяшчотай на вуснах – і іншыя захочуць гаварыць на нашай мове. І не саромейцеся недасканалай гаворкі. Мова – гэта жывая тканка, якая прырастае там, дзе ёсць чалавечае жаданне. Ведайце, што ўчора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на “трасянцы”, а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове.

Паважаныя дзеці, вы ўсе малайцы! Мне хочацца сказаць вялікі дзякуй усім удзельнікам конкурснай праграмы “Родная мова, цудоўная мова!” і закончыць наша мерапрыемства словамі з верша Міхася Пазнякова “Беларусь”.

Дык дзякуй, мой любімы край,
Што ў мяне ёсць спадчына –
Зялёны стогалосы гай –
І гэта мова матчына.
                           М.Пазнякоў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий