Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення ў родным і месным склонах (другі ўрок па тэме). 6-ы клас

- 9:32II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

 

Ганна ЧАЙКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія імя Я.Купалы” г. Мазыра,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

Мэты:

– садзейнічаць замацаванню ведаў і ўменняў па тэме;
– вылучаць назоўнікі 2-га скланення, вызначаць іх лексіка-семантычную групу, характар асновы;
– выкарыстоўваць гэта пры выбары канчаткаў у пэўным склоне;
– спрыяць актуалізацыі ведаў і ўменняў па арфаграфіі, пунктуацыі, лексіцы, творчых здольнасцей, фарміраванню навыкаў паводзін на дарозе.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай мове для 6-га класа (2020), карткі з заданнем.

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

Прывітанне і ўступнае слова настаўніка. Запіс даты.

 

II Праверка дамашняга задання

Настаўнік выбарачна праводзіць праверку дамашняга задання, астатнія вучні  ў гэты час выконваюць заданне па картцы.

Арфаграфічная размінка (самастойная работа)

Заданне: Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары, выканайце фанетычны разбор падкрэсленага слова.

Н..ўважлівасць, скрыжава..е, выпа..кі, б..спека, н..б..спека, п..раход, с..нег, выб..гчы, (н..) заўважыць.

Адказы

Няўважлівасць, скрыжаванне, выпадкі, бяспека, пераход, снег, выбегчы, не заўважыць.

Снег – [ с’ н ’э х]
[с’] – зычны мяккі, глухі, свісцячы               с
[н’] зычны мяккі, санорны                         н
[э] галосны націскны                                  е
[х]зычны цвёрды, глухі                               г
4 гукі                                                     4 літары

 

2 Падрыхтоўка да працы на асноўным этапе

Гутарка па пытаннях

Якой тэмай можна аб’яднаць словы з арфаграфічнай размінкі? (Паводзіны на дарозе.)

Я хачу вам зачытаць пачатак адной гісторыі.

Гэта здарылася перад Новым годам. Была звычайная зімовая раніца. Пецю, як заўсёды, трэба было збiрацца ў школу. Прачнуўшыся, ён паглядзеў на гадзіннік і зразумеў, што праспаў. Хлопчык хутка ўстаў з ложка і пачаў збірацца. Сёння ў яго не было часу, каб пагуляць у сваю любімую гульню на тэлефоне, як ён рабіў звычайна да выхаду з дома. Пеця хутка апрануўся і, развітаўшыся з мацi, выбег з хаты.
– Будзь асцярожны на дарозе! – папярэдзіла яго мацi.
– Добра, – адказаў Пеця і пабег.
Хлопчык спяшаўся ў школу, але не гуляць пры гэтым у тэлефон – было вышэй за яго….

Знаёмая сітуацыя, ці не так? Вынікі могуць быць розныя.

 

III Замацаванне новых ведаў і спосабаў дзейнасці

Сёння мы пагаворым пра правілы паводзін на дарозе, распрацуем памятку для Пеці, а таксама працягнем работу па тэме “Асаблівасці правапісу канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення”, будзем удасканальваць свае веды і ўменні.

Запішыце, калі ласка, тэму ўрока ў сшыткі.

1 Вусная праца з класам

Заданне: Адзначце сярод слоў з арфаграфічнай размінкі назоўнікі 2-га скланення. Вызначце іх лексіка-семантычную групу, характар асновы і род.

Адказы

Скрыжаванне – канкрэтны назоўнік ніякага роду, аснова на мяккі;

выпадак – канкрэтны назоўнік мужчынскага роду, аснова на г, к, х;

пераход – канкрэтны/абстрактны назоўнік (у залежнасці ад кантэксту) мужчынскага роду, аснова на цвёрды;

снег рэчыўны назоўнік мужчынскага роду, аснова на г, к, х.

Для чаго нам важна ўмець усе гэта вызначаць? (Ад гэтага залежаць канчаткі ў пэўным склоне.)

2 Складанне алгарытму “Як правільна напісаць канчатак назоўніка 2-га скланення ў родным і месным склоне”:

А) вызначаем, у якім склоне неабходна паставіць назоўнік;

Б) вызначаем лексіка-семантычную групу назоўніка (для Р.скл.)

В) вызначаем характар асновы назоўніка (для М. скл.)

Г) кіруемся табліцай на с. 98–99 падручніка

3 Індывідуальная пісьмовая праца

Заданне: Раскрыйце дужкі, паставіўшы назоўнікі ў неабходным склоне.

Няма (галалёд, аўтобус, вучань, п..раход); на (тратуар, пераход, снег, скрыжаванне).

Адказ

Няма галалёду, аўтобуса, вучня, перахода (пераходу); на тратуары, пераходзе, снезе, скрыжаванні.

Узімку на дарогах трэба быць асабліва асцярожным, чаму? (Каб не трапіць пад колы і не стварыць аварыйную сітуацыю.)

Паўза “Праверым кемлівасць”

– Адгадайце загадку

Адным вокам падміргну – і машыну запыню,
Падміргну другім я вокам –
Даю вольную дарогу. (Святлафор.)

4 Самастойная праца па картках

Заданне: Запішыце сказ, выправіўшы памылкі, зрабіце яго сінтаксічны разбор.

Сягнал светлафору – кіраўнік руха на дароге.

Адказ

(Сказ просты, апавяд., някл., двухсастаўны, развіты)

Індывідуальнае творчае заданне (выконваюць 2–3 вучні, правяраецца ў канцы ўрока): напішыце працяг гісторыі пра Пецю. Выкарыстайце ў сваіх сказах назоўнікі 2-га скланення.

5 Праца з класам

Давайце складзём памятку для Пеці “Правілы паводзін на дарозе”.

Заданне: Складзіце сказы са слоў, форму слоў, дзе неабходна, змяняйце. (Заданне пададзена на дошцы, тут жа запісваецца памятка для Пеці).

1. Сігнал, для, чакайце, зялёнага, святлафор, пераход, дарогі.
2. Падчас, дарогі, пераход, тэлефон, па, не размаўляйце.
3. Пераканайцеся, святлафор, у адсутнасці, няма, аўтамабіль, тралейбус, калі.

Адказ

1. Для пераходу дарогі чакайце зялёнага сігналу святлафора.
2. Падчас пераходу дарогі не размаўляйце па тэлефоне.
3. Калі святлафора няма, пераканайцеся ў адсутнасці аўтамабіля, тралейбуса.

Што яшчэ можна да гэтага дадаць? (Вучні выказваюць свае заўвагі)

 

IV Праверка індывідуальнага творчага задання

Вучні зачытваюць працяг гісторыі. Астатнія вылучаюць у іх работах назоўнікі 2-га скланення (гэта была ўмова задання).

 

V Падвядзенне вынікаў урока вучнямі па навучальнай і выхаваўчай тэмах

Сёння мы працавалі па тэме….
Паўтаралі і замацоўвалі….
Таксама вялі гутарку пра…..

 

VI Інфармаванне пра дамашняе заданне  

Паўтарыць § 33, практ. 206 або 207 (на выбар).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий