Упрыгожым куліч. Сцэнарый занятку з выкарыстаннем нетрадыцыйных тэхнік выяўленчага мастацтва для дзяцей другой малодшай групы (3–4 гады) па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва”

- 16:05ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраваць веды дзяцей пра свята Вялікдзень; далучаць да гісторыі і традыцый сваёй Радзімы.

 

Таццяна ДАЎЛЯШЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад аг.Геранёны”, Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: “Упрыгожым куліч”

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць веды дзяцей пра свята Вялікдзень; далучаць да гісторыі і традыцый сваёй Радзімы;
– замацоўваць навыкі малявання нетрадыцыйнымі спосабамі: ватнымі палачкамі, паралонавымі штампамі, мятай паперай;
– развіваць эмацыянальна пазітыўнае стаўленне да працэсу і выніку малявання;
– выхоўваць любоў і павагу да народных традыцый і свят беларускага народа;
– выхоўваць устойлівую цікавасць да малявання.

Папярэдняя работа: гутарка пра свята Вялікдзень, абрадавыя гульні “Біткі”, “Качанне яек”, “На паляўнічы спрыт”, разгляданне сюжэтных малюнкаў на тэму “Вялікдзень”.

Матэрыялы і абсталяванне: касцюмы валачобнікаў, 2 велікодныя яйкі для гульні, велікодныя кулічы (сілуэты), ватныя палачкі, паралонавыя штампы, папера (10×15), гуашавыя фарбы, вільготныя сурвэткі, музычнае суправаджэнне.

 

Ход занятку 

Арганізацыйны момант. Прывітанне

Выхавальнік.

Усіх да нас я запрашаю!
I сардэчна вас вітаю –
І дарослых, і дзяцей,
І шаноўных усіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям
Хай вам радасці прыбудзе!

 

Асноўная частка

Размова “Свята Вялікдзень”

Выхавальнік. Рабяты, Вялікдзень, або Пасха, з’яўляецца самым значным і ўрачыстым народным святам. Напярэдадні свята старанна прыбіралі ў хаце, рыхтавалася святочная страва, абавязкова фарбаваліся яйкі. Яйкі з’яўляліся вельмі важным атрыбутам свята. Яны сімвалізавалі жыццё. Паўсюль па вёсках у першыя дні хадзілі валачобнікі, гаспадары частавалі валачобнікаў стравамі са святочнага стала.

Раздаецца стук у дзверы. Пад музыку заходзяць валачобнікі, у руках трымаюць кошыкі.

Валачобнік 1. На першы дзень, на Вялікдзень валачобнікі збіраліся.

Валачобнік 2.

Валачобнікі – людзі добрыя,
Небывалыя, пажаданыя,
Нячаста ходзім, нямнога просім,
Толькі ў гадочак адзін разочак!

Валачобнік 1.

У гэта вялікае свята – Вялікдзень
Ды пойдзем да першага двара.
Ці запросяць да гаспадарскага стала?
3 чырвоным яйкам, з цёплым акенечкам.

Валачобнік 2.

А мы ідзём, ідзём пад багаты дом,
Пад багаты дом “Дзень добры!” даём
Дзень добры таму, хто ў гэтым даму.

Выхавальнік. Дзень добры, шаноўныя людзі! З чым вы да нас завіталі?

Валачобнік 1. У час свята Вялікдзень праводзіцца шмат забаў, гульняў, і ў адну з іх мы хочам з вамі пагуляць. Станавіцеся дзеці ў круг. У мяне для вас ёсць сюрпрыз (дастае з кошыка 2 чырвоныя яйкі). Дзеці, а што гэта ў мяне?

Дзеці. Велікодныя яйкі.

Валачобнік 1. Правільна, гэта велікодныя яйкі. Пагуляем з імі?

Гульня-карагод “Каціся, яечка” (пад музыку)

“Каціся, каціся, яечка, па нашаму кружочку
Найдзі, найдзі, яечка, для сябе дружочка.”

Як заканчваюцца словы, тыя, у каго ў руках засталіся яйкі, выходзяць у цэнтр круга, аддаюць валачобніку яйкі, той гаворыць словы: “У круг выходзьце і для нас патанцуйце”.

Дзеці танцуюць па-адным ці ўдвух, астатнія пляскаюць у далоні. Гульня паўтараецца 2–3 разы.

Выхавальнік. Дзякуй, вам, паважаныя валачобнікі, за гульню.
Рабяты, калі заходзяць у хату валачобнікі, гаспадары іх заўсёды частуюць. А чым жа мы з вамі іх можам пачаставаць? А давайце мы для валачобнікаў падрыхтуем падарункі. Я прапаную размаляваць велікодныя кулічы.

Выхавальнік. Сядайце, калі ласка, на свае месцы.

Дэманстрацыя спосабу малявання

Выхавальнік. Спачатку мы будзем замалёўваць верхнюю частку куліча, гэта мы будзем рабіць ватнай палачкай і выкарыстоўваць сінюю, зялёную і чырвоную фарбы (паказ). 3атым паралонавым штампам замалюем ніжнюю частку куліча жоўтай фарбай (паказ). Яйкі замалюем чырвонай фарбай з дапамогай мятай паперы (паказ).

Выхавальнік. А перад тым як пачнём маляваць, мы павінны падрыхтаваць свае рукі. Вазьміце лісток паперы, устаньце каля крэслаў.

Пальчыкавая гімнастыка

Ліст паперы мы сціскаем!
I далонькі размінаем!
Мы стараемся, качаем,
Дружна ў шар ператвараем!
Не дадзім ім сумаваць
Імі будзем маляваць!

Праца за сталамі

Выхавальнік. Ціха прыселі, спіны роўненька, ногі разам. A цяпер з добрым настроем пачынаем маляваць.

Паўторная пакрокавая інструкцыя. Пад музыку дзеці самастойна замалёўваюць кулічы. Па неабходнасці выхавальнік дапамагае таму, у каго не атрымоўваецца.

Гатовыя малюнкі дзеці прымацоўваюць на стэнд і разглядаюць велікодныя кулічы.

Малайцы! Давайце палюбуемся нашымі велікоднымі кулічамі. Які з іх самы акуратны (прыгожы, яркі, цікавы)? А вы памятаеце, для чаго мы малявалі такія прыгожыя кулічы? Што было для вас самым складаным? (Адказы дзяцей) Малайцы, усе вельмі пастараліся. Цяпер мы складзём нашыя кулічы ў прыгожую каробку і падорым нашым гасцям.

Валачобнік 2. Дзякуй вам, рабяты, за такія прыгожыя кулічы і за вясёлы настрой. Давайце з вамі разам станцуем карагод.

Карагод пад песню “Вясна-красна”

Валачобнік 2. А за тое, што вы стараліся, мы для вас прынеслі пачастункі. (Аддаюць карзіны выхавальніку з пачастункамі).

Валачобнік 1.

Нам ужо пара
Да другога двара
Чакайце нас на наступны год.
Да пабачэння!

Валачобнікі пад музыку выходзяць.

Выхавальнік. Рабяты, давайце развітаемся з нашымі гасцямі. Да пабачэння!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий