Дыдактычнае забеспячэнне ўрока накіравана на рэалізацыю міжпрадметных сувязей, патрыятычнага выхавання вучняў, выхавання беражлівых адносін да роднага слова.
Валянціна ВАЛЮКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ГУО “Ліцэй № 1 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць
Мэты:
– сфарміраваць у вучняў уяўленне аб правілах пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі;
– узнавіць і пашырыць веды вучняў пра параўнальныя зварот, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі;
– удасканальваць уменні вучняў афармляць сказы з параўнальнымі зваротамі ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі, знаходзіць і выпраўляць сінтаксічныя і пунктуацыйныя памылкі ў чужым і ўласным маўленні;
– садзейнічаць выхаванню любові да роднай прыроды, гонару за свой народ, беражлівых адносін да роднага слова.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, апорны канспект, віктарына, тэставыя заданні.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
2 Актуалізацыя ведаў
Заданні:
1) Зрабіце поўны сінтаксічны разбор сказа: На людзях трэба быць вельмі асцярожным, як на балотнай дрыгве (Якуб Колас).
2) Растлумачце значэнне слова дрыгва, падбярыце сінонімы да яго, перакладзіце на рускую мову.
3) Знайдзіце слова, у якім усе зычныя санорныя.
4) Назавіце словы, у якіх колькасць літар і гукаў не супадае.
5) Назавіце слова, у якім ёсць асіміляцыя зычнага гука па мяккасці.
6) Паразважайце над выказваннем Якуба Коласа, як вы яго разумееце, выкажыце сваю думку.
3 Знаёмства з новай тэмай. Мэтавызначэнне
1 Запісваем тэму ўрока.
2 Эпіграф: “Веды толькі тады веды, калі яны набыты не столькі памяццю, колькі намаганнямі сваёй думкі”.
3 Пастаноўка мэты ўрока сумесна з вучнямі:
– узнавіць і пашырыць веды пра правілы пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі і знакі прыпынку пры іх;
– навучыцца знаходзіць параўнальныя звароты ў сказах;
– умець расстаўляць знакі прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі і тлумачыць пастаноўку ці непастаноўку знакаў прыпынку пры іх.
4 Скажыце, навошта патрэбна вывучаць параўнальны зварот і якое значэнне ён мае ў нашым маўленні?
5 Работа з тэкстам “Зіма – мая любімая пара года”.
Заданне 1. Прачытайце тэкст. Назавіце параўнанні. Скажыце, для чаго яны служаць у тэксце.
Заданне 2. Прачытайце тэкст, апусціўшы параўнальныя звароты.
Заданне 3. Параўнайце гэтыя тэксты.
Зіма – любімая пара года
Зіма – мая любімая пара года. Асабліва прыгожа зімой у лесе. Лес, быццам казачная краіна Снежнай каралевы, зачароўвае мой погляд. Дрэвы стаяць у снежным убранні, быццам у белых шубах і шапках. Толькі высокія сосны, як вартавыя, узвышаюцца ў зялёных кафтанах. Снег быццам пярына, такі чысты і пушысты. Так і хочацца ўпасці і ляжаць. А калі пачынаецца снегапад, у лесе становіцца весела, быццам на арэлях. Сняжынкі падаюць хаатычна, прыгаюць у розныя бакі, круцяцца, як быццам танцуюць нейкі экзатычны танец. Ад елачак пахне свежасцю і навагоднімі святамі. Добра ў зімнім лесе, быццам у казцы.
Вывады
1. Важнейшая функцыя параўнальнага звароту – мастацкае апісанне прадмета.
2. Калі апусціць у мастацкім творы параўнанні, бачна, наколькі выяўленчая сіла параўнанняў вялікая.
3. Параўнанне ў мастацкім тэксце – гэта троп – сродак мастацкай выразнасці.
4. Параўнанні дазваляюць дакладна выразіць думку, прымушаюць чытача суперажываць героям твора, увайсці ў свет, створаны аўтарам.
6 Параўнанні шырока выкарыстоўваюцца і ў паэтычных творах.
Звернемся да падручніка. Практыкаванне 136.
Заданне:
1) Прачытайце выразна верш Уладзіміра Мазго “Рагнеда”.
2) Праз якія вобразныя сродкі выяўляецца стаўленне аўтара да Рагнеды?
3) Што вы ведаеце пра Рагнеду? (Падрыхтаваны вучань робіць вуснае выказванне пра Рагнеду).
7 Работа з апорным канспектам (Дадатак).
1) Дайце азначэнне, што такое параўнальны зварот.
2) 1-ы рад – раскажыце, калі выдзяляецца параўнальны зварот;
2-і рад – раскажыце, калі параўнальны зварот не выдзяляецца.
3) Прачытайце ўзор разважання.
Фізкультмінутка
4 Замацаванне вывучанага
1 Запіс сказаў. Графічнае тлумачэнне знакаў прыпынку.
1) Зоркі, нібы срэбра, рассыпае ў небе калядная ноч.
2) Навагодні вечар быццам маг.
3) Як мёд паветра ў зімовы вечар.
4) На самым пачатку зімы адвечны рух прыроды як быццам спыніўся.
5) Прыгожа, нібы да шлюбу, прыбралі снег з марозам бярозу.
6) Касіць мяне навучыў не хто іншы, як дзядуля.
7) У апошні час асабліва хутка развіваецца не што іншае, як інтэрнэт.
8) Летапіс як жанр узнік у перыяд праўлення Яраслава Мудрага.
9) Да першых у сваім жыцці экзаменаў я рыхтаваўся як належыць.
10) З узгорка мой горад было відаць як на далоні.
2 Фразеалагізмы – скарбніца любога народа. Устойлівыя выразы надаюць мовам унікальнымі і робяць нашу гаворку больш яркай, вобразнай, дэманструюць эрудыцыю і багаты кругагляд. Таму неабходна падобныя выразы ўжываць у гаворцы, выкарыстоўваць згодна з іх значэннем, а таксама правільна расстаўляць знакі прыпынку.
Заданне:
1-ы рад узнаўляе фразеалагізмы (1-ы слупок) і запісвае іх у сшытак.
2-і рад вызначае значэнне фразеалагізмаў (2-і слупок) і запісвае ў сшытак.
белы |
як снег (палатно) |
як кот наплакаў |
мала |
чорны |
як вугаль (сажа) |
як кошка з сабакам |
дрэнна |
чырвоны |
як рак |
біцца як рыба аб лёд |
рабіць бескарысныя дзеянні |
галодны |
як воўк |
ведаць як свае пяць пальцаў |
добра |
упарты |
як асёл |
як Мамай прайшоў |
беспарадак |
хітры |
як ліса |
як селядцы ў бочцы |
цесна, шмат |
палахлівы |
як заяц |
лье як з вядра |
моцна |
дурны |
як баран |
як гром з яснага неба |
нечакана |
непаваротлівы |
як мядзведзь |
дрыжаць як асінавы ліст |
хвалявацца, баяцца |
здаровы |
як бык |
як рукой падаць |
блізка |
брудны |
як свіння |
прыстаў як смала |
моцна |
моцны |
як дуб |
стаіць як укопаны |
нерухома |
цвёрды |
як камень |
спаў як забіты |
моцна |
злы |
як сабака |
расце як на дражджах |
хутка |
страшны |
як пудзіла |
усе як на падбор |
аднолькавыя |
3. Віктарына
Заданне:
1) Прачытайце строфы з вершаў беларускіх паэтаў.
2) Назавіце параўнальныя звароты, растлумачце знакі прыпынку.
3) Назавіце аўтара твора.
4) Знайдзіце страфу, у якой дапушчаны памылкі з пункту гледжання сучаснай пунктуацыі (параўнальны зварот, параўнанне), растлумачце.
1. А Сцяпана з Харытонам –
Выразаў з чачоткавай бярозы,
З дрэва моцнага,
Як дружба іх,
Выразаў у постаці анёлаў.
2. Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, уецца, шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
3. – Яшчэ мы пабачым! – Барына ўскіпеў
І, злосны, каня ён прышпорыў.
Панёсся, як прывід, і знік сярод дрэў
Старога спрадвечнага бору.
4. Як адгалосак, як цень свайго мужа, яна жыла яго жыццём.
5. Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна.
6. Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі, яе вочы,
Гляне – свет яснее.
7. Невыдумная світка – убор на плячах,
Барада, як снег белы, такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах
На калені ляглі гуслі-баі.
Даведкі: Іван Мележ “Людзі на балоце”, Змітрок Бядуля “Бондар”, Янка Купала “Бандароўна”, Янка Купала “Курган”, Максім Танк “Ля вогнішч начлежных”, Максім Багдановіч “Маёвая песня”, Максім Танк “Люцыян Таполя”.
5 Кантроль ведаў. Самакантроль
Тэст па тэме ўрока з самаправеркай (поўнасцю правільна выкананае заданне – 2 балы; часткова правільна выкананае – пры наяўнасці 1 памылкі – 1 бал; больш як 1 памылка – 0 балаў).
Варыянт 1
1 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Я выпушчу ў ранак вясновы _ як птушак_ душы запаветныя словы.
2) Дождж у першы летні дзень пайшоў зусім _ як восенню.
3) Начамі_ што яблыкі_ падаюць зоры.
4) Хлеб _нібы сеў на паліцы і праз вітрыны нас кліча.
5) Мова родная мая! Ты неацэнная _ як доля!
2 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Ліст _як далонню_ прыкрывае галінку тую, дзе прарос.
2) Русыя вусы дзядзькі звісалі з вострага падбародка амаль _як вавёрчыны хвосцікі.
3) Сонца _быццам растала ў кіпені хмар.
4) Тчэ жыццё гады _ нібы палотны.
5) Гэта быў высокі юнак, такі ж танклявы _ як і Садовіч.
3 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Сонца прыгравала не _ як восенню.
2) Гэта кніга выдадзена _як дапаможнік для студэнтаў.
3) Выйшаў блакітны _як пралеска_ дзень і сыпануў травой на астравок.
4) Алесь быў хлопец _як хлопец.
5) Перад намі стаяў не хто іншы_ як сам дырэктар школы.
4 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Лес стаяў прыгожы _як песня, але зусім пусты.
2) Бацьку ўсе ведалі _як чалавека з фантазіяй.
3) Прыляцелі гусі з поўдня _як гром з яснага неба.
4) Менш _як праз хвіліну Несцяровіч вярнуўся ў хату.
5) Сталыя людзі памятаюць _як цяпер_ дзень заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
5 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Ночы сталі такія цёмныя _ нібы сажа.
2) Увесь дзень і ўсю ноч дождж _ як з вядра ліў.
3) Разамлелае сонца _ як быццам застыла ў нерухомай цішыні.
4) Над ціхаю рэчкаю плывуць белыя _ што малако_ туманы.
5) Трэба _як належыць _рыхтавацца ў дарогу.
Варыянт 2
1 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Часта заўважаеш, што чужыя дзеці растуць _ як на дражджах.
2) Над возерам устае _ быццам белая воўна_ пахучы туман.
3) Ля хаты стаяла дзяўчына з доўгімі светлымі валасамі, зусім _як русалка.
4) Ах, кроплі, кроплі дажджавыя, пад вамі я _быццам расту.
5) Зверху даносілася такая тоненькая песенька_ як камарыны піск.
2 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Ліпа _нібы цёмная хмара за акном.
2) Каля магазіна_ як заўсёды_ збіраюцца вяскоўцы.
3) У нас азёры _як неба_ сінія.
4) Да экзаменаў трэба рыхтавацца _як след.
5) Лукашык прыліп _як смала_ і не адыходзіў.
3 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Мы імкнуліся рабіць усё _як мага хутчэй.
2) Ні адно дрэва не шуміць так трывожна і глуха _як елка.
3) Горад _ быццам павесялеў пасля дажджу.
4) Хлопец ведаў бліжні лес_як свае пяць пальцаў.
5) Як плыты_ гоніць вецер цяжкія хмары на поўдзень.
4 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Дадому хлопец прыязджаў не радзей_як раз праз тыдзень.
2) У дзвярах стаяў не хто іншы _ як стараста групы.
3) Пералескі _як латкі_на адзежыне.
4) Яго баяліся_ як агню.
5) Лес сіні_ як ад дыму_ і ціхі.
5 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):
1) Хлопец славіўся ў брыгадзе _як выдатны падрыўнік.
2) Мова родная мая, ты неад’емная_як лёс!
3) Ляжаць_нібы ў абрусе белым_ лясы, палеткі і лугі.
4) Траўка амаль_як кудзеля.
5) Стаіць хвойка_ як хвойка.
6 Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак
7 Рэфлексія
– Наколькі задаволены сваёй працай на ўроку і наколькі добра засвоілі матэрыял па тэме ўрока?
– Што новага адкрылі для сябе?
– Які ваш эмацыянальны настрой ?
8 Дамашняе заданне. Інструктаж па яго выкананні
Практыкаванне 140.
Напісаць невялікае сачыненне-апісанне пра любімую пару года, выкарыстоўваючы параўнанні.