Правілы пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі, знакі прыпынку. Урок беларускай мовы ў 11-м класе, базавы ўзровень

- 9:22БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Дыдактычнае забеспячэнне ўрока накіравана на рэалізацыю міжпрадметных сувязей, патрыятычнага выхавання вучняў, выхавання беражлівых адносін да роднага слова.

Валянціна ВАЛЮКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ГУО “Ліцэй № 1 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Мэты:

– сфарміраваць у вучняў уяўленне аб правілах пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі;
– узнавіць і пашырыць веды вучняў пра параўнальныя зварот, правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі;
– удасканальваць уменні вучняў афармляць сказы з параўнальнымі зваротамі ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі, знаходзіць і выпраўляць сінтаксічныя і пунктуацыйныя памылкі ў чужым і ўласным маўленні;
– садзейнічаць выхаванню любові да роднай прыроды, гонару за свой народ, беражлівых адносін да роднага слова.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, апорны канспект, віктарына, тэставыя заданні.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

2 Актуалізацыя ведаў

Заданні:

1) Зрабіце поўны сінтаксічны разбор сказа: На людзях трэба быць вельмі асцярожным, як на балотнай дрыгве (Якуб Колас).

2) Растлумачце значэнне слова дрыгва, падбярыце сінонімы да яго, перакладзіце на рускую мову.

3) Знайдзіце слова, у якім усе зычныя санорныя.

4) Назавіце словы, у якіх колькасць літар і гукаў не супадае.

5) Назавіце слова, у якім ёсць асіміляцыя зычнага гука па мяккасці.

6) Паразважайце над выказваннем Якуба Коласа, як вы яго разумееце, выкажыце сваю думку.

 

3 Знаёмства з новай тэмай. Мэтавызначэнне

1 Запісваем тэму ўрока.

2 Эпіграф: “Веды толькі тады веды, калі яны набыты не столькі памяццю, колькі намаганнямі сваёй думкі”.

3 Пастаноўка мэты ўрока сумесна з вучнямі:

– узнавіць і пашырыць веды пра правілы пабудовы сказаў з параўнальнымі зваротамі і знакі прыпынку пры іх;

– навучыцца знаходзіць параўнальныя звароты ў сказах;

– умець расстаўляць знакі прыпынку ў сказах з параўнальнымі зваротамі і тлумачыць пастаноўку ці непастаноўку знакаў прыпынку пры іх.

4 Скажыце, навошта патрэбна вывучаць параўнальны зварот і якое значэнне ён мае ў нашым маўленні?

5 Работа з тэкстам “Зіма – мая любімая пара года”.

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Назавіце параўнанні. Скажыце, для чаго яны служаць у тэксце.

Заданне 2. Прачытайце тэкст, апусціўшы параўнальныя звароты.

Заданне 3. Параўнайце гэтыя тэксты.

Зіма – любімая пара года

Зіма – мая любімая пара года. Асабліва прыгожа зімой у лесе. Лес, быццам казачная краіна Снежнай каралевы, зачароўвае мой погляд. Дрэвы стаяць у снежным убранні, быццам у белых шубах і шапках. Толькі высокія сосны, як вартавыя, узвышаюцца ў зялёных кафтанах. Снег быццам пярына, такі чысты і пушысты. Так і хочацца ўпасці і ляжаць. А калі пачынаецца снегапад, у лесе становіцца весела, быццам на арэлях. Сняжынкі падаюць хаатычна, прыгаюць у розныя бакі, круцяцца, як быццам танцуюць нейкі экзатычны танец. Ад елачак пахне свежасцю і навагоднімі святамі. Добра ў зімнім лесе, быццам у казцы.

Вывады

1. Важнейшая функцыя параўнальнага звароту – мастацкае апісанне прадмета.

2. Калі апусціць у мастацкім творы параўнанні, бачна, наколькі выяўленчая сіла параўнанняў вялікая.

3. Параўнанне ў мастацкім тэксце – гэта троп – сродак мастацкай выразнасці.

4. Параўнанні дазваляюць дакладна выразіць думку, прымушаюць чытача суперажываць героям твора, увайсці ў свет, створаны аўтарам.

6 Параўнанні шырока выкарыстоўваюцца і ў паэтычных творах.

Звернемся да падручніка. Практыкаванне 136.

Заданне:

1) Прачытайце выразна верш Уладзіміра Мазго “Рагнеда”.

2) Праз якія вобразныя сродкі выяўляецца стаўленне аўтара да Рагнеды?

3) Што вы ведаеце пра Рагнеду? (Падрыхтаваны вучань робіць вуснае выказванне пра Рагнеду).

7 Работа з апорным канспектам (Дадатак).

1) Дайце азначэнне, што такое параўнальны зварот.

2) 1-ы рад – раскажыце, калі выдзяляецца параўнальны зварот;
     2-і рад – раскажыце, калі параўнальны зварот не выдзяляецца.

3) Прачытайце ўзор разважання.

 

Фізкультмінутка

 

4 Замацаванне вывучанага

1 Запіс сказаў. Графічнае тлумачэнне знакаў прыпынку.

1) Зоркі, нібы срэбра, рассыпае ў небе калядная ноч.
2) Навагодні вечар быццам маг.
3) Як мёд паветра ў зімовы вечар.
4) На самым пачатку зімы адвечны рух прыроды як быццам спыніўся.
5) Прыгожа, нібы да шлюбу, прыбралі снег з марозам бярозу.
6) Касіць мяне навучыў не хто іншы, як дзядуля.
7) У апошні час асабліва хутка развіваецца не што іншае, як інтэрнэт.
8) Летапіс як жанр узнік у перыяд праўлення Яраслава Мудрага.
9) Да першых у сваім жыцці экзаменаў я рыхтаваўся як належыць.
10) З узгорка мой горад было відаць як на далоні.

2 Фразеалагізмы – скарбніца любога народа. Устойлівыя выразы надаюць мовам унікальнымі і робяць нашу гаворку больш яркай, вобразнай, дэманструюць эрудыцыю і багаты кругагляд. Таму неабходна падобныя выразы ўжываць у гаворцы, выкарыстоўваць згодна з іх значэннем, а таксама правільна расстаўляць знакі прыпынку.

Заданне:

1-ы рад узнаўляе фразеалагізмы (1-ы слупок) і запісвае іх у сшытак.

2-і рад вызначае значэнне фразеалагізмаў (2-і слупок) і запісвае ў сшытак.

 

белы

як снег (палатно)

як кот наплакаў

мала

чорны

як вугаль (сажа)

як кошка з сабакам

дрэнна

чырвоны

як рак

біцца як рыба аб лёд

рабіць бескарысныя дзеянні

галодны

як воўк

ведаць як свае пяць пальцаў

добра

упарты

як асёл

як Мамай прайшоў

беспарадак

хітры

як ліса

як селядцы ў бочцы

цесна, шмат

палахлівы

як заяц

лье як з вядра

моцна

дурны

як баран

як гром з яснага неба

нечакана

непаваротлівы

як мядзведзь

дрыжаць як асінавы ліст

хвалявацца, баяцца

здаровы

як бык

як рукой падаць

блізка

брудны

як свіння

прыстаў як смала

моцна

моцны

як дуб

стаіць як укопаны

нерухома

цвёрды

як камень

спаў як забіты

моцна

злы

як сабака

расце як на дражджах

хутка

страшны

як пудзіла

усе як на падбор

аднолькавыя

3. Віктарына

Заданне:

1) Прачытайце строфы з вершаў беларускіх паэтаў.

2) Назавіце параўнальныя звароты, растлумачце знакі прыпынку.

3) Назавіце аўтара твора.

4) Знайдзіце страфу, у якой дапушчаны памылкі з пункту гледжання сучаснай пунктуацыі (параўнальны зварот, параўнанне), растлумачце.

1. А Сцяпана з Харытонам –
Выразаў з чачоткавай бярозы,
З дрэва моцнага,
Як дружба іх,
Выразаў у постаці анёлаў.


2. Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, уецца, шпаркі, лёгкі

Сінякрылы матылёк.

3. – Яшчэ мы пабачым! – Барына ўскіпеў
І, злосны, каня ён прышпорыў.
Панёсся, як прывід, і знік сярод дрэў
Старога спрадвечнага бору.

4. Як адгалосак, як цень свайго мужа, яна жыла яго жыццём.

5. Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна.

6. Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзве зоркі,
яе вочы,

Гляне – свет яснее.

7. Невыдумная світка – убор на плячах,
Барада, як снег белы, такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах
На калені ляглі гуслі-баі.

Даведкі: Іван Мележ “Людзі на балоце”, Змітрок Бядуля “Бондар”, Янка Купала “Бандароўна”, Янка Купала “Курган”, Максім Танк “Ля вогнішч начлежных”, Максім Багдановіч “Маёвая песня”, Максім Танк “Люцыян Таполя”.

 

5 Кантроль ведаў. Самакантроль

Тэст па тэме ўрока з самаправеркай (поўнасцю правільна выкананае заданне – 2 балы; часткова правільна выкананае – пры наяўнасці 1 памылкі – 1 бал; больш як 1 памылка – 0 балаў).

Варыянт 1

1 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Я выпушчу ў ранак вясновы _ як птушак_ душы запаветныя словы.
2) Дождж у першы летні дзень пайшоў зусім _ як восенню.
3) Начамі_ што яблыкі_ падаюць зоры.
4) Хлеб _нібы сеў на паліцы і праз вітрыны нас кліча.
5) Мова родная мая! Ты неацэнная _ як доля!

2 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Ліст _як далонню_ прыкрывае галінку тую, дзе прарос.
2) Русыя вусы дзядзькі звісалі з вострага падбародка  амаль _як вавёрчыны хвосцікі.
3) Сонца _быццам растала ў кіпені хмар.
4) Тчэ жыццё гады _ нібы палотны.
5) Гэта быў высокі юнак, такі ж танклявы _ як і Садовіч.

3 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Сонца прыгравала не _ як восенню.
2) Гэта кніга выдадзена _як дапаможнік для студэнтаў.
3) Выйшаў блакітны _як пралеска_ дзень і сыпануў травой на астравок.
4) Алесь быў хлопец _як хлопец.
5) Перад намі стаяў не хто іншы_ як сам дырэктар школы.

4 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску  трэба паставіць коску (коскі):

1) Лес стаяў прыгожы _як песня, але зусім пусты.
2) Бацьку ўсе ведалі _як чалавека з фантазіяй.
3) Прыляцелі гусі з поўдня _як гром з яснага неба.
4) Менш _як праз хвіліну Несцяровіч вярнуўся ў хату.
5) Сталыя людзі памятаюць _як цяпер_ дзень заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

5 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску  трэба паставіць коску (коскі):

1) Ночы сталі такія цёмныя _ нібы сажа.
2) Увесь дзень і ўсю ноч дождж _ як з вядра ліў.
3) Разамлелае сонца _ як быццам застыла ў нерухомай цішыні.
4) Над ціхаю рэчкаю плывуць белыя _ што малако_ туманы.
5) Трэба _як належыць _рыхтавацца ў дарогу.

Варыянт 2

1 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Часта заўважаеш, што чужыя дзеці растуць _ як на дражджах.
2) Над возерам устае _ быццам белая воўна_ пахучы туман.
3) Ля хаты стаяла дзяўчына з доўгімі светлымі валасамі, зусім _як русалка.
4) Ах, кроплі, кроплі дажджавыя, пад вамі я _быццам расту.
5) Зверху даносілася такая тоненькая песенька_ як камарыны піск.

2 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Ліпа _нібы цёмная хмара за акном.
2) Каля магазіна_ як заўсёды_ збіраюцца вяскоўцы.
3) У нас азёры _як неба_ сінія.
4) Да экзаменаў трэба рыхтавацца _як след.
5) Лукашык прыліп _як смала_ і не адыходзіў.

3 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Мы імкнуліся рабіць усё _як мага хутчэй.
2) Ні адно дрэва не шуміць так трывожна і глуха _як елка.
3) Горад _ быццам павесялеў пасля дажджу.
4) Хлопец ведаў бліжні лес_як свае пяць пальцаў.
5) Як плыты_ гоніць вецер цяжкія хмары на поўдзень.

4 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Дадому хлопец прыязджаў не радзей_як раз праз тыдзень.
2) У дзвярах стаяў не хто іншы _ як стараста групы.
3) Пералескі _як латкі_на адзежыне.
4) Яго баяліся_ як агню.
5) Лес сіні_ як ад дыму_ і ціхі.

5 Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску (коскі):

1) Хлопец славіўся ў брыгадзе _як выдатны падрыўнік.
2) Мова родная мая, ты неад’емная_як лёс!
3) Ляжаць_нібы ў абрусе белым_ лясы, палеткі і лугі.
4) Траўка амаль_як кудзеля.
5) Стаіць хвойка_ як хвойка.

 

6 Падвядзенне вынікаў урока. Выстаўленне адзнак

 

7 Рэфлексія

– Наколькі задаволены сваёй працай на ўроку і наколькі добра засвоілі матэрыял па тэме ўрока?

– Што новага адкрылі для сябе?

– Які ваш эмацыянальны настрой ?

 

8 Дамашняе заданне. Інструктаж па яго выкананні

Практыкаванне 140. 

Напісаць невялікае сачыненне-апісанне пра любімую пару года, выкарыстоўваючы параўнанні.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий